Top.Mail.Ru

Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі прывядзення да ваеннай прысягі ў Барысаўскім раёне

«Сапраўдны мужык павінен паспрабаваць салдацкага хлеба»


У суботу Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі прывядзення да ваеннай прысягі асабовага складу 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра (АНЦ) падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Ваенную прысягу на плацы 72-га АУЦ ва ўрачыстай абстаноўцы прынеслі каля 2,5 тысячы ваеннаслужачых новага папаўнення і каля 160 рэзервістаў. Як паведамлялася раней, на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў гэтай вясной планавалася накіраваць каля 10 тысяч чалавек.


«Званне ваеннаслужачага абавязвае быць устойлівым, адважным, верным абавязку і сваёй краіне»

Звяртаючыся да ваеннаслужачых і іх бацькоў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь асаблівы дзень. «Тысячы маладых хлопцаў, учорашніх школьнікаў, прымаюць на сябе высокую адказнасць — аберагаць сучаснасць і будучыню нашай краіны», — заўважыў беларускі лідар. 

Па словах Галоўнакамандуючага, ваенная прысяга — гэта не проста высокія словы, рытуал або даніна традыцыі, а па-сапраўднаму дарослы і адказны крок не толькі ў жыцці навабранцаў. «Важна разумець, што, даючы святую клятву краіне і народу, вы даяце яе свайму дому, сваёй сям’і. Вы клянёцеся беспярэчна выконваць загады камандзіраў, строга выконваць воінскія статуты, берагчы незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — З гэтай хвіліны ваша сумленне і закон прад’яўляюць да вас высокія патрабаванні. Званне ваеннаслужачага абавязвае быць стойкім, адважным, верным абавязку і сваёй краіне. Сучасная зброя і тэхніка — бясспрэчныя перавагі любой арміі. Але яе моц і сілу вызначаюць людзі. Адданыя роднай краіне ваеннаслужачыя, якія ў адзіным страі стаяць на варце міру і бяспекі нашай Айчыны».

Салдацкая праца — цяжкая і пад сілу толькі сапраўдным мужчынам — моцным целам і духам, дадаў Прэзідэнт: «Вам будзе няпроста. Але я перакананы — плячом да пляча са сваімі баявымі таварышамі, пад кіраўніцтвам вопытных камандзіраў кожны з вас годна пераадолее гэты шлях». 

«Захаваць мір, які дастаўся нам страшнай цаной, — значыць быць годнымі спадкаемцамі пераможцаў»

Гісторыя роднай Беларусі ведае тысячы прыкладаў, калі звычайныя хлопцы, учарашнія школьнікі і студэнты, здзяйснялі подзвігі. «Іх імёны ўпісаны ў летапіс вайсковай славы, у гісторыю нашай краіны. І менавіта дзякуючы падобным людзям, адважным героям сёння над Беларуссю чыстае і мірнае неба. Вось ужо 80 гадоў. А зусім хутка, 22 чэрвеня, споўніцца 85 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — акцэнтаваў беларускі лідар. — Вынесеныя намі ўрокі, памяць аб ахвярах той вайны і подзвігу савецкага народа — гэта наш шчыт, які мы павінны берагчы. Захаваць мір, які дастаўся нам страшнай цаной, — значыць быць годнымі спадчыннікамі пераможцаў».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што якой бы ні была складанай, нават небяспечнай абстаноўка каля нашых граніц, задача наша адна — захаваць мірнае неба над краінай. «Гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць: мір і жыццё людзей, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У цяперашніх няпростых умовах ваша гатоўнасць асвоіць навуку перамагаць, авалодаць самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраенняў, стаць у выпадку неабходнасці на абарону Радзімы — і ёсць уклад у забеспячэнне суверэнітэту і незалежнасці краіны».


«Наша задача адна — мы павінны зберагчы ўсіх тых, хто стаіць сёння перад намі»

Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі адрасаваў свой асаблівы зварот да бацькоў, родных і блізкіх навабранцаў: «Я хачу перш за ўсё бацькам выказаць найглыбейшую ўдзячнасць. Я перакананы — вы выхавалі сапраўдных патрыётаў, якія сёння ўвойдуць у шэрагі доблесных абаронцаў Радзімы. Гады каласальнай бацькоўскай працы таго каштавалі — ганарыцеся сваімі сынамі, якія стаяць у гэтым страі».

Звяртаючыся да ваеннаначальнікаў, Прэзідэнт Беларусі заўважыў: «Наша задача адна — мы павінны зберагчы ўсіх тых, хто стаіць сёння перад намі. На іх сёння з гонарам глядзіць Радзіма. Глыбока перакананы, што гэты высокі давер беларускага народа нашы хлопцы з гонарам апраўдаюць. Здароўя, поспехаў нашым ваеннаслужачым у свяшчэннай справе служэння нашай Айчыне. А вам, паважаныя бацькі, цярпення і абавязкова радасці за новыя дасягненні сваіх узмацнеўшых сыноў». 



«І цяпер я ганаруся тым, што быў воінам і абаронцам нашай Айчыны»

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ваеннаслужачых новага папаўнення, заявіў: «Сёння вы станеце паўнавартаснымі воінамі нашай краіны. Ганарыцеся гэтым! Гавару вам як чалавек, які пайшоў служыць Радзіме і потым гады, гады да свайго Прэзідэнтсва, і цяпер я ганаруся тым, што быў воінам і абаронцам нашай Айчыны. Сапраўдны мужык павінен паспрабаваць салдацкага хлеба, — выказаў упэўненасць беларускі лідар. — Таму тое, што вы сёння робіце, — не кожнаму дадзена. І не кожны з задавальненнем, будзем адкрытыя, імкнецца да гэтага. Але вы зрабілі свой крок». 


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ваеннаслужачых на тое, што будзе няпроста. «Ведаю, што будзе няпроста. І не таму, што гэта фізічна цяжкая праца. Будзе няпроста перш за ўсё прывыкнуць да новага ладу жыцця псіхалагічна. І мы будзем рабіць усё для таго, каб вам у гэтым плане было лягчэй, — паабяцаў Прэзідэнт. — Міністр абароны, Генеральны штаб краіны — усе генералы атрымалі задачу сысці ад залішняй муштры ў арміі. Мы ў арміі павінны рыхтаваць спецыялістаў, якія ўмеюць кіраваць гэтай тэхнікай, якая ззаду вас, і яшчэ больш складанай, якія ўмеюць валодаць сваёй зброяй і якія будуць і духам, і целам моцныя, фізічна падрыхтаваныя. Я вельмі хачу, каб пасля службы, гэтага кароткага прамежку часу ў вашым жыцці, вы былі сапраўднымі мужыкамі, і каб за кожнага з вас потым змагаліся вашы любімыя дзяўчыны. Шчасця і поспехаў вам».

Пасля свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка папрасіў камандзіраў падраздзяленняў прывесці асабісты склад да ваеннай прысягі. 


«Мы нікога не павінны баяцца, хай баяцца нас»

Звяртаючыся да ваеннаслужачых пасля цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі, Галоўнакамандуючы адзначыў, што армія — гэта не жарт, не санаторый і не адпачынак. «Тэхніка заўсёды патрабуе асцярожнасці і ўважлівасці. Гэта не значыць, што дзесьці на вучэннях, на полі боля мы кагосьці будзем баяцца. Наадварот. Мы нікога не павінны баяцца, хай баяцца нас. Але мы будзем заўсёды жывыя, здаровыя і без траўмаў, калі будзем акуратныя, уважлівыя і асцярожныя. Памятаеце, што вас чакаюць вашы бацькі. І ўпэўнены, усіх вас — вашы каханыя. Я жадаю, каб вы вярнуліся годнымі і смелымі».

А ваеначальнікам і ўсім афіцэрам Аляксандр Лукашэнка паставіў канкрэтную задачу: «У арміі не павінна быць ніякай муштры. Мы павінны падрыхтаваць хлопцаў фізічна моцнымі, каб яны прыйшлі сапраўднымі мужыкамі на „грамадзянку“, і каб яны асвоілі гэтую складаную зброю, якая ёсць у нашай арміі». 


Прэзідэнт параіў сваякам навабранцаў не турбавацца, не перажываць. «Бацькам — дзякуй, не хвалюйцеся, будзем рабіць усё, каб яны былі мужыкамі ўдвая, як вы іх сёння бачыце. А вам жадаю смеласці, бадзёрасці і каб вы сталі ў канцы службы мудрымі мужыкамі. Шчасця і поспехаў вам», — звярнуўся да прысутных Прэзідэнт.

Акрамя таго, Прэзідэнт пагутарыў са сваякамі ваенеаслужачых новага папаўнення і падзяліўся ўспамінамі аб сваёй службе ў пагранвойсках. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у тыя гады страявой падрыхтоўцы надавалася празмерная ўвага. «Што для мяне самае складанае было, дык гэта лішняя муштра. Плац, плац... Страявая падрыхтоўка — на першым месцы», — падзяліўся беларускі лідар. 

Аднак канфлікт ва Украіне паказаў, што першараднае значэнне маюць фізічная падрыхтоўка і ўменне абыходзіцца са зброяй, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Як я кажу, ён (салдат. — „Зв.“) павінен умець уцячы своечасова ад кулі. Вось гэта галоўнае для салдата. Таму фізічна мы іх трошкі падгрузім», — дадаў Галоўнакамандуючы.


«Гэта не значыць, што дзесьці на вучэннях, на полі бою мы кагосьці будзем баяцца. Наадварот. Мы нікога не павінны баяцца, хай баяцца нас. Але мы будзем заўсёды жывыя, здаровыя і без траўмы, калі мы акуратныя, уважлівыя і асцярожныя, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы павінны абараніць сваю сям’ю, сваіх бацькоў. Ніхто з іх не павінен здзекавацца, як гэта было ў мінулай вайне. Дзякуй Богу, мы гэтага не бачылі, але мы гэта ведаем».

Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады аб правядзенні прызыву ва Узброеных Сілах вясной 2026 года, а таксама аб падрыхтоўцы спецыялістаў у 72-м АНЦ

Яшчэ да пачатку ўрачыстай часткі цырымоніі Прэзідэнт азнаёміўся са структурай навучальнага цэнтра і яго функцыянаваннем. Беларускі лідар падрабязна цікавіўся арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы спецыялістаў для Узброеных Сіл.

Галоўнакамандуючаму было даложана, што гэта адзіны ў Беларусі такога роду навучальны цэнтр і яго магчымасцяў дастаткова для забеспячэння адпаведных патрэбаў краіны. У СССР гэты цэнтр быў адным з найбуйнейшых, з колькасцю каля 15 тысяч ваеннаслужачых. Зараз падрыхтоўку тут праходзяць каля 5,5 тысячы чалавек. Тут ёсць і неабходнае ўзбраенне, тэхніка, боепрыпасы. 


Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як забяспечваецца іх захоўванне. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ў навучальным цэнтры яно арганізавана практычна на ўзорным узроўні, і гэта пацвярджаецца вынікамі праверак. Акрамя таго, размова ішла аб інфраструктуры цэнтра, прывядзенні ў парадак усіх аб’ектаў, у тым ліку казармаў, дзе створаны камфортныя ўмовы, але без празмернасцяў, як таго і патрабуе Прэзідэнт.

У ходзе дакладу аб правядзенні прызыву ва Узброеныя Сілы вясной 2026 года Галоўнакамандуючаму было даложана, што адпраўка грамадзян для праходжання службы прайшла арганізавана. Усяго ў войскі было адпраўлена 11 360 чалавек. Меры, якія прымаюцца з боку дзяржавы, дазваляюць ваеннаму ведамству адчуваць сябе спакойна ў рамках прызыўнога рэсурсу. 


Перагляд падыходаў пры правядзенні медыцынскіх аглядаў таксама даў станоўчы вынік. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым падкрэсліў: «Трэба выразна вызначацца, каб урачы там па дамоўленасці з бацькамі не мудрылі». 

Акрамя таго, былі скарочаныя прызыўныя кампаніі. Паказчык прыдатнасці павысіўся да 68 %. У суботу ва Узброеных Сілах прынялі ваенную прысягу больш за 9,8 тысячы чалавек.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю