Top.Mail.Ru

Рабочая праграма прэзідэнтаў Беларусі і Узбекістана пачалася сёння ўвечары

Шаўкат Мірзіёеў 8 ліпеня прыбыў у Беларусь з афіцыйным візітам. Праграма візіту насычаная — плануецца, што кіраўнікі дзяржаў разгледзяць актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і перспектывы яго ўмацавання ў розных галінах. Цэнтральны кірунак перагавораў на найвышэйшым узроўні — развіццё вытворчай кааперацыі і рэалізацыя сумесных праектаў. Да падпісання рыхтуецца каля двух дзясяткаў дакументаў. Галоўны з іх — Дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан.


У аэрапорце ўзбекскага лідара сустрэў Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. У ліку тых, хто сустракаў з беларускага боку, таксама быў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. Шаўкат Мірзіёеў усклаў вянок да манумента Перамогі, ушанаваўшы памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, і накіраваўся на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, якая ў фармаце адзін на адзін адбылася дома ў беларускага лідара. Адбылася і нефармальная вячэра.

«Мы, як заўсёды, па-сяброўску з вамі абменьваемся ўсёй інфармацыяй» 

«Шаўкат Мірамонавіч, дзякуй вам за тое, што знайшлі час у гэты складаны, няпросты час прыехаць у Беларусь: з Азіі — прама ў цэнтр Еўропы, — адзначыў Аляксандр  Лукашэнка. — Я неяк не звяртаў увагі. Аказваецца, у нас на поўначы Беларусі — геаграфічны цэнтр Еўропы. Гэта мне ў Расіі расказалі. Таму прама ў цэнтр Еўропы прыехалі». 


Па словах Прэзідэнта Беларусі, падчас сустрэчы са сваім узбекскім калегам яны абмяркуюць усе пытанні закулісся. «І адкрытыя, і закрытыя пытанні, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Мы, як заўсёды, па-сяброўску з вамі абменьваемся ўсёй інфармацыяй, якая ў нас ёсць. Я да гэтага рыхтаваўся. І прытым даўно рыхтаваўся. Таму я вас яшчэ раз вітаю ў мяне дома». 

«Як дынамічна краіна развіваецца» 

Шаўкат Мірзіёеў выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку за запрашэнне. «Я з задавальненнем прыехаў (у Беларусь — „Зв.“), бо мне вельмі прыемна прыязджаць, сустракацца з вамі, — падкрэсліў Прэзідэнт Узбекістана. — На самай справе, у нас ёсць у гэты складаны час аб чым пагаварыць, абменьвацца меркаваннямі па ўсіх пытаннях. Гэтым разам мы вельмі сур’ёзна рыхтаваліся да гэтага візіту. Пасля вашага гістарычнага візіту (афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ва Узбекістан у лютым 2024 г. — „Зв.“) у нас абсалютна іншыя ўжо ўзаемаадносіны на ўсіх узроўнях. Прэм’еры сустракаюцца, міністры сустракаюцца, парламенты сустракаюцца». 

Узбекскі лідар заўважыў, што ўпершыню прывёз з сабой у Беларусь сур’ёзную дэлегацыю. Па яго словах, 230 кампаній, прадпрымальнікаў Узбекістана бяруць удзел у ІІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Шаўкат Мірзіёеў падкрэсліў, што форум арганізаваны на самым высокім узроўні. 

«Тры самыя буйныя рэгіёны (прадстаўлены. — „Зв.“), кожны з іх — чатырохмільённік, — звярнуў ён увагу. — Гэта Ташкенцкая вобласць, Ферганская вобласць і Андзіжанская вобласць. Яны прыехалі са сваімі калегамі. Вельмі шмат перспектыўных праектаў, як мне расказалі». 

Прэзідэнт Узбекістана даў высокую ацэнку развіццю Беларусі. «Сёння ехаў, бачыў, як дынамічна краіна развіваецца, людзі радасныя, на вуліцах парадак, — канкрэтызаваў ён. — Як заўсёды, пры вас краіна развіваецца. Я яшчэ раз з гэтымі поспехамі віншую. У нас ёсць добрая магчымасць абмяняцца меркаваннямі, паразмаўляць. Дзякуй вялікі!» 


Як адзначаецца на сайце пасольства Беларусі ва Узбекістане, гандлёва-эканамічныя адносіны паміж дзвюма краінамі дэманструюць устойлівую дынаміку росту, грунтуюцца на прынцыпах узаемнай выгады і стратэгічнага партнёрства. Па выніках 2025 года тавараабарот павялічыўся на 25 % і наблізіўся да адзнакі $1 млрд. У маі 2026 года ў ходзе 12-га пасяджэння міжурадкамісіі бакі ініцыявалі распрацоўку сумеснай праграмы, накіраванай на павелічэнне тавараабароту да $2 млрд да 2030 года. 

Прамысловая кааперацыя ахоплівае такія ключавыя сектары, як электратэхніка, фармацэўтыка, хімічная і тэкстыльная галіны, а таксама вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Традыцыйна важнымі вектарамі ўзаемадзеяння застаюцца сфера сельскагаспадарчага машынабудавання і ўзаемныя пастаўкі аграрнай прадукцыі. Пашыраецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Ва Узбекістане паспяхова ажыццяўляюць дзейнасць больш як 200 прадпрыемстваў з беларускім удзелам. У сваю чаргу на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана і працуе больш як 100 кампаній з прыцягненнем узбекскіх інвестыцый. 

Вераніка КАНЮТА

У тэму

У пер­шы дзень афі­цый­на­га ві­зі­ту Прэ­зі­дэн­та Уз­бе­кі­ста­на мі­ністр за­меж­ных спраў Бе­ла­ру­сі Мак­сім Ры­жан­коў і мі­ністр за­меж­ных спраў Уз­бе­кі­ста­на Бах­ты­ёр Са­ідаў удзельнічалі ва ўра­чыс­тай цы­ры­мо­ніі за­клад­кі алеі друж­бы Бе­ла­русь — Уз­бе­кі­стан. Алея дружбы дзвюх кра­ін бы­ла за­кла­дзе­на ў пар­ку 900-год­дзя Мін­ска на ву­лі­цы­ Таш­кенц­кай. Тут вы­са­дзі­лі са­джан­цы ра­бі­ны і ўста­на­ві­лі па­мят­ную таб­ліч­ку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю