Top.Mail.Ru

У Бішкеку 26 лістапада адбылася двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным

«Па-першае, дзякуй, што знайшлі час выканаць абяцанне, — адзначыў беларускі лідар. — Мы дамовіліся загадзя з вамі, што ў гэты час сустрэнемся. Ведаю, што ў вас нялёгкія былі дні. Усё ж такі афіцыйны візіт (Прэзідэнта Расіі ў Кыргызстан. — „Зв.“) — гэта заўсёды нагрузка прыстойная. Тым не менш, як вы правільна сказалі, заўсёды ёсць не проста аб нечым пагаварыць. Ёсць пытанні, якія трэба абмеркаваць.


І для далейшага прыняцця рашэння параіцца па некаторых пытаннях. Хоць іх менш не становіцца. І ўсё сур’ёзней і сур’ёзней. Таму я гатовы да таго, каб абмеркаваць надзённыя для Расіі і Беларусі пытанні».

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць аднавіць мірныя перагаворы па Украіне на мінскай пляцоўцы. «Калі ў вас будзе жаданне вярнуцца ў Мінск ізноў (гэта да месца будзе), вы ведаеце, мы заўсёды гатовы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Што датычыцца Украіны, нас часта папракаюць... Вы ведаеце, мы вядзём дыялогі і з Захадам, і з амерыканцамі. Калі яны пачынаюць пра гэта гаварыць, я ім задаю пытанне: «Вы што, не ведалі, што мы не проста родныя? У нас юрыдычна абгрунтаваныя дзеянні, мы ж саюзнікі».


Таму нават амерыканцы, па словах беларускага лідара, ніколі не ўздымаюць гэтае пытанне. «Адзін раз адсеклі — усё, гэта за вялікімі дужкамі. І ніякіх размоваў тут быць не павінна. Я спадзяюся, што ўсё будзе нармальна. Зыходзячы з апошніх падзей. Калі амерыканцы сябе будуць (ужо публічна скажу тое, што я ім сказаў) акуратна паводзіць, разумеючы, што гэта няпростае пытанне і патрабуе няпростых рашэнняў», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

У пачатку сустрэчы з беларускім лідарам Уладзімір Пуцін выказаў намер абмеркаваць тэму гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы і бягучай абстаноўкі па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту мірнымі сродкамі. Паводле слоў Уладзіміра Пуціна, абодвум лідарам «ёсць пра што пагаварыць». У прыватнасці, нядаўна падчас тэлефоннай размовы Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў Прэзідэнта Расіі пра бягучыя адносіны з краінамі-суседзямі.


«Я вас з задавальненнем праінфармую, што ў нас адбываецца ў кірунку дасягнення прымальных для нас вынікаў, шукаемых для нас вынікаў мірнымі сродкамі на ўкраінскім напрамку, — канстатаваў Уладзімір Пуцін. — Я ведаю, што вы заўсёды ў курсе, вас заўсёды гэта непакоіць. І вы таксама адзін з тых людзей, які імкнецца да таго, каб гэты канфлікт быў завершаны. Мы памятаем аб вашым укладзе ва ўрэгуляванне гэтага канфлікту. Прычым, нагадаю, літаральна з першых дзён усе намаганні, якія рабіліся Беларуссю па гэтым кірунку, мелі добры вынік. І першыя нашы кантакты па гэтым пытанні з кіеўскім рэжымам праходзілі менавіта на беларускай зямлі, пры вашым непасрэдным удзеле і падтрымцы».

Уладзімір Пуцін, гаворачы аб развіцці двухбаковых адносін Беларусі і Расіі, звярнуў увагу на станоўчую дынаміку ўзаемнага гандлю. Аб’ём тавараабароту і раней быў вялікім — звыш 50 мільярдаў долараў, і цяпер дэманструе добрую дынаміку. Расія лідзіруе сярод краін — інвестараў у беларускую эканоміку. Бакі сістэматычна рэалізуюць планы па ўдасканаленні і будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. «Гэта вельмі важна», — падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.

«У энергетыцы прадаўжаюцца ў нас дыскусіі. Мне здаецца, плённа ідуць», — дадаў ён.

У цэлым, як адзначыў Уладзімір Пуцін, развіваюцца адносіны і з іншымі краінамі — партнёрамі па ЕАЭС. Напрыклад, з Кыргызстанам, дзе праходзіць саміт АДКБ, дынаміка гандлёва-эканамічных адносін таксама станоўчая. «У цэлым у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза ў нас, на маю думку, справы ідуць добра, тэндэнцыі вельмі добрыя», — рэзюмаваў Прэзідэнт Расіі.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю