Top.Mail.Ru

Напярэдадні Дня народнага адзінства Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды

Па традыцыі, напярэдадні найважнейшых дзён у жыцці краіны аддаюць даніну павагі яе грамадзянам, якія кожны дзень робяць жыццё ў Беларусі лепшым, а яе саму — мацнейшай. Традыцыйная ўрачыстыя цырымонія з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прайшла ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды найлепшым прадстаўнікам розных прафесій.


«Напярэдадні Дня народнага адзінства мы ўшаноўваем нашых суайчыннікаў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё краіны, ва ўмацаванне яе суверэнітэту і абараназдольнасці, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэтае свята з’яўляецца па сутнасці краевугольным каменем згуртаванасці і адзінства нацыі і разам з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці, несумненна, стаіць у шэрагу галоўных дзяржаўных святаў Беларусі. З вышыні пражытых дзесяцігоддзяў дзень 17 верасня 39 года мінулага стагоддзя, калі была сцёртая штучная ганебная мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, успрымаецца як акт аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Так яно і было. І як адзін з паваротных момантаў у летапісе беларускай дзяржаўнасці, які трывала звязаў нябачнай сувяззю эпохі і пакаленні».

Прэзідэнт заявіў, што, уз’яднаўшыся, беларусы спаўна выкарысталі свой гістарычны шанец, стаўшы высокаадукаванай, культурнай нацыяй, якая пабудавала ўласную суверэнную дзяржаву і заняла годнае месца сярод народаў нашай планеты.

000022_1758001189_737525_big.jpg

«І сёння, уручаючы заслужаныя ўзнагароды вам — работнікам прамысловасці, будаўнікам, працаўнікам вёскі, ваенным, праваахоўнікам, дзеячам культуры, спартсменам, — мы працягваем эстафету пакаленняў, умацоўваем сувязь часоў і наша адзінства. — звярнуўся да герояў дня кіраўнік дзяржавы. — Я вітаю ўсіх вас і ўсіх працаўнікоў, якія кожны дзень ствараюць наша жыццё. Лечаць, вучаць, будуюць, вырабляюць прадукты харчавання, тавары народнага спажывання, тэхніку. Даюць ваду і цяпло ў дамы, падтрымліваюць парадак на вуліцах гарадоў і вёсак. Прыемна бачыць сярод узнагароджаных аграрыяў. Карыстаючыся выпадкам, у вашай асобе вітаю ўсіх вяскоўцаў, якія завяршаюць сельскагаспадарчы год з вельмі годным вынікам». 

Высокіх дзяржаўных узнагарод і званняў удастоены навукоўцы, педагогі, юрысты, артысты. Па словах беларускага лідара, цяжка пераацаніць іх уклад у захаванне маральных каштоўнасцяў, культурных традыцый, выхаванне падрастаючага пакалення. Асаблівыя словы падзякі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў людзям у пагонах — ваенным і супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія стаяць на варце суверэнітэту, міру і грамадскай згоды і без удзелу якіх ніякая стваральная праца проста немагчымая.

«Дарагія сябры! Ад усяго сэрца віншую вас з заслужанымі ўзнагародамі! Вы робіце наша краіну бяспечнай, зручнай і камфортнай. Дзякую за працу, за адданасць прафесіі і роднай Беларусі». —сказаў Прэзідэнт. Ён павіншаваў усіх з Днём народнага адзінства і пажадаў здароўя, міру, дабра і новых здзяйсненняў на карысць нашай Айчыны. 
000022_1758001189_737525_big.jpg

«Мы нікому не пагражаем!» 

Пасля урачыстасцяў Прэзідэнт выказаўся і на надзённыя тэмы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў яшчэ раз — мы, беларусы, нікому не пагражаем, асабліва суседзям. «Праўда, Аляксандру Рыгоравічу Вольфавічу (дзяржсакратару Савета Бяспекі. — Зв.) хачу сказаць, што хопіць нам апраўдвацца перад імі — ваюем мы, не ваюем супраць іх... Мы сказалі ім адзін раз, і дастаткова. Я думаю, яны нас пачулі. Усе (не дурні) разумеюць. Колькі б мы раз ні казалі. Мы здольныя даць адказ любому агрэсару. Нікога не стараемся заваяваць, таму што не зможам заваяваць. Мы гэта выдатна разумеем. Вакол нас моцныя дзяржавы, што тут казаць. Але непрымальную шкоду мы заўсёды гатовыя нанесці, калі хтосьці ступіць на нашу зямлю», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт акцэнтаваў, што беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025», якія ў гэтыя дні праходзяць на тэрыторыі Беларусі, — планавыя. «Мы адпрацоўваем там усё (яны таксама гэта ведаюць, мы гэта не ўтойваем), пачынаючы ад стральбы са звычайнай стралковай зброі і да атамных боегаловак. Зноў жа — мы павінны ўмець гэта ўсё рабіць, у адваротным выпадку навошта яно на тэрыторыі Беларусі. Але ні ў якім выпадку не збіраемся гэтым пагражаць. А калі камусьці трэба апраўдаць свае дзеянні, ашалелым, якія тут па суседстве жывуць, — гэта іх праблемы. Няхай падманваюць свой народ, гэта да пары да часу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, палякі, латышы — разумныя людзі, якія разбяруцца, у чым праблема. «Як разабраліся ўкраінцы, дарэчы. Мы ад іх менш праблем маем, хоць там ідзе вайна». — заўважыў беларускі лідар. 

000022_1758001189_737525_big.jpg

Звяртаючыся да ваеннаслужачых, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу: быць заўсёды напагатове. Па яго словах, расіяне сёння могуць многае і гатовыя перадаваць свае навыкі і сваю падрыхтоўку. «Мы павінны вучыцца. Калі хочам жыць, мы павінны ўмець усё. Гэта я звяртаюся як ваенны да ваеннаслужачых», — сказаў Прэзідэнт. І нагадаў, што фізічная падрыхтоўка для ваеннаслужачых — гэта галоўнае, важна і ўмець валодаць зброяй. 

Прэзідэнт звярнуў увагу і на беспілотнікі. Па яго словах, трэба навучыцца з імі змагацца. У свеце гэтаму ўжо навучыліся. «Мы павінны навучыцца адхіляць ад мэты любы беспілотнік, які працуе на любой частаце. Гэта наша школа. Мы павінны гэта ўмець. У свеце гэтаму навучыліся. Акрамя таго што ракеты, падрываць, біць... трэба ўмець абараняцца. Як толькі навучымся працаваць па беспілотніках, цэлая эра імгненна сыдзе ў нябыт. І мы перастанем маліцца на гэтыя беспілотнікі», — перакананы кіраўнік дзяржавы. 

000022_1758001189_737525_big.jpg

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што да ўсяго, што сёння залятае ў Польшчу ці Літву, беларускі бок не мае ніякага дачынення. «І калі б мы так, як яны выюць, вылі пасля кожнага залёту да нас беспілотнікаў з боку Украіны, Расіі, праз Польшчу там, Літву... мы ніколі гэтага не рабілі. Мы спакойна рэагуем па адпаведных лініях, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яны завылі пасля таго, як мы палову беспілотнікаў збілі, не ведаючы, чые яны, якія... збілі — і ўсё. Некалькі штук мы не змаглі паразіць. Мы патрацілі велізарныя сродкі, каб знішчыць гэтыя беспілотнікі, якія ляцелі не да нас — ляцелі ў Польшчу. І ім паведамілі, колькі, куды ляціць беспілотнікаў. Мы таксама не ведалі, чые яны: „працуйце!“ Яны гэта прызнаюць. Тым не менш паскудзяць. Значыць, у іх ёсць нейкія задумы. Мы павінны іх разгадаць. Мы іх разгадалі. І павінны гэтаму супрацьстаяць. Нікому нічога не тлумачачы».

Хто атрымаў узнагароды з рук Прэзідэнта? Знаёмімся бліжэй з некаторымі героямі дня

Сваімі сакрэтамі майстэрства, крыніцамі натхнення, планамі героі дня, якія атрымалі з рук Прэзідэнта ўзнагароды, падзяліліся з журналістамі. 

Ілья Шымановіч: «Я дагэтуль не ведаю свайго максімуму»

«Мэты стаць заслужаным майстрам спорту я напачатку сваёй кар’еры і не ставіў, таму што тады не ведаў, што гэта такое. Жыў „па сродках“, з года ў год паляпшаючы свае вынікі, ішоў наперад. Проста ішоў да свайго максімуму, а які ён будзе, мы ж не ведаем. І я дагэтуль не ведаю свайго максімуму. Званне заслужанага майстра спорту — гэта адна з мэтаў, якой я ў сваёй спартыўнай кар’еры дасягнуў, але гэта не адмяняе таго, што мне не трэба ісці далей. — падзяліўся чэмпіён свету, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, уладальнік сусветных рэкордаў у плаванні брасам. — Гэта званне, у першую чаргу, заслуга майго трэнера, з якой мы як пачалі 21 год таму працаваць, так і да гэтага часу рука аб руку ідзем. Вялікі дзякуй хачу сказаць сям’і, якая заўсёды мяне падтрымлівала і не ўмешвалася ў маю кар’еру. І камандзе, якая заўсёды са мной побач, якая забяспечвае падтрымку і псіхалагічную разгрузку». 

Сезон у плыўцоў толькі пачынаецца. І пакуль дакладна цяжка сказаць, якія будуць спаборніцтвы, бо каляндар пастаянна мяняецца. І па словах спартсмена, гэта крыху выбівае з каляі. «Але цяпер я жыву іншымі радасцямі, нядаўна я стаў бацькам. Дакладна ведаю, што вельмі важным стартам у гэтым сезоне будзе кубак наймацнейшых, які пройдзе ў Мінску. Прыемна, што гэтыя старты будуць дома. З астатнімі стартамі пакуль шмат пытанняў, усё як звычайна — чыстая імправізацыя. Але я заўсёды гатовы да рэкордаў, я заўсёды імкнуся выступаць на максімуме», — прызнаўся Ілья Шымановіч. 

Анастасія Шкурдай: «Звышмэта — Алімпійскія гульні»

Чэмпіёнка Еўропы і прызёр чэмпіянату свету па плаванні прызналася, што прысваенне званне «Заслужаны майстар спорту» стала для яе хвалюючай нечаканасцю. «Маёй мэтай і задачай нумар адзін заўсёды было заваяваць як мага больш медалёў на розных спаборніцтвах і паказаць свой найлепшы вынік. Званне „Заслужанага майстра спорту“ мяне гэта вялікі і прыемны бонус і пэўнае прызнанне. Для мяне звышмэта — Алімпійскія Гульні ў 2028 годзе. І цяпер усе намаганні, думкі, сілы накіроўваю туды. Імкнуся палепшыць свае паказчыкі і навыкі, таму што Алімпійскія гульні нязменна застаюцца галоўнай мэтай. І я дзякую людзям, якія былі са мной раней на маім спартыўным шляху, людзям, якія цяпер мне дапамагаюць. Каб іх усіх пералічыць, трэба вельмі шмат часу. Баюся нават кагосьці пакрыўдзіць і не назваць, таму што сапраўды вельмі шмат людзей мне дапамагаюць і мяне падтрымліваюць», — прызналася Анастасія Шкурдай. 

Віталь Гаражанкін: «Галоўная ўзнагрода — жыццё Арцёма»

Пенсіянер Віталь Гаражанкін узнагароджаны медалём «За выратаванае жыццё». Адным непагодлівым днём, вяртаючыся дадому праз парк, убачыў у палонцы на рацэ чалавека. «Я папоўз па лёдзе, выцягнуў акуратна яго. Гэта быў хлопчык. І на шчасце, хутка пад’ехалі ратавальнікі, якія аказалі хлопчыку дапамогу. Я ў гэты момант зусім не думаў, што я таксама магу загінуць, я думаў толькі пра тое, каб яго выратаваць. Потым мы сустракаліся, добры хлопчык Арцём. І для мяне галоўная ўзнагарода тое, што цяпер Арцём жывы здаровы, вучыцца, развіваецца. Але і атрымаць узнагароду з рук Прэзідэнта гэта вельмі ганарова і хвалююча», — падзяліўся Віталь Гаражанкін. 

Аляксандр Тулі: «Усё маё жыццё — гэта сельская гаспадарка»

Аляксандру Тулі, дырэктару ААТ «Дзембрава» Шчучынскага раёна прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». У прафесіі ён ужо 34 гады, з іх 17 гадоў — кіраўнік гаспадаркі. 

«Усё маё жыццё — гэта сельская гаспадарка. Бацькі таксама працавалі на вёсцы — бацька — механізатар, маці — даярка. Усё гэта мне знаёма з дзяцінства. І я дагэтуль радуюся, што працую ў сельскай гаспадарцы, выбар зроблены правільна, — дзеліцца ён. — Я памятаю, якой наша сельская гаспадарка была ў пачатку 1990-х, але дзякуючы мудрай палітыцы нашай дзяржавы, дзякуючы працавітасці нашых людзей на месцах, у нас атрымліваецца дасягнуць выніку».

Аляксандр Тулі падзяліўся і крыніцай натхнення. Іх у яго некалькі. І адна з іх — наведванне Палаца Незалежнасці, і нават сустрэчы з Прэзідэнтам. «У 2001 годзе, калі я яшчэ працаваў галоўным аграномам, нашу гаспадарку наведваў Аляксандр Рыгоравіч. Ён павітаўся, руку паціснуў, і справа пайшла. І сёння, дзякуючы зладжанай рабоце нашага калектыву спецыялістаў, якія разумеюць, дзеля чаго жывуць і працуюць, у нас атрымліваецца з года ў год прыбаўляць у выніку», — падзяліўся Аляксандр Тулі. Паводле яго слоў, сакрэт паспяховай працы аграрыяў заключаецца ў тым, каб працаваць «не па падручніку», а разумець і аб’ектыўна ацэньваць абстаноўку. «У нас ёсць тэхніка, ёсць тэхналогіі, веды. Ад нас патрабуецца толькі адказная і якасная праца» — рэзюмаваў дырэктар гаспадаркі. 

Уладзімір Касянкоў: «Галоўнае — любіць лес

Дырэктар Клічаўскага лясгаса Уладзімір Касянкоў з гэтага часу — Заслужаны лесавод Рэспублікі Беларусь. У галіне ён працуе з 1988 года. «На жаль, у дырэктара нячаста атрымліваецца ездзіць у лес. Таму што калектыў вялікі, 400 чалавек, пытанняў шмат, і папяровай працы шмат. Задачы перад лясной аховай стаяць сур’ёзныя. Праца лесавода — вельмі няпростая, але ў нас дастойная зарплата, ёсць тэхніка, тэхналогіі. Але галоўнае ў лесе — гэта чалавек, які любіць лес», — адзначыў Уладзімір Касянкоў.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю