Урачыстая цырымонія — адна з традыцый суверэннай Беларусі. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў выпускнікоў ваенных ВНУ з завяршэннем важнага этапу ў іх жыцці, а генералаў — з прысваеннем высокіх званняў. Галоўнакамандуючы ахарактарызаваў сітуацыю, у якой ім даводзіцца служыць Айчыне, і даў наказ захаваць мір у нашай краіне. Беларускі лідар уручыў генеральскія пагоны, класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі 3 класа і персанальнае званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу. Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоены выпускнікі вышэйшых ваенных навучальных устаноў Беларусі і Расіі.
«Мы прыхільнікі мірнага вырашэння пытанняў»
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў пачатку ліпеня па традыцыі ўшаноўваюць выпускнікоў ваенных навучальных устаноў і афіцэраў, якім прысвоены генеральскія званні. «Наша мерапрыемства арганічна спалучаецца са святочнымі днямі, прысвечанымі Дню Незалежнасці Беларусі, — канстатаваў ён. — І гэта сувязь вельмі сімвалічная. Па-сапраўднаму суверэннай можа быць толькі тая краіна (асабліва цяпер), якая мае моцную, добра ўзброеную і адданую народу і дзяржаве армію, што мае ў сваім складзе сапраўдных прафесіяналаў у пагонах».
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што, крывадушна дэкларуючы прыхільнасць да міру, Еўрапейскі саюз адкрыта ўзяў курс на мілітарызацыю. «Гэта фактычна НАТА, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Мільярды трацяцца на закупку ўдарна-наступальных узбраенняў. Пры гэтым нагнятаецца абсурдная істэрыя вакол уяўнай «пагрозы з усходу».

Па словах беларускага лідара, галоўны ачаг напружанасці ў рэгіёне — канфлікт ва Украіне. «Партыя вайны» ўсімі сіламі імкнецца да зацягвання гэтага ўзброенага супрацьстаяння, — заўважыў ён. — Міжнародная «партыя вайны».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што працягваецца гібрыдная вайна супраць нашай краіны. «Эканамічны дыктат, палітычны і інфармацыйны прэсінг дапаўняюцца актыўным шпіянажам і правакацыямі на нашых паўднёвых рубяжах, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Асобных заходніх палітыкаў проста раздражняюць нашы самастойнасць і незалежнасць, наш саюз з Расіяй і прыхільнасць да мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне».
Галоўнакамандуючы падкрэсліў, што ніхто беларускіх веннаслужачых у гэту бойню пасылаць не будзе. «Вайна нам непатрэбна, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Гэта дрэнна, што вайна ідзе ва Украіне. Мы прыхільнікі мірнага вырашэння пытанняў. Але, як я сказаў, міжнародная „партыя вайны“ гэтага не хоча».
«Беларускі народ на генетычным узроўні не прымае вайну»
Прэзідэнт канстатаваў, што спадчыннікаў Трэцяга рэйха раздзіраюць фантомныя болі ад ранейшых ваенных няўдач іх дзядоў і прадзедаў. «Не дае спакою прага рэваншу, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Але мы з вамі добра засвоілі ўрокі гісторыі. Беларускі народ перажыў неймаверныя выпрабаванні ў гады фашысцкай акупацыі і на генетычным узроўні не прымае вайну. Мы — мірныя людзі, ваяваць не хочам, але і перад ворагам галовы схіляць не маем намеру».
Таму ўсе гэтыя гады, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, Беларусь будавала, развівала і ўмацоўвала нашы Узброеныя Сілы — галоўны гарант нашай незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.
«Сур’ёзным фактарам стратэгічнага стрымлівання, здольным астудзіць самыя гарачыя галовы, стала размяшчэнне ў Беларусі рухомага ракетнага комплексу „Арэшнік“ і тактычнай ядзернай зброі, — звярнуў увагу Галоўнакамандуючы. — Я хачу, каб вы разумелі. Мы не бравіруем гэтыя пытанні, не падымаем іх, каб некага напалохаць. Але вы павінны разумець, што гэта зброя — не хлам, які звезлі ў Беларусь. Вы лепш за мяне разумееце, для чаго прызначана тая ці іншая зброя. І ў каго гарачыя галовы, тыя павінны астудзіць іх».

Па словах Прэзідэнта, тактычная ядзерная зброя ў значнай меры павялічвае узровень нашай абароны. «Аднак нагоды спачываць на лаўрах няма, — падкрэсліў ён. — Наадварот, як паказала нядаўняя праверка боегатоўнасці войскаў, наперадзе аб’ёмны фронт работы. Перакананы, вы разумееце гэта не горш за мяне. У кожнага з вас, асабліва ў тых, хто атрымаў званне генерала, за плячыма — прыстойны багаж ведаў і вопыт, якія сёння вельмі патрэбны нашай краіне».
«Ёсць афіцэр — ёсць армія»
Беларускі лідар адзначыў, што ўсім выпускнікам ужо заўтра трэба ўзначаліць воінскія калектывы і заняцца ўдасканаленнем форм і спосабаў падтрымання, прымянення воінскіх падраздзяленняў па прызначэнні.
Звяртаючыся да генералаў, Галоўнакамандуючы адзначыў, што гэтых людзей у народзе ўспрымаюць па-асабліваму. «У нашай краіне высокае воінскае званне такога ўзроўню атрымаць няпроста, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не толькі пашана і павага, але і найвышэйшая адказнасць і строгае патрабаванне за справу».
Звяртаючыся да ўсіх ваеннаслужачых, якія прысутнічалі на ўрачыстай цырымоніі, Прэзідэнт заклікаў памятаць, «што народ даверыў нам самае дарагое, што ў яго ёсць, — сваю мірную сучаснасць і будучыню». «Людзі разлічваюць на нас, — удакладніў ён. — На нашы энергію, ініцыятыву, адказнасць, прафесіяналізм, стойкасць і мужнасць. Так, у нас не вялізная армія. Але ваююць, вы ведаеце лепш за мяне, не колькасцю, а ўменнем. І той, хто ўмее, той перамагае. Таму армія наша павінна ваяваць, умеючы, пераадольваючы ўсялякія цяжкасці. Што трэба зрабіць (для гэтага. — „Зв.“) — сказана».
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з паспяховым заканчэннем вучобы і прысваеннем генеральскіх званняў, пажадаўшы ім поспехаў у жыцці, забеспячэння сапраўднага асабістага тылу.
«І самае галоўнае, ёсць афіцэр — ёсць армія, няма афіцэра — арміі не будзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Самая магутная і дзейсная армія (мы гэта разумеем) — гэта тая, якая ваюе. У нас адна краіна ў свеце, якая пастаянна ваюе, — гэта Злучаныя Штаты Амерыкі. Нам гэта не трэба. Нам гэта не падыходзіць. Таму давайце выкарыстоўваць той вопыт, які ёсць. Гэта датычыцца перш за ўсё вас — афіцэраў і генералаў».
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што час цяпер няпросты. «Мы — мужыкі, і мы павінны абараніць не толькі сваю краіну, — падкрэсліў ён. — Сваю сям’ю, сваіх людзей, блізкіх — яны на нас глядзяць. І мы павінны зрабіць усё, каб яны не памыліліся і каб народ нас не папракнуў, што ён дарэмна нас корміць. Я думаю, вы мяне зразумееце. Поспехаў вам!»
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Няма больш святой прафесіі на гэтай зямлі, чым служэнне народу, Айчыне»
Выпускнік факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл падпалкоўнік Пётр КАБАНОВІЧ атрымаў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за паспяховае заканчэнне факультэта, аб чым сведчаць дыплом з адзнакай і залаты медаль.
«За час навучання на факультэце Генеральнага штаба ўсвядоміў, што гэты шлях правільны, — адзначыў ён. — Гэта шлях сапраўднага афіцэра. І без гэтай адукацыі, якую нам перадаў прафесарска-выкладчыцкі склад, далейшае развіццё ў дадзеным кірунку практычна немагчымае. Упэўнены, што кожны выпускнік факультэта Генеральнага штаба і выпускнік вышэйшых ваенных навучальных устаноў у стане выканаць пастаўленыя задачы як у мірны, так і ваенны час».
Пётр Кабановіч перакананы, што менавіта той, хто носіць пагоны, пойдзе выконваць пастаўленыя задачы плячо ў плячо з кіраўніком дзяржавы, забяспечыць мірнае неба над нашай Радзімай, зробіць годны ўнёсак ва ўмацаванне абараназдольнасці нашай дзяржавы.
Са сваім прафесійным выбарам сённяшні выпускнік факультэта Генштаба вызначыўся яшчэ ў школе. «Калі ўбачыў па тэлебачанні захоп тэрарыстамі школы ў Беслане, мой дзіцячы мозг зразумеў, што няма больш святой прафесіі на гэтай зямлі, чым служэнне народу, Айчыне, іх абарона, — расказаў ён. — Тады я зразумеў, што мая задача — стаць афіцэрам, падобным на тых, хто ажыццяўляў штурм гэтай школы і ратаваў дзяцей».

Перад паступленнем на факультэт Генеральнага штаба Пётр Кабановіч скончыў ваенны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, куды і вяртаецца. «У мае абавязкі ўваходзіць выхаванне, станаўленне і фарміраванне будучых абаронцаў — аператараў па кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі, — удакладніў ён. — Таму хлопцы, якія ювелірна выконваюць вучэбна-трэніровачныя, баявыя задачы ў небе, выкарыстоўваючы БПЛА, — гэта нашы выхаванцы, чым я вельмі ганаруся».
Усяго гэтага, па словах афіцэра, не атрымалася б без надзейнага тылу. Разам з жонкай Пётр Кабановіч выхоўвае траіх дзяцей. «Буду шчаслівы, калі мае дзеці пойдуць у сілавыя структуры, ва Узброеныя Сілы, — падзяліўся ён. — Але таксама фармірую ў дзяцей разуменне, што не толькі афіцэр Узброеных Сіл з’яўляецца абаронцам. Любая прафесія стаіць на абароне нацыянальных інтарэсаў. І ні адна армія не зможа выканаць пастаўленыя задачы, калі ёй не даць кавалак хлеба, які патрэбна спячы, а найперш — убраць».

У размове з журналістамі начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гомельскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Андрэй НАСЫТКА прызнаўся: ён ганарыцца тым, што атрымаў з рук Прэзідэнта Падзяку, у тым ліку за ўнёсак у навуковую дзейнасць.
Андрэй Насытка — ужо больш як 20 гадоў у органах унутраных спраў. Свой службовы шлях пачынаў участковым інспектарам міліцыі ў Брагінскім РАУС. Затым была служба оперупаўнаважаным у крымінальным вышуку, старшым упаўнаважаным па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Таксама займаў пасаду начальніка Лоеўскага РАУС.
«Усё сваё свядомае жыццё хацеў стаць міліцыянерам, — расказаў палкоўнік міліцыі. — Дагэтуль у маёй сям’і ніхто не служыў. Але я шматдзетны бацька, а таму спадзяюся, што хтосьці з маіх траіх дзяцей працягне міліцэйскую дынастыю. Хацелася б, каб усе трое служылі ў міліцыі. Чаму? Бо гэта надзейная міліцэйская сям’я, якая аказвае вялікую падтрымку, у тым ліку шматдзетным сем’ям».

Па словах начальніка ўпраўлення, такой высокай адзнакі яго заслуг не было б без надзейных таварышаў. «Усе ў калектыве, які я ўзначальваю, — прафесіяналы сваёй справы, — падкрэсліў ён. — Мы падтрымліваем адзін аднаго. Кожнае затрыманне — узаемадзеянне ў рэспубліканскім фармаце, у тым ліку праз кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па наркакантролі».