Top.Mail.Ru

Лукашэнка прыбыў з візітам у Кітай. Расказваем пра галоўнае ў графіку Прэзідэнта

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Кітайскую Народную Рэспубліку, паведамляе БелТА.



Самалёт кіраўніка дзяржавы прыбыў у кітайскі горад Цяньцзінь, дзе 31 жніўня — 1 верасня пройдзе саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Пра важнасць для Беларусі быць у «шанхайскай сям’і»

Цяперашні саміт стане найбуйнейшым за ўсю гісторыю аб’яднання. Дарэчы, Беларусь у якасці паўнапраўнага члена арганізацыі далучылася да ШАС на леташнім саміце.

Зараз членамі ШАС з’яўляюцца 10 дзяржаў. Гэта Беларусь, Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.

Як расказалі ў прэс-службе Прэзідэнта Беларусі, Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС агучыць прапановы беларускага боку па далейшым развіцці шматпланавага супрацоўніцтва ўнутры «шанхайскай сям’і», акрэсліць ключавыя пытанні, якія патрабуюць узмоцненай увагі.

Як чакаецца, у ліку найбольш важных дакументаў кіраўнікі дзяржаў прымуць Цяньцзіньскую дэкларацыю і зацвердзяць стратэгію развіцця ШАС на наступныя 10 гадоў — да 2035 года. Акрамя таго плануецца разгледзець шэраг іншых пытанняў у сферах бяспекі, эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, прыняць адпаведныя рашэнні, сумесныя заявы і падпісаць міждзяржаўныя пагадненні.

Прэзідэнт Беларусі таксама прыме ўдзел у саміце ў фармаце «ШАС плюс». Да ўдзельнікаў пасяджэння далучацца кіраўнікі дзяржаў-назіральніц, міжнародных арганізацый, высокія госці, запрошаныя кітайскім бокам. Усяго больш за тры дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў міжнародных арганізацый.

У апублікаваным напярэдадні візіту інтэрв’ю Медыякарпарацыі Кітая Аляксандр Лукашэнка расказаў, як ён ацэньвае членства Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

«Гэта вельмі важна для нас — як вы сказалі, быць у гэтай сям’і, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Гэта натхняе любы народ, у тым ліку і беларускі, што іх Прэзідэнт знаходзіцца ў гэтай саліднай сям’і». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што членамі ШАС з’яўляюцца дзяржавы, якія сёння шмат у чым вызначаюць развіццё планеты. Свайго роду ядром з’яўляюцца такія магутныя краіны, як Расія, Кітай і Індыя, вакол якіх сабраліся іншыя развітыя краіны і дзяржавы, якія развіваюцца.

«У нас ёсць моцная валюта, юань, на які сёння арыентуюцца вельмі многія краіны, і мы ў тым ліку. У нас ужо разлікаў у юанях больш, чым у доларах. Гэта звязана і з тымі санкцыямі, якія ўвялі бяздумна Злучаныя Штаты Амерыкі. Рупія, расійскі рубель у тым ліку — гэта моцныя валюты. Таму і ў фінансавым стаўленні мы маем пэўную моц. Эканамічна, палітычна — без краін ШАС не можа быць вырашана ні адно з пытанняў», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама прывёў дадзеныя, згодна з якімі абсалютная большасць беларускага тавараабароту і экспарту прыпадае менавіта на краіны ШАС. На пляцоўцы аб’яднання абмяркоўваюцца розныя праблемы і перспектывы.

«Гэта вельмі ганарова (быць членам ШАС. — Заўв. БелТА), але і вельмі карысна для нашай эканомікі і прамысловасці. Асабліва для прамысловасці. Мы ў Кітаі атрымліваем усё тое, што мы куплялі раней на Захадзе: і рухавікі, і гідраўліка, і камплектуючыя для нашых аўтамабіляў», — прывёў адзін з кірункаў супрацоўніцтва Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выступае за больш хуткі рух па шляху развіцця супрацоўніцтва ў рамках ШАС. «Можа быць, ужо даўно трэба было стварыць сваю валюту для міжнародных разлікаў. Можа, гэта будзе юань, можа быць, нейкая іншая агульная валюта», — сказаў ён.

Пра чаканні ад параду ў Пекіне

Па запрашэнні кіраўніцтва КНР 3 верасня ў Пекіне Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю Перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнню Другой сусветнай вайны. Прэзідэнт Беларусі будзе прысутнічаць на парадзе, які пройдзе на плошчы Цяньаньмэнь.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ўжо прысутнічаў на аналагічных мерапрыемствах з нагоды 70-годдзя памятных дат. Ва ўжо згаданым інтэрв’ю яго спыталі, ці ёсць у гэты раз у яго асаблівыя чаканні. 

«Я хачу праз 10 гадоў убачыць, чаго вы дасягнулі ў ваенных адносінах, абараназдольнасці Кітая, і параўнаць з тым, што было 10 гадоў таму, — сказаў беларускі лідар. — Тады было вельмі моцна, вельмі магутна. Вы паказалі самае перадавое ўзбраенне. Думаю, што нашы чаканні Сі Цзіньпін задаволіць і не падвядзе нас. Ён пакажа ўсё самае перадавое, што вы маеце сёння ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы».

Аб двухбаковым парадку дня падчас візіту

Дні знаходжання Прэзідэнта Беларусі ў Кітаі таксама будуць напоўнены перамовамі з калегамі — кіраўнікамі дзяржаў. Асобную ўвагу плануецца надаць пытанням развіцця беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

У інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка расказаў, што па многіх пытаннях Беларусь вучыцца ў Кітая і пераймае вопыт: «Я перакананы чалавек, што да Кітая трэба не проста прыглядацца, а трэба некаторыя рэчы браць і пераносіць у сваю рэальнасць».

У 2022 годзе ўзровень двухбаковых адносін Беларусі і Кітая быў павышаны да ўсепагоднага і ўсёабдымнага стратэгічнага партнёрства. «Мы гэта бачым, паколькі гэта ўвасабляецца ў нашым супрацоўніцтве, перш за ўсё ў галіне эканомікі. Што тычыцца палітыкі, дай бог, каб наша эканоміка, нашы эканамічныя і фінансавыя адносіны дараслі да ўзроўню палітычных», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі і Кітая няма ніякіх праблем і рознагалоссяў: «Калі трэба ўзгадніць нейкае пытанне, прыняць сумеснае рашэнне, падтрымаць адзін аднаго, дастаткова аднаго званка з Пекіна ў Мінск ці наадварот. І мы пра ўсё дамовімся на працягу некалькіх хвілін».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю