Працоўны тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з цёплай сустрэчы з кардыналам Клаўдзіа Гуджэроці — прэфектам Дыкастэрыі Усходніх цэркваў, спецыяльным пасланнікам Папы Рымскага Льва XIV.
Кардынал гэтымі днямі знаходзіцца з візітам у нашай краіне, прымеркаваным да ўрачыстасцяў з нагоды 100-годдзя Пінскай епархіі. З 2011 па 2015 гады Клаўдзіа Гуджэроці служыў Апостальскім нунцыем у Беларусі і нават называў нашу краіну другім домам. Таму сустрэча ў кабінеце беларускага лідара насіла не пратакольны, а сяброўскі характар.
«Я азнаёмлены ў дэталях з вашым візітам. Вельмі рады, што вы ўспомнілі Беларусь і вам спадабалася Беларусь, спадабаліся нашы людзі. Усе. Не толькі католікі, праваслаўныя. І іншыя людзі. І нават мусульмане вельмі добра ўспрынялі ваш візіт. Гэта сведчыць, што ваш след у Беларусі, прабачце за таўталогію, быў не бясследны, — вітаў госця кіраўнік дзяржавы. — Таму я шчыра рады сустрэцца з вамі. Я памятаю ўсе нашы сустрэчы, размовы, перагаворы, абавязацельствы, якія мы выконваем, выканалі ці нешта не выканалі — мы сёння з вамі адкрыта па-сяброўску пагаворым пра гэта. Я вельмі рады сустрэцца і абмеркаваць усе пытанні, якія, магчыма, назапасіліся ў нашых адносінах».
«Я віншую вас з вельмі паспяховай службай. Я вельмі рады за вас і лічу, што ў вашым поспеху ёсць маленькая часцінка душы беларускай. Мы вас вітаем тут у любы час. Прыязджайце. Я не ведаю, якая віза яму патрэбная. Ён беларус фактычна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Клаўдзіа Гуджэроці ўсё ж пацвердзіў, што атрыманне візы патрабуецца, і яе атрымання даводзіцца чакаць прыблізна 15 дзён. «Не, мы вырашым пытанне, каб вы прыязджалі ў Беларусь у любы час без усялякіх 15 дзён. Вы нам не чужы чалавек», — запэўніў беларускі лідар.
У сваю чаргу Клаўдзіа Гуджэроці прызнаўся, што вельмі рады таму, што Папа Рымскі даручыў менавіта яму здзейсніць візіт у Беларусь. «Можа, таму што ён ведае: мне падабаецца Беларусь», — адзначыў ён. Кардынал падзяліўся ўражаннямі ад урачыстасцяў у Пінску, Брэсце, Гомелі. Па яго словах, гэта было цудоўна. Асобна ён звярнуў увагу на тое, што ў мерапрыемствах удзельнічала шмат моладзі і дзяцей, — гэта дае надзею на будучыню.

«Для Ватыкана важны дыялог, глядзець адзін аднаму ў вочы і разумець, што ў нас ёсць душа. Усё магчыма, калі ты адчуваеш, што паважаеш і любіш чалавека. Будучыня ў нашых руках і руках Божых», — рэзюмаваў Клаўдзіа Гуджэроці.
Даслоўна«Я з вамі цалкам згодны», — адказаў Прэзідэнт.
Кожны народ важны. Народы трэба падтрымліваць у іх развіцці
У размове з журналістамі Клаўдзіа Гуджэроці адзначыў, што Папа Рымскі Леў XIV — нававыбраны Папа і ён цяпер знаёміцца з рознымі рэгіёнамі і рознымі краінамі свету. «На шчасце, мы ўжо маем пасла Беларусі пры Святым Прастоле, які актыўна працуе. Ён выдатны прафесіянал і мае выдатныя кантакты. У Беларусі новы нунцый, які прыехаў некалькі месяцаў таму, — адзначыў Клаўдзіа Гуджэроці. — Ватыкану важна даць магчымасць кожнай краіне, кожнаму народу не адчуваць сябе народам „другога гатунку“. Кожны народ важны. Народы трэба падтрымліваць у іх развіцці».
Кардынал падзяліўся назіраннямі — за гэтыя дні ў Беларусі ён убачыў шмат маладых людзей, якія глядзяць на свет з пазітывам. Паводле яго слоў, нельга ігнараваць такі патэнцыял, трэба яго выкарыстоўваць у тым ліку і для супрацоўніцтва са Святым Прастолам. «Існуюць некаторыя праблемы, якія трэба вырашаць, і ў Беларусі пра гэта ведаюць. Католікі тут адчуваюць сябе добра, яны нічога не патрабуюць. Каталіцкая і праваслаўная царква маюць добрыя адносіны. Мы разам шукаем шляхі і спосабы развязкі складанай сітуацыі ва Украіне, мы робім усе магчымыя крокі, каб не было палітыкі раздзялення, а наадварот, было толькі супрацоўніцтва, яднанне і мір», — падкрэсліў Клаўдзіа Гуджэроці. Ён зазначыў, што для Ватыкана непрымальная ізаляцыя краін і народаў. Кардынал назваў такую палітыку самагубнай для тых, хто яе праводзіць. «Усе народы павінны працаваць і супрацоўнічаць разам, каб завяршыць вайну, — перакананы Клаўдзіа Гуджэроці. — Прэзідэнт Беларусі тонка адчувае праблему бяспекі ў рэгіёне. Праблема бяспекі цяпер існуе для ўсіх краін, гэта не праўда, што ў Еўропе цяпер бяспечна. І для вырашэння названых праблем, у тым ліку і з бяспекай, трэба рабіць канкрэтныя крокі для аб’яднання. Не бывае вечных ворагаў. Мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб скончыць гэты час варожасці. Таму што Бог стварыў свет для міру, дабрабыту і прыгажосці — гэта ў яго праекце. І мы робім усё, каб дасягнуць гэтага міру».
Аднак, расказаў Клаўдзіа Гуджэроці, не ўсім еўрапейскім палітыкам зразумела і прыемна тое, што кажа Папа Рымскі. «Тэма санкцый — гэта пытанне, якое існуе ў сусветнай палітыцы. Але санкцыі, на жаль, прыносяць праблемы простым людзям. Вертыкалі не адчуваюць іх так моцна. Народ адчувае на сабе ўплыў санкцый, і гэта не спрыяе дыялогу», — адзначыў ён.
Клаўдзіа Гуджэроці, акрамя роднай італьянскай, валодае лацінскай, грэчаскай, англійскай, французскай, армянскай, курдскай і рускай мовамі. Ён расказаў, што ў гэтыя дні маліўся і па-беларуску. «На жаль, я не так часта бываю ў Беларусі. Але я не забываю гэту краіну, бо тут у мяне быў вельмі добры досвед, у мяне тут шмат сяброў. І спадзяюся, што буду бываць тут часцей», — прызнаўся Клаўдзіа Гуджэроці.
Валерыя СЦЯЦКО