«Дзяржаве патрэбен вынік»
Аляксандр Лукашэнка пашырыў тэматыку нарады — на прыкладзе хакея строга спытаў у цэлым за ўвесь спорт, паспрабаваў разабрацца, што адбываецца ў спартыўнай галіне і куды рухацца далей. Кіраўнік дзяржавы арыентуе дасягаць выніку ва ўсіх яго відах. І для гэтага, па яго меркаванні, не заўсёды трэба прымаць жорсткія рашэнні. Кіраўнік дзяржавы ставіць задачы ўдасканаліць арганізацыю ў спартыўнай галіне, па-гаспадарску падысці да бюджэтных сродкаў і ўтрымання спартыўных аб’ектаў, павысіць персанальную адказнасць кожнага на сваім месцы — адным словам, выбудаваць сістэму, якая дазволіць беларускім спартсменам дасягаць высокіх вынікаў, а нашаму гімну гучаць далёка за межамі Рэспублікі Беларусь.
«Футбол і хакей — гэта асноўныя віды спорту ўсюды»
Прэзідэнт прапанаваў пачаць размову, прысвечаную развіццю спартыўнай галіны, па сутнасці. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўважліва паглядзеў матэрыялы, прадстаўленыя яму для разгляду на гэтай нарадзе.
«Новага для мяне і дзіўнага нічога няма, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Вы тут ацэнкі мне прапаноўваеце даць. Не ведаю, з чаго вы сыходзілі, каб я сказаў аб тым, што мінулы сезон для галоўнай хакейнай каманды нашай краіны — мінскага „Дынама“ — быў правальным. Але ж факт у тым, што летась мінскае „Дынама“ выступіла лепш, чым калі-небудзь. Ну дык чаму правальны, калі дынаміка нармальная? Я разумею вас, як чыноўнікаў: вы не зусім уніклі ў сітуацыю, чаму я прызначыў гэту нараду, і пачалі ў разнабой даваць пэўныя ацэнкі і штосьці прапаноўваць. Таму калі аб’ектыўна глядзець на рэчы: каманда выступіла лепш, чым калі-небудзь».
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ніхто не аспрэчвае той факт, што сёння мінскае «Дынама» — найлепшая каманда ў цэлым у беларускім спорце. У той жа час Прэзідэнт заўважыў, што яго пачынаюць крытыкаваць за тое, што ён больш увагі ўдзяляе хакею.
«Калі футбалісты будуць гуляць так, як у нас хакеісты гуляюць, я з вялікім задавальненнем буду ўдзяляць ўвагу і футболу, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Але там пакуль няма на што глядзець».

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў апошні матч футбалістаў Нацыянальнай зборнай Беларусі з камандай Буркіна-Фасо, які скончыўся з вынікам 2:2. «Буркіна-Фасо — нядрэнная каманда, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы быццам бы 2:0 вялі, а потым на фінішы — як звычайна. Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што мы не рыхтуемся, мы фізічна не ўмеем гуляць. Або трэнерскі склад (хаця не магу сказаць, што яны дрэнна пачалі на чале з Ганчарэнкам) не падрыхтаваў каманду як належыць, каб да апошняй хвіліны пацярпець і атрымаць перамогу».
Прэзідэнт удакладніў, што ніхто не можа абвінаваціць яго ў тым, што ён не ўдзяляе ўвагі футболу. «У нас жа ўдзяляць увагу — гэта грошы давай, — патлумачыў ён. — Ну, далі дынамаўцам Мінска грошай. І што? Лепш гуляць сталі? У кубках вызначыліся, яшчэ дзесьці? Таму не трэба крыўдзіцца на тое, што я менш ўвагі ўдзяляю футболу. Нічога не менш. Хапае».
Беларускі лідар падкрэсліў, што футбол і хакей — гэта асноўныя віды спорту ўсюды, бо яны масавыя. «Гэта народныя віды спорту, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Па сваім асабістым жыцці я заўсёды прызнаваў, што я гуляў у футбол, а не ў хакей. Хаця летам — футбол, зімой — хакей. Са школьнага ўзросту. Але справа не ў гэтым. Справа ў тым, што ўвагі ўдзялялася дастаткова».
«Гэта галоўны ідэалагічны праект»
Вяртаючыся да хакея, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што каманда «Дынама-Мінск» з’яўляецца важным ідэалагічным праектам у нашай краіне. «Народная каманда, як яе вызначылі, — удакладніў беларускі лідар. — Гэта галоўны ідэалагічны праект. Каманда гуляла ў чэмпіянаце, гуляла нядрэнна, увесь народ хадзіў, з усіх куткоў краіны прыязджалі людзі, каб паглядзець на каманду. Ну што яшчэ трэба? Вось вам самая ідэалогія на канкрэтным факце. Каманда стала галоўным ідэалагічным праектам, асабліва ў Мінску».

Але калі гэта важны праект, на які можна абапірацца, то, па словах кіраўніка дзяржавы, яго трэба развіваць. «Тое, што прагрэс у каманды, — гэта факт, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ніхто гэта не аспрэчвае. Тое, што каманда не дасягнула таго, чаго павінна была дасягнуць і што абяцалі, — гэта факт. Арцём Каркоцкі (генеральны дырэктар хакейнага клуба „Дынама-Мінск“. — „Зв.“) „ехаў па кубак“ — цытую. У мяне памяць добрая, калі людзі нешта абяцаюць. Я думаў: цяпер хлопцы адарвуцца і пакажуць сапраўдную гульню. Ну, калі не кубак, то ў плэй-оф пакажуць сябе прыстойна».
Аднак гэтага не адбылося. Мінскія дынамаўцы завяршылі сезон КХЛ 2025/2026 на стадыі паўфіналу канферэнцыі (1/4 плэй-оф), прайграўшы казанскай камандзе «Ак-Барс» у серыі з лікам 0:4.
«Вы мне жалезабетонна паабяцалі, што апошнюю гульню вы выйграеце і прывезяце гульню ў Мінск, — нагадаў Прэзідэнт. — І мы вас чакалі ў Мінску. Але вы чамусьці дагэтуль у Мінск едзеце».
Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы на цырымонію ўшанавання капітана мінскага «Дынама» Андрэя Стася, якая адбылася ў гонар яго тысячнага матча ў КХЛ, што, па яго словах, магло паўплываць на вынік гульні. «Ну, добра, чалавеку прыемна, а каманду збілі з панталыку, і пакрыўдзіліся нават на „Ак-Барс“, што яны не выйшлі на пляцоўку, — прывёў дэталі Прэзідэнт. — Яны правільна зрабілі. Гэта добра, што яны пратэст не падалі на нас, што мы танцулькі зладзілі ў той час, калі гуляць трэба было. Ладна, спішам на тое, што мы тут дзесьці недапрацавалі. Збоі бываюць усюды, але трэба рухацца наперад».
А як рухацца наперад, калі, па словах беларускага лідара, няма паглыбленасці ў працэс ні федэрацыі хакея, ні чыноўнікаў, у тым ліку адказных за спартыўную галіну. «Хто перашкаджаў збірацца і прымаць рашэнні: пачынаючы ад фінансавання і заканчваючы спортам увогуле, гульнёй?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

«Калектыўным прэзідэнтам» у спорце, які павінен прымаць рашэнні, кіраўнік дзяржавы назваў намесніка Прэм’ер-міністра Наталлю Пяткевіч, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктара Лукашэнку і міністра спорту Сяргея Кавальчука. Паглыбленымі ў спартыўную галіну, па меркаванні Прэзідэнта, таксама павінны быць міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і старшыня Цэнтральнага савета Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» Дзмітрый Балаба.
«Там павінны быць свае, дамарошчаныя»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што калі б спорт у Беларусі па ўсіх кірунках развіваўся хаця б так, як у савецкія часы, то і вынікі былі б лепшыя. «У нас школы былі нядрэнныя: гандбол, футбол, хакей, лёгкая атлетыка, іншыя віды, — нагадаў ён. — Пачынаем мы западаць у зімовых відах спорту. Лыжнікаў увогуле не бачна. Баюся, што заўтра і весляры завяслуюць пад хвалю».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, як спытаў у аднаго з трэнераў пра падыходы да падрыхтоўкі ў міжсезонны перыяд па аналогіі з методыкай выдатнага савецкага трэнера Анатоля Тарасава, і ўдакладніў, чаму так не робяць цяпер.
«Ён шчыра гаворыць: „А нашы не вытрымаюць гэтага“, — прывёў дэталі размовы кіраўнік дзяржавы. — Дык навошта нам такія спартсмены, хакеісты? Сёння палова міжсезонкі прайшло, а ў вас няма ні каманды, ні трэнера. Як вы будзеце рыхтавацца да сезона? Яны на „зямлі“, як вы гаворыце, павінны быць падрыхтаваны да сезона. А вы не гатовы. Хто ў Турцыі, хто ў Эміратах, хто дзе — адпачываеце».
Па словах Прэзідэнта, мінскім дынамаўцам патрэбен вельмі прасунуты, моцны і аўтарытэтны трэнер. Акрамя таго, як падкрэсліў беларускі лідар, неабходна рабіць стаўку на айчынных хакеістаў.

«Дзе нашы 23-25-гадовыя (хлопцы. — „Зв.“), дзе людзі нашы? — пацікавіўся ён у адказных за хакейную галіну чыноўнікаў. — Чаму ў нас ажно палова каманды — імпартная. У вас што, лішнія грошы ёсць плаціць там амерыканцам і іншым? У іх сваіх грошай хапае. У хакеі расійскім пяць чалавек (замежных гульцоў. — „Зв.“) — абмежаванне на легіянераў, а ў нас гэтага няма. У нас ажно 14, калі дакладна, чалавек — расіян і замежнікаў. Дык як мы будзем развіваць свой хакей? Як будзе зборная гуляць потым? Там павінны быць свае, дамарошчаныя».
Па словах кіраўніка дзяржавы, адказныя за спартыўную сферу чыноўнікі няправільна зразумелі яго падыходы да спорту і, у дадзеным выпадку, да галоўнай каманды, якая, як заўважыў беларускі лідар, хоць неяк засвяцілася ў гэтай безнадзейнасці.
«Рухацца трэба далей, — паставіў задачу Прэзідэнт. — І падбіраць людзей трэба пад тое, як мы будзем рухацца. І сістэму трэба выбудоўваць так, каб быў гэты рух».
«Пытанне ў тым, як будзем рухацца далей»
Гаворачы аб выніках праверкі Камітэтам дзяржаўнага кантролю хакейнага клуба «Дынама-Мінск», Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праверка праводзілася не для таго, каб кагосьці пакараць, а для таго, каб разабрацца, што адбываецца ў клубе. «Дакладваюць не вельмі прывабную карціну», — канкрэтызаваў Прэзідэнт.
У прыватнасці, яна датычыцца нерацыянальнага выкарыстання кадравых рэсурсаў. «Там Каркоцкага (гендырэктара. — „Зв.“) і траіх чалавек дастаткова для таго, каб выконваць спецыфічныя функцыі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — А ўсё астатняе — трэба прыцягнуць тое, што ёсць у краіне».

Па словах Прэзідэнта, КДК давялося паглядзець, колькі ў хакейным клубе працуе людзей, чым яны займаюцца. «Мы плачамся, што ў нас не хапае на вытворчасці людзей: рабочых, сялян і гэтак далей, — заўважыў ён. — Дык як іх будзе хапаць, калі ў вас 200 чалавек прыцягвалася на працягу сезона да работы ў камандзе? І штатных — 56 чалавек. Вы што, звар’яцелі? 56 чалавек! Навошта?»
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: трэба выкарыстоўваць тых спецыялістаў, якія ўжо ў краіне ёсць. «А то мы стварылі дубліруючыя структуры — гэта што за бардак у краіне? — пацікавіўся Прэзідэнт. — Людзі павінны працаваць канкрэтна на месцах. Восем гадзін кожны павінен адпрацаваць. Ну, сем гадзін. Прыйшоў, сем гадзін адпрацаваў — ідзі дадому. І трэба будзе 5 чалавек, а не 65».
Удакладніў кіраўнік дзяржавы і тое, чаму там працуюць людзі, якія не маюць ніякіх адносін да эканомікі, фінансаў. «Чаму вы гэта не бачылі, пакуль да вас камітэт не прыйшоў? — удакладніў ён. — Гэта дэталі, каб вы разумелі, што я паглыблены ў гэту праблему, і нікому адскочыць не атрымаецца: ад кіраўніка Адміністрацыі (Прэзідэнта. — „Зв.“) і віцэ-прэм’ера да трэнера і хакеіста».
Па словах беларускага лідара, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў павінен забяспечваць кантроль над хакейным клубам, а старшыня Цэнтральнага савета Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» Дзмітрый Балаба — аказаць патрэбную дапамогу: фінансавую, бухгалтарскую і іншую.
«Пытанне не ў тым, каб кагосьці пакараць, пасадзіць, спытаць строга (хаця недахопаў хапае), а ў тым, як будзем рухацца далей, як не страціць тое, што ёсць, — патлумачыў беларускі лідар, з чым звязаны яго патрабаванні. — Я хачу, каб вы разумелі маю мэту. Я хачу бачыць і Кубракова, і Балабу, і міністра спорту, і, галоўнае, кіраўніка нашай федэрацыі (у хакеі, у спорце ў цэлым. — «Зв.»).
І адгаворкі аб тым, што нашы спартсмены не выступаюць на міжнароднай арэне, па словах кіраўніка дзяржавы, не прымаюцца. «Я вам сказаў — перамагайце ў Расіі, — нагадаў ён сваё ранейшае патрабаванне. — А не ўсюды вы перамагаеце. І мала дзе вы перамагаеце. Калі лёгкаатлеты ў Расіі будуць перамагаць і хакеісты, я ўпэўнены, што на міжнародных пляцоўках, калі прыйдзе час (а ён прыходзіць), вы выступіце. Ну пажывём — убачым».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што патрэбен вынік. «Няма выніку — няма руху — няма работы», — канстатаваў ён.
«Няма таго аб’екта ў мастацтве, культуры і спорце, які б мы не давялі да сусветнага ўзроўню»
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўзняў пытанне належнага ўтрымання спартыўных аб’ектаў. Яны, па яго словах, павінны знаходзіцца ў такім стане, каб туды было не сорамна зайсці.
Праз гэту прызму кіраўнік дзяржавы даручыў паглядзець на ўвесь спорт. «Калі пра хакей сёння размова, паглядзець, а што ў нас робіцца з хакеем, чаго не хапае, — канкрэтызаваў ён. — Чаму каманда, калі была адна пляцоўка, або паўтары пляцоўкі хакейныя — і ў шведаў выйгравалі, і на Алімпіядзе гулялі і яшчэ дзесьці?»
Па словах Прэзідэнта, трэба пачынаць працаваць. «Давайце вынік, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяржаве патрэбен вынік. Для вас створаны ўсе ўмовы. Велатрэку не было — катайцеся. Стадыёна канькабежнага не было — бегайце. Трэніруйцеся — кампактная краіна. Адзін за адным, дзень і ноч. Я не хачу пералічваць усе гэтыя аб’екты. Няма таго аб’екта ў мастацтве, культуры і спорце, да якога я б не дакрануўся і які б мы не давялі да сусветнага ўзроўню. Давайце вынік».
Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для таго, каб дасягнуць выніку, патрэбна арганізаваць сістэму ў цэлым. «Знайдзіце кожнаму месца: людзі здольныя, разумныя, павыганяць іх мы заўсёды паспеем, — даручыў беларускі лідар. — Але яны павінны разумець, што пасля сённяшняй размовы ў спорце і асабліва ў хакеі, у клубе „Дынама“, ніякіх адступленняў не будзе. Прыярытэт — трэба развіваць беларускі хакей. Усё-такі грошы там немалыя. Трэба рухацца. І да мяне хадзіць па грошы не трэба. Па-гаспадарску трэба падысці і лічыць грошы. І нацэленасць адна — у чвэрцьфінал (КХЛ. — „Зв.“) трапілі, заўтра (у наступным сезоне. — „Зв.“) трэба кубак браць».

«Рыхтуйце трэнераў»
У сваім дакладзе міністр спорту Сяргей Кавальчук расказаў аб тых відах спорту, дзе беларусы апошнім часам былі найбольш паспяховыя: заваёўвалі медалі чэмпіянатаў свету і Еўропы. У прыватнасці, на чэмпіянаце Еўропы па скачках на батуце нацыянальная каманда выступіла паспяхова, заваяваўшы 14 медалёў: 9 залатых, 3 сярэбраныя і 2 бронзавыя. Акрамя таго, залатыя медалі заваяваны на чэмпіянатах Еўропы па акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ. Па словах міністра спорту, пасля поспехаў знакамітай беларускі Кацярыны Карстэн у веславанні падрастае дастойная змена.
Расказаў кіраўнік ведамства і аб поспехах беларускіх спартсменаў у мастацкай гімнастыцы. На чэмпіянаце Еўропы ў гэтым відзе спорту зборная Беларусі заваявала тры медалі (адзін залаты і два сярэбраныя). Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што ў мнагабор’і па мастацкай гімнастыцы беларускія спартсменкі не дэманструюць чаканых вынікаў. «Там, дзе мы заўсёды нечым вылучаліся, мы пайшлі на спад», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Сяргей Кавальчук запэўніў, што ў мастацкай гімнастыцы ёсць маладыя перспектыўныя спартсменкі, якія яшчэ могуць праявіць сябе на міжнародных спаборніцтвах. Аналагічная сітуацыя, паводле яго слоў, і ў грэка-рымскай, вольнай барацьбе.
Гаворачы аб сітуацыі ў футболе, Сяргей Кавальчук звярнуў увагу на ролю трэнера Нацыянальнай зборнай краіны па футболе Віктара Ганчарэнкі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ні ў футболе, ні ў іншых відах спорту нельга рабіць стаўку толькі на аднаго трэнера. Такіх спецыялістаў, па яго словах, трэба некалькі ў кожным з відаў спорту. «Няма яго — і бяда потым, — канстатаваў Прэзідэнт. — Потым вы зноў будзеце тых, якія спатыкаюцца, заікаюцца, трэнерамі запрашаць. Рыхтуйце гэтых трэнераў».

Аляксандр Лукашэнка папрасіў назваць некалькі кандыдатур, якія маглі б трэніраваць хакеістаў мінскага «Дынама». Міністр звярнуў увагу на некаторыя прозвішчы, растлумачыўшы, што ёсць перспектыўныя спецыялісты, але пакуль яны недастаткова падрыхтаваныя, каб займацца такім прэстыжным клубам. Набраўшыся досведу, па яго меркаванні, яны падыдуць да гэтага ў будучыні. Аднак усё ж такі кандыдат на пасаду трэнера мінскага «Дынама», па словах міністра спорту, знойдзены, з ім вядуцца перагаворы.
На закрытай частцы нарады адбылася вельмі сур’ёзная размова. Да пачутага ад старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава Прэзідэнт аднёсся жорстка. Адпаведна, пастаўлена задача — працягнуць праверку, якая закране ўсе спартыўныя клубы краіны. Народныя каманды павінны быць народнымі ва ўсім: не адрывацца ад народа і лічыць бюджэтныя сродкі.
Даслоўна
«Каб сродкі, якія накіроўваюцца на спорт, ішлі на спорт»
У размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Наталля ПЯТКЕВІЧ адзначыла, што тэмай нарады першапачаткова было заяўлена развіццё хакея ў краіне, але кіраўнік дзяржавы маштабаваў яе ў цэлым на ўсю спартыўную галіну.
«У тым ліку таму, што сёння, нарэшце, здымаюцца абмежаванні па допуску нашых спартсменаў, спартыўных каманд на сусветную арэну, і ўжо адгаворак, што нас кудысьці не пускаюць і няма спаборніцкага працэсу, больш няма, — патлумачыла віцэ-прэм’ер. — Усе каманды і ўся спартыўная вертыкаль павінны быць гатовы, каб годна, як заўсёды, прадстаўляць краіну. Патрэбен вынік. Ён патрэбен краіне. Ён патрэбен нашым балельшчыкам».
Па словах Наталлі Пяткевіч, на прыкладзе асноўнай каманды краіны — хакейнага клуба «Дынама-Мінск» — Прэзідэнт паглядзеў на стан спраў у іншых спартыўных клубах. Намеснік Прэм’ер-міністра ўдакладніла, што асобна на нарадзе адзначалася паспяховае выступленне клуба ў мінулым сезоне КХЛ, дзе каманда «Дынама-Мінск» ўпершыню дасягнула такіх высокіх вынікаў. Па яе словах, гэта вельмі знакава і адбылося ў тым ліку дзякуючы як трэнерскаму штабу, так і ігракам.

«Нягледзячы на паражэнне, якое засмуціла ўсіх нас, тым не менш, каманда выступіла вельмі годна, — канстатавала Наталля Пяткевіч. — Гэта трэба прызнаць. Але кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў: «Што далей?» Гэтыя перспектывы былі ў цэнтры самай пільнай увагі — з чым мы ідзём у наступны сезон і ў хакеі, у цэлым у іншых відах спорту і, у прыватнасці, з хакейным клубам «Дынама».
Адным з дакладчыкаў на нарадзе быў старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, які праінфармаваў аб выніках праверкі ЗАТ «Хакейны клуб «Дынама-Мінск». «Было даложана аб шэрагу сур’ёзных недахопаў, якія, вядома, не застаюцца па-за ўвагай кіраўніка дзяржавы, — канкрэтызавала Наталля Пяткевіч. — У сувязі з гэтым было даручана Камітэту дзяржкантролю і Міністэрству ўнутраных спраў праверыць у цэлым спартыўныя клубы ў нашай краіне. Для таго, каб сродкі, якія накіроўваюцца на спорт (сродкі дзяржаўнай падтрымкі — гэта значыць, мэтавыя сродкі), ішлі на спорт, а не на нейкія іншыя патрэбы, не звязаныя са спортам, у тым ліку для задавальнення пэўных гаспадарчых патрэб».
«За гады існавання суверэннай Беларусі зроблена вялікая работа па навядзенні парадку на спартыўных аб’ектах»
Як звярнуў увагу міністр спорту Сяргей КАВАЛЬЧУК, асаблівая ўвага падчас нарады была ўдзелена такім масавым гульнявым відам спорту, як хакей і футбол. «Велізарная колькасць тых, хто займаецца гэтымі відамі (спорту. — „Зв.“), — канстатаваў кіраўнік ведамства. — У спартыўную інфраструктуру дзяржавай укладзены вялікія сродкі. Таму яна мае права ад укладзеных сродкаў чакаць выніку».
Па словах Сяргея Кавальчука, у апошнія гады зроблены значны рывок у развіцці беларускага хакея, вырас прафесійны ўзровень спартсменаў. Ён удакладніў, што некаторыя з іх выступаюць у НХЛ, КХЛ, АХЛ. «Але трэба ўлічваць, што паралельна расце ўзровень хакеістаў з іншых краін, — звярнуў увагу міністр спорту. — Таму мы павінны ісці ў нагу з часам і паспяваць за іншымі камандамі, якія ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах».

Кіраўнік ведамства ўдакладніў, што акцэнт будзе зроблены на развіцці беларускай школы хакея, на падрыхтоўцы айчынных трэнераў. «Для гэтага трэба больш задзейнічаць маладых хакеістаў, каб яны ўдзельнічалі ў розных зборных камандах, выступалі за клубы, — канкрэтызаваў ён. — Увесь дыялог па развіцці хакея ішоў у гэтым напрамку — аб тым, што сёння трэба больш развіваць наш айчынны спорт, айчынны хакей. Кампетэнцыі трэнераў — важны элемент».
Гаворачы аб хакейным клубе «Дынама-Мінск», міністр спорту паведаміў, што па выніках нарады прынята рашэнне ўзмацніць ролю і работу назіральнага савета за дзейнасцю клуба. Акрамя таго, будзе зроблены акцэнт на падборы хакеістаў і трэнерскага складу.
Што датычыцца патрабавання Прэзідэнта падтрымліваць у належным стане спартыўныя аб’екты, Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што за гады існавання суверэннай Беларусі зроблена вялікая работа па навядзенні парадку на спартыўных аб’ектах. «Усе аб’екты, якія знаходзяцца ў распараджэнні Мінспорту, у належным стане, — канстатаваў міністр. — Мы можам ганарыцца нашымі спартыўнымі аб’ектамі».
«Будзем дасягаць новых вынікаў»
Па словах старшыні назіральнага савета ЗАТ «Хакейны клуб «Дынама-Мінск», намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Дзмітрыя БАСКАВА, Прэзідэнт, як заўсёды, патрабуе ад усіх такіх жа адносін, якія ў яго ёсць, да ўсіх пытанняў, звязаных з развіццём нашай краіны. «Для нас гэта нарада — новая матывацыя, — канстатаваў старшыня назіральнага савета. — Будзем дасягаць новых вынікаў».
Што датычыцца перагаворнага працэсу па пошуку галоўнага трэнера мінскага «Дынама», Дзмітрый Баскаў адзначыў, што ён ужо вядзецца на працягу двух тыдняў. «Мы вядзём перагаворы з трэнерамі, якія маюць багаты вопыт выступлення ў Нацыянальнай хакейнай лізе, у Амерыканскай хакейнай лізе — гэта значыць, маюць вопыт вялікіх перамог і ў клубах НХЛ, і на чэмпіянатах свету маладзёжных і не толькі, — удакладніў ён. — Ёсць аб’ектыўна адзін трэнер, на якога мы робім акцэнт, і літаральна днямі мы павінны вызначыцца, ці стане ён новым галоўным трэнерам хакейнага клуба „Дынама-Мінск“. Мы разумеем, што галоўны трэнер у новым сезоне павінен быць дакладна з добрым вопытам, бэкграўндам, добра падрыхтаваным, валодаць замежнымі камунікацыямі. У тым ліку тымі, якія датычыцца ігракоў, бо філасофія — у падрыхтоўцы маладых беларусаў побач з вопытнымі легіянерамі».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА