Top.Mail.Ru

У Палацы Незалежнасці адбылося пасяджэнне Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу

Як звярнуў увагу Старшыня Усебеларускага народнага сходу, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, пасяджэнне праходзіць у перыяд актыўнай падрыхтоўкі да УНС. Да гэтага найважнейшага мерапрыемства застаецца менш за месяц: згодна з распараджэннем Старшыні Усебеларускага народнага сходу, правядзенне другога пасяджэння сёмага УНС прызначана на 18 — 19 снежня 2025 года.



«Праграма накіравана на павышэнне дабрабыту і якасці жыцця людзей»  

На парадку дня Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу — прыняцце рашэнняў, якія будуць вынесены на разгляд дэлегатаў УНС, абмеркаванне шэрагу арганізацыйных пытанняў. «Задача нашага Прэзідыума — падрыхтаваць змястоўную частку маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Перш за ўсё неабходна сфарміраваць парадак дня яго пасяджэння і вызначыцца з дакладчыкамі». 

Падчас другога пасяджэння сёмага Усебеларускага народнага сходу, па-першае, плануецца зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента. Як нагадаў кіраўнік дзяржавы, у адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, штогадова гэтыя пасланні будуць заслухоўвацца толькі на пляцоўцы УНС. Па-другое, на сходзе будзе зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. Ключавыя палажэнні праграмы абмяркоўваліся на нядаўняй нарадзе з урадам і рабочай групай, у склад якой увайшлі профільныя спецыялісты.  

«Дыскусія, якая адбылася, дала магчымасць выслухаць альтэрнатыўныя пункты гледжання, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Разумныя прапановы ўлічаны. Вы, я ўпэўнены, ужо неаднойчы не толькі прачыталі, але і вывучылі гэту праграму. Гэта абавязкова, для членаў Прэзідыума перш за ўсё». 

Па словах Прэзідэнта, як і ставілася задача, праграма накіравана на павышэнне дабрабыту і якасці жыцця людзей. Яна дапрацавана, раздадзена дэлегатам. У гэтай сувязі беларускі лідар папрасіў членаў Прэзідыума падумаць, як Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку будзе абмяркоўвацца. Да абмеркавання даручана актыўна падключаць дэлегатаў УНС.  


Яшчэ адна задача Усебеларускага народнага сходу — неабходна вырашыць кадравыя пытанні, якія вырашаць можа толькі УНС. «Нам трэба выбраць новага члена Прэзідыума УНС замест таго, хто выбыў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У нас кампактны Прэзідыум, непажадана, каб былі вакансіі».  

Акрамя таго, паступілі кадравыя прапановы ад вышэйшых судоў: і Канстытуцыйнага, і Вярхоўнага. Яны ўжо разгледжаны Старшынёй УНС і вынесены на разгляд Прэзідыума. У выпадку іх узгаднення, па словах кіраўніка дзяржавы, дэлегатам Усебеларускага народнага сходу трэба будзе прыняць адпаведныя рашэнні: або адхіліць, або падтрымаць тую ці іншую кандыдатуру. 
«У цэлым па выніках мы сёння павінны дакладна разумець, якія пытанні падрыхтоўкі да пасяджэння УНС ужо вырашаны, а што патрабуе дадатковай увагі з боку Прэзідэнта», — абазначыў акцэнты нарады Аляксандр Лукашэнка.  

«Трэба зрабіць так, каб кожны займаўся сваёй справай» 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Усебеларускі народны сход працуе ўжо не першы год. «Але трэба разумець, што такая пільная да яго ўвага (і па сутнасці ў тым ліку, не толькі па форме) упершыню, — падкрэсліў Старшыня УНС. — Таму трэба выпрацаваць (гэта не робіцца днямі, тыднямі — можа, спатрэбяцца і цэлыя гады) сам стыль работы і нашага Прэзідыума, і Усебеларускага народнага сходу. Назаўсёды».  

Як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, самае небяспечнае для Прэзідыума УНС (і гэта прыкмецілі людзі, спецыялісты), калі Усебеларускі народны сход у далейшым пачне канфліктаваць. «Гэта бяда, — удакладніў беларускі лідар. — Ніякага канфлікту быць не павінна. Таму, выбудоўваючы па сутнасці работу УНС і яго Прэзідыума, трэба зрабіць так, каб кожны займаўся сваёй справай. Прэзідэнт ёсць Прэзідэнт. Гэта кіраўнік дзяржавы, яго паўнамоцтвы дзесяцігоддзямі ўжо, кажучы па-народнаму, «устаканіліся», і не трэба гэта разбураць. Гэта дае пэўны эфект». 

Ні ў якім разе, акцэнтаваў увагу беларускі лідар, дэлегаты УНС не павінны прыпадабняцца пэўным органам, якія «бегаюць» па краіне і кантралююць пэўныя працэсы. Па яго словах, дэлегаты павінны гэтыя працэсы заўважаць і акуратна ўказваць на іх мясцовым органам улады. Пастаўлена задача не дапусціць і залішняга кантролю да выбудоўвання работы УНС, яго дэлегатаў. У той жа час павінна быць сувязь Прэзідыума УНС з дэлегатамі, якія праінфармуюць аб тых ці іншых пытаннях, якія ўзнікаюць у грамадстве. 
«Гэтага дапусціць нельга, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У кожнага свае абавязкі і паўнамоцтвы. Калі мы будзем парушаць вызначаны парадак, мы прыйдзем да сумных наступстваў». 


«УНС — гэта орган, які будзе займацца перспектыўнымі, грунтоўнымі пытаннямі» 

Усебеларускі народны сход, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, павінен займацца буйнымі пытаннямі. «Ужо дамовіліся (гэта жалезнабетонна!), што ён вызначае кірункі работы дзяржавы на перспектыву, якая праглядаецца, стратэгічныя задачы, — канкрэтызаваў Старшыня УНС. — Гэта не значыць, што ў яго кампетэнцыю не будуць уваходзіць пэўныя тактычныя пытанні».
Прывёўшы ў прыклад Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026 — 2030 гады, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што, вызначыўшы яе, усе дэлегаты і члены Прэзідыума павінны бачыць, як у краіне выконваецца праграма, як рэалізуюцца яе асноўныя палажэнні. У якасці прыкладу вырашэння дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт прывёў і прынятыя на першым пасяджэнні сёмага УНС Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь.  

«УНС — гэта орган, які будзе займацца перспектыўнымі, грунтоўнымі пытаннямі, — акцэнтаваў увагу Старшыня Усебеларускага народнага сходу. — Пытаннямі, якія, акрамя УНС, ніхто не можа вырашаць. Гэта паўнамоцтвы УНС. Таму для нас вельмі важна вызначыць сваё месца: і Прэзідыума, і Усебеларускага народнага сходу. Не толькі ў сістэме дзяржаўнай улады ў краіне, але і ў грамадстве ў цэлым».  

Закраналася падчас пасяджэння Прэзідыума УНС і пытанне колькаснага складу апарата Усебеларускага народнага сходу, які схільны як да павелічэння, так і да змяншэння. «Лішніх людзей тут быць не павінна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.  

Рэзюмуючы, Прэзідэнт указаў на сімвалічнасць гэтага пасяджэння. Па яго словах, пытанні, якія выносяцца на разгляд дэлегатаў УНС, людзі ведаюць і разумеюць. «Сімвалічнасць у тым, што гэта сігнал нашаму грамадству: наперадзе нас чакае вельмі буйное мерапрыемства, ад якога залежыць жыццё нашых людзей, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — І выконваць тое, што будзе прынята на Усебеларускім народным сходзе, — гэта задача ўсіх. Гэта датычыцца ўсяго грамадства і найперш органаў улады».  

«Гэта застанецца ў гісторыі краіны, кожнага чалавека» 

У сваім дакладзе намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец адзначыў, што ключавое месца ў праекце парадку дня другога пасяджэння сёмага УНС па-ранейшаму займае Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, якое прапануецца заслухаць у першы дзень работы УНС. Другі дзень работы сходу прапануецца пачаць з пытання аб зацвярджэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026—2030 гады. 

«Праграма была падрыхтавана ўрадам, дапрацоўвалася спецыяльна створанай Прэзідэнтам рабочай групай, у склад якой увайшлі дэлегаты УНС, — канкрэтызаваў ён. — На працягу гэтага тыдня праграма будзе разгледжана ўсімі дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Прапановы па яе дапрацоўцы будуць улічаны да 5 снежня 2025 года. 8 снежня 2025 года яна будзе прадстаўлена Прэзідэнту Беларусі».  

Намеснік Старшыні УНС прапанаваў пры разглядзе пытання аб праграме сацэканамразвіцця краіны на будучую пяцігодку заслухаць на сходзе пасля выступлення Прэм’ер-міністра ўсіх дэлегатаў, якія прадставяць інфармацыю аб ключавых прыярытэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця на чарговую пяцігодку. З улікам дапаўнення праекта парадку дня пасяджэння УНС пытаннем аб зацвярджэнні праграмы, па яго словах, мэтазгодна выключыць справаздачу Прэм’ер-міністра аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулую пяцігодку. Як патлумачыў Аляксандр Косінец, адпаведныя вынікі будуць падведзены кіраўніком урада падчас дакладу аб праграме на 2026—2030 гады. 

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, ці будзе праграма маючага адбыцца пасяджэння УНС дапаўняцца або мяняцца. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем вучоных на гэты конт. Акрамя таго, ён спытаў, як вучоныя бачаць працэс абмеркавання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026—2030 гады.

Як адзначыў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік, праграма насычаная, а таму дапаўненні не патрабуюцца. «Абмеркаванне адбудзецца да пасяджэння, і Прэзідыум будзе акумуляваць тыя пытанні альбо прапановы, якія ўзніклі ў дэлегатаў, — удакладніў ён. — І найбольш актуальныя пытанні альбо тыя прапановы, якія больш за ўсё хвалююць не толькі дэлегатаў, але і нашых грамадзян, можна будзе вынесці ў якасці дэбатаў пасля даклада. Для таго, каб дэлегаты маглі альбо падтрымаць нейкія змены, альбо, наадварот, пераканацца ў тым, што праграма (а я ў гэтым упэўнены) максімальна папрацавана і можа быць прынятая з мінімальнымі зменамі». 

«Трэба разумець, што гэта велізарная колькасць людзей, гэта з’езд», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што УНС не павінен ператварыцца ў пэўнае «кіно» і «кашу», што калісьці пры Гарбачове прывяло да развалу велізарнай краіны. «Я не гавару, што трэба ўсё заарганізоўваць, але як нам забяспечыць дэбаты і выступленні дэлегатаў у гэтай сітуацыі?» — пацікавіўся беларускі лідар.  

«Фактычна члены Прэзідыума — прадстаўнікі ад кожнага рэгіёна і ад кожнай з галін улады, — адзначыў Уладзімір Каранік. — Прадстаўлены ўсе рэгіёны і ўсе галіны ўлады. Калі пэўных заўваг або прапаноў ад рэгіёнаў не будзе, то не абавязкова выстаўляць у дэбаты, каб сказаць, што пярэчанняў няма. Калі будуць пэўныя заўвагі альбо прапановы, якія варта разгледзець, тады гэты чалавек будзе ўключаны ў склад дэбатаў».  

Аляксандр Косінец праінфармаваў, што абмеркаванне праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады пачалося 24 лістапада. «Кожны дэлегат, маючы праект праграмы, мае права выступіць, унесці заўвагі і прапановы, — канкрэтызаваў намеснік Старшыні УНС. — Затым гэтыя ўсе заўвагі і прапановы будуць накіраваны ў сакратарыят Усебеларускага народнага сходу, сумесна з урадам дапрацаваны. У сувязі з гэтым усе дэлегаты Усебеларускага народнага сходу — 1159 чалавек — будуць цалкам уцягнутыя ў абмеркаванне праекта праграмы».  

«Давайце дамовімся, што сапраўды ўсе дэлегаты павінны быць уцягнуты (у абмеркаванне праграмы сацэканамразвіцця. — „Зв“.), якую б пасаду яны ні займалі: або яны вялікія вучоныя, або рабочыя і сяляне — яны павінны ў меру сваіх магчымасцяў, адукаванасці і гэтак далей разумець, пра што ідзе размова, — запатрабаваў Прэзідэнт. — І калі яны гатовы выступіць, мы нікому не павінны забараняць выступаць. Але мы павінны дакладна вызначыцца (абмеркаванне ўжо ідзе), як мы будзем абмяркоўваць гэту праграму».  
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што склад УНС фарміруецца і ад суб’ектаў грамадзянскай супольнасці — прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый. Таму, па словах беларускага лідара, было б нядрэнна, калі б падчас пасяджэння УНС выступалі людзі менавіта ад гэтых арганізацый. «Не толькі Брэсцкая, Магілёўская, як звычайна, вобласці прыйшлі і выступілі — рэгіянальны прынцып. Але мы ж УНС не па рэгіянальным прынцыпе фарміравалі. Таму трэба падумаць аб гэтым, каб людзі былі гатовы выступіць і сказаць, бо ад рэгіёнаў губернатар гаворыць, мы заўсёды абмяркоўваем гэтыя праблемы. А вось новы погляд з пункту гледжання цэнтраў фарміравання УНС — гэта было б цікава. Гэта ж сур’ёзны форум. Гэта застанецца ў гісторыі я ўжо не гавару краіны, але кожнага чалавека», — падагульніў беларускі лідар. 

Даслоўна

«Лічбы дзеля лічбаў нікому не патрэбныя — мы вырашаем канкрэтныя праблемы людзей»

Падрыхтоўка да другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу ідзе ў планавым парадку. Пра гэта па выніках пасяджэння ў Прэзідэнта ў размове з журналістамі заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Па словах кіраўніка ўрада, ужо адбыўся шэраг пасяджэнняў аргкамітэта, які займаецца непасрэднай падрыхтоўкай да УНС. «Сёння я далажыў Прэзідэнту аб ходзе гэтых работ. Дзесьці мы зверылі гадзіннікі, атрымалі пэўныя даручэнні ад кіраўніка дзяржавы. Таму літаральна на гэтым тыдні ў нас адбудзецца чарговае пасяджэнне, дзе мы ўжо фактычна фіналізуем сваю работу па падрыхтоўцы да гэтага найважнейшага мерапрыемства», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.  


Прэм’ер-міністр праанансаваў адкрыццё выстаўкі «Мая Беларусь» у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO. «Вельмі шчыльна займаемся яе падрыхтоўкай, — сказаў Аляксандр Турчын. — І ўрад, і ўсе датычныя зацікаўлены паказаць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу дасягненні суверэннай Беларусі. Мне здаецца, гэта таксама будзе такая знакавая падзея — паказаць, чым могуць ганарыцца беларусы і паказаць на самай справе, што мы ўмеем і якая выдатная ў нас краіна». Па словах кіраўніка ўрада, плануецца, што выстаўка «Мая Беларусь» будзе функцыянаваць два месяцы для таго, каб у канікулярны час дзеці разам з бацькамі змаглі наведаць яе, паглядзець на дасягненні нашай краіны.
Адным з ключавых пытанняў парадку дня пасяджэння УНС стане зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку. Зараз гэты дакумент актыўна абмяркоўваецца ў тым ліку з дэлегатамі УНС. Прэм’ер-міністр мяркуе, што фундаментальных змяненняў у выніку дыскусій не будзе, бо дакумент старанна рыхтаваўся, у тым ліку з улікам маштабных даследаванняў, якія праводзіў БІСД. «Мы бачым тыя пытанні, якія хвалююць нашых людзей», — запэўніў кіраўнік урада.  

У сувязі з гэтым ён прыгадаў свой вопыт работы на пасадзе старшыні Мінскага аблвыканкама. «Калі ты ажыццяўляеш прыёмы грамадзян, адказваеш на звароты грамадзян, ты выразна разумееш, якія тэмы, якія праблемы ў прыярытэце ў нашых людзей. Таму мне здаецца, самае галоўнае — каб усе нашы мэты і задачы былі рэалістычныя. Прэм’ер-міністр кожны год дакладвае аб ходзе выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. І, вядома, хацелася б, каб усё ж такі большасць нашых паказчыкаў, большасць нашых параметраў выконваліся. Бо гэта не проста лічбы. Лічбы дзеля лічбаў нікому не патрэбныя — мы вырашаем канкрэтныя праблемы людзей. І хацелася б, каб за наступную пяцігодку многія пытанні, якія назапасіліся і хвалююць нашых грамадзян, мы маглі калі не на 100 %, то ў значнай долі вырашыць», — падагульніў Аляксандр Турчын. 


«Мы закладваем падмурак не на пяцігодку, а як мінімум на два пакаленні» 

Намеснік Cтаршыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец у размове з журналістамі адзначыў, што падрыхтоўка да УНС ідзе дастаткова эфектыўна. «Адпрацаваны ўсе арганізацыйна-кіраўнічыя рашэнні, — канкрэтызаваў ён. — У першы дзень будзе заслухана Пасланне кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. У другі дзень трэба будзе прыняць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026—2030 гады». 

Аляксандр Косінец нагадаў, што раней такія дакументы прымалі ўжо падчас той ці іншай пяцігодкі. У гэты ж раз праграму трэба будзе зацвердзіць напярэдадні. Намеснік старшыні УНС падкрэсліў, што дэлегаты разгледзяць праект праграмы, змогуць унесці заўвагі і прапановы. Аляксандр Косінец акцэнтаваў увагу на тым, што пачуюць кожнага: «Гэта неабходна. Кожны дэлегат мае голас», — адзначыў ён. 

Гаворачы аб значнасці праграмы, Аляксандр Косінец дадаў, што гэта ўпершыню не проста Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Гэта магутны палітычны дакумент. Гэта палітыка, ідэалогія... Гэта пытанні, якія звязаны з работай Усебеларускага народнага сходу, з яго асноўнымі палажэннямі — забеспячэннем стратэгічнага развіцця, устойлівасці канстытуцыйнага ладу, пераемнасці пакаленняў, грамадзянскай згоды. Па сутнасці справы, мы закладваем падмурак не на пяцігодку, а як мінімум на два пакаленні», — рэзюмаваў намеснік Старшыні УНС.

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ. 

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю