Top.Mail.Ru

Прэзідэнт Беларусі ўзяў удзел у рэспубліканскім свяце «Купалле»

Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») на працягу ўжо больш за 15 гадоў становіцца адной з самых відовішчных і масавых культурных падзей не толькі Магілёўскага рэгіёна, але і ў цэлым нашай краіны. 


Гэта свята, якое аб’ядноўвае пакаленні, сцірае межы і ярка дэманструе нацыянальныя традыцыі. Нездарма яго называюць культурным брэндам Беларусі і душой нашай зямлі! Радасць вялікага народнага свята з тысячамі гасцей, як з адзінай згуртаванай сям’ёй, па традыцыі падзяліў і Прэзідэнт. Для кіраўніка дзяржавы фестываль у Александрыі — падзея асаблівая. Ён праходзіць на яго малой радзіме, у месцах, дзе ўсё блізка і дорага сэрцу...

Важны фестываль для кіраўніка дзяржавы і ў больш шырокім сэнсе. Наш Прэзідэнт заўсёды вельмі трапятліва і ўважліва ставіцца да агульнай культурнай спадчыны. Гэта аснова, без якой немагчыма ўявіць ні гісторыю, ні дзяржаўнасць, ні ў цэлым існаванне нацыі. Таму «Александрыя збірае сяброў» — гэта свята, якое не толькі пра традыцыі, але і пра тое, як важна быць разам, памятаць свае карані і шанаваць сяброўства і адзінства.

«Чатыры тысячы кіламетраў і нават больш — гэта не адлегласць, калі гаворка ідзе пра сапраўднае сяброўства»

Звяртаючыся да гасцей фестывалю, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рады вітаць усіх на вельмі доўгачаканым свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў гасцей свята.

«Я пад’язджаў і думаў пра тое, што так, прайшоў яшчэ адзін год. Але ў гэтым грандыёзным творчым спектаклі, які ўжо не першы год у нас у Беларусі, ёсць такая сумная нотка. Мы ніколі пра гэта не задумваліся. Сумная нотка ў тым, што яшчэ адзін год прайшоў. Але Александрыя збірае сяброў ужо ў 17-ы раз», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

Прэзідэнт нагадаў, што ў мінулы раз за два дні на рэспубліканскім свяце «Купалле» пабывала 115 тысяч чалавек. «А цяпер, гавораць, калі надвор’е не падвядзе, будзе яшчэ больш. Цыклон скончыўся, і Гасподзь падарыў нам у прамежку паміж дажджамі выдатнае надвор’е», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што сёлета на свята ўпершыню прыехалі дэлегацыі з Чувашыі, Курганскай, Растоўскай, Кемераўскай абласцей: «Як бачыце, чатыры тысячы кіламетраў і нават больш — гэта не адлегласць, калі гаворка ідзе пра сапраўднае сяброўства. І я хачу, паважаныя расіяне, вітаць вас тут на гэтым нашым свяце. Дзякуй, што прыехалі».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на свяце прысутнічае і невялікая колькасць украінцаў. «Мы, шчыра скажу, хацелі б, каб іх было больш. І я перакананы, я ўпэўнены, што калі мы не забудзем пра гэтае свята, хутка тут будзе вялікая колькасць нашых украінцаў, якія з вялікім задавальненнем наведалі б гэтае свята», — выказаў упэўненасць ён.

«Дзяржава будзе рабіць усё, каб уцягнуць моладзь у сельскае жыццё»

Прэзідэнт таксама заўважыў, што прымаць столькі гасцей — гэта вялікая праца. І гэта не проста забаўляць, накарміць, але самае галоўнае — падарыць гэтым людзям пачуццё дома. «Упэўнены, кожны павязе з Александрыі выдатныя ўражанні. Я вельмі ўдзячны вам за ўвагу і гасціннасць. Цёплы прыём, які беларусы аказваюць тут нашым гасцям, заахвочвае людзей вяртацца сюды зноў і зноў. У нас у Александрыі рады ўсім: і дарослым, і дзецям, і моладзі. Для кожнага ёсць свае забавы і пляцоўкі. Таму што „Купалле“ — сямейнае свята», — падкрэсліў беларускі лідар. 

Многія з тых, хто прыязджаў на першыя фестывалі з бацькамі, сёння прывезлі ўжо сваіх дзяцей, акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. «І мне асабліва прыемна бачыць зусім юных гледачоў. Менавіта тут, у Александрыі, мы ўзнагароджваем пераможцаў сямейнага праекта „Уладар сяла“. Гэта вялікая радасць — бачыць прыгожыя маладыя пары, якія захацелі жыць і працаваць у вёсцы, гадаваць дзяцей, з малых гадоў прывучаючы іх да працы на зямлі, — заявіў Прэзідэнт. — І дзяржава будзе рабіць усё, каб уцягнуць моладзь у сельскае жыццё. Без вёскі нашы славянскія дзяржавы існаваць не змогуць».

«Абрады, песні, рамёствы — аснова нашага культурнага кода, ключ да разумення саміх сябе»

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, «Купалле» — адно з самых народных святаў. «Абрады, песні, рамёствы — аснова нашага культурнага кода, ключ да разумення саміх сябе. Зберагаючы іх, мы ўсведамляем, што з’яўляемся не проста людзьмі, якія жывуць на адной тэрыторыі, а народам і нацыяй. Атрымліваем адказ на важныя пытанні: „Хто я?“ і „Якога роду?“ Пра гэта шмат разважаў першы наш народны паэт Беларусі Іван Луцэвіч, які нарадзіўся ў чароўную ліпеньскую ноч і ўзяў сабе сімвалічны псеўданім — Янка Купала», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «Купалле» — гэта дыялог скрозь глыбіню стагоддзяў, гутарка з тымі, хто быў да нас. Хто захаваў і перадаў наступным пакаленням усё самае каштоўнае: любоў да сваёй зямлі, імкненне да міру, душэўную шчодрасць і працавітасць.

«Каб разам адправіліся ў новае падарожжа да душы славянскага народа»

Затым Прэзідэнт звярнуўся да гасцей свята на роднай беларускай мове: «Дарагія сябры! Мы святкуем Купалле у Год беларускай жанчыны. Невыпадкова сімвалам свята стала купальская Берагіня. Продкі верылі, што яна аберагае пасевы і напаўняе жыватворнай сілай травы, ахоўвае сямейны ачаг, клапоціцца пра дзяцей і матуль. Хочацца, каб увесь наш свет, такі крохкі, як мы гэта бачым, быў акутаны яе покрывам. Каб у кожнай сям’і панавалі любоў і дабрабыт. Каб праз год мы з вамі зноў сустрэліся тут, у Александрыі. І разам адправіліся ў новае падарожжа да душы славянскага народа — загадкавай душы, але нязменна шырокай, шчырай і міласэрнай». 

Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім цудоўнага вечара, прыемных уражанняў і лагоднай цеплыні, якая будзе саграваць гасцей свята да наступнага «Купалля». «Будзьце здаровыя, шчасця вам», — рэзюмаваў беларускі лідар.


Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Шклоўскі раён


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю