Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ЗША не ставяць сваёй мэтай ваяваць супраць Беларусі. Пра гэта беларускі лідар заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу RT, паведаміла БелТА.
Журналіст RT у гутарцы з кіраўніком беларускай дзяржавы звярнуў увагу на падзеі, якія разгортваюцца на Блізкім Усходзе. Перш за ўсё гэта атака ЗША і Ізраіля на Іран. Журналіст адзначыў, што ў Беларусі размешчаная тактычная ядзерная зброя, і пацікавіўся, ці адчувае Рэспубліка сябе больш абароненай у сітуацыі, калі ЗША і Ізраіль дэманструюць агрэсію.
«Я не думаю, што амерыканцы ставяць сваёй мэтай ваяваць супраць Беларусі. Вось тут якраз наадварот, зыходзячы з тых кантактаў, якія я маю з блізкімі людзьмі Трампа. Не толькі палітыкамі, але блізкімі людзьмі Трампа, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Я разумею, што нават калі амерыканцы захочуць з намі ваяваць, не дай бог, то яны будуць ваяваць з тэрыторый балтыйскіх дзяржаў, Польшчы і гэтак далей».
Што тычыцца Ізраіля, Прэзідэнт звярнуў увагу, што там пражывае нямала разважных людзей. Акрамя таго, у Ізраілі жывуць і тыя, хто калісьці з’ехаў з Беларусі. «Вельмі шмат нашых суайчыннікаў (у Ізраілі. — Заўв. БелТА), разумных людзей. Там жа людзі, якія з’ехалі з Савецкага Саюза, жывуць і іх дзеці. І нямала з Беларусі. Таму там дастаткова нармальных, разважных людзей. Я ў цэлым кажу перш за ўсё пра кіраўніцтва», — растлумачыў ён.
Гаворачы пра тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, кіраўнік дзяржавы назваў яе фактарам абароны і бяспекі краіны. «Як вы думаеце, навошта мне была гэтая тактычная ядзерная зброя сюды завозіць і баламуціць цэлы свет? Кагосьці палохаць? Ды не. Гэта фактар нашай абароны, нашай бяспекі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар таксама падкрэсліў, што да абароннага патэнцыялу Беларусі дадаецца і расійскі патэнцыял, з улікам таго, што Мінск і Масква — бліжэйшыя саюзнікі. Акрамя таго, Беларусь і Расія юрыдычна звязаныя, і ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да Беларусі Расія прыменіць свой патэнцыял для абароны саюзніка.
«Мы юрыдычна звязаныя адзін з адным, і Расея наўпрост заявіла, што яна ўжыве ўвесь арсенал зброі, абараняючы Беларусь. Гэта ведае ўвесь свет. Амерыка ведае, і Еўропа ведае. Таму сутыкненне з Беларуссю-гэта сутыкненне з Беларуссю і Расіяй», — сказаў кіраўнік дзяржавы.