Top.Mail.Ru

Кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з Прэм’ер-міністрам Казахстана

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў у Палацы Незалежнасці Прэм’ер-міністра Рэспублікі Казахстан Алжаса Бекценава, які гэтымі днямі наведвае нашу краіну з афіцыйным візітам. Візіт кіраўніка казахстанскага ўрада сумешчаны з удзелам у мерапрыемствах Еўразійскага міжурадавага савета і выстаўкі «ІНАПРАМ». Падчас сустрэчы з беларускім лідарам бакі абмеркавалі вынікі і перспектывы развіцця далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.


«Закрытых тэм няма, мы з задавальненнем будзем з вамі працаваць»

Прэзідэнт Беларусі цёпла сустрэў кіраўніка ўрада Рэспублікі Казахстан, які ўжо ў трэці раз наведвае нашу краіну ў якасці Прэм’ер-міністра. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Беларусь вы добра ведаеце. Нашы магчымасці добра ведаеце, таму няма неабходнасці мне прысвячаць вас у нашы магчымасці». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што мы гатовы супрацоўнічаць з Казахстанам па самых розных кірунках. «Яшчэ раз хачу падкрэсліць, я пра гэта публічна ўжо гаварыў: Казахстан для нас вельмі цікавы партнёр і сяброўская для нас краіна, — заявіў беларускі лідар. — І калі ваша вока зачэпіць нешта ў Беларусі ў плане машынабудавання (а гэта для Казахстана важна, як і для Беларусі), у галіне развіцця сельскай гаспадаркі, высокіх тэхналогій і іншых пытанняў, — закрытых тэм няма, мы з задавальненнем будзем з вамі працаваць. Прытым адносіны паміж нашымі краінамі з даўніх часоў вельмі добрыя. Пры цяперашнім Прэзідэнце (Казахстана. — «Зв.») яны не пагоршыліся, а, наадварот, — палепшыліся». 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яго казахстанскі калега надае вялікую ўвагу развіццю двухбаковых адносін. «Мы часта закранаем тэму паляпшэння нашых адносін у плане прывязкі нашых эканомік, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Гэта вельмі важна ў сувязі з тым, што вы сёння эканамічны кірунак у Казахстане ўзначальваеце. У вас склаліся добрыя адносіны з нашым Прэм’ер-міністрам. Ён мне ўвесь час расказвае аб вашых кантактах. Я вельмі задаволены гэтым і гатовы далучыцца да любога пытання для прасоўвання нашых адносін». 

Прэзідэнт Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што дэлегацыя Казахстана прыехала не да чужых людзей. «Беларусы вашы блізкія людзі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што два народы літаральна „крывёй звязаныя“. — Таму што вельмі многія казахскія грамадзяне, казахстанцы абаранялі Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны і тут праславіліся. Мы гэта цэнім, нікога не забылі».

Кіраўнік дзяржавы пажадаў Алжасу Бекценаву поспехаў у ходзе яго візіту ў Беларусь, і ў тым ліку на сумесных мерапрыемствах з замежнымі калегамі. 

«Беларусь для нас — гэта гістарычна заўсёды блізкі і давераны саюзнік і партнёр»

У сваю чаргу Прэм’ер-міністр Рэспублікі Казахстан Алжас Бекценаў падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. Кіраўнік урада таксама перадаў самыя цёплыя словы прывітання і пажаданні ад Прэзідэнта Казахстана. 

«Ён надае вельмі вялікае значэнне развіццю казахска-беларускіх сувязяў і адносін. Беларусь для нас — гэта гістарычна заўсёды блізкі і давераны саюзнік і партнёр, — канстатаваў Прэм’ер-міністр. — Як вы правільна заўважылі, мы звязаны шматвяковымі вузамі сяброўства. Мы гэта ўсё ўсведамляем, і ўрады дзвюх краін, і мы з Аляксандрам Генрыхавічам Турчыным працуем над тым, каб як мага больш эфектыўна рэалізоўваць тыя дамоўленасці, якія дасягнуты на вышэйшым узроўні паміж Вамі і Прэзідэнтам Казахстана».


Лічбы і факты

У 2025 годзе тавараабарот склаў 1,38 мільярда долараў і ў параўнанні з 2024 годам павялічыўся на 23,9 %, экспарт — 1,08 мільярда долараў (на 21,9 %), імпарт — 0,3 мільярда долараў (на 31,2 %). Сальда дадатнае — 0,78 мільярда долараў.

У студзені—ліпені 2026 года тавараабарот дасягнуў 836,9 мільёна долараў (павялічыўся на 16 % да ўзроўню аналагічнага перыяду 2025 года), экспарт — 659,3 мільёна долараў (на 18,8 %), імпарт — 177,6 мільёна долараў (на 6,9 %). Сальда дадатнае — 481,7 мільёна долараў.

Асноўнымі пазіцыямі экспарту сталі малако і вяршкі згушчаныя і сухія, сыры і тварог, часткі рухомага складу, каўбасы і аналагічныя прадукты з мяса, ялавічына замарожаная, трактары і седлавыя цягачы, масла сметанковае, пліты драўняна-стружкавыя, нафтапрадукты, драты ізаляваныя, кабелі.

Аснову імпарту склалі фасфаты кальцыю прыродныя, сродкі для валасоў, часткі рухомага складу, касметычныя сродкі для догляду скуры, дэкаратыўная касметыка, насенне рапсу, шакалад і іншыя гатовыя харчовыя прадукты.

У 2025 годзе аб’ём гандлю паслугамі павялічыўся да 470,5 мільёна долараў (105,9 % да паказчыка 2024 года), імпарт узрос да 218 мільёнаў долараў (115,7 %). Сальда дадатнае — 34,5 мільёна долараў.

У студзені—ліпені 2026 года аб’ём гандлю паслугамі склаў 381,7 мільёна долараў і ў параўнанні са студзенем—ліпенем 2025 года павялічыўся на 54,1 %, экспарт — 199,3 мільёна долараў (рост на 54,4 %), імпарт — 182,4 мільёна долараў (рост на 53,7 %). Сальда дадатнае — 16,9 мільёна долараў.

У 2025 годзе ў эканоміку Беларусі паступіла 69,2 мільёна долараў казахстанскіх інвестыцый (рост у 2,2 раза), з іх прамых — 26,6 мільёна долараў (павелічэнне на 2,6 %), у першым паўгоддзі 2026 года — 104,8 мільёна долараў (рост у 6,2 раза), з іх прамых — 52,7 мільёна долараў (рост у 4,6 раза).

На 1 ліпеня 2026 года аб’ём назапашаных замежных інвестыцый, якія паступілі ў Беларусь ад казахстанскіх інвестараў, склаў 311,6 мільёна долараў, з іх прамых — 123,5 мільёна долараў.

Усяго ў Беларусі дзейнічае 69 прадпрыемстваў з казахстанскім капіталам, у Казахстане зарэгістравана 1107 кампаній з беларускім удзелам. Пры гэтым тавараправодная сетка айчынных вытворцаў у Казахстане ўключае больш за 40 кампаній, створаных з прыцягненнем беларускага капіталу, а таксама больш за 170 суб’ектаў дылерскай сеткі. Функцыянуюць 7 сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі і абсталявання.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю