Top.Mail.Ru

«Я абавязаны арганізаваць вас, каб абараніць сваю краіну»

Многія словы Прэзідэнта, сказаныя ў Віцебскай вобласці, датычацца не толькі гэтага рэгіёна 


У пятніцу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка працаваў у Віцебску. У графіку кіраўніка дзяржавы — нарада аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці. Павестка нарады насычаная, уключала ў сябе мноства пытанняў, якія знаходзяцца на асабістым кантролі Прэзідэнта. Многія з іх актуальныя і для іншых рэгіёнаў, таму і склад удзельнікаў шырокі — каля 300 чалавек, і размова атрымалася прынцыповай, без купюр. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, важна, каб кожны з прысутных гэта пачуў і зразумеў.

«Мая мэта — выратаваць вёску»

Найперш Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на актыўныя абмеркаванні яго частых паездак у сельскую мясцовасць. «Калі хтосьці думае, што гэта звязана з вытворчасцю, аграпрамысловым комплексам, з нашымі калгасамі, саўгасамі, фермерскімі гаспадаркамі, той мае рацыю, але толькі напалову. Мяне вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі не так хвалюе, як гэта было ў сярэдзіне 90-х, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы сёння вырабляем у два разы больш сельскагаспадарчай прадукцыі, чым нам трэба для краіны. Вытворчасць важная. Але самае галоўнае, чаму я „боўтаюся“ пастаянна па палях і фермах, — як і раней, мая мэта (вельмі хацеў бы спадзявацца, што і ваша) — выратаваць вёску, захаваць вёску. Не будзе вёскі — не будзе дзяржавы». 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што розніца паміж сярэдзінай 1990-х і цяперашнім часам — вялікая. «Тады часам мы не ведалі на вёсцы, куды падзець людзей, стваралі дадатковыя вытворчасці, хтосьці шыў, хтосьці будаваў, хтосьці яшчэ чымсьці займаўся. А сёння ў нас не хапае людзей. Асабліва ў сельскай мясцовасці. Але нягледзячы на гэта мы змаглі, сціснуўшы зубы, накарміць людзей і апрануць», — нагадаў ён. 

«Рэгіён няпросты. Але гэта наша зямля»

Прэзідэнт прызнаў, што Віцебская вобласць — няпросты рэгіён. «Але гэта наша зямля. І калі Бог так распарадзіўся, што яна не ў Расіі, не ў Латвіі, не ў Літве, а ў Беларусі, мы за яе адказваем, — акцэнтаваў ён. — Людзі мяне выбралі, разумеючы, што я абавязаны як Прэзідэнт, не хачу сказаць — абараніць (я не герой-адзіночка), а арганізаваць вас, каб абараніць сваю краіну». У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы паўтарыў тое, што і так часта гаворыць: лепш працаваць на трактары, чым ваяваць і чым ездзіць па лініі фронту на танку. Лепш працаваць. «Сумна, але ў Віцебскай вобласці не ўсе мяне пачулі. Палову з тых, хто пачуў, ці то ад страху, ці то паказушнічаюць і пачынаюць сяк-так працаваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Адказваючы на пытанне губернатара аб уражаннях аб сітуацыі на палях, убачанай з борта верталёта, Прэзідэнт адзначыў: 50 на 50. "Там, дзе больш-менш нядрэнна, я, пралятаючы, думаю: нягоднікі, ну ўмеюць жа. Ну ўмеюць жа і ўзараць! Мы гэтаму агратэхнічнаму прыёму часта не ўдзяляем дастатковай увагі, але вопытныя аграрыі мяне зразумеюць — калі дрэнна ўзараў, выдаткі будуць у разы вышэйшыя на вырошчванне сельскагаспадарчых культур», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што асабіста ўбачыў, што ў Віцебскай вобласці ўмеюць гэта рабіць. Тады паўстае пытанне: чаму ўсюды так не робяць? «А таму што Прэзідэнт не праедзе, не праляціць, не паглядзіць і з начальнікаў не запатрабуе». 

MGUK2992-ret-048_1.jpg

Другое пытанне — хто вінаваты? Аказваецца, начальнікі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Там, дзе дрэнна, яны ж могуць арганізаваць і зрабіць добра? Могуць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. З таго, што дрэнна і нават недапушчальна, ён назваў незаараныя палі, а дзесьці пусцілі тэхніку на пераўвільготненыя палі, што дрэнна ўплывае і на тэхніку, і на поле. «Бульдозерам мы палі выраўняем. А што з той дарагой тэхнікай, якую вы кожны год просіце „дай, дай, дай“? — заўважыў на гэта Прэзідэнт. — І як вопытны чалавек, які пражыў нямала, я пралятаю над гэтымі палямі і раблю адпаведныя высновы». 

«Далей мы аналізуем сітуацыю ў Віцебскай вобласці. Яна сумная, яна горшая, чым дзе-небудзь. І нават па тых пытаннях, якія „залімітавыя“ і непрымальныя, як падзеж жывёлы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаўся, што нягледзячы на доўгі прамежак часу работы Прэзідэнтам «не забранзавеў». Таму, па словах кіраўніка дзяржавы, яму не складае цяжкасці даведацца, як жыве народ, чым ён дыхае. Прэзідэнт прызнаўся, што пасля нядаўніх дакладаў Камітэта дзяржкантролю, яму стала дрэнна. «Я ўбачыў жудасную сітуацыю ў Віцебскай вобласці. Жудасную безадказнасць з нізу да верху. А мы ніжні пласт узялі. Чым дыхаюць начальнікі, я ведаю», — расказаў ён. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яму хацелася б працаваць з начальнікамі «па-добраму», але гэта не заўсёды атрымліваецца. Беларускі лідар эмацыянальна выказаўся пра безадказнае стаўленне да цялят, што прыводзіць да падзяжу. «Нельга з жывёламі так абыходзіцца. Яны ж безабаронныя, яны ж не мы. Мы людзі можам абараніцца, уцячы, схавацца. А яны ж гэтага не могуць. Яны спадзяюцца на нас. А мы да іх так ставімся. І калі я прачытаў увесь аналіз па Віцебскай вобласці — гэта жудасна», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што і стаўленне да сітуацыі ў Віцебскай вобласці пасля ўбачанага будзе адпаведным.

«Стагнацыі не будзе. Спакойна глядзець на негатыў я не змагу»

Галоўнае пытанне на парадку дня нарады — развіццё Віцебскай вобласці. «Мы не можам дапусціць стагнацыі рэгіёна і спакойна глядзець на рост нарастаючых негатыўных тэндэнцый», — заявіў беларускі лідар. Прэзідэнт адкрыта папярэдзіў: ён зробіць усё, каб прымусіць працаваць тых, хто не хоча і не можа. Адгаворкі не прымаюцца. «Стагнацыі не будзе. Спакойна глядзець на негатыў я не змагу», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. І папярэдзіў яшчэ асобна: ніякай кругавой парукі тут быць не можа. 

"Па асобных вытворчых кірунках ваша адставанне ад Брэста, Гродна і Мінскай вобласці становіцца крытычным. Але самае небяспечнае — вы проста страчваееце людзей!», — абазначыў яшчэ адну праблему Прэзідэнт. І пацвердзіў свае словы лічбамі: у параўнанні са студзенем — жніўнем мінулага года — мінус 3,5 тысячы занятых у эканоміцы, за 2024 год — мінус 4,2 тысячы, за 2023-і — мінус 8,5 тысячы.

«Я перакананы, што наш паўночны рэгіён мае ўсе ўмовы для паскоранага руху наперад: выгаднае транзітнае становішча, шматгаліновы прамысловы комплекс, развітая адукацыйная база, моцныя традыцыі. Нашы людзі тут зачакаліся калі не прарыву, то хаця б выразнага плана рэальнага адраджэння Віцебшчыны. І мы гэта з вамі забяспечым», — заявіў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за апошнія 15 гадоў былі рэалізаваны шматлікія ініцыятывы. І прывёў прыклады — чыстыя палі і праграма «Вітагра» у бытнасць губернатарам Аляксандра Косінца, аршанскі «афшор» (амаль тры мільярды рублёў затрачана) і інтэграцыйныя аб’яднанні ў аграпрамысловым комплексе, калі вобласцю кіраваў Мікалай Шарснёў. «Цяперашні старшыня аблвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Субоцін на пасадзе ўжо 4 гады — поўны алімпійскі цыкл, кажучы спартыўнай мовай. Тэрмін больш чым дастатковы, каб паказаць свае кіраўніцкія таленты і забяспечыць вынік», — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Ён успомніў, як пры прызначэнні на пасаду Аляксандр Субоцін запэўніў, што на сваёй радзіме зробіць усё, каб людзі тут жылі годна. 

«Прыйшоў час падвесці вынікі развіцця Віцебшчыны, выявіць сістэмныя недахопы і выпрацаваць рашэнні, якія дапамогуць вобласці кардынальна палепшыць сітуацыю ў праблемных галінах», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Станоўчыя аспекты ёсць. Але... 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: ён далёкі ад думкі, што ў рэгіёне дрэнна абсалютна ўсё. Спецыялісты інфармуюць, што ёсць станоўчыя аспекты. Сярод іх — бягучы рост даходаў насельніцтва. «Як эканаміст я магу сказаць, хлопцы, што ж тут добрага. У вас рост даходаў насельніцтва пры жудасна падаючай вытворчасці», — зрабіў заўвагу Прэзідэнт. Наступны аспект, які бачыцца станоўчым, — павелічэнне экспарту асобных тавараў. «Гэта ўжо нядрэнна, але толькі асобных», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што экспарт цяпер сур’ёзная праблема, паколькі праселі знешнія рынкі. І нагадаў пра сваю параду глядзець і на далёкую дугу, не класці яйкі ў адзін кошык. Яшчэ адзін станоўчы аспект — забяспечанасць у рэгіёне жыллём вышэйшая, чым па краіне, больш за 30 кв. м на чалавека. «Якое ж гэта дасягненне, калі вы дрэнна працуеце, а жыллё і зарплата ў вас больш-менш. Нестыкоўка», — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

У цяперашняй пяцігодцы рэалізавана 103 менавіта вытворчыя інвестпраекты коштам 2,3 мільярда рублёў. Актыўна развіваюцца фармацэўтыка, выпуск электраабсталявання і нафтахімія. Разам з тым, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, патэнцыял ляснога комплексу і турызму наўрад ці задзейнічаны нават на 20 працэнтаў. А гэта, заявіў ён, асноўны даход для Віцебскай вобласці. «Свежы прыклад вашай у двукоссях „разваротлівасці“: калі б не цікавасць Амана да будаўніцтва ў Беларусі другога цэлюлознага камбіната і выбар месца размяшчэння на Віцебшчыне, то вы б засталіся наогул адзінай вобласцю краіны без буйных дрэваапрацоўчых вытворчасцяў», — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

MGUK3081-ret-055_1.jpg

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся «сялянскімі назіраннямі»: пакуль у жывёлагадоўчых комплексах у жалезабетоне «губяць» скаціну, прападаюць тысячы кубоў лесу. І ў гэты час «Віцебскдрэў» спынены. Працягваючы думку, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на гэтым прадпрыемстве могуць апрацаваць драўніну для будаўніцтва драўлянага кароўніка — тым больш такі вопыт ужо адпрацоўваецца ў «Агра-Ляскавічах». Ды і наогул тэхналогія даўно знаёмая і добра сябе зарэкамендавала. «У вас лес валяецца ў лепшым выпадку на ўзлеску, а то ў лесе, бураломы і іншае. І спыненыя піларамы. Гэта па-гаспадарску? І гіне скаціна. Што гэта, губернатар ваш не бачыць? Якія праграмы тут трэба? Ды тут нічога не трэба, толькі па-гаспадарску мазгамі раскінуць», — абурыўся Прэзідэнт. 

Працягваючы крытыку дрэваапрацоўкі ў вобласці, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Пастаўскі мэблевы цэнтр таксама не асабліва разгортваецца. «Атрымліваецца, што пры такой лясістасці вобласць страціла ўсе ўласныя кампетэнцыі і стала па сутнасці сыравінным прыдаткам іншых рэгіёнаў. Калі стала», — канстатаваў беларускі лідар.

Устойлівасці ў эканоміцы рэгіёна няма

Аляксандр Лукашэнка зрабіў выснову: гэтыя прыклады кажуць, што ўстойлівасці ў эканоміцы вобласці няма. «Калі людзі з’язджаюць, як я казаў вышэй, значыць, узроўню заробкаў і канкурэнтных працоўных месцаў недастаткова. Вы наогул не разабраліся з рабочай сілай. Не разабраліся», — заявіў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што можа так гаварыць зыходзячы з асабістага вопыту, у тым ліку і работы ў сельскай гаспадарцы і ў той час, калі ў гэтай сферы і наогул не было сучасных умоў і тэхналогій. «Я хацеў працаваць у сельскай гаспадарцы. Я хацеў людзям нешта зрабіць, бяздольныя, бедныя», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што пачаў дзейнасць у сваёй стратнай гаспадарцы з работы з людзьмі. А з тымі, хто не хацеў працаваць, бязлітасна расставаліся, у асобных пытаннях даводзілася нават ваяваць. «Змагаўся, як мог. Праз год гэта гаспадарка стала мільянерам. Я бачыў, я працаваў у такой гаспадарцы, як мне Герасімаў даслаў фатаграфіі. І я ведаю, што там рабіць», — падзяліўся лідар дзяржавы, падкрэсліўшы, што ўсё залежыць ад разваротлівасці кіраўніка. «Жудасны быў час, сем гадоў жудасных. Але я хацеў гэта зрабіць. І я гэта зрабіў. А вы чаму не можаце гэта зрабіць, калі вам дапамагаем кожны год? — адзначыў Прэзідэнт. — Вы не ўмееце? Умееце. Вы не ведаеце тэхналогій утрымання жывёлы? Вы не ведаеце тэхналогіі вырошчвання раслінаводчай прадукцыі? Якія тэхналогіі вы не ведаеце з тых, што я ад вас патрабую? Вы ўсё ведаеце, вы ўсё ўмееце. Вы проста безадказныя людзі. Разумейце мяне, як хочаце». 

У прыклад падобнай безадказнасці беларускі лідар прывёў бязладнае стаўленне да ўзворвання палёў. Уся запытаная тэхніка прадастаўляецца, а выніку няма. «Разабрацца трэба ў кожнай гаспадарцы з людзьмі. Няхай у вас пяць чалавек застанецца. Вы будзеце ведаць, каму вы зарплату плаціце, і будзеце ведаць, што вы гэтым людзям скажаце і яны ўсё зробяць», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на бурную рэакцыю на запрашэнне замежных работнікаў. Аднак ёсць станоўчыя прыклады, калі замежнікі працуюць значна лепш, чым мясцовыя жыхары. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў «Агра-Ляскавічы», дзе працуюць грамадзяне Узбекістана. Людзі прыехалі з сем’ямі, спакойна жывуць і працуюць, і прыкметна змянілі атмасферу гаспадаркі да лепшага, што матывавала і мясцовых працаваць лепш. «Разбярыцеся са сваімі людзьмі. Не трэба казаць, што яны ўсе дрэнныя. Вунь яны як аруць па пралёце Прэзідэнта. Выдатна ўмеюць працаваць, але і з імі трэба па-чалавечы, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. — Іншых людзей у нас, мужыкі, не будзе».

«Прэзідэнт нікому нічога не спіша»

«За апошнія чатыры гады арганізацыі вобласці скарысталіся дзяржпадтрымкай 1285 разоў! Фактычна кожны дзень камусьці выдзяляліся сродкі з бюджэту, вамі не заробленыя. Ну вы ж таксама нешта ў бюджэт плацілі, таму маленькая доля і ваша там ёсць. Таму вы не можаце абвінаваціць, што вас хтосьці не чуў ці не дапамагаў, — заявіў Прэзідэнт. — Каласальная памылка думаць, што да вас прыехаў Прэзідэнт і ў чарговы раз усё „спіша“. Хачу паўтарыць усім, хто сядзіць у зале — ад дырэктара прадпрыемства да дзяржчыноўнікаў: выкіньце такія думкі з галавы. Гэта не мае асабістыя грошы. Гэта грошы ўсяго беларускага народа (і калі мне дадзены такія правы, то я павінен па праўдзе, па справядлівасці гэта ўсё рабіць), якія вам выдзяляліся пад канкрэтныя абавязацельствы і вынік. Доктар з Гомеля або шахцёр з Салігорска аказалі вам падтрымку праз падатковую сістэму размеркавання бюджэтных даходаў. Таму я нічога нікому не спісваю. І вы гэтага не заслугоўваеце на сёння. Мяне народ упаўнаважыў патрабаваць з вас на поўную катушку! Я не перабольшваю, гэта ж у Канстытуцыі запісана». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, трэба разабрацца, чаму гэту падтрымку разбазарылі і зноў прыйшлі з працягнутай рукой. Ён акцэнтаваў, што Віцебшчына проста патанула ў масе пустых абяцанняў, пасля не пацверджаных справай. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў і чырвоных кароў у «Вусці», і вакцыны «БелВітуніфарма», і Аршанскі мясакамбінат, самы сучасны, дзе робяць дзіцячае харчаванне. 

«Прыйшлі да таго, што за 5 гадоў аб’ём прамысловай вытворчасці скараціўся да 98 працэнтаў пры росце па краіне 114 працэнтаў. У вас 98. Праселі ўсе вашы традыцыйныя сферы — нафтаперапрацоўка, лёгкая прамысловасць, энергетыка. Ужо просіце падтрымку нават знакамітаму „Белвесту“ — „эфектыўны інвестар“, як вы казалі, пакінуў 300 мільёнаў рублёў даўгоў і не ведае, што рабіць. А праз дарогу „Марка“. Я пытаюся: а Марка працуе? Працуе». А чаму «Белвест» не працуе? На «Марка» нармальны мужык працуе, нават Прэзідэнту чаравікі шые», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што з трывогай сочыць за Аршанскім ільнокамбінатам, які і сам "боўтаецца" з пераменным поспехам, дык яму яшчэ Баранавіцкае ВБА аддалі ў «холдынг». «У бліжэйшы час абавязкова паглядзім, што там адбываецца. Сёлета па краіне нарыхтавалі на 25 працэнтаў больш ільнотрасты (усяго 183,4 тысячы тон, плюс 40 тысяч тон да ўзроўню 2024 года). Гэты ўраджай загубіць нельга. Гэта сур’ёзны рэзерв эканомікі льнокамбіната, магчымасць атрымаць дадатковую валюту і чысты прыбытак», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што прадпрыемства з вялікай цяжкасцю мадэрнізавалі, знаходзілі абсталяванне. Прэзідэнт асабіста кантраляваў работу камбіната. Але ўсё роўна шмат праблем. 

Беларускі лідар нагадаў, што хутка будуць падводзіцца вынікі ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». У Віцебскай вобласці дадзеная задача выконваецца толькі ў палове раёнаў — завершана рэалізацыя 12 праектаў у 11 з 23 раёнаў. У 4 раёнах (Браслаўскім, Гарадоцкім, Докшыцкім і Дубровенскім) пасля завяршэння праектаў да 2025 года новых прапрацаваных варыянтаў няма. «У сувязі з гэтым адзначу наступнае. З аднаго боку, мы абсалютна правільна ўзмацняем ціск за інвестпраекты ў невялікіх раёнах, дзе кожнае працоўнае месца становіцца на вагу золата. А з другога — будуючы новы цэлюлозна-папяровы камбінат, можам „агаліць“ усе бліжэйшыя тэрыторыі, сяло. Для вас гэта сур’ёзны экзамен — утрымаць разумны кадравы баланс. Асабліва праз жыллё, — сказаў Прэзідэнт. — На Віцебшчыне ўзнік перакос — па вобласці летась больш за 40 % усіх кватэр (дамоў) з дзяржпадтрымкай, у тым ліку арэндных, будуецца ў самім горадзе Віцебску. Як вы з такой жыллёвай палітыкай збіраецеся вырашаць праблему кадравага дэфіцыту ў іншых раёнах?».

Аграпрамысловы комплекс. «Будзеце дакладваць аб гераізме»

Асобна Прэзідэнт спыніўся на аграпрамысловым комплексе. У 2020 годзе прынялі ўказ № 70. На базе перапрацоўчых прадпрыемстваў стварылі так званыя аграпрамысловыя аб’яднанні. «Для зніжэння фінансавай нагрузкі рэструктурызавалі даўгі на суму больш за 2 мільярды рублёў, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Ставілася жорсткая задача: нарасціць аб’ёмы вытворчасці, загрузіць магутнасці і з атрыманай выручкі плаціць па адтэрмінаваных даўгах».

Аляксандр Лукашэнка па пунктах расклаў, што ёсць на сёння

Першае. Выпуск прадукцыі сельскай гаспадаркі ў параўнанні з 2020 годам знізіўся на 5 працэнтаў. У 2025 годзе падзенне працягваецца (за 9 месяцаў — 98,1 працэнта ў гаспадарках усіх катэгорый). Раслінаводства прасела больш чым на 20 працэнтаў. У жывёлагадоўлі хоць і невялікі плюс — 5 працэнтаў, але нядрэнна прыраслі толькі ў птушкагадоўлі. Па астатніх відах ідзе падзенне паказчыкаў. «Вытворчасць буйной рагатай жывёлы знізілася на 6 працэнтаў, і асноўная прычына — выбыццё жывёлы. У Віцебскай вобласці падзеж за студзень-верасень 2025 года вырас на 40 працэнтаў», — прывёў факт беларускі лідар. 

Другое. Нізкі ўзровень тэхнічнай забяспечанасці сельгасарганізацый. 70 працэнтаў парку тэхнікі эксплуатуецца больш за 10 гадоў. «А калі і выдзяляем вам, напрыклад, дарагія энерганасычаныя трактары, дык Дзяржкантроль і міліцыя пастаянна пішуць, што яны неэфектыўна эксплуатуюцца — ад контурнасці палёў да наяўнасці механізатараў і стану машынных двароў», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што дзесяцігадовы трактар можа працаваць, калі да яго нармальна адносіцца. Ён папярэдзіў: перш чым прасіць тэхніку, кіраўнікам на месцах трэба будзе «абараніцца» ў Прэм’ер-міністра, растлумачыць, навошта патрэбна гэта тэхніка, хто будзе на ёй працаваць, хто будзе займацца тэхнічным абслугоўваннем. «Думайце, хто будзе працаваць на гэтай тэхніцы, гэтай дурніцы — агулам, чохам „узялі і аддалі“ — не будзе», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. 

Трэцяе. Паводле інфармацыі КДК, загрузка магутнасцяў малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці ў 2025 годзе складае крыху больш за 60 працэнтаў. Па мясе — менш за палову (49 працэнтаў). «Адсюль хранічны недахоп выручкі, няма грошай, і, як вынік, праблема дзікай закрэдытаванасці па ўсім ланцужку — ад селяніна да перапрацоўкі», — зрабіў выснову Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў: сукупны доўг вобласці — на 1 верасня ён склаў 1,6 мільярда рублёў (500 млрд долараў у эквіваленце). З іх амаль 1 мільярд (950 млн) рублёў неабходна выплаціць у бліжэйшую пяцігодку. «Вы пацягнеце? Пры такіх тэмпах — не. Як да гэтага дастукаліся?» — заўважыў беларускі лідар. Паводле яго слоў, прынятыя па ўказе № 70 меры не прынеслі чаканых вынікаў. З 7 створаных аграаб’яднанняў працуюць толькі 6, для недапушчэння банкруцтва ААТ "Малако" далучана да Полацкага малочнага камбіната. 

Па даўгах АПК Віцебшчыны ўжо двойчы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прымаліся рашэнні аб іх рэструктурызацыі. У 2016 і 2020 годзе былі падпісаны адпаведныя ўказы . «Цяпер вы зноў прыйшлі і просіце падоўжыць выплаты аж да 2045 года. Гэта значыць — ніколі? А вы кажаце, у графіку. Навошта тады да 2045 года нешта адкладаць, у графіку і плаціце. Дзе вынікі? Пытанне, дарагі губернатар. Вы абяцалі. Чакаю ад вас самых канкрэтных адказаў на пазначаныя праблемы і проста абуральныя факты безгаспадарчасці, разгільдзяйства і, пачынаю падазраваць, адкрытага сабатажу. Магчыма, кіраўніцтва аблвыканкама страціла рычагі кіравання рэгіёнам? Або ў вобласці адбываюцца непапраўныя працэсы, якія патрабуюць тэрміновага ўмяшання звонку, аж да сілавых структур?» — задаў жорсткія пытанні кіраўнік дзяржавы. 

Датычна вёскі Прэзідэнт перасцярог усіх ад далейшых неабдуманых рашэнняў, якіх ужо нямала «наварочалі». «Цяпер прапануеце стварыць два новыя буйныя холдынгі па глыбокай перапрацоўцы мяса і малака. Гасподзь з вамі, стварайце. Гэта ваша справа. Але кожны год у лістападзе вы будзеце дакладваць аб сваім гераізме», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Падзеж жывёлы. За памылкі — персанальнае патрабаванне

Другая тэма нарады — адна з самых набалелых у сельскай гаспадарцы — падзеж жывёлы. Па краіне 108 тысяч галоў, што ў цэлым ніжэй за ўзровень мінулага года на 5 %. «Рост падзяжу адзначаны ў 51 раёне краіны (лічы, у палове), прычым у 13 з іх — рост у паўтара і больш разоў. Практычна ўсюды ідзе перавышэнне нормаў, зацверджаных Мінсельгасхарчам, — прывёў факты Прэзідэнт. — Я на вас ніколі не ціснуў. Вы селі і разам з нашымі навукоўцамі вывелі гэтыя абгрунтаваныя нарматывы. Зацвердзілі, а чаго не выконваеце. Вы ж самі сабе прыдумалі заданне, чаму не выконваеце? Як я павінен рэагаваць на гэта?»

Значны рост падзяжу дапусцілі Віцебская вобласць — 139 працэнтаў, да ўзроўню мінулага года, або 16 тысяч галоў. На другім месцы, што дзіўна, як заўважыў Прэзідэнт, — Гродзенская — 116 працэнтаў, або 15 тысяч галоў.

«Бязладдзі Віцебскай вобласці, пра якія з фотаздымкамі дакладвае Камітэт дзяржкантролю, характэрныя для ўсёй краіны. Таму губернатары ўсе тут. Замест канкрэтнай работы і хай невялікіх, але рэальных станоўчых зрухаў вы працягваеце займацца прыпіскамі і фальсіфікацыяй інфармацыі», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што кармы ёсць, але яны паўсюль няякасныя — у кожнай пятай сельгасарганізацыі ў палове раёнаў краіны выяўлены парушэнні. «Замест сенажу на ўліку ў вас «гнілаж», — заявіў ён. Беларускі лідар зрабіў акцэнт і на тэхналогіі захоўвання кармоў — усё даўно вядома.

Раскрытыкаваў кіраўнік дзяржавы і работу ветэрынарных службаў. «Дагуляліся, што асобныя гаспадаркі наогул вакцынацыю не праводзяць, а ў іншых лечаць пратэрмінаванымі ветпрэпаратамі... Што вы робіце, вы ж замест лекаў упырскваеце цялятам яд, пратэрмінаваныя лекі. Гэта нармальна? У вас ветэрынарныя кадры замест таго, каб выконваць свае прамыя абавязкі, прыдумляюць новыя спосабы ўтойвання падзяжу. А мы ж з вамі дамаўляліся, не прымаюцца адгаворкі, што няма ветэрынараў», — заўважыў Прэзідэнт. Ён нагадаў аб пастаўленай задачы стварыць ветэрынарныя групы, аб неабходнасці захавання тэхналогій утрымання цялят. 

«Нельга працу ў жывёлагадоўлі ператвараць у крымінальную дзейнасць. За памылкі павінна быць строгае персанальнае патрабаванне. Самае строгае персанальнае патрабаванне. Пакуль, як бы мяне ні спрабавалі пераканаць у адваротным, бачу, што негатыўную тэндэнцыю вы так і не пераламалі. Галоўнае, у вас няма элементарнага, што мы заўсёды ўмелі рабіць, — дысцыпліны», — канстатаваў Прэзідэнт.

«Да 7 лістапада навесці жалезны парадак у гаспадарках»

«Я не прыехаў у Віцебскую вобласць, каб вас запалохаць. Мы з вамі 30 гадоў працуем, вы ведаеце мае падыходы. Калі вы мяне не зразумелі, падманулі, усё будзе больш жорсткім да мяжы», — заявіў беларускі лідар. Ён параіў давесці асноўныя пасылы гэтай размовы старшыням райвыканкамаў, галоўным спецыялістам і кіраўнікам. «Далі ім да 7 лістапада тэрмін — у вас больш няма — навесці жалезны парадак у гаспадарках. Яны — кіраўнікі і спецыялісты — няхай збяруць там механізатараў, даярак і іншых. І да 1 студзеня ўсё, што ў вас ёсць, вылізана, вычышчана», — паставіў задачу беларускі лідар. 

У гаспадарках, дзе ёсць праблема недахопу кадраў, па словах кіраўніка дзяржавы, варта прыцягваць шэфскую дапамогу іншых прадпрыемстваў. 

«Усё, мужыкі. Дурніца скончылася», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што да ўсіх будуць ставіцца па-чалавечы, але пры ўмове сумленнай і адказнай працы: «Я ведаю гэтую вашу працу. Калі вы разгільдзяйнічаць будзеце, пакрываць, прыкрываць адзін аднаго, калі вы будзеце хаваць недахопы і мне дакладваць не тое, што трэба (я потым трачу велізарныя грошы, каб вывудзіць сапраўдную інфармацыю), — даравання не будзе. Разумейце мяне, як хочаце».

«Для кагосьці гэтая вобласць родная. Для мяне ўся рэспубліка мая родная. Мы павінны навесці парадак і моладзі перадаць кіраванне. Але мы павінны навесці яго, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вы што, вайны захацелі? Не трэба нам вайна. Патрэбна эканоміка».

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: або адказная работа, або размова па-іншаму. «Я шчыра кажу. Маю на гэта права. Таму што вы мяне не адзін раз падманулі пры трох губернатарах. Факты я вам назваў. Таму маю права з вас патрабаваць. Вядома, я мог бы паўсміхацца, сказаць, што заўтра мы нешта выправім, у закрытым рэжыме пасварыцца, даць і сысці. Гэта не мой стыль. Я вам сказаў наўпрост, у вочы. Маю на гэта права. Канстытуцыйнае і як чалавек, які прайшоў той шлях, які вы праходзіце цяпер», — заявіў ён.

Нізкая эфектыўнасць гаспадарання

Як адзначыла ў сваім дакладзе Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА, асноўныя эканамічныя паказчыкі работы Віцебскай вобласці з году ў год ніжэйшыя за сярэднерэспубліканскія, а значыць і доля іх у рэспубліканскім пірагу мае тэндэнцыю да зніжэння. Прычым такая сітуацыя застаецца практычна нязменнай на працягу дзесяці гадоў. 

«Так, валавы рэгіянальны прадукт за мінулае дзесяцігоддзе скараціўся на 6,2 %, за 9 месяцаў 2025 года — яшчэ на 1,1 %, — канкрэтызавала яна. — Па тэмпах развіцця (эканомікі. — „Зв“.) вобласць займае апошняе месца сярод рэгіёнаў рэспублікі. Ключавую ролю ў эканоміцы вобласці адыгрывае прамысловасць, скарачэнне аб’ёмаў якой у супастаўных цэнах склала 4,6 % як за 10 гадоў, так і за 9 месяцаў бягучага года».

Па словах кіраўніка Белстата, доля Віцебскай вобласці ў рэспубліканскім прамысловым аб’ёме знізілася да мінімальнага значэння ў 12,1 %. Прычына — у нерытмічнай рабоце падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання арганізацый, якімі вырабляецца большая палова прамысловай прадукцыі рэгіёна. 

«Практычна на чвэрць скарацілі вытворчасць „Белвест“ і „Нафтан“, таксама зменшылі аб’ёмы „Віцебскэнерга“, „Полацк-Шкловалакно“, Віцебскі дывановы камбінат, — канкрэтызавала Іна Мядзведзева. — Цяжкасці са збытам прадукцыі з-за падзення экспарту і аптовага тавараабароту абумовілі ўтварэнне звышнарматыўных запасаў. У выніку на 1 кастрычніка бягучага года запасы арганізацый Віцебскай вобласці дасягнулі аднаго з самых высокіх значэнняў за некалькі гадоў».

Ключавая праблема работы сельскагаспадарчых арганізацый вобласці, па меркаванні кіраўніка Белстата, звязана з нізкай эфектыўнасцю гаспадарання. «Адсутнасць значных вынікаў прыводзіць да таго, што ў пагоні за лічбамі шэрагу кіраўнікоў арганізацый ужо не цікавы рэальны стан спраў, ёсць жаданне прыпісаць прывагі, надоі, аб’ём нарыхтаваных кармоў, схаваць падзеж і штучна захаваць пагалоўе жывёлы, — удакладніла яна. — Такая работа ўжо ўвайшла ў сістэму ў палове раёнаў вобласці».

За 10 гадоў вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі прадпрыемствамі Віцебшчыны практычна не змянілася пры росце па краіне на 19 %, а ў бягучай пяцігодцы яна наогул дэманструе адмоўную дынаміку. «Вытворчасць прадукцыі раслінаводства знізілася на 18,5 %, і прычына тут не толькі ва ўмовах надвор’я, — заўважыла кіраўнік Белстата. — Пасяўная плошча збожжавых і зернебабовых культур за апошнія чатыры гады скарацілася на 15 %, рапсу — амаль на трэць. На 1 гектар ворыўных земляў уносіцца практычна ў два разы менш мінеральных угнаенняў, чым у сярэднім па краіне. Гэта адбілася на ўраджаі, які па названых культурах знізіўся ў паўтара і больш разоў».

«Яшчэ больш пагаршаецца праблема з падзяжом жывёлы, — канстатавала кіраўнік Белстата. — Рэальныя лічбы падзяжу ў вобласці хаваюць пад выглядам вымушанага забою жывёлы. І калі іншыя рэгіёны імкнуцца мінімізаваць аб’ёмы прырэзкі, то ў 2024 годзе ў Віцебскай вобласці яна склала 4 тысячы галоў».

Не лепш ідуць справы і ў свінагадоўлі, птушкаводстве. Сёння гэта адзіны рэгіён краіны, дзе назіраецца змяншэнне вытворчасці малака. Не далі чаканага эфекту створаныя ў вобласці аграпрамысловыя аб’яднанні. 

GOR_1321_result.jpg

«Прынятыя рашэнні дазволілі толькі на невялікім часовым адрэзку палепшыць структуру балансаў прадпрыемстваў і атрымаць крэдытныя рэсурсы, — праінфармавала Іна Мядзведзева. — Да 1 верасня 2025 года аб’ём даўгоў перавысіў не толькі іх узровень да прыняцця рашэння аб стварэнні аб’яднанняў, але і рос больш значнымі тэмпамі, чым адпаведны індэкс цэн. Паляпшэнне ў бягучым годзе такіх паказчыкаў, як аб’ём атрыманага чыстага прыбытку і колькасць стратных арганізацый, кардынальна сітуацыю ў аб’яднаннях не мяняе».

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта ўказала на крытычна малую колькасць інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца на раённым узроўні суб’ектамі прадпрымальніцтва. Асноўная прычына — у непаваротлівасці мясцовых улад па прыцягненні інвестыцый у рэгіён, стварэнні ўмоў па адкрыцці бізнесу. 

«Названыя фактары адмоўна адбіваюцца на рынку працы, — адзначыла Іна Мядзведзева. — Сярэдняя заработная плата работнікаў Віцебскай вобласці самая нізкая сярод рэгіёнаў краіны. Прычым разрыў паміж Віцебскай вобласцю і сталіцай за 10 гадоў вырас з 31 да 37 %. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што ў рэгіёне практычна не ствараюцца высокапрадукцыйныя працоўныя месцы».

Па яе словах, за 10 гадоў страты працоўных рэсурсаў краіны на чвэрць абумоўлены скарачэннем іх менавіта ў Віцебскай вобласці. «Прыведзеныя факты сведчаць аб тым, што ў Віцебскай вобласці на працягу шэрагу гадоў не выконваецца ключавое патрабаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — забеспячэнне эфектыўнага гаспадарання арганізацый і дастойнай заработнай платы іх работнікам», — рэзюмавала Іна Мядзведзева.

Безгаспадарлівасць і адсутнасць кантролю на месцах

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль ГЕРАСІМАЎ далажыў, што Віцебскі аблвыканкам вызначыў сельскую гаспадарку, прамысловасць і сферу паслуг асноўнымі вектарамі развіцця ў мадэлі развіцця, але не прадставіў аналіз і прагноз дынамікі развіцця. «Па сутнасці, гэта чарговая просьба даць грошай і адтэрміноўку», — удакладніў ён. 

Кіраўнік КДК праінфармаваў пра пазыковыя абавязацельствы прадпрыемстваў рэгіёна, неплацежаздольнасць амаль 250 сельгасарганізацый. «Нязначны рост дасягнуты толькі ў вытворчасці малака, — адзначыў Васіль Герасімаў. — Праграма развіцця АПК вобласці да 2030 года штогадова не выконваецца. Фінансавыя ўліванні не прыводзяць да патрэбнага выніку. Прычына такой сітуацыі — у невыкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ў безгаспадарлівасці».

У прыватнасці, па яго словах, на Віцебшчыне не праводзіцца работа па стварэнні трывалай кармавой базы. У рэгіёна — самая нізкая загрузка магутнасцяў па перапрацоўцы мяса, малака і збожжа. Не выконваюцца тэрміны ўзвядзення малочнатаварных комплексаў. 

«Негатыўна і тое, што камплектаванне новых МТК магчыма толькі за кошт нізкапрадукцыйнага пагалоўя, якое ёсць, — канстатаваў Васіль Герасімаў. — А ўжо сёння на дзеючых комплексах пустуе амаль 2400 жывёламесцаў. Гэты факт вядзе да зніжэння агульнай эфектыўнасці вытворчасці».

Па словах старшыні КДК, у складанай сітуацыі знаходзяцца перапрацоўшчыкі рэгіёна: тры з чатырох працуюць са стратамі. «Усяго на падтрымку суб’ектаў АПК вобласці з мясцовых бюджэтаў за 2020 — 2024 гады вылучана больш за 2,5 мільярда рублёў, — канкрэтызаваў Васіль Герасімаў. — Аблвыканкамам да 2030 года за кошт дзяржпадтрымкі плануецца набыццё больш 2 тысяч адзінак тэхнікі на 910 мільёнаў рублёў. І гэта пры сістэматычным прастоі тэхнікі і няспраўнасцяў з-за несвоечасовага рамонту або адсутнасці кадраў. Толькі пры сяўбе азімых такія факты выяўлены ў кожнай чацвёртай гаспадарцы».

Кіраўнік ведамства праінфармаваў, што Віцебскі рэгіён адзіны не забяспечыў зварот збожжа ў дзяржаўны рэспубліканскі рэзерв. Пры гэтым перанеслі тэрмін звароту — на лістапад 2027 года. 

«Не выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы па аператыўным аднаўленні меліяраваных зямель, — дадаў ён. — На фоне скарачэння пасяўных плошчаў з 2020 года ўжо выведзена з абароту 32,5 тысячы гектараў».

Васіль Герасімаў указаў на адсутнасць вынікаў ад ратацыі кадраў. «З 2020 года па верасень 2025-га памянялася 26 начальнікаў райсельгасхарчаў, больш 240 кіраўнікоў сельгасарганізацый, — удакладніў ён. — З 2020 года камітэт правёў 178 кантрольных мерапрыемстваў у АПК, да адказнасці прыцягнуты 1654 чалавекі, заведзены 64 крымінальныя справы». 

Асноўная прычына падобных фактаў, па словах старшыні Камітэта дзяржкантролю, — безгаспадарлівасць, адсутнасць кантролю і патрабавання на месцах.

«За апошнія чатыры гады ў рэгіёне фіксуюцца найгоршы паказчык росту прамысловай вытворчасці, — звярнуў увагу ён. — Амаль трэцяя частка такіх прадпрыемстваў скарацілі аб’ёмы вытворчасці. Недавыпушчана прадукцыі на 841 мільён рублёў». 

Таксама кіраўнік ведамства ўказаў на адсутнасць належнай аддачы ад інвестпраектаў на Віцебшчыне, прывёў факты карупцыі. 

«Сфарміраваная сёння мадэль развіцця рэгіёна не вырашае праблемы, якія існуюць, — рэзюмаваў Васіль Герасімаў. — Для ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці неабходна дэталёвая, пакрокавая стратэгія, якая ахоплівае ўвесь патэнцыял рэгіёна, а таксама сумесныя кіруючыя рашэнні ўрада і Віцебскага аблвыканкама, кантроль і жорсткая дысцыпліна». 

Парушэнне тэхналогій і дысцыпліны 

Кажучы аб прычынах змяншэння пагалоўя жывёлы, генеральны пракурор Андрэй ШВЕД праінфармаваў, што ў асноўным падзеж абумоўлены парушэннямі тэхналогій вырошчвання жывёлы, што звязана з недастатковым узроўнем дысцыпліны на прадпрыемствах АПК. «Кіраўнікамі арганізацый паўсюдна не забяспечваецца кантроль за выкананнем работнікамі сваіх абавязкаў, у сваю чаргу, няма належнага патрабавання з кіраўнікоў гаспадарак і з боку мясцовых органаў улады, — канкрэтызаваў ён. — Практычна ў кожнай праверанай сельгасарганізацыі выяўлены факты невыканання элементарных правілаў утрымання і кармлення жывёлы. Найбольш распаўсюджаныя — несвоечасовае выпойванне малодзівам нованароджаных цялят, парушэнне рацыёнаў кармлення, антысанітарны стан памяшканняў і іншае».

У кожнай пятай праверанай Генеральнай пракуратурай сельгасарганізацыі не выконваюцца правілы закладкі і захоўвання кармоў, што садзейнічае падзяжу жывёлы. У выніку жывёлу кормяць гніллю, з-за чаго яна памірае. У той жа час асобныя кіраўнікі не забываюцца і пра нажыву, калі гаворка ідзе пра кармы. У бягучым годзе Генеральнай пракуратурай сумесна з МУС выяўлена дзеючая на працягу трох гадоў злачынная схема подкупу службовых асоб сельгасарганізацый шэрагу абласцей за выбар прыватнай структуры і яе падкантрольных прадпрыемстваў пастаўшчыком кармавых дабавак. Агульная сума хабару склала амаль 80 тысяч рублёў. 

  • «Сельская гаспадарка — самая карумпіраваная сфера эканомікі нашай краіны, — акцэнтаваў увагу Андрэй Швед. — Толькі за апошнія 5 гадоў заведзена 971 крымінальная справа ў адносінах да службовых асоб сельскай гаспадаркі. Гэта ў некалькі разоў больш, чым у любой іншай сферы эканомікі. Па патрабаванні пракурораў звыш 43 тысяч асоб прыцягнуты да розных відаў адказнасці, павялічылася кампенсацыя ўрону, прычыненага падзяжом жывёлы. Пры гэтым вельмі ўважліва падыходзім да меры адказнасці. У бягучым годзе за злачынствы, звязаныя з падзяжом, да пазбаўлення волі прыгавораны толькі сем службовых асоб».

Намаганнямі праваахоўных органаў выкрыты рэальны маштаб праблемы ўтойвання падзяжу жывёлы, якая існавала дзесяцігоддзямі. «За апошнія 5 гадоў выяўлена ў два разы больш утоенай ад уліку памерлай жывёлы, з іх найбольшая колькасць у Гомельскай і Віцебскай абласцях, — канкрэтызаваў генпракурор. — Пракурорамі па фактах утойвання падзяжу заведзена 569 крымінальных спраў, што ў шэсць разоў больш, чым за папярэднія 5 гадоў. У цэлым па краіне спынены асноўныя спосабы ўтойвання падзяжу: пад выглядам продажу жывёлы насельніцтву, яе забою і рэалізацыі мяса работнікам прадпрыемстваў».

Па меркаванні Андрэя Шведа, праблему падзяжу жывёлы павінны вырашыць перш за ўсё органы мясцовай улады, якія з улікам рашэнняў кіраўніка дзяржавы надзелены дастатковымі паўнамоцтвамі. Па яго словах, на ўсіх узроўнях неабходна павысіць вытворчую, тэхналагічную дысцыпліну і персанальную адказнасць кіраўнікоў, забяспечыць дакладнае выкананне даручэнняў Прэзідэнта.

«Пугі вам не хапае і адказнасці жалезнай»

Намеснік Прэм’ер-міністра Юрый Шулейка ў сваім дакладзе таксама зрабіў акцэнт на падзеж жывёлы. Паводле слоў віцэ-прэм’ера, 38 раёнаў па краіне з 2023 года сістэматычна дапускаюць павелічэнне падзяжу жывёлы. Найбольшая ўдзельная вага ў гэтым паказчыку па буйной рагатай жывёле прыпадае на падзеж цялят да двухмесячнага ўзросту — 35 % і кароў — 33,4 %.

«Па вашым даручэнні з удзелам прадстаўнікоў Мінсельгасхарча, НАН Беларусі і Віцебскай ветакадэміі дэталёва вывучана сітуацыя з падзяжом жывёлы ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях, якія дапусцілі найбольшы рост падзяжу. Вынікі праведзеных даследаванняў пацвердзілі характэрныя для ўсіх абласцей прычыны падзяжу, якія ўжо даўно рэжуць усім слых. Гэта догляд, кармленне. І, на жаль, дысцыпліна і безадказнасць», — далажыў Юрый Шулейка. 

Віцэ-прэм’ер далажыў, якія меры прымаюцца для скарачэння падзяжу жывёлы. Сярод іх — Указ Прэзідэнта «Аб узмацненні адказнасці старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў». Вызначаны стратныя з высокім узроўнем падзяжу сельскагаспадарчыя арганізацыі і замацаваны за старшынямі райвыканкамаў. Таксама павышана роля і адказнасць ветэрынарных спецыялістаў раённых ветэрынарных станцый па аказанні на сістэмнай аснове ўсяго комплексу ветэрынарных паслуг сельскагаспадарчым арганізацыям, у якіх адсутнічае ветэрынарны ўрач. Для аказання дапамогі такім сельскагаспадарчым арганізацыям прыцягнута на 240 чалавек больш, чым летась. У мэтах укамплектавання штатнай колькасці ў ветэрынарных установах значна скарэкціраваны ўмовы аплаты працы. Узмоцнены камітэты па сельскай гаспадарцы і харчаванні шляхам увядзення пасады намесніка старшыні камітэта, які курыруе пытанні ветэрынарыі. Юрый Шулейка адзначыў, што для стварэння спрыяльных умоў утрымання буйной рагатай жывёлы ў 2024 годзе пабудаваны або рэканструяваны 100 малочнатаварных комплексаў, сёлета плануецца ўзвядзенне 83 такіх аб’ектаў. 

Таксама была ўнесена прапанова стварыць на буйных жывёлагадоўчых комплексах пляцоўкі для экстраннага забою. Прэзідэнт адзначыў, што тут трэба прымяніць разумны падыход, а ў кіраўнікоў павінны быць паўнамоцтвы прымаць рашэнні самастойна. Разам з тым варта дакладна вызначыць, што разумеецца пад экстранным забоем, каб за ім не хавалі падзеж жывёлы.

«Мы павінны стварыць такую сістэму работы, каб кожны баяўся хлусіць ці там штосьці скажаць. Вось такая павінна быць сістэма», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, не трэба бяздумна забараняць нейкія меры, забіраць у кіраўніка права прымаць тыя ці іншыя рашэнні. «Не будзе выніку. Пакуль „унізе“ кіраўнік не будзе кіраваць працэсам і несці адказнасць, парадку не будзе. Наша справа — стварыць сістэму і пракантраляваць яе», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Ён параіў не ісці па шляху простых рашэнняў, а думаць наперад і прадугледжваць загадзя ўсе пытанні, не чакаць указанняў ад кіраўніка дзяржавы, а самастойна дзейнічаць. І не забываць пра якасць і дысцыпліну. І гэта датычыцца, як звычайных работнікаў, так і кіраўнікоў гаспадарак. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на вучобу кадраў. «Закасцянелі кіраўнікі, хтосьці забыўся. Ты ім нагадай, у якія тэрміны Віцебская вобласць павінна пасеяць, што яна павінна пасеяць, якія севазвароты, — заявіў ён. — Вучыць людзей трэба. Калі не вучыць, дык нагадаць ім гэта». Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба адбіраць кадры, якія хочуць працаваць, трэба іх рыхтаваць. «У сельскай гаспадарцы няпроста, але ёсць людзі, якія хочуць працаваць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Што ў вас дрэнна? Чаго не хапае? Пугі вам не хапае і адказнасці жалезнай». 

Кіраўнік дзяржавы заклікаў ісці ад зямлі, прымаць зямныя рашэнні. І ні ў якім разе не хлусіць. "Вы, падманваючы, мяне прымушаеце прымаць няслушныя рашэнні. Краіна куды скоціцца?» — заявіў ён. Нават з тым жа падзяжом, звярнуў увагу Прэзідэнт, чым вышэйшы падзеж, тым менш малака і мяса — а гэта ўжо праблема. Гэта датычыцца як кожнай вобласці ў прыватнасці, так і ўсёй краіны ў цэлым. 

У прыклад Прэзідэнт прывёў аграпрамысловыя аб’яднанні Віцебскай вобласці. Ён нагадаў, што ў свой час прапаноўвалася наогул пазбавіць самастойнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія ўвойдуць у гэтыя аб’яднанні. «Я катэгарычна сказаў: не, не трэба, — нагадаў пра тыя падзеі Аляксандр Лукашэнка. — Няхай калгасы, якія вы аб’ядналі пад шапкай малаказаводаў і мясакамбінатаў... каб яны маглі працаваць, і ў іх была цікавасць». 

Зараз на ўзровень кіраўніка дзяржавы вынесена прапанова зноў аб’яднаць гэтыя структуры, з сямі зрабіць дзве. Але Прэзідэнт выказаў сумненне, што гэта прапанова абгрунтавана. «Напэўна, вы пайшлі па шляху найменшага супраціўлення. Раз сем прадпрыемстваў напалову загружаныя, то калі два пакінуць рабочымі, яны будуць на 100 % загружаныя. Эфектыўнасць будзе вышэйшая. А далей што? А людзі? Школы? Кампетэнцыі, якія тут створаны? Вядома, было б лепш, каб гэтыя сем былі загружаны на 100 %. Ідэальна. Але гэта доўга, цяжка, не хочацца і сварыцца будуць. Дык чаго вы мне хочаце падсунуць простыя рашэнні?» —  спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно непарушнае правіла, пра якое нагадаў беларускі лідар, — не красці і не дазваляць гэтага падначаленым. Ён заўважыў, што генпракурор і КДК дакладваюць аб прыцягненні да адказнасці службовых асоб за рознага роду правапарушэнні. Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу, што сярод іх — пераважна намеснікі кіраўнікоў. «А дзе кіраўнікі былі, калі намеснікі кралі і хабары бралі? Сумняваюся, што намеснік без вас гэта рабіў. Толькі ён на сябе ўзяў і сеў, а кіраўнік напэўна сказаў: „Я цябе выцягну“. Хлопцы, ніхто нікога не выцягне, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Усе перад законам аднолькавыя. Справядлівасць — аснова маёй палітыкі. Як толькі я ад гэтага адыду — бяда». Беларускі лідар заявіў, што цяпер прыйшоў час патрабаваць з кіраўнікоў, бо яны там для гэтага і пастаўлены, каб сачыць за парадкам. 

Галоўнае для ўсіх, па словах Прэзідэнта, — вынік. «Дасце вынік — да мяне прыходзьце, ва ўрад і прасіце, што мы вам павінны, — падсумаваў Прэзідэнт. — Усё будзем рабіць для людзей, якія імкнуцца дзяржаве дапамагчы». Беларускі лідар яшчэ раз нагадаў, што вайна нікому не патрэбна, паколькі гэта цяжка і страшна. Таму трэба працаваць.

Трэба чуць людзей!

Прэзідэнт крыху змяніў фармат нарады. Акрамя дакладаў даў магчымасць выказаць свае меркаванні ўсім ахвотным. Абмеркаванне аб лёсе Віцебскай вобласці атрымалася жывым — не пратакольным.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая родам з Віцебскай вобласці, лічыць, што стабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне змогуць адказныя адносіны кожнага да сваіх службовых абавязкаў. Па яе словах, старшыням рай-, гарвыканкамаў дадзены паўнамоцтвы, у адпаведнасці з якімі трэба працаваць. 

«Калі мы прымаем рашэнне на месцах па аб’яднанні пэўных структур, мы павінны разумець, што задача, якая стаіць перад намі ўсімі, — раўнамернае развіццё і моцныя рэгіёны, — нагадала спікер. — Такім чынам, вымываем не толькі людзей з вёсак і аграгарадкоў, засяродзіўшы іх у гарадах. Напрыклад, наведваючы Глыбокае, я прысутнічала на пасяджэнні райвыканкама, дзе разглядалі пытанне функцыянавання сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Старшыня райвыканкама: у яго вадаканал — у Докшыцах, функцыянаванне сістэмы ЖКГ — у Наваполацку, банкі ўсе — у Віцебску. У яго па сутнасці для работы і кіраўніцтва застаюцца толькі некалькі сельгаспрадпрыемстваў, як вы казалі, самых цяжкіх. А за ўсё астатняе адказвае нехта іншы, толькі не ён». 

Звярнула ўвагу Наталля Качанава і на сітуацыю, што склалася на мясакамбінаце ў Мёрах, які плануюць далучыць да Глыбоцкага мясакамбіната. «Добрае прадпрыемства, добрая прадукцыя, крама побач, прадукцыя прадаецца па добрых цэнах, карыстаецца попытам у насельніцтва, калектыў цудоўны», — канстатавала спікер, заўважыўшы, што недастаткова матываваць такое рашэнне толькі адсутнасцю забойнага цэха. 

Па яе словах, нельга засяроджваць кампетэнцыі ў вялікіх гарадах і абласных цэнтрах. Наталля Качанава адзначыла, што цяпер усе вышэйшыя службовыя асобы даступныя для раённай улады. «І калі пэўны старшыня райвыканкама або кіраўнік гаспадаркі захоча, яму не адмовяць ні ў дапамозе, ні ў падтрымцы, — канстатавала Старшыня Савета Рэспублікі. — З іншага боку, рэспубліканскім органам кіравання варта прыслухацца да кіраўнікоў гар-, райвыканкамаў. Яны там жывуць, яны з людзьмі размаўляюць, лепш бачаць, што там сёння трэба: што трэба будаваць, а што неабходна захаваць. Адказныя адносіны да сваіх службовых абавязкаў кіраўнікоў на месцах — і тады будзе поўны парадак. Трэба ўважліва слухаць, што гаворыць Прэзідэнт, і выконваць пастаўленыя задачы». 

Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы па Віцебскай вобласці, складаная эканамічная сітуацыя на Віцебшчыне, аб якой ідзе размова, узнікла не сёння і не ўчора, а назапашвалася гадамі. «Аб гэтым гавораць і людзі, і спецыялісты, — удакладніў ён. — Усім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, якія прадстаўляюць Віцебскую вобласць, на працягу гэтага года ставілася задача — у ходзе размоў з кіраўнікамі, у тым ліку прысутнымі тут, спецыялістамі скласці сваю карціну. Можа быць, не зусім прафесійную з пункту гледжання эканомікі, хаця спецыялісты-эканамісты таксама ў нас ёсць, і прыйсці да пэўных прапаноў, сфармуляваць ідэі і думкі». 

Ігар Сергяенка агучыў высновы, да якіх у ходзе аналізу прыйшлі дэпутаты. «Па-першае, спецыялізацыя раёнаў Віцебшчыны патрэбна была яшчэ ўчора, — канкрэтызаваў ён. — Дасканалы аналіз патэнцыялу кожнага раёна павінен базіравацца на дэталёвых праліках чаканых вынікаў. І такая работа восенню бягучага года аблвыканкамам была праведзена. Па-другое, трэба адыходзіць ад практыкі давядзення зверху непрадуманых паказчыкаў па сяўбе сельгаскультур без уліку магчымасцяў земляў для вырошчвання, чаканай ураджайнасці. Па-трэцяе, ліквідаваць недахопы, звязаныя з парушэннем тэхналагічных працэсаў у сельскай гаспадарцы. Унясенне ўгнаенняў у поўным аб’ёме — гэта таксама называлася. Па-чацвёртае, інвестыцыі ў сельскую гаспадарку. Мы гаворым аб вымушанай ліквідацыі 40 безнадзейных гаспадарак. Патрэбна таксама да гэтага разумна падыходзіць: а што рабіць тым людзям, якія працуюць у гэтых гаспадарках?»

Звяртаючыся да планаў будаўніцтва 63 новых малочнатаварных комплексаў на Віцебшчыне, Старшыня Палаты прадстаўнікоў параіў падумаць і аб тым, як павысіць эфектыўнасць малочнатаварных комплексаў, якія ўжо існуюць. 

Звярнуў увагу спікер і на падрыхтоўку, выхаванне кадраў. «Сёння ў нас укамплектаванасць кіруючымі кадрамі ў вобласці (у сельскай гаспадарцы) — 88,7 %, — удакладніў Ігар Сергяенка. — Вы сёлета ўзгаднілі прызначэнне васьмі новых старшыняў райвыканкамаў, летась — 5. Фактычна палова за два гады заменена. Аблвыканкам ажыццявіў яшчэ больш істотную замену кіраўнікоў гаспадарак: амаль трэцюю частку за два гады. На жаль, мы вымушаны канстатаваць, што рэзерв кадраў на пасады старшыняў райвыканкамаў з ліку кадраў Віцебскай вобласці вычарпаны. І трэба рыхтаваць, можа, у пэўнай ступені рызыкаваць і знаходзіць кадры за межамі вобласці». 

Па меркаванні спікера, неабходная дзяржаўная праграма комплекснага развіцця Віцебшчыны, шчыльна ўвязаная з праграмай развіцця краіны на наступную пяцігодку, дакладна структуравана па кірунках. На яго думку, патрэбен пакрокавы алгарытм дзеянняў. 

Для паляпшэння сітуацыі на Віцебшчыне намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец прапанаваў аднавіць арганізацыю кіравання аграпрамысловага комплексу вобласці, правесці аўдыт кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі, распрацаваць бізнес-план далейшай работы для кожнай арганізацыі, правесці інвентарызацыю сельскагаспадарчай тэхнікі і яе аднаўлення, аднавіць ворыўныя землі. 

«Забяспечыць вытворчасць да 2030 года двух мільёнаў тон збожжа, — дадаў ён, кажучы аб задачах для Віцебшчыны. — Хопіць займацца ныццём! У Віцебскай вобласці добрыя землі, яны нічым не саступаюць ні Брэсцкай, ні Магілёўскай, ні Гомельскай. Віцебская вобласць мае ўсе неабходныя магчымасці для таго, каб атрымліваць збожжа». 

Сярод прапаноў кіраўніцтву рэгіёна — аднавіць корманарыхтоўку, якой на цяперашні момант недастаткова, правесці інвентарызацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы малочнатаварных ферм, аднавіць пагалоўе буйной рагатай жывёлы. 

Мікалай Шарснёў, які ўзначальваў Віцебскую вобласць з 2014 па 2021 год, адзначыў, што досвед па стварэнні аграпрамысловых комплексаў даў і станоўчыя вынікі. «Аснова ўказа — не проста расчысціць даўгі, а зрабіць плацежаздольнымі сельгаспрадпрыемствы і перапрацоўчую прамысловасць і ўкласці грошы ў рэканструкцыю памяшканняў, якія сёння нетэхналагічныя», — адзначыў ён. Але разам з тым, па словах Мікалая Шарснёва, на нейкім этапе не перабудаваліся, што і прывяло да існуючых сёння праблем. Мікалай Шарснёў заявіў, што сёння не мае сэнсу ствараць два новыя комплексы, паколькі мінулы вопыт у цэлым не спрацаваў.

Бюракратызму быць не павінна! 

Сваім меркаваннем наконт сітуацыі ў рэгіёне падзяліліся кіраўнікі вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Ганна Норкус і ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аляксандр Фірсін. Спецыялісты адзначылі недахопы ў санітарных нормах, ветэрынарных даследаваннях, тэхналагічных патрабаваннях, звярнулі ўвагу на праблемы з узвядзеннем збудаванняў. У прыватнасці, Аляксандр Фірсін адзначыў, што некаторыя пытанні па будаўніцтве аб’ектаў у гаспадарках трэба ўзгадняць на розных узроўнях, што займае шмат часу і намаганняў, якія можна было б выкарыстоўваць больш эфектыўна. 

Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць пытанні, якія ставяць кіраўнікі. І нагадаў: бюракратызму быць не павінна. І самі кіраўнікі гаспадарак не павінны баяцца прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў вобласці працуе памочнік Прэзідэнта, ёсць упаўнаважаны Прэзідэнта па кожным рэгіёне — і яны таксама павінны быць уцягнуты ў гэтыя працэсы, да іх можна звярнуцца, зрабіў акцэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы заклікаў чыноўнікаў быць бліжэй да народа, прыслухоўвацца да меркавання людзей, якія працуюць на месцах. «Вырашыце ўсе пытанні. Дэбюракратызуйце ўсе сістэмы!» — паставіў задачу беларускі лідар.

Стаўка на малочную вытворчасць і забеспячэнне кармавой базай 

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр СУБОЦІН у сваім дакладзе заявіў, што пазыковая нагрузка ў рэгіёне назапашана яшчэ з 2010-х гадоў. «Створаныя аграпрамысловыя структуры дазволілі пазбегнуць калапсу ў АПК Віцебскай вобласці і прадоўжыць жыць», — заявіў ён. Губернатар не стаў спыняцца на сітуацыі ў вёсцы і негатыве.

«За апошнюю пяцігодку нам удалося нівеліраваць адмоўную дынаміку і палепшыць вынік па ключавых, на маю думку, параметрах развіцця вобласці. Па-першае, па асноўных паказчыках работы рэальнага сектара эканомікі за 4 гады пяцігодкі атрыманы прырост: 8 з 13 галін апрацоўчай прамысловасці забяспечылі рост аб’ёмаў вытворчасці, станоўчую дынаміку дэманструе сфера паслуг, нарошчваем экспартныя пастаўкі. У сельскай гаспадарцы ў выніку прыняцця пэўных арганізацыйных мер, будаўніцтва малочнатаварных комплексаў, у тым ліку дзякуючы вашай падтрымцы, атрыманы прырост вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі (105,6 %). Дадатная дынаміка па асобных паказчыках захоўваецца і сёлета. І гэта не горшыя вынікі ў краіне», — далажыў ён.

Аляксандр Субоцін адзначыў, што назіраецца інвестыцыйная актыўнасць бізнесу. Узрасла і перасягнула рэспубліканскі ўзровень доля інвестыцый у аб’ёме валавога рэгіянальнага прадукту (з 15 % да 20 %), а тэмп прыросту інвестыцый за апошнія гады штогод апярэджвае сярэднерэспубліканскае значэнне. 

  • «У рэальным сектары рэалізавана больш за 160 інвестыцыйных праектаў, з іх трэць — у малых і сярэдніх населеных пунктах. Створана больш за 2 тысячы новых працоўных месцаў», — удакладніў Аляксандр Субоцін. Створаны новыя прадпрыемствы ў рэгіёнах вобласці: па выпуску электратэхнічнай прадукцыі ў Браслаўскім раёне, харчовых араматызатараў у Бешанковічах, змазачных масел у Глыбоцкім, парфумернай і швейнай прадукцыі ў Докшыцкім, рыбнай прадукцыі ў Чашніцкім, фруктовых і агароднінных сокаў, нектараў у Шаркаўшчынскім. 

Па словах губернатара, даходы бюджэту вобласці павялічыліся да пачатку пяцігодкі ў 2 разы, звыш плана паступіла больш за 700 млн рублёў. Аляксандр Субоцін расказаў, што палепшыўся фінансавы стан у рэгіёне. Колькасць стратных арганізацый — адна з найменшых у краіне. Скарацілася пазыковая нагрузка на рэгіён. Расце намінальная і рэальная заработная плата.

Старшыня аблвыканкама прызнаў: праблем застаецца нямала, у вобласці гэта разумеюць. Ён расказаў, якія меры прымаюцца для іх вырашэння. Робіцца стаўка на прыцягненне інвестыцый у рэальны сектар эканомікі. «Асноўны кірунак развіцця прамысловасці — стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцяў у фармацэўтыцы, станка- і машынабудаванні, мікраэлектроніцы і дрэваапрацоўцы», — дадаў ён. Таксама ў планах — развіццё традыцыйных галін: лёгкай і харчовай прамысловасці.

Што датычыцца павышэння эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу, то, паводле слоў Аляксандра Субоціна, вызначаны асноўныя пункты росту да 2030 года. Стаўка зроблена на малочную вытворчасць і забеспячэнне кармавой базай. Датычна прапановы стварыць у рэгіёне замест шасці два аграхолдынгі — малочнага і мяснога кірунку, старшыня аблвыканкама расказаў, што ў гэтым пытанні абапіраюцца на вопыт беларускіх прадпрыемстваў, якія пайшлі па шляху ўзбуйнення. Паводле яго слоў, у вобласці засталося нямала дробных сельгаспрадпрыемстваў і іх работу трэба аптымізаваць. «Адной з прыярытэтных задач ставім перад сабой будаўніцтва новых комплексаў па вытворчасці малака», — сказаў кіраўнік рэгіёна.

Аляксандр Субоцін дадаў, што распрацавана стратэгія па развіцці свінагадоўлі (да 2030 года колькасць пагалоўя плануюць павялічыць да 400 тысяч) і птушкагадоўлі. Для забеспячэння сельгасжывёл кармамі ў рэгіёне таксама разлічваюць пашырыць пасяўныя плошчы збожжавых, кукурузы і траў.

Губернатар растлумачыў, навошта Віцебскай вобласці патрэбны ўказ па развіцці рэгіёна. «Прапануем падтрымаць некалькі пунктаў, якія ў гэтым указе асветленыя, — адзначыў ён. — Перавод валютна-крэдытных абавязацельстваў у беларускія рублі, каб лягчэй было нам абслугоўваць і не залежаць ад валацільнасці валютнага рынку, падаўжэнне субсідый да 2034 года (яны сёлета заканчваюцца) на аплату часткі працэнтаў, прадастаўленне доўгатэрміновага крэдыту субардзініравана ў рамках Указа № 268 (80 мільёнаў беларускіх рублёў у нас ужо ідзе, плануем, калі будзе магчымасць, да 196 мільёнаў беларускіх рублёў) і карэкціроўка графікаў пагашэння абавязацельстваў, перададзеных па ўказе № 70, — зрушыць з 2034 да 2044 года».

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што да канца наступнай пяцігодкі ў рэгіёне па распрацаванай стратэгіі праглядаецца рост даходаў бюджэту і зарплаты грамадзян. Гэта дазволіць павялічыць па асноўных паказчыках эфектыўнасць развіцця. Рост ВРП на душу насельніцтва і даходаў у бюджэты да 2030 года плануецца не меншы як у два разы, рэальнай заработнай платы — мінімум у паўтара раза. «Усё гэта абгаворана і абаронена на ўзроўні кожнага раёна, кожнага горада, вызначаны канкрэтныя праекты, людзі, хто гэтым будзе займацца, адкуль будуць брацца кадры. Прапрацавана часткова фінансаванне тых ці іншых праектаў. Пры адабрэнні такіх падыходаў гэта канцэпцыя ляжа ў аснову праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці і ўсіх яе раёнаў на бліжэйшую пяцігодку», — дадаў Аляксандр Субоцін.

«Спачатку вынік дай, які абяцаў, а потым атрымай»

Заслухаўшы даклад старшыні аблвыканкама, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Зыходзячы з вашага выступлення можна зрабіць такую выснову, што рэспубліканскі бюджэт павінен напружвацца, таму што вам трэба масты, дарогі і гэтак далей. І гэта трэба зрабіць для Віцебскай вобласці. Вы маеце рацыю, трэба рабіць для Віцебскай вобласці. Але вы для нас не адзін. Такіх у нас сем рэгіёнаў». 

Што датычыцца планаў да 2030 года, Прэзідэнт паставіў задачу не проста прапісаць плануемыя паказчыкі, а распісаць усё па гадах, каб можна было пракантраляваць працэс рэалізацыі абяцанага. «Па гадах раўнамерна разбіць гэта. Зрабіў — атрымай. Не зрабіў — тады спытаем на ўсю катушку. Таму спачатку вынік дай, які абяцаў, а потым атрымай. Можа, нават больш дадзім. Я знайду рознымі шляхамі, рэзервы выкарыстаю. Не зрабіў — да скручвання галавы. Па-мужчынску. Каб гэта не было „хацелкамі“, гэта павінна быць алічбавана, і каб гэта было абавязкова», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што гатовы разглядаць тыя ці іншыя запыты і просьбы ад вобласці, але ўсё залежыць ад вынікаў развіцця самога рэгіёна.

«Сёння ўсе павінны сабрацца ў кучу і зрабіць добрую справу. Калі мы выцягнем Віцебскую вобласць, то не будзе куды дзявацца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцям, — заявіў Прэзідэнт. — Мы вывернем Віцебскую вобласць навыварат. І падтрымку вы атрымаеце фінансавую, нейкую арганізацыйную і іншую толькі тады, калі вы пераканаеце ўрад, а яны — мяне. Я тады на гэта пайду. Калі не — і кроку не зраблю». 

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гатовы дапамагаць Віцебскай вобласці, працаваць разам. Але і патрабаванне будзе жорсткае. «Груба кажучы: жывіце, зарабілі — падзялілі, падаткі аддалі (ільгот не будзе) — забірайце, дзяліце. Толькі так. Да гэтага мы ідзём. Я папрашу падрыхтавацца вас да таго, што патрабаванне будзе сур’ёзнае», — папярэдзіў Прэзідэнт. 

У сувязі з гэтым беларускі лідар нагадаў аб неабходнасці ў бліжэйшы час навесці парадак і «вылізаць» у Віцебскай вобласці ўсё, што неабходна, — ад калгасаў да прадпрыемстваў. «Ціск будзе найстрашнейшы. Усё павінна быць выканана. І не адкідваць на 2030-ы год», — патрабуе ён. 

Карысць людзям і эфектыўнасць — галоўнае

Створаным раней аграпрамысловым аб’яднанням Прэзідэнт пакуль не даў канчатковых ацэнак. «Я тады не бачыў у гэтым нічога дрэннага. Не бачу і цяпер. Толькі трэба падкарэкціраваць пад сыравінныя зоны», — заўважыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, трэба манапалізаваць усе закупкі для сельскай гаспадаркі. Асабліва звонку. І выразна адсочваць. Ніякай там не павінна быць звышрэнтабельнасці. «Гэта танней, чым будзе кожны завозіць і канкурыраваць адзін з адным. Мы гэта ведаем па іншых рэчах», — адзначыў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што трэба працаваць так, каб заўтра людзям было лепей, каб заўтра лепей было эканоміцы, — прадумваць і ўсё планаваць. «Калі людзям будзе лепей і грошай ад гэтага дабавіцца, эфектыўнасць будзе большай, — рабіце. Калі не — не трэба», — заявіў Прэзідэнт. Яшчэ адно даручэнне — ліквідаваць рознага роду непатрэбныя пасрэдніцкія структуры. Гэтым пытаннем Прэзідэнт персанальна даручыў заняцца Аляксандру Косінцу.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ўжо зараз рыхтаваць кадры для работы на месцах. Падкрэсліў і адказнасць старшыняў райвыканкамаў. «Давайце дзецям пакінем нармальную вобласць, нармальную краіну. Тое, што мы павінны зрабіць, пасля нас яны не зробяць», — заклікаў беларускі лідар. Кажучы пра Віцебскую вобласць, ён заўважыў, што тут можна працаваць нават лепей, чым гэта ўяўляецца. 

Падводзячы вынікі нарады, якая працягвалася больш за пяць гадзін, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заклікаў усіх плённа і сумленна працаваць — усё ж такі гэта лепей, чым ваяваць. Толькі тады, па яго словах, будзе вынік. «Я гатовы стаяць з вамі побач і, калі трэба, ісці наперадзе. Але ёсць губернатар, які павінен ісці наперадзе і вырашаць праблемы. Лішніх грошай, нічога проста так не дадзім. Каб трэці раз мяне не падманулі», — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.

Валерыя СЦЯЦКО

Віцебск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю