Top.Mail.Ru

Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды напярэдадні Дня народнага адзінства прадстаўнікам розных сфер

Працоўны тыдзень кіраўніка дзяржавы стартаваў на ўрачыстай ноце — уручэнні дзяржаўных узнагарод. Традыцыйна напярэдадні дзяржаўных святаў Прэзідэнт адзначае тых, хто сваёй працай і талентам робіць Беларусь лепшай. 


«Гэтая дата была ў сэрцы нашага народа»

Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сапраўды рады вітаць гасцей у Палацы Незалежнасці. «Сімвалічна, што мы з вамі тут сабраліся напярэдадні вельмі важнай даты, якая пяць гадоў таму вярнулася ў наш святочны каляндар як Дзень народнага адзінства», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што 17 верасня 1939 года — найважнейшы этап у станаўленні нацыянальнай дзяржаўнасці. Пасля вяртання заходніх зямель у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі мы сталі адзіным народам з агульнымі гісторыяй, культурай, мовай, якія ў Заходняй Беларусі пад прыгнётам польскай дзяржавы былі забароненыя.

«Гэта факт. Сёння гэта цяжка ўявіць, але так было. Як былі і беларусы, якія не шкадавалі жыцця, каб мы маглі „людзьмі звацца“. Такіх людзей было нямала, — падкрэсліў Прэзідэнт. — І хоць мы сталі шырока адзначаць Дзень народнага адзінства нядаўна, да апошняга, залішне часам імкнучыся літаваць пачуцці заходняга суседа, вельмі імкнучыся, гэтая дата ўсё ж такі была ў сэрцы нашага народа. І пацвярджэнне таму — амаль 200 вуліц, праспектаў, плошчаў, бульвараў, названых у гонар гэтай даты — 17 верасня». 

«Свята прыжылося, палюбілася, заняло ганаровае месца ў шэрагу з Днём Перамогі, Днём Незалежнасці»

Па словах кіраўніка дзяржавы, напэўна, яшчэ рана рабіць высновы. «Але я ўжо бачу: свята прыжылося, палюбілася, заняла ганаровае месца ў шэрагу з Днём Перамогі, Днём Незалежнасці, — галоўнымі нашымі святамі, — канстатаваў беларускі лідар. — Гісторыя не раз даказвала: што б ні адбывалася, беларусаў купіць немагчыма, іх немагчыма запалохаць і раз’яднаць. Сёння я хачу падзякаваць кожнаму з вас за тое, што вы робіце для краіны. За сумленную працу. За ваш талент. За бяссонныя ночы і работу без выходных, а без гэтага такіх высокіх вынікаў, якіх вы дасягнулі, не бывае». 

Ордэны, медалі і ганаровыя званні — знак таго, што краіна бачыць і цэніць намаганні ўзнагароджаных, акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. «Гэта падзяка ад мільёнаў суайчыннікаў і, натуральна, асабіста ад мяне — за мір, дабрабыт, шчаслівую сучаснасць, а таксама цудоўную будучыню, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Такія людзі, як вы, заўсёды імкнуцца да новага, дасканалага і сваёй працай паказваюць нам прыклад высокага служэння нашай Айчыне. Я ад усяго сэрца віншую вас з гэтымі заслужанымі ўзнагародамі. Ведаю, што гэта пэўны рубеж, пэўны ўзровень вашага жыцця. Але жадаючы вам поспехаў і здароўя, я хацеў бы, каб мы з вамі яшчэ сустрэліся на падобных цырымоніях». 


«Мы ведаем цану адзінства»

Прэзідэнт пажадаў усім здароўя, а галоўнае — міру, дабра, новых дасягненняў на карысць нашай Радзімы. Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў прысутных з надыходзячым святам — Днём народнага адзінства. «Сёння мы адкрываем па вялікім рахунку на высокім узроўні гэты марафон ушанавання і святкавання гэтага вялікага дня, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Можа быць, нават мы, вы, якія сядзяць у гэтай зале, не зусім ўсведамляем, што ж гэта за такое свята і дасягненне, што гэта за веліч».

Каб усё гэта ўсвядоміць па-сапраўднаму, працягнуў беларускі лідар, народы праходзяць праз найцяжэйшыя выпрабаванні. «Нам не трэба пра гэта распавядаць, таму што ў нас каля парога нашы родныя людзі праходзяць такія выпрабаванні. Я б не хацеў, каб гэта здарылася. Лепш, ціха, спакойна, але так, як ёсць, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Пройдзе час, і мы па-сапраўднаму, кожны ў сваёй душы, у сваім сэрцы ацэнім веліч таго, што адбылося ў сярэдзіне мінулага стагоддзя».

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы сёння — адзіная нацыя, і самі прымаюць рашэнні аб будучыні нашай краіны. «Я хачу вас запэўніць, што як Прэзідэнт, якому вы давяраеце (а я гэта бачу па апошніх даных), зраблю ўсё, каб у нас ніколі не паказвалі пальцам, — запэўніў беларускі лідар. — А калі і паказвалі, то, як цяпер, з зайздрасцю. Хай нас называюць агрэсарамі, яшчэ кімсьці. Мы мірныя людзі, мы ведаем цану адзінства. Мы ведаем цану вайны, і мы не хочам, каб у нас гэта было, і каб усё гэта паўтарылася, як не аднойчы бывала ў нашай гісторыі. Я гэта добра памятаю і зраблю ўсё для таго, каб вы не былі як мінімум расчараваныя».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ


Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў ордэнам Працоўнай Славы адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Планар» і «ІНТЭГРАЛ» — кіруючая кампанія холдынгу «ІНТЭГРАЛ», а таксама токара-расточніка цэха доследнай вытворчасці нумар 1 ААТ «Мінскі трактарны завод» Уладзіміра Флейта.

Ордэна Айчыны ІІІ ступені ўдастоена генеральны дырэктар ААТ «Малочны Мір» Марына Анікеева, ордэна Пашаны — намеснік старшыні па вытворчасці СВК імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна Генадзь Эйсмант і старшыня СВК «Азёры Гродзенскага раёна» Аляксандр Шышко.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны загадчык кафедры біяхіміі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Лялевіч і артыст заслужанага калектыву Беларусі «Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь» Ганна Міркас.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў медалі «За працоўныя заслугі», спецыяльныя лісты аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта, а таксама нагрудныя знакі тым, хто ўдастоены ганаровых званняў.



Даслоўна

«Атрымліваць узнагароду перад вялікім святам асабліва хвалююча і прыемна»

У размове з журналістамі генеральны дырэктар ААТ «Малочны Мір» Марынай Анікеева, якая з рук Прэзідэнта атрымала ордэн Айчыны ІІІ ступені падзялілася, што ўзнагароджанне менавіта гэтым ордэнам — гэта асабліва сімвалічна, бо менавіта любоў да Айчыны стымулюе на стваральную, рэзультатыўную працу. Сімвалічна і тое, што ўрачыстасць прайшла напярэдадні вялікага дзяржаўнага свята.. «Увесь беларускі народ — адзіны. Я з Пскова, але 36 гадоў пражыла і адпрацавала ў Беларусі, і сёння атрымала ордэн Айчыны, беларускай Айчыны, якую бязмежна люблю. Напэўна, гэтым усё сказана. Гэтае свята адзінай непадзельнай Беларусі», — сказала Марына Анікеева. Яна абсалютна ўпэўнена, што менавіта цэнтралізацыя ўлады, згуртаванасць усяго народа вакол нашага лідара дазваляе ісці правільнай дарогай, глядзець у патрэбны бок і стваральна працаваць пад мірным небам.

Генеральны дырэктар холдынгу «ІНТЭГРАЛ» Андрэй Буйневіч атрымліваў Ордэн Працоўнай Славы, якога ўдастоена яго прадпрыемства. Ён падкрэсліў: «У сучаснай гісторыі нашага холдынгу апошняя пяцігодка была самая рэзультатыўная — мы значна выраслі ў аб’ёмах экспарту, у тым ліку ў краіны дальняй дугі, пачалі рэалізацыю шэрагу інвестыцыйных праектаў, якія цяпер знаходзяцца ў фінальнай стадыі, і распрацавалі дастатковую колькасць серыйных новых вырабаў, якія карыстаюцца поспехам на ўсіх рынках»

Андрэй Буйневіч паведаміў, што ў калектыву «Інтэграла» гэта не першае прызнанне добрай і якаснай працы, у 2024-м ужо была ўручана Падзяка ад Прэзідэнта за вынікі і паспяховае развіццё. Таму ў такі важны для яго дзень быць адзначаным такой высокай узнагародай крыху хвалююча, але вельмі прыемна. 

Ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагароджана Надзея Кур’яновіч, машыніст аўтаматычнай лініі па вырабе каштоўных папер спецвытворчасці РУП «Выдавецтва «Беларускі Дом друку». Яна працуе на прадпрыемстве з 1980-га года. У гэтую сферу прыйшла пасля школы, скончыла паліяграфічнае вучылішча. «І вось неяк прыпынілася ў Доме друку, па сённяшні дзень працую, работа падабаецца. Калектыў вельмі дружны, згуртаваны», — падзялілася яна.

Жанчына працуе ў спецвытворчасці па вырабе каштоўных папер, і ў калектыве ўжо ёсць годная маладая змена. Як прызнаецца сама Надзея Кур’яновіч, для яе вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду. Але гэты ордэн лічыць не толькі сваім асабістым, а ўсяго калектыву, усёй спецвытворчасці — і начальства, і кантралёраў, і машыністаў, і наладчыкаў, — падзялілася яна.

Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю