Top.Mail.Ru

Лукашэнка падпісаў указ аб дапмерах па абароне работнікаў ад нявыплат па дагаворах падраду

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лютага падпісаў указ № 45 «Аб забеспячэнні выплаты заработнай платы і ўзнагароджанняў». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У адпаведнасці з дакументам Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы надзяляецца правам вынясення абавязковых для выканання патрабаванняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства пры выяўленні фактаў нявыплаты (няпоўнай выплаты) ва ўстаноўлены тэрмін не толькі заработнай платы, але і ўзнагароджанняў па грамадзянска-прававых дагаворах.

Пры невыкананні суб’ектамі гаспадарання дадзеных патрабаванняў спагнанне такіх выплат ажыццяўляецца ў пазасудовым парадку. Дэпартамент дзяржінспекцыі працы падае ў органы прымусовага выканання прадстаўленне аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці ў інтарэсах грамадзяніна.

Акрамя таго, для павышэння сацыяльнай абароненасці работнікаў указам павялічваецца памер пазачарговых плацяжоў, якія ўтрымліваюцца з наймальнікаў у кошт пагашэння запазычанасці па выплаце заработнай платы, — з 1,5 да 3 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

Адпаведны праект указа абмяркоўваўся нядаўна на нарадзе Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Тады прапаноўвалася распаўсюдзіць на ўзнагароджанні па грамадзянска-прававых дагаворах тую ж сістэму дасудовага парадку спагнання запазычанасці, якая цяпер існуе пры нявыплаце работнікам заработнай платы. І такі падыход па выніках нарады быў падтрыманы кіраўніком дзяржавы.

Міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч тлумачыў журналістам, што такая форма ўзаемаадносін наймальнікаў з работнікамі, як дагавор падраду, набірае папулярнасць. За мінулы год каля 650 тыс. чалавек працавалі па грамадзянска-прававых дагаворах. З іх больш за 220 тыс. — толькі па такіх дагаворах.

Але гэта прывяло і да росту зваротаў грамадзян у Дэпартамент дзяржінспекцыі працы па пытаннях незабеспячэння выплаты ўзнагароджання. «Адпаведна, наспела неабходнасць урэгуляваць і ў рамках грамадзянска-прававых дагавораў пытанні нявыплаты ўзнагароджання па аналогіі з нявыплатай заработнай платы», — адзначыў міністр.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю