Галоўныя акцэнты нарады па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» пад кіраўніцтвам Прэзідэнта
Галоўныя акцэнты нарады па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» пад кіраўніцтвам Прэзідэнта
Сельскай гаспадарцы і рэгіянальнай тэматыцы кіраўнік дзяржавы надае асаблівую ўвагу. Як адзначаў Прэзідэнт падчас вялікай камандзіроўкі на Гомельшчыну: «Харчаванне даражэе і будзе даражэць». Дык куды будзем рухацца? Якія праекты і напрамкі вызначаць як самыя перспектыўныя? І на што будзе зроблены акцэнт? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні былі дадзены на нарадзе па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект», якая адбылася ў чацвер у Палацы Незалежнасці. Як заўважыў сам Прэзідэнт, яе можна лічыць кульмінацыяй вялікіх камандзіровак кіраўніка дзяржавы па рэгіёнах краіны.
«Для жыхароў у рэгіёнах тэма нумар адзін — гэта наяўнасць працоўных месцаў з годным заробкам»
Тэма — найважнейшая. Склад удзельнікаў — шырокі: вышэйшыя службовыя асобы — яны ж упаўнаважаныя па абласцях, губернатары, старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі банкаў і прадпрыемстваў. «Сёння мы абмяркуем пытанне аб рэалізацыі стратэгічнай задачы ў сферы рэгіянальнага развіцця — ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“. На гэтую тэму заслухаем шэраг дакладаў. Гэта можна разглядаць як нейкае фінішнае мерапрыемства пасля нашых з вамі камандзіровак на паўднёвы ўсход Магілёўшчыны і поўдзень нашай Беларусі — у Гомельскую і Брэсцкую вобласці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Натуральна, што там ёсць і існуюць больш глабальныя праграмы па развіцці Прыпяцкага Палесся, паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны, мы закранулі таксама тэму меліярацыі, уцягвання сельгасзямель у новы абарот і іншых сур’ёзных мерапрыемстваў. Гаварылі пра Віцебшчыну: што трэба зрабіць, каб даць штуршок развіццю ў тым ліку нашага паўночнага рэгіёна».

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што разважае над тым, каб на Усебеларускім народным сходзе ў канцы года, дзе традыцыйна будзе заслухоўвацца даклад Прэм’ер-міністра, вынесці на абмеркаванне як ключавы момант даклад па гэтых тэмах. «Гэта важна для людзей. І трэба, каб на самым высокім прадстаўнічым органе гэтыя тэмы былі не проста абазначаны, а сур’ёзна прагучалі», — паставіў задачу беларускі лідар.
Паводле яго слоў, амаль усе рэгіёны краіны, іх 118, сутыкаюцца з адтокам насельніцтва, асабліва сельскага. «Усе сацапытанні паказваюць, што для жыхароў у рэгіёнах тэма нумар адзін — гэта наяўнасць працоўных месцаў з годным заробкам, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Потым ужо ідуць пытанні цэнаўтварэння, вольны час, ЖКГ і гэтак далей».
Менавіта таму ў мінулай пяцігодцы была ўнесеная ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект», разлічаная на тое, каб стварыць годныя працоўныя месцы з прыстойнай заработнай платай. «Зразумела, што на старце праграмы, як гэта часта бывае, прысутнічалі блытаніна і бюракратыя, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Не было сістэмы па спецыялізацыі раёнаў з улікам іх магчымасцяў, кампетэнцыі і самае галоўнае — патрэбы. Таму не былі выпрацаваны дакладныя крытэрыі фарміравання планаў, праектаў, ацэнкі іх эфектыўнасці на вынікі эканомікі і развіцця раёна. У нас асноўны паказчык быў — засваенне сродкаў, часам любой цаной. Адсюль з’яўляліся і перагібы».
«У шэрагу рэгіёнаў ініцыятыва „Адзін раён — адзін праект“ дае сапраўды магутны эфект»
Пэўныя станоўчыя вынікі, паводле слоў беларускага лідара, ёсць. «Але выявіўся і шэраг недахопаў, што недапушчальна, — прыпісак, а таксама пустой кантрольна-маніторынгавай дзейнасці. Урад гаворыць, што гэта вельмі карысная справа. З запланаваных праектаў дзве трэці рэалізавана (144 праекты з 217), каля 3,5 мільярда рублёў інвесціравана, больш за 6 тысяч працоўных месцаў створана, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Абяцаюць, што па завяршэнні намечаных планаў мы гэтыя лічбы падвоім».

Ініцыятывай ахоплены як дзяржаўныя, так і прыватныя прадпрыемствы ў розных галінах — машынабудаванні, фармацэўтыцы, дрэваапрацоўцы, АПК і іншых. Многія інвестпраекты з’яўляюцца імпартазамяшчальнымі або экспартаарыентаванымі. Гэта важна. У шэрагу рэгіёнаў ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект» дае сапраўды магутны эффект», — паведаміў Прэзідэнт. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў Краснапольскі раён, у якім за пяцігодку доля інвестыцый па праектах ініцыятывы склала 50 % ад агульнага аб’ёму.
«З іншага боку, мне дакладваюць, у кантралёраў да паловы праектаў (109 з 217) ёсць прэтэнзіі. Урад дае справаздачу па агульным пераліку праектаў, не зазіраючы ў сутнасць як належыць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму нямала ўключаных у пералік фармальна, а ўся работа вядзецца толькі на паперы. Ёсць запланаваныя да рэалізацыі за кошт уласных або пазыковых сродкаў і без траплення ў гэты спіс. Напрыклад, узвядзенне транспартна-лагістычнага цэнтра ў Верхнядзвінскім раёне або арганізацыя вытворчасці катанізаванага льновалакна ў Ляхавіцкім раёне».
Адзначаюцца факты, калі ў пералік уносіліся праекты, якія даўно рэалізуюцца ці ўжо амаль гатовыя, — гэта значыць літаральна на фінішнай прамой. «Так, з 2014 года рэалізуецца праект па выпуску фармацэўтычнай прадукцыі ў Чэрвеньскім раёне. А ў 2022 годзе яго як ні ў чым не бывала ўключаюць у спіс, — прывёў прыклад Прэзідэнт. — Не разумею, навошта гэта трэба, калі ў Чэрвеньскім раёне хапае ўсяго, і там ужо людзей няма пад новыя праекты. Гэта вялікая праблема, якую мы павінны ўлічваць. Ну навошта вы кудысьці нешта ўключаеце, каб даць справаздачу, што вы вялікія і выканалі даручэнне Прэзідэнта? Гэта нікому не трэба».
«Я не бачу, што нашы органы ўлады жывуць гэтай тэмай, рэальна ў яе паглыбіліся і літаральна змагаюцца за кожнае працоўнае месца»
Вядомыя праекты, па якіх мясцовымі ўладамі рэальная дапамога не аказвалася — толькі збіралі і перадавалі наверх справаздачнасць. «Шэраг праектаў фігуруе ў спісе дзякуючы ўгаворам бізнесменаў — па прынцыпе „з вас не ўбудзе, а старшыні пойдзе ў залік“. Што ўжо гаварыць пра факты, калі праекты далучаліся да ініцыятывы наогул без ведама суб’ектаў гаспадарання — яны толькі са справаздач улад перад СМІ даведваліся, што ў чымсьці паўдзельнічалі, — абурыўся беларускі лідар. — Старшыня Камітэта дзяржкантролю пра гэта падрабязна даложыць. Атрымліваецца дваякая карціна. Ісціна, як звычайна, пасярэдзіне». Прэзідэнт абазначыў свае галоўныя заўвагі.

Першае. «Урад і губернатары дзесьці недагаворваюць, што для многіх інвестараў ўмовы так і не створаны: не заўсёды даступнае фінансаванне, дарагое праектаванне, будаўніцтва і да таго падобнае», — адзначыў Прэзідэнт.
Другое. «Прыкладна палова нашых старшыняў райвыканкамаў не здала гэты найважнейшы для іх экзамен. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта ўжо праз некаторы час пасля абвяшчэння ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“. Час змяніўся. Нам не гэтак важна стварыць працоўныя месцы, дай бог укамплектаваць работнікамі і працоўнымі спецыялістамі тыя галіны, якія сёння развіваюцца, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Важна, наколькі старшыні райвыканкамаў ды і ўсе прысутныя тут (кіраўнікі аблвыканкамаў, урад) здольныя рэалізаваць гэтую ініцыятывы, гэтыя праекты, якія названыя органы ўлады і планавалі».
У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка адзначыў. «Я не бачу, што нашы органы ўлады, асабліва ўнізе, старшыні райвыканкамаў, жывуць гэтай тэмай, рэальна ў яе пагрузіліся і літаральна змагаюцца за кожнае працоўнае месца, калі гэта трэба ў канкрэтным раёне. Дарэчы, хапае прыкладаў, калі ў рамках праекта заяўляліся 100 новых работнікаў (умоўна), па факце атрымалася 85, і абсалютна фармальна праект прызнаваўся нявыкананым. Ну, гэта махровая бюракратыя. Яшчэ раз падкрэсліваю: калі заяўлялі 100, а той жа праект рэалізавалі з колькасцю 85, — гэта нармальна пры дэфіцыце кадраў. Атрымліваецца, хацелі запусціць інвестыцыйны цыкл, а толькі стварылі галаўны боль асобным інвестарам. Таму што кантралёры ўсіх узроўняў проста стаяць у іх над душой, манітораць кожны крок і адбіваюць жаданне працаваць! Гэта трэба спыняць, фармалізму быць не павінна! — запатрабаваў Прэзідэнт. — Мы ствараем праекты, а не лічым колькасць там плюс-мінус адзін чалавек і пачынаем па ўсіх інстанцыях дакладваць (ну добра дакладваць), дык яшчэ і людзям душу выцягваць!»
У выніку бізнесмены гатовыя на ўсё, каб рэалізаваць новыя праекты па-за такімі ініцыятывамі. «Таму ёсць буйныя, рэалізаваныя ў мінулай пяцігодцы, але не ўнесеныя ў дадзеную праграму. Сёння разбярэмся. Заадно вы мне даложыце і пра планы па даручэнні гэтай ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“, яе рэалізацыі на бягучую пяцігодку», — абазначыў тэмы размовы кіраўнік дзяржавы.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
будзе дапоўнена