Заснаваны ў 1945 годзе Мінскі мотавелазавод за сваю вялікую гісторыю бачыў многае. Прадпрыемства памятае росквіт, нездарма ж брэнды «АИСТ» і «МІНСК» вядомыя ва ўсім свеце яшчэ з савецкіх часоў. У багатай гісторыі ёсць і чорныя палосы, выхад з якіх шукалі не адзін год. Варыянтаў, што рабіць з прадпрыемствам, было шмат. Сярод іх нават была прапанова поўнасцю знесці вытворчыя аб’екты і пабудаваць на гэтай тэрыторыі жылыя дамы. Але Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка катэгарычна гэта забараніў і заявіў, што на гэтым месцы павінна быць толькі вытворчасць. І вытворчасць высокатэхналагічная і чыстая, што надзвычай важна для сталіцы. «Трэба зрабіць узорны тэхнапарк і на яго ўзор развіваць у іншых гарадах і месцах», — такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы ў сакавіку 2021 года.
У той жа год у сталіцы прыступілі да стварэння сучаснага вытворчага комплексу. Мінскаму гарадскому тэхнапарку быў перададзены зямельны ўчастак на Партызанскім праспекце плошчай 27,6 га, на якім размяшчалася 60 асобна стаячых будынкаў і збудаванняў агульнай плошчай 160 тыс. кв. м. З іх выкарыстоўвалася толькі каля 60 %. Зношанасць будынкаў і інжынерных сетак складала ад 40 % да 100 %. У жніўні 2022 года Аляксандр Лукашэнка асабіста праверыў, як ідзе праца над стварэннем тэхнапарка. Тады ён патрабаваў будаваць па-сучаснаму, якасна і хутка.
У 2025 годзе можна сцвярджаць, што задача выканана. На сёння на гэтай пляцоўцы дзейнічаюць 68 арандатараў і 26 рэзідэнтаў тэхнапарка, яны займаюць плошчу ў 79,9 тысячы квадратных метраў. Сёлета прадпрыемствам будзе прадстаўлена для размяшчэння плошча яшчэ ў 126 тысяч квадратных метраў.
Рэканструкцыя ідзе, і фінансаванне не завершана. Поўная акупнасць затрат на рэканструкцыю чакаецца ў 2031 годзе. А пасля поўнага завяршэння работ плануецца размясціць на Партызанскім праспекце 140 прадпрыемстваў, у тым ліку 40 рэзідэнтаў Мінскага гарадскога тэхнапарка з гадавым аб’ёмам вытворчасці каля 300 мільёнаў рублёў. Паколькі гэтае пытанне было на пастаянным кантролі кіраўніка дзяржавы, з дзейнасцю Мінскага гарадскога тэхнапарка Прэзідэнт азнаёміўся асабіста.
Лакалізацыя для нас — найважнейшае пытанне
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў далажыў аб рэканструкцыі пляцоўкі тэхнапарка, аб яго перспектывах. Найперш кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія яшчэ праблемы не вырашаны, што насцярожвае. Але старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў запэўніў, што ўсё ідзе па плане. Хіба што застаюцца пытанні па лакалізацыі. «Лакалізацыя для нас — найважнейшае пытанне. Гэта не проста іміджавы праект. Мы трактары рабілі ў савецкія гады, аўтамабілі (МАЗы), веласіпеды, матацыклы — так, імідж. Але ў чым сутнасць гэтай праблемы? Мы спыніліся на тым, што трэба развіваць свае школы. Тое, што нам дасталася ад тых пакаленняў, трэба не толькі захаваць — трэба развіваць і мадэрнізаваць. „МотаВелаЗавод“ у гэты спіс трапіў. Нам трэба развіваць тое, што мы ўмеем рабіць і што ўжо зроблена», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, у Беларусі «пайшлі ад зямлі» і сталі развіваць тыя школы, якія ў нас былі і прадукцыя якіх сапраўды патрэбна краіне, напрыклад, трактары, веласіпеды, матацыклы і іншае. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: беларусы могуць зрабіць што заўгодна, нават касмічную ракету. Але, па-першае, гэта дорага. А, па-другое, ці сапраўды яны патрэбны краіне?
Увазе кіраўніка дзяржавы прадставілі ўзоры прадукцыі некаторых прадпрыемстваў — рэзідэнтаў тэхнапарка. Яны працуюць у розных кірунках ад медыцыны да праектавання лёгкіх стальных канструкцый. Самае важнае, што гэта імпартазамяшчальная прадукцыя запатрабавана ў Беларусі і мае добры экспартны патэнцыял. «Вось такія вытворчасці трэба ствараць. І я не выключаю, а гэта дакладна будзе з сусветнага вопыту, што мы паступова будзем пашыраць гэтыя вытворчасці», — адзначыў Прэзідэнт.
Асаблівую ўвагу беларускі лідар удзяліў прадукцыі ТАА «МотаВелаЗавод». Дырэктар прадпрыемства Сяргей Манько расказаў, што беларуская мота- і велапрадукцыя карыстаецца вялікім попытам як унутры краіны, так і на замежных рынках. «Ну вось. А гаварылі, нам не трэба ні веласіпеды, ні матацыклы. Аказваецца, нам усё трэба. Веласіпед і матацыкл — гэта будучыня», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён пацікавіўся, як на прадпрыемстве рэалізоўваецца палітыка імпартазамяшчэння. Дырэктар адказаў, што да вытворчасці падключаны і іншыя прадпрыемствы сістэмы Міністэрства прамысловасці, і прыватныя кампаніі. Па асобных мадэлях узровень лакалізацыі дасягае 80 %. «Гэта добра зрабілі, што задзейнічалі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але каб не спыняліся».
«Для нас важна, каб вы развіваліся»
Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з работай некаторых прадпрыемстваў — рэзідэнтаў Мінскага гарадскога тэхнапарка. Па дарозе да іх з чыноўнікамі паспелі пагаварыць пра найважнейшыя пытанні. Напрыклад, пра другую атамную электрастанцыю. Як заўважыў Прэзідэнт, ён усё больш схіляецца да яе будаўніцтва, паколькі запатрабаванасць у электраэнергіі толькі расце. Не пакінулі без увагі і пяцігодку якасці, і Год добраўпарадкавання. Тут задачы нязменныя — навесці парадак там, дзе гэта неабходна.
Першым Аляксандр Лукашэнка наведаў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Глобалхарчсэрвіс», якое з’яўляецца распрацоўшчыкам і вытворцам абсталявання для перапрацоўкі алейных культур. Прадукцыя пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыі і на знешнія рынкі, дзе карыстаецца попытам. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прыватным кампаніям таксама вельмі важна не гнацца за імпартнымі камплектуючымі і дэталямі, а найперш купляць сваё. Гэта задача ў тым ліку і для Мінпрама. «Калі патрэбна будзе дапамога, вы гаварыце. Для нас важна, каб вы развіваліся», — сказаў кіраўнік дзяржавы кіраўніку «Глобалхарчсэрвісу» Сяргею Сільчанку.
Сусед гэтага прадпрыемства (вытворчасці размяшчаюцца ў адным цэху) — «СтратНанаТэкІнвест». Гэтая арганізацыя займаецца распрацоўкай тэхналогій танкаплёначных пакрыццяў і вытворчасцю вакуумнага тэхналагічнага абсталявання для нанясення такіх пакрыццяў. Новы кірунак — апрацоўка дэталяў для машынабудавання. 100 % прадукцыі — інавацыйная. На прадпрыемстве працуе 55 чалавек. Прэзідэнт спытаў у дырэктара Айрата Хісамава, ці плануюць яны пашырацца. Той адказаў, што такія планы ёсць.
Паглядзеў кіраўнік дзяржавы і як працуе прадпрыемства «ЕўраСтройСтандарт». Асноўны кірунак яго дзейнасці — праектаванне лёгкіх стальных танкасценных канструкцый. Тут Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў пільную ўвагу на лакалізацыю. Прадукцыя гэтага прадпрыемства запатрабавана ў будаўніцтве аб’ектаў аховы здароўя, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гандлі і іншых сферах, дзе патрэбны камфортныя, зручныя будынкі.
Аляксандр Лукашэнка завітаў і ў цэхі ўласна Мотавелазавода. Ён прайшоў праз цэхі фарбы, зборкі і рамакамплектаў. Дзякуючы рашэнням Прэзідэнта, вытворчасць на знакамітым прадпрыемстве атрымала другое дыханне. Шмат чаго зроблена для пашырэння асартыменту і лакалізацыі прадукцыі. Кіраўнік дзяржавы актыўна цікавіўся работай вытворчасці. І не толькі дакладамі кіраўніцтва, але і меркаваннямі рабочых, на звычайны ход працоўнага дня якіх візіт Прэзідэнта аніяк не паўплываў. Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, тут працуюць зусім маладыя людзі. Дырэктар Мотавела ўдакладніў, што сярэдні ўзрост работнікаў — 41 год, расказаў пра тое, што ўсім іншагароднім даецца інтэрнат. «Усіх трэба перавесці на арэнднае жыллё», — такую задачу кіраўнік дзяржавы паставіў кіраўніку завода. Аляксандр Лукашэнка зайшоў і ў памяшканне, дзе работнікі могуць адпачыць і падсілкавацца. Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў паведаміў, што ў Мінскім гарадскім тэхнапарку ў хуткім часе з’явіцца сталовая. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вакол тэхнапарка фарміруецца сацыяльная сфера, куды адносяцца інтэрнаты, арэнднае жыллё. Ён зрабіў акцэнт на тым, што цэны на гэта павінны быць даступныя. «Да людзей трэба ставіцца добра», — такое агульнае патрабаванне беларускага лідара.
Фота: БелТА