Палітычны капітал у Афрыцы трэба манетызаваць ва ўзаемавыгадныя праекты. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 кастрычніка на нарадзе па пытаннях развіцця супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на ўсе афрыканскія краіны прыпадае пакуль толькі 2 % ад агульнага аб’ёму экспарту Беларусі. Пашырылася геаграфія беларускай прысутнасці ў рэгіёне. Да 2019 года супрацоўніцтва было пераважна з краінамі поўначы Афрыкі: Егіптам, Лівіяй і Суданам. А цяпер ужо напрацаваны значны палітычны капітал з Зімбабвэ, Нігерыяй, Эфіопіяй, Кеніяй. Цікавасць да актывізацыі сумеснай работы праяўляюць Уганда, Батсвана, Гана, Мазамбік.
«Вы ведаеце, як манетызаваць палітычны капітал ва ўзаемавыгадныя праекты», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства. Адпаведны алгарытм, паводле яго слоў, адпрацаваны на праграме механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ. Цяпер па гэтай жа схеме ідзе паспяховае супрацоўніцтва з Нігерыяй. Сумарна туды ўжо пастаўлена больш за 5 тыс. адзінак беларускай сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі, праводзіцца навучанне персаналу, наладжваецца работа сэрвісных цэнтраў. Ёсць планы па стварэнні зборачных вытворчасцяў. «Усе разумеем, як трэба рабіць, але робім вельмі павольна», — звярнуў увагу Прэзідэнт.