«Мы праводзім шматвектарную палітыку, таму што эканоміка — у аснове»
У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў у Палацы Незалежнасці губернатара Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксея Рускіх, які гэтымі днямі з рабочым візітам наведвае нашу краіну. У ходзе перагавораў з беларускім лідарам бакі абмеркавалі ўмацаванне партнёрскіх сувязяў і новыя кірункі супрацоўніцтва.
«Я заўсёды губернатарам Расіі гавару: калі мы нешта можам зрабіць у гэтай сітуацыі для вас, заўсёды зробім»
Вітаючы кіраўніка Ульянаўскай дэлегацыі, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўважліва азнаёміўся з біяграфіяй губернатара. «Мне спадабалася тое, што вы чалавек, прыхільны да справядлівасці, па-першае. А па-другое, — тое, што нашы людзі ва Ульянаўскай вобласці: расіяне, беларусы — вельмі добра да вас ставяцца. Гэта вельмі важна», — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў гістарычныя моманты, калі Савецкай Расіяй кіраваў Уладзімір Ульянаў (Ленін), дадаўшы, што нашай краіне ёсць да чаго прад’явіць прэтэнзіі ў перыяд пачатку яго дзейнасці: «І пры ўсіх недахопах, памылках (а ў Беларусі ёсць да чаго прад’явіць прэтэнзіі перыяду яго пачатку дзейнасці), тым не менш мы вельмі трапятліва і ўважліва ставімся да гэтай асобы, якая, як я разумею, у сілу нават вашага становішча — Ульянаўскай вобласці — у нашай велізарнай Айчыне адыгрывае асаблівую ролю».
Пры гэтым беларускі лідар дадаў, што яго погляды на асноўныя вехі развіцця агульнай Айчыны, а таксама Беларусі і Расіі ад поглядаў Аляксея Рускіх не моцна адрозніваюцца. «Таму, уважліва вывучаючы ўсё тое, што для мяне падрыхтавалі да гэтай сустрэчы, я выявіў, што да нас прыехаў сапраўдны сябар, які ўважліва назірае за развіццём Беларусі, вельмі добра ставіцца да беларусаў, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Нядаўна мне пра гэта гаварыў Генадзь Андрэевіч Зюганаў. Упэўнены, што гэта не чужы таксама для вас чалавек, паколькі разам працавалі ў свой час. Вельмі моцны, талковы, дасведчаны кіраўнік».
Што датычыцца гандлёва-эканамічных адносін, расійскаму госцю добра вядомыя нашы магчымасці, працягнуў беларускі лідар. «Я заўсёды губернатарам Расіі гавару: калі мы нешта можам зрабіць у гэтай сітуацыі для вас, заўсёды зробім, не гледзячы на тое, што там гавораць вакол нас. І асабліва на тое, што пішуць (асабліва ў Расіі). Я вельмі ўважліва адсочваю сродкі масавай інфармацыі, паколькі вайна ў тым ліку сёння ідзе перш за ўсё ў сродках масавай інфармацыі. І шчыра вам скажу, што часам са здзіўленнем чытаю тое, што некаторыя там ці то блогеры, ці то яшчэ хтосьці папісваюць у дачыненні да Беларусі. Пра шматвектарнасць і гэтак далей. Ужо колькі разоў гаварыў пра гэта, што шматвектарнасць ніяк не аддаляе нас ад Расійскай Федэрацыі, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Лёс наш такі. Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. Як я часта кажу, суседзі (і вы са мной пагодзіцеся), яны ад Бога, іх не выбіраюць. І з суседзямі заўсёды трэба старацца падтрымліваць добрыя адносіны, што мы і робім».
«Для нас галоўнае — гэта тэхналогіі»
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што на Захадзе не хочуць выбудоўваць такія адносіны з нашай краінай. «Гасподзь з імі, гэта іх справа. Але Расія, з кім бы мы ні гаварылі, з амерыканцамі апошнім часам таксама пра гэта гаварыў, — гэта дзяржава заўсёды выносіцца за дужкі разам з Кітайскай Народнай Рэспублікай, — падкрэсліў асноўны тэзіс Прэзідэнт. — Гэта людзі, якія заўсёды працягвалі нам руку, дапамагалі, падтрымлівалі. Мы будзем тым жа адказваць нашым братам-расіянам, грамадзянам Кітайскай Рэспублікі і іншым на Усходзе».
Беларускі лідар нагадаў, што супраць нашай краіны і Расіі ўведзены заходнія санкцыі. У гэты ж час адкрыты Усход, таму мы ідзём за сваімі эканамічнымі інтарэсамі. «Мы не гіганцкая эканоміка, каб нейкімі геапалітычнымі пакутаваць амбіцыямі. Нам, як я часта гавару, няшмат трэба для таго, каб нашы людзі нармальна жылі, для таго, каб працавала эканоміка. Для нас галоўнае — гэта тэхналогіі, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Трэба паглыбляцца. Мы нічога не страцілі з савецкіх часоў, нічога не зачынілі, не прыкрылі, наадварот — развівалі. І паколькі мы стаялі на плячах гігантаў, як вядомы класік гаварыў, гэта спрыяла для нас захаванню таго, што мы сёння маем. Гэта важна для любой дзяржавы, і тут для нас вельмі паказальны Кітай. Мы сябруем з Сі Цзіньпінам, часта з ім абмяркоўваем гэту тэму».
Па словах кіраўніка дзяржавы, у свой час у КНР не адмовіліся ад усяго таго добрага, што было створана ў ранейшыя часы. «І ён мне пра гэта часта гаворыць, што нічога (у Кітаі. — „Зв.“) не адмаўлялі: ні перыяд Мао Цзэдуна, ні Дэн Сяопіна — нікога. Яны бралі ўсё найлепшае. Ну і паглядзіце на вынік развіцця Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта вядучая эканоміка свету, вядучая краіна, з якой усе вымушаныя лічыцца. Любіш — не любіш Кітай, як амерыканцы, а лічыцца прыходзіцца. Таму не трэба адкідваць тое, што было. Трэба спрабаваць выкарыстоўваць і развіваць гэта», — выказаў упэўненасць беларускі лідар.
У гэтай частцы, працягнуў Прэзідэнт, мы ў нечым атрымалі поспех. «І нават сёння замахнуліся на супрацоўніцтва з вамі і ў сферы самалётабудавання, — канкрэтызаваў ён. — Для нас гэта вельмі важна. І ні адна іншая краіна з намі не дзеліцца тым вопытам, якім валодае. У нас рамонт самалётаў, бранятэхнікі і іншае, вы ведаеце, ажыццяўляўся з савецкіх часоў. Але час ужо ад рамонту пераходзіць на вытворчасць. І мы шмат што робім».
«Гатовыя мадэрнізаваць вытворчасць, паглыбляцца»
У прыватнасці, наша краіна вырабляе для Ульянаўскай вобласці неабходныя вузлы, камплектуючыя. «Гатовыя мадэрнізаваць вытворчасць, паглыбляцца. Мы гатовыя вырабляць з Расіяй — праект ёсць самалёта „Асвей“. Мы будзем разам займацца вытворчасцю, — заявіў беларускі лідар. — Тое, што мы вырабляем сёння: электроніку, чыпы, оптыку — гэта ўсё, вы ведаеце, з савецкіх часоў. Мы гэта на сусветны ўзровень паднялі, і попыт вялікі сёння на гэту прадукцыю па ўсіх напрамках. Гэта сведчыць, што вопыт мінулага мы заўсёды выкарыстоўваем і будзем выкарыстоўваць, развіваючы новыя кірункі».
Яшчэ адзін кірунак, на які звярнуў увагу беларускі лідар, — машынабудаванне. «Мы ад звычайных механізмаў прыйшлі да таго, што сёння на электрычнай цязе развіваем наша машынабудаванне. Я з задавальненнем гляджу БЕЛАЗы — наймагутнейшая тэхніка. Самы велікагрузны БЕЛАЗ мы вырабілі — 450 тон (грузападымальнасць. — „Зв.“). Вы ўяўляеце? Амаль 10 чыгуначных вагонаў у кузаў загружаюцца — на электрычнай цязе. Папрасілі расіяне зрабіць на газаматорным паліве — мы зрабілі гэты БЕЛАЗ. А пачыналася са звычайных механізмаў... І так паволі мы развіваемся па ўсіх кірунках», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што апошнім часам у Беларусі значна мадэрнізавалі нафтаперапрацоўку. «Як аказалася, наша „нафтанка“ сёння запатрабаваная ў Расійскай Федэрацыі, — заўважыў беларускі лідар. — Далей рухаемся, вось з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. — „Зв.“) дамовіліся, што „Газпрам“ падключыцца да рэалізацыі ў нас праекта па будаўніцтве азотнага камбіната. Трэба амерыканцам прапанаваць (яны хочуць угнаенні, азотныя ў тым ліку) — калі ласка. Давайце разам пабудуем па вашай тэхналогіі: вы (ЗША. — „Зв.“), „Газпрам“ і Беларусь. У нас ужо пляцоўка падабрана, усе сеткі існуюць. Не — будзем з „Газпрамам“, з расіянамі будаваць і гатовую прадукцыю прадаваць».
«Наш інтарэс і вектары там, дзе наша эканоміка»
Прэзідэнт таксама заўважыў: маўляў, некаторыя ў Расіі агучваюць думкі, што «Лукашэнка — гэта не саюзнік». «Так, мы праводзім шматвектарную палітыку, таму што эканоміка — у аснове. Калі мы працуем з Захадам, а гэта крыло Захад сам абрубіў: вось і шматвектарнасць. Мы павярнулі на Поўдзень, Паўднёвы захад, на Усход (больш інтэнсіфікуем гэтыя адносіны), у Афрыку. Таму наш інтарэс і вектары там, дзе наша эканоміка», — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што тут не ідзе гаворка пра нашы глыбінныя адносіны, перш за ўсё, з Расійскай Федэрацыяй. «Таму балбатня пра гэту шматвектарнасць і папрокі ў адрас Лукашэнкі абсалютна несумяшчальныя. Ну і потым, слухайце: я ўжо трыццаць з лішнім гадоў працую Прэзідэнтам. Не для мяне ўжо мяняць нейкія вектары і, як некаторыя нават ужо дайшлі да таго, што „Лукашэнка гэта не саюзнік“. Ну, гэта справа густу, — выказаў упэўненасць Прэзідэнт. — Пакуль мы (і думаю, будзе так і далей) знаходзім агульную мову з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. Вы бачыце: і з Прэзідэнтам Расіі, і з кіраўнікамі вядучых партый. Я прыклад прывёў: мы з Генадзем Андрэевічам (Зюганавым. — „Зв.“) нядаўна сустракаліся. Ніякіх разыходжанняў у падыходах. Мы патрыёты, мы гатовыя абараняць сваю Айчыну. І вы павінны ведаць, што адыходу тут ніякага і здрады тым больш няма і быць не павінна. Чым заканчваецца здрада — вы бачыце ва Украіне. Мы не хочам паўтарыць гэты лёс».
«Так што вы прыехалі да нас як сябар да сваіх людзей. Гэта не чужая вам зямля. І калі мы нешта можам для вас зрабіць, вы паглядзіце і скажыце. Мы гэта з задавальненнем вам зробім», — рэзюмаваў беларускі лідар.
«Мы ўсе бар’еры пераадолелі, і цяпер кааперацыя толькі павялічваецца»
У сваю чаргу губернатар Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксей Рускіх падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы: «Разумею, што цяпер нагрузка каласальная. Я вельмі гэта цаню». Ён таксама выказаў словы падзякі Аляксандру Лукашэнку за перададзеныя раней у яго адрас віншаванні з перамогай на нядаўніх выбарах і перавыбраннем на пасаду губернатара.
«Яшчэ раз віншую вас з выбраннем! Я вельмі рады за вас, таму што вас людзі вельмі паважаюць!» — падкрэсліў Прэзідэнт.
У працяг размовы кіраўнік Ульянаўскай вобласці звярнуў увагу, што ў апошні час значна актывізавалася супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы самалётабудавання. Прадпрыемства «Авіястар» — адзін з найбуйнейшых авіябудаўнічых заводаў у Расіі — супрацоўнічае з беларускімі 558-м Авіяцыйным рамонтным заводам і Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі № 407. «З году ў год вырабляем усё больш самалётаў, і вашы прадпрыемствы: 558-ы, 407-ы ў гэтым ключы вельмі дапамагаюць, — адзначыў Аляксей Рускіх. — Вядома, гэтаму папярэднічала велізарная работа для таго, каб яны змаглі пачаць пастаўкі камплектуючых. Але мы ўсе бар’еры пераадолелі, і цяпер кааперацыя толькі павялічваецца».
«Але вы нас больш падцягвайце да самалётабудавання, — звярнуўся Прэзідэнт да губернатара. — База ёсць, школа ёсць. Дапамагайце з тэхналагічным абсталяваннем, мы будзем добрымі вам памочнікамі. Самалёт мы не зробім, вы павінны яго рабіць. А вось паціху падключайце да тых кірункаў, дзе мы нешта можам зрабіць для вас».
Губернатар Ульянаўскай вобласці выказаў зацікаўленасць у тым, каб узаемадзеянне з беларускім бокам нарошчвалася з году ў год. «Ведаеце, тая работа, якую мы пачалі некалькі гадоў таму (па развіцці прамысловай кааперацыі. — „Зв.“), ужо цяпер пачала даваць адчувальныя вынікі. 69 прадпрыемстваў Ульянаўскай вобласці і Рэспублікі Беларусь ужо цесна супрацоўнічаюць. Ідуць узаемныя пастаўкі», — канкрэтызаваў Аляксей Рускіх.
Акрамя авіябудавання, супрацоўніцтва нарошчваецца ў аўтамабільнай прамысловасці, мікраэлектроніцы. Напрыклад, значна ўзмоцненае ўзаемадзеянне з беларускімі «Інтэгралам» і «Гарызонтам». «Яны істотна дапамагаюць нашым радыёэлектронным прадпрыемствам па пастаўцы камплектуючых, чыпаў, электронных элементаў. Такая кааперацыя стала магчымая дзякуючы нашым узаемаадносінам і місіям. Мы з году ў год працягваем гэту практыку выкарыстоўваць. Яна сапраўды дае вельмі добрыя вынікі», — рэзюмаваў Аляксей Рускіх.
Лічбы і факты
У студзені—ліпені 2026 года тавараабарот Беларусі з Ульянаўскай вобласцю склаў 85,2 мільёна долараў (128,8 % да ўзроўню студзеня—ліпеня 2025 года), экспарт — 65,2 мільёна долараў (156 %), імпарт — 20 мільёнаў долараў (82,1 %). Сальда дадатнае — 45,2 мільёна долараў.
Аснову экспарту склалі пліты драўняна-стружкавыя, радыятары, паветранагравальнікі з чорных металаў і іх часткі, устаноўкі для кандыцыянавання паветра, электронныя інтэгральныя схемы, арматура для трубаправодаў, пульты, панэлі, сталы для электрычнай апаратуры, пліты драўняна-валакністыя, тэлевізары, маніторы і праектары.
Імпартаваліся пераважна аўтамабілі грузавыя, аўтамабілі легкавыя, спецыфічныя тавары, шклатара, піва, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, тара з паперы і кардону, арматура для трубаправодаў.
Даслоўна
У размове з журналістамі губернатар Ульянаўскай вобласці Аляксей Рускіх паведаміў, што з часу яго першай сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, якая адбылася тры гады назад і дала сур’ёзны штуршок узаемаадносінам — у першую чаргу гандлёва-эканамічным, у разы вырас тавараабарот паміж Ульянаўскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь. «Мы супрацоўнічаем практычна з усімі абласцямі Рэспублікі Беларусь. 69 кампаній Ульянаўскай вобласці і Беларусі заключылі дагаворы за гэтыя некалькі гадоў, ідуць пастаўкі. Калі ўзяць дынаміку 2025 года ў адносінах да 2024-га — плюс 15 %, а ў першым паўгоддзі 2026-га — плюс 42 % у адносінах да першага паўгоддзя 2025 года. Гэта сведчыць аб тым, што гандлёвыя, эканамічныя адносіны — у першую чаргу прамысловыя кааперацыя — развіваюцца вельмі дынамічна», — заўважыў расійскі госць.
Ульянаўская вобласць супрацоўнічае з Беларуссю ў такіх сферах, як аўтамабіле- і авіябудаванне, станкабудаванне, сельская гаспадарка і іншае.
Губернатар Ульянаўскай вобласці расказаў, што на сустрэчы з беларускім Прэзідэнтам абмеркавалі некалькі ініцыятыў, з якімі прадпрыемствы Ульянаўскай вобласці прыехалі на «ІНАПРАМ. Беларусь» (Міжнародная прамысловая выстаўка, якая праходзіць у Мінску з 30 верасня да 2 кастрычніка 2026 года. — «Зв.»). Ва Ульянаўскай вобласці, ва Ульянаўску вырабляюць унікальныя станкі. Паводле слоў губернатара, пасля ўводу санкцый заходняя кампанія, якая стварыла гэту вытворчасць, пакінула вобласць. Аднак вытворчасць станкоў аднавіла новая каманда. «Магу з гонарам сказаць, што яны сталі больш дакладнымі, — адзначыў кіраўнік вобласці. — Мы прапануем на базе нашага Ульянаўскага станкабудаўнічага завода стварыць сумеснае прадпрыемства з беларускім станкабудаўнічым холдынгам і выпускаць саюзны станок».
Таксама ў расійскага рэгіёна ёсць прапанова па супрацоўніцтве з Беларускай чыгункай па рамонце, пастаўках пуцявых машын. Ва Ульянаўску працуе кампанія, якая спецыялізуецца на праектаванні, вытворчасці, рамонце і мадэрнізацыі пуцявой тэхнікі і рухомага саставу. Па словах губернатара, Прэзідэнт Беларусі паабяцаў даць асаблівае даручэнне для глыбокага вывучэння гэтай тэмы.
Аляксей Рускіх выказаў упэўненасць, што два названыя ім новыя кірункі супрацоўніцтва з’яўляюцца пунктамі росту для далейшых эканамічных адносін паміж Ульянаўскай вобласцю і Беларуссю.
Таксама ў размове з журналістамі губернатар закрануў тэму работы па абмене гуманітарнымі місіямі, дэлегацыямі школьнікаў. «50 ульянаўцаў, выдатнікі з усіх раёнаў Ульянаўскай вобласці, лідары „Руху першых“ (расійскі рух дзяцей і моладзі. — „Зв.“), валанцёры былі з экскурсіяй у Гомельскай вобласці, а сёння яны наведваюць Мінск», — падзяліўся кіраўнік Ульянаўскай вобласці.
Пабываюць школьнікі і ў Брэсцкай крэпасці. Аляксей Рускіх узгадаў, якое моцнае ўражанне ў школьныя гады падобная паездка зрабіла на яго. «Я вырашыў, што сённяшняе пакаленне трэба выхоўваць на гэтых прыкладах герояў, і ўжо некалькі гадоў запар нашых найлепшых школьнікаў мы адпраўляем у Беларусь», — расказаў губернатар.
Аляксей Рускіх дадаў, што падобныя паездкі могуць быць двухбаковымі: «Я зрабіў прапанову дэлегацыі школьнікаў з Беларусі адпраўляць да нас, ва Ульянаўскую вобласць, бо ў нас таксама ёсць што паглядзець: унікальныя Ленінскія мясціны, музей-запаведнік, рака Волга, прыродныя ландшафты, ну, вядома, наш магутны прамысловы блок».
Расійскі госць расказаў, што падчас сустрэчы з беларускім лідарам пагаварылі і аб пошукавых работах. 17 пошукавых атрадаў з вобласці штогод прыязджаюць у Беларусь. Гэтым летам вяліся пошукавыя работы ў Гомельскай вобласці, там, дзе ваявала Ульянаўская 154-я стралковая дывізія. У выніку, як расказаў Аляксей Рускіх, знайшлі астанкі больш як дваццаці салдат, у тым ліку дзевяць медальёнаў. Астанкі былі перапахаваныя, па медальёнах удалося адшукаць родных салдат.
Аляксей Рускіх таксама бачыць перспектывы ў развіцці турыстычнага абмену — Беларусь і прыволжскі рэгіён славяцца прыроднымі багаццямі і традыцыямі якаснага санаторна-курортнага лячэння.
Надзея ЗУЕВА
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА