На Раство Хрыстова Прэзідэнт запаліў свечку ў храме і звярнуўся да прыхаджан, да ўсяго беларускага народа
Па традыцыі ў гэты найважнейшы для праваслаўя дзень Аляксандр Лукашэнка наведвае храм. Сёлета кіраўнік дзяржавы прыехаў у царкву іконы Божай Маці «Млекакарміцельніца» ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна, запаліў свечку каля іконы Раства Хрыстова і звярнуўся да прыхаджан.
Каля ўвахода ў царкву Прэзідэнта і Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна сустрэлі дзеці. Запаліўшы разам з сынам Мікалаем свечку, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прыхаджан храма, а таксама ўсіх праваслаўных вернікаў Беларусі з Раством Хрыстовым.
«Цяпер як ніколі нашы людзі зразумелі, што такое мірнае неба над галавой»
«Сёння гэты храм становіцца цэнтрам нашай краіны ў тым плане, што многія-многія людзі ў гэта светлае, добрае свята свае позіркі звяртаюць да Госпада і просяць у яго кожны па-свойму, але ўсё зводзіцца да добрых пажаданняў, — адзначыў беларускі лідар. — Таму, знаходзячыся ў гэтым светлым месцы, хачу ўсіх вас, і нашых беларусаў, тых, хто нас пачуе, павіншаваць з доўгачаканым светлым святам, у прынцыпе з якога і пачынаецца новы год».
Па словах кіраўніка дзяржавы, святы, якія беларусы пачалі адзначаць ужо 25 снежня, былі светлымі, добрымі, прайшлі пад мірным небам. «Заўтра мы ўжо ўсе прымемся за работу», — канстатаваў ён.
Традыцыйна Прэзідэнт у свята Раства Хрыстова выказаў удзячнасць свяшчэннаслужыцелям на чале з Уладыкам за тое добрае, што было зроблена на працягу мінулага года і не толькі.
Як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, адзін з дзяржаўных служачых нядаўна ў чарговы раз падштурхнуў яго на разважанні аб тым, што раней шмат гаварылі пра мірнае неба над галавой. «І нават крытыкавалі за гэта беларусаў, — удакладніў Прэзідэнт. — А цяпер як ніколі нашы людзі зразумелі, што такое мірнае неба над галавой. Я заўсёды гаварыў аб тым, што калі будзе мір, усё астатняе (жартам гаварыў) мы купім. А значыць, для таго, каб купіць, мы заробім. Усё зробім самі і сваімі рукамі, але галоўнае, каб было ціха, спакойна і мірна. І тое, што сёння мір у нас у краіне — вялізная заслуга нашых свяшчэннаслужыцеляў».

«Хочам жыць добра — трэба выканаць тое, што мы сабе вызначылі»
У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь — гэта шматканфесійная краіна. «У нас ёсць і іншыя вернікі, і мы як праваслаўныя — самая вялікая канфесія, хочам (я перш за ўсё як Прэзідэнт) з гэтага храма звярнуцца да іх: да католікаў, мусульман, іўдзеяў і іншых, маленькіх нашых канфесій, з пажаданнямі міру і дабра, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Няхай яны ведаюць, што мы не толькі не забываем, мы добра памятаем пра іх, і вельмі па-светламу, па-добраму да іх адносімся».
Беларускі лідар падкрэсліў, што кожны чалавек павінен знайсці сваю дарогу да храма. «І ніхто гэтаму перашкаджаць не павінен, — дадаў ён. — У гэтым сутнасць нашай палітыкі ў адносінах да нашых канфесій».
Вяртаючыся да тэмы выхаду пасля свят на працу, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што адпачывалі ў гэтыя дні не ўсе. «Вы, напэўна, ведаеце, што ні мне, ні ваенным у гэты час адпачынку ніякага быць не можа, — заўважыў Прэзідэнт. — Калі адпачываюць нашы людзі, калі яны расслабленыя, калі яны больш думаюць пра сябе, пра сям’ю, людзям у пагонах і мне як Галоўнакамандуючаму ў гэты час не да адпачынку. Нічога страшнага. Гэта мы ўсё вытрымаем. Ну, а мільёнам-мільёнам беларусаў трэба брацца за працу. Задачы зразумелыя, мэты вызначаныя. Хочам жыць добра — трэба выканаць тое, што мы сабе намецілі. Таму за работу!»

«У нас сёння ёсць усё для таго, каб людзі маглі жыць, карміць сябе і сваіх дзяцей»
Аляксандр Лукашэнка паднёс у дар храму ікону Божай Маці «Мінская». Ікона выраблена майстрамі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску. Яна створана ў традыцыйным для беларускай школы іканапісу стылі, напісана ва ўнікальнай тэхніцы васковай тэмперы.
Прэзідэнт расказаў, што калі рыхтаваўся да мерапрыемства, вызначыў цікавую для сябе дэталь, у пэўнай ступені адкрыццё, звязанае з гэтай іконай.
«Гэта ікона з’яўляецца галоўнай святыняй Беларусі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Галоўнай святыняй. Яна дапамагае ў знаходжанні правільнага шляху, дапамагае набыць яснасць і прыняць правільныя рашэнні ў заблытаных абставінах».
Прэзідэнт дадаў, што шмат разоў звяртаў увагу людзей на тое, што свет сёння вельмі складаны. «Заблытаны да немагчымасці, — удакладніў ён. — Можа, гэта наша галоўная святыня і дапаможа нам у гэтым цёмным, заблытаным свеце, незразумелым, здабыць пэўны правільны шлях. Гэта па-першае».
Па-другое, як звярнуў увагу беларускі лідар, ікона Божай Маці «Мінская» абараняе, пазбаўляе ад бачных і нябачных ворагаў. «Архіважна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму дай бог, каб вам тут і ўсім нам гэта ікона, гэта наша галоўная святыня, дапамагла бачыць (ворагаў у нас, будзем лічыць, няма), а вось, не дай бог, патэнцыяльных пэўных нашых праціўнікаў. Наша ікона, магчыма, нам і дапаможа ў гэтым».
Акрамя таго, як заўважыў Прэзідэнт, гэта ікона яшчэ і суцяшае. «Дорыць спакой і суцяшэнне ў горычы і смутку, — удакладніў ён. — Жыццё ёсць жыццё. Як у нас гавораць, жыццё — гэта цяльняшка: і белыя, і цёмныя палосы. Дык вось, не заўсёды бываюць белыя палосы. Хаця, трэба сказаць, што Гасподзь нас мілаваў, і мы жывём у мірнай краіне. І зыходзячы з мінулага года, я б сказаў, гэта белая паласа».
Беларускі лідар канстатаваў, што ў нас сёння ёсць усё для таго, каб людзі маглі жыць, карміць сябе і сваіх дзяцей. «Пры ўмове толькі адной — калі яны працуюць, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Без працы нічога не будзе».
Прэзідэнт дадаў, што гэта ікона дорыць людзям спакой і суцяшэнне, а таксама ўразумляе, дапамагае ў выхаванні дзяцей, абараняе іх ад няшчасця.
«Галоўнае для нас — гэта дзеці, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Я часта гавару: мы ўжо нешта пражылі, нешта бачылі. Так, моладзь сёння іншая, дзеці нашы іншыя, чым былі мы. Але наша жыццё, наша мэта, наша ўвага засяроджана на дзецях. І калі гэта ікона дапаможа нам і тым, хто дакранецца да яе, у выздараўленні хворых дзетак і ўвогуле ўразуміць нашу моладзь і нашых дзяцей у светлую будучыню, мы будзем толькі рады».
Прэзідэнт дадаў, што ікона Маці Божай «Мінская» валодае яшчэ і гаючымі ўласцівасцямі. «Я сказаў, жыццё ёсць жыццё, яно рознае: і добрае, і дрэннае, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — У нас дастаткова хворых, нездаровых людзей, якім патрэбна дапамога. Няхай пры дакрананні да гэтай іконы чалавек хоць марудна, паступова, але вылечваецца».
Але ікона іконай, аднак усё, як падкрэсліў беларускі лідар, залежыць ад нас: дзяцей, моладзі, дарослых. «Калі будзем свой лёс моцна трымаць у руках, ён (Гасподзь. — „Зв“.) заўсёды дапаможа, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Правільна ў народзе кажуць: калі да чалавека звярталіся, з дзяцінства гэта памятаю, (са словамі. — „Зв“.) „Дапамагай Бог“, людзі адказвалі: „Ëн хацеў, каб ты сам сабе дапамог“. Перш за ўсё глядзіце за тым, каб вы маглі самім сабе дапамагчы».

«У любой складанай абстаноўцы вы павінны абараніць гэтыя святыні ў вашым жыцці»
І апошняе, на што скіраваў увагу Прэзідэнт. «Цяпер вельмі шмат гавораць, вельмі часта, асабліва дзяржаўныя служачыя, і гэтым пачалі пакутаваць і нашы свяшчэннаслужыцелі: „За Радзіму, за партыю“ і гэтак далей, — канстатаваў ён. — Ведаеце, я вам скажу проста. За Радзіму ў нас ёсць каму змагацца і ісці наперадзе. Вы, калі ласка, падумайце аб сваёй сям’і, сваіх дзецях, сваіх любімых. І памятайце: у любой складанай абстаноўцы вы павінны абараніць гэтыя святыні ў вашым жыцці. А з усяго гэтага складваецца Радзіма, абарона нашай Радзімы».
У гэта светлае свята Аляксандр Лукашэнка пажадаў прыхаджанам і ўсім праваслаўным вернікам здароўя, поспехаў, жыць у міры.
«Зрабіце тое, што вы павінны зрабіць на сваім працоўным месцы, — паўтарыў кіраўнік дзяржавы тое, аб чым часта гаворыць. — Урач — у сябе ў бальніцы, у фельчарска-акушэрскім пункце, настаўнік — у школе, выкладчык — у ВНУ, дзяржаўны служачы, святары — на сваіх месцах. І ўсё ў нас будзе нармальна. Усё астатняе — за мной».
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін уручыў кіраўніку дзяржавы копію крыжа Прападобнай Ефрасінні Полацкай. Копія крыжа выканана мінскім рамеснікам Генадзем Якутчыкам. Крыж узноўлены ў арыгінальным памеры, як мастацкая копія знакамітага крыжа ⅩΙΙ стагоддзя.
«Летась было 900-годдзе Полацкага манастыра, — нагадаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. — Няхай гэта адноўленая старажытная святыня будзе вам добрым напамінам аб тым, як клапацілася Прападобная Ефрасіння аб прыгажосці нашага народа».
Падчас наведвання храма Прэзідэнт падзяліўся з прыхаджанамі, што рады цяперашняму снежнаму надвор’ю.
«Малайцы, справіліся людзі (з наступствамі надвор’я. — „Зв“.), — адзначыў ён. — Асабліва Гомельская вобласць, бліжэй да Расіі (да наведвання царквы Аляксандр Лукашэнка заслухаў падрабязны даклад старшыні Гомельскага аблвыканкама. — „Зв“.). Там наогул снег вышэй за калена. Ну, мы ж так хацелі, і я ў тым ліку Госпада прасіў, каб быў марозік і снег выпаў. Слухайце, ну так і атрымалася. Нават з запасам. Таму я рады, што ў нас снежная нарэшце зіма. Вядома, не тая зіма, што ў нашым дзяцінстве (нас не відаць было з-за гурбы, асабліва ў вёсцы), але, тым не менш, сапраўдная зіма. Няхай і жыццё ў вас будзе сапраўдным».
Даслоўна
«Каб быў мір на нашай зямлі»
Як расказаў у размове з журналістамі настаяцель храма іконы Божай Маці «Млекакарміцельніца» айцец Андрэй, царква задумвалася як сямейны храм. «Яго пачала будаваць шматдзетная сям’я, да якой падключылася іншая сям’я, — распавёў ён. — У 2013 годзе яны звярнуліся да Мітрапаліта Філарэта, які блаславіў гэту ідэю».
Задума сямейнага храма адлюстравана ў яго архітэктуры. Царква падзелена на два храмы, што сімвалізуюць мужа і жонку, якія ідуць за Хрыстом. «Гэта пераклікаецца з іконай Божай Маці «Млекакарміцельніца», якая была тут яўлена, — удакладніў настаяцель храма. — Гэта сямейная ікона, яна з’явілася менавіта ў гэтым месцы ў канцы ⅩVI стагоддзя. Невыпадкова назвалі храм у гонар іконы Божай Маці «Млекакарміцельніца».
Будаўніцтва храма вялося на працягу шасці гадоў. Летась Мітрапаліт Веніямін асвяціў царкву.
Незвычайны знешні выгляд храма — гэта арыентацыя на старажытны рускі стыль. «Царква ў дадзенай мясцовасці дагэтуль знаходзілася ў будынку цяперашняга музея і функцыянавала да 1933 года, — адзначыў айцец Андрэй. — Настаяцель храма быў арыштаваны, пасля расстраляны, у выніку праслаўлены як Дзімітрый Паўскі».
Прыхаджанка храма Інеса адчувае радасць ад таго, што людзі маюць магчымасць убачыць прыгажосць гэтага храма. Сваю царкву мясцовыя жыхары вельмі чакалі, а таму ўсім, чым маглі, дапамагалі ў будаўніцтве храма. Па яе словах, найбольшы ўнёсак у гэту важную справу зрабіў бацюшка, айцец Андрэй. Цяпер храм, яго прыход сталі часткай жыцця большасці мясцовых жыхароў.
«Усім жадаю радасці, шчасця, любові, міру, добрага настрою, — сказала яна. — Заўсёды хочацца, каб краіна, у якой ты нарадзілася, дзе жывеш, квітнела, каб у нас быў мір, каб усе былі здаровымі і шчаслівымі. Кожная сям’я шчаслівая па-свойму, а разам мы — адно цэлае».
Па словах прыхаджанкі Ганны, узвядзенне царквы ў Аколіцы стала падзеяй для жыхароў населенага пункта і не толькі. Як адзначыла верніца, нават архітэктура храма, якая ўвасабляе мужа і жонку, што ідуць за Богам, сведчыць аб умацаванні традыцыйных каштоўнасцяў. «Сваім дзецям я заўсёды гавару, што неабходна быць з чыстым сэрцам і душой, — падзялілася Ганна. — У гэты светлы дзень жадаю любові кожнаму чалавеку, бо толькі з любоўю ў сэрцы можна захоўваць традыцыі і нашу мірную Беларусь».
Прыхаджанін Аляксей прыйшоў у гэты светлы дзень у царкву з сям’ёй — жонкай і маленькімі дзецьмі. Для іх наведванне храма — сямейная традыцыя. «Мы часова знаходзімся на гэтай зямлі, а душа бессмяротная, вечная, і пра яе трэба клапаціцца ўжо цяпер, — лічыць малады чалавек. — Толькі ўласным прыкладам можна прывесці дзяцей у храм, пазнаць Бога».
Прыхаджанін пажадаў кожнаму жыхару краіны радасці, здароўя. «Беларусі — росквіту, каб быў мір на нашай зямлі», — сказаў ён.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Мінскі раён