Top.Mail.Ru

У Палацы Незалежнасці адбыліся беларуска-м’янманскія перагаворы на найвышэйшым узроўні

«М’янма з’яўляецца для нас важным і перспектыўным партнёрам у Паўднёва-Усходняй Азіі»


Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, М’янма — даўні партнёр Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўстаноўлены ў 1999 годзе. Наладжаны кантакты на найвышэйшым узроўні. Першы афіцыйны візіт у Рэспубліку Саюз М’янма Аляксандр Лукашэнка здзейсніў у лістападзе 2025 года. Сёлета, у ліпені, беларускі лідар наведваў Нейп’ідо з рабочым візітам. Прэзідэнт М’янмы Мін Аун Хлайн упершыню прыбыў у нашу краіну ў лістападзе 2014 года ў якасці Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Узброеных Сіл М’янмы. У 2025-м у сакавіку м’янманскі лідар зноў прыляцеў у Мінск — ужо ў статусе старшыні Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета і прэм’ер-міністра гэтай краіны, а ў чэрвені прымаў удзел у саміце ЕАЭС, які праходзіў у беларускай сталіцы, праводзіў перагаворы з кіраўніком нашай дзяржавы. Цяперашні афіцыйны візіт Прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна ў Мінск з’яўляецца сведчаннем эфектыўнай работы, якую Беларусь праводзіць як непасрэдна з М’янмай, так і з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі ў цэлым. 


Мін Аун Хлайн прыбыў у нашу краіну напярэдадні. Беларуска-м’янманская праграма на найвышэйшым узроўні пачалася ў чацвер вечарам з сустрэчы ў фармаце адзін на адзін дома ў Аляксандра Лукашэнкі. 

У асноўны дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта М’янмы ў Беларусь, 21 жніўня, перагаворы на найвышэйшым узроўні адбыліся ў Палацы Незалежнасці. Рытуал урачыстай цырымоніі сустрэчы высокага госця па традыцыі ўключаў выкананне дзяржаўных гімнаў дзвюх краін, суправаджэнне ротай ганаровай варты, абмен поціскамі рукі з прадстаўнікамі дэлегацый абодвух бакоў, сумеснае фатаграфаванне. 

Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Мін Аун Хлайна праходзілі ў вузкім і шырокім складах. Прэзідэнты зверылі пазіцыі па многіх пытаннях і задалі арыенціры ў двухбаковым супрацоўніцтве, ключавымі кірункамі якога з’яўляюцца прамысловасць, сельская гаспадарка, фармацэўтыка, навука і адукацыя, узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках. Па выніках перагавораў бакі падпісалі пакет дакументаў. 


«Вы можаце разлічваць на Беларусь»

Пачынаючы перагаворы ў вузкім складзе, Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа прывітаў Мін Аун Хлайна ў афіцыйнай абстаноўцы. 

«Я сёння раніцай падумаў, што гэты фармат нашых з вамі перагавораў, які пачаўся ўчора ў нефармальнай абстаноўцы, добры тым, што нам удалося спакойна ўдвух яшчэ раз абмеркаваць усе кірункі супрацоўніцтва Беларусі і М’янмы, — канстатаваў Прэзідэнт Беларусі. — І самае галоўнае, пагаварыць аб тым, якія канкрэтныя, рэальныя крокі ўжо зроблены ў напрамку нашага супрацоўніцтва. Фармат нефармальнай абстаноўкі яшчэ важны і тым, што закранаюцца пытанні, якія, на жаль, не агучыш, публічна не абгаворыш. Таму мы ўжо працягваем сёння нашу размову, якую пачалі ўчора». 


Беларускі лідар нагадаў, што калісьці гаварыў: М’янма — дзяржава з вялікай будучыняй, дзяржава, багатая сваімі нетрамі і прыроднымі рэсурсамі.

«Я невыпадкова перапытаў у вас, якое насельніцтва на сённяшні дзень у М’янме, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Насельніцтва ў вас у пяць разоў большае, чым у Беларусі. І гэта вялізная лічба, за якой стаяць лёсы людзей. І гэтых людзей, як я учора гаварыў, трэба накарміць перш за ўсё і апрануць. У гэтым плане вы можаце разлічваць на Беларусь». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, за апошнія два гады беларускі бок добра вывучыў М’янму, а таму вельмі добра валодае інфармацыяй аб патрэбах дзяржавы. «І павінен вам яшчэ раз паўтарыць, што ў Беларусі ёсць усе тэхналогіі для таго, каб сёння і заўтра дапамагчы, навучыць, забяспечыць усім неабходным м’янманскі народ, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ды і вы, напэўна, за гэты час зразумелі, што беларуская дзяржава і нашы людзі абавязковыя і здольныя вырашыць многія задачы, якія ў тым ліку стаяць і перад вашым народам, і вашым кіраўніцтвам». 

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што за гэты час М’янма прайшла вельмі важны, калі не найважнейшы, этап у сваім развіцці. «Вы забяспечылі палітычную стабільнасць у сваёй дзяржаве, — канкрэтызаваў ён. — Народ аказаў і вам, і тым сілам, якія за вамі стаяць, непасрэдную падтрымку, вельмі моцную падтрымку. І, як я разумею, перад вамі стаіць наступная няпростая праблема — народу, які ў вас паверыў і вас падтрымаў на апошніх выбарах, дапамагчы ў жыцці. Можаце разлічваць у гэтых адносінах і на нас. Усё, аб чым мы дамовімся, мы свята будзем выконваць».


«Паміж Беларуссю і М’янмай няма закрытых тэм» 

Прэзідэнт М’янмы Мін Аун Хлайн падчас перагавораў у вузкім складзе выказаў удзячнасць беларускаму боку за цёплы прыём.

«Гэтым разам у склад маёй дэлегацыі ўключаны чыноўнікі і бізнесмены, — паведаміў м’янманскі лідар. — Прыехаўшы ў Беларусь, яны азнаёміліся з вашымі тэхналогіямі, каб развіць эканоміку, гандаль між нашымі краінамі». 

Мін Аун Хлайн нагадаў: Аляксандр Лукашэнка аднойчы гаварыў яму, што паміж Беларуссю і М’янмай няма закрытых тэм. «Таму мы прыбылі ў Беларусь з упэўненасцю, што будзем пашыраць адносіны не толькі ў эканоміцы, але і ў шэрагу іншых кірункаў», — удакладніў ён. 

М’янманскі лідар расказаў, што некаторыя сацыяльныя праграмы Беларусі ўвасабляюцца ў рэальным жыцці м’янманцаў. Ён адзначыў, што ў 2025 годзе ў гэтай краіне адбыліся ўсеагульныя выбары, якія прайшлі паспяхова, але некаторыя тэрыторыі М’янмы не змаглі паўнавартасна іх правесці. «Таму ў 2027-м, на пачатку года, мы будзем праводзіць выбары для гэтых тэрыторый», — удакладніў ён, запрасіўшы на выбары прадстаўнікоў нашай краіны.

«Арыенціры для работы вызначаны»

Падчас перагавораў у шырокім складзе Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «М’янма з’яўляецца для нас важным і перспектыўным партнёрам у Паўднёва-Усходняй Азіі. І мы рады пазітыўнай дынаміцы развіцця сітуацыі як у вашай краіне, так і вакол яе».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб ранейшай дамоўленасці — зрабіць прыярытэтнай задачай канвертацыю створаных на найвышэйшым узроўні ўмоў максімальнага садзейнічання ў канкрэтныя ўзаемавыгадныя праекты. 

«Арыенціры для работы вызначаны, замацаваны ў Дарожнай карце па развіцці супрацоўніцтва на 2026 — 2028 гады, — канкрэтызаваў ён. — Яе рэалізацыі будзе садзейнічаць адкрыццё ў гэтым годзе пасольстваў дзвюх краін у Мінску і Нейп’ідо».


Па словах Прэзідэнта, задача беларускай дыпламатычнай місіі сфармулявана вельмі канкрэтна — поплеч з дзяржаўнымі органамі М’янмы забяспечыць запуск сумесных праектаў у сферах прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі і іншых. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў 2027 годзе ўсе гэтыя праекты павінны з «папяровай» фазы перайсці на этап рэалізацыі «на зямлі».

«Мы для гэтага ўжо зрабілі нямала, — канстатаваў беларускі лідар. — І пашырылі гэтым самым наш гарызонт узаемадзеяння, аднавіўшы і міжпарламенцкае, і міжпартыйнае супрацоўніцтва. Летась мы падпісалі адпаведныя дакументы (а іх нямала), многія ўжо ўступілі ў сілу. Таксама запрацавала Пагадненне аб адмене віз. Менш стала бюракратычных бар’ераў. І за кошт гэтага мы разлічваем, як і вы, атрымаць большы прыток людзей на нашых тэрыторыях. Сёння дагаворна-прававую базу папоўнім шэрагам дакументаў з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва».

Па словах Прэзідэнта, актыўна дзейнічае Сумесная рабочая група па супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання. «Менш чым за год прайшлі ўжо два пасяджэнні гэтай групы — значыць, ёсць што абмяркоўваць», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Сфарміравана Міжурадавая камісія па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Беларускі бок разлічвае на тое, што яна збярэцца ў Мінску ўжо сёлета і значна падштурхне двухбаковае супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхналогій.

«Мы зацікаўлены ў актывізацыі кантактаў у сферах турызму, культуры і спорту, — дадаў беларускі лідар. — Мы пачулі вашу просьбу аб большай квоце прыёму м’янманскіх грамадзян на навучанне ў нашай краіне».

Акрамя таго, па словах Прэзідэнта, вельмі пазітыўна ўспрынята наведванне юнымі жыхарамі М’янмы Беларусі для адпачынку і аздараўлення. Такія паездкі, па словах кіраўніка дзяржавы, закладваюць аснову сяброўства на перспектыву.

«Беларуска-м’янманскае супрацоўніцтва дае вынік»

Беларускі бок, па словах кіраўніка дзяржавы, будзе аказваць падтрымку М’янме на міжнароднай арэне. «У рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, таксама па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза, іншых арганізацый, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы таксама цэнім вашу падтрымку нашай ініцыятывы аб распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў бягучым стагоддзі».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны візіт у Беларусь Прэзідэнта М’янмы, сустрэчы лідараў садзейнічаюць далейшаму паглыбленню двухбаковых адносін. «І гэты візіт не стане выключэннем, — удакладніў ён. — Азіраючыся на шлях, пройдзены намі за даволі кароткі час, мы можам канстатаваць, што беларуска-м’янманскае супрацоўніцтва дае вынік, нягледзячы на праблемы, адлегласці і іншае».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Мін Аун Хлайн прыбыў у Беларусь з вялікай дэлегацыяй, якая ўключае прадстаўнікоў дзелавых колаў. Напярэдадні яны разам з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці Беларусі правялі Беларуска-М’янманскі бізнес-форум. «І як сёння дакладвалі міністры, гэты форум, накіраваны ў будучыню, даў вельмі добрыя вынікі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тыя праекты і мемарандумы, якія ўзгоднены пасля гэтага форуму, разлічаны на доўгатэрміновыя эканамічныя праекты, яны закліканы стаць лакаматывам развіцця нашых сувязяў — Беларусі і М’янмы. Мы, як заўсёды, гатовы да прадметнага і адкрытага дыялогу».


«Калі ёсць сяброўства — адлегласць не перашкода» 

Падчас перагавораў у шырокім складзе м’янманскі лідар выказаў удзячнасць кіраўніку беларускай дзяржавы за віншаванне падчас выбрання яго на пост Прэзідэнта, а таксама за тое, што Аляксандр Лукашэнка асабіста прыязджаў у М’янму і павіншаваў яго.

«Я вельмі ўдзячны за цёплы прыём падчас майго візіту ў Беларусь, — сказаў Мін Аун Хлайн. — Гэта для мяне чацвёрты візіт у Беларусь, але першы візіт на пасадзе Прэзідэнта М’янмы».

М’янманскі лідар адзначыў, што ганарыцца візітам беларускага лідара ў М’янму ў лістападзе 2025 года, які стаў першым візітам кіраўніка беларускай дзяржавы за 26 гадоў дыпламатычных адносін. Узгадаў высокі госць і сёлетні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў гэту краіну ў ліпені, які стаў першым візітам замежнага лідара пасля таго, як Мін Аун Хлайн заступіў на пасаду Прэзідэнта М’янмы.

Кіраўнік гэтай дзяржавы нагадаў, што ў ходзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў М’янму бакі паспяхова падпісалі кантракты і мемарандумы. М’янманскі лідар выказаў упэўненасць у тым, што менавіта на аснове гэтых дакументаў будзе развівацца далейшае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і М’янмай. 

«Дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі развіваюцца дынамічна, заўважна ўмацоўваюцца дзякуючы сумесным рабочым візітам, — звярнуў увагу Мін Аун Хлайн. — Я ўпэўнены, калі ёсць сяброўства — адлегласць не перашкода».

Падчас размовы ў шырокім складзе Прэзідэнт М’янмы таксама ўказаў на важнасць адкрыцця пасольства Беларусі ў яго краіне, выказаў удзячнасць беларускаму боку за падтрымку на міжнароднай арэне.

***

Па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна быў падпісаны пакет дакументаў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, прававой і іншых сферах. Сярод дакументаў — дагавор паміж Беларуссю і М’янмай па пытаннях аказання ўзаемнай прававой дапамогі па грамадзянскіх і эканамічных справах, а таксама пагадненне аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах.

Бакі падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж выбарчымі органамі, інстытутамі стратэгічных даследаванняў, сродкамі масавай інфармацыі, а таксама паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Касмічным агенцтвам М’янмы. У інтарэсах апошняга таксама падпісаны мемарандум аб намерах па стварэнні малога касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Базавыя пагадненні падпісаны паміж двума беларускімі банкамі і Міністэрствам фінансаў і даходаў М’янмы.

Пасля цырымоніі падпісання шэрагу двухбаковых міжнародных дакументаў Аляксандр Лукашэнка і Мін Аун Хлайн выступілі з заявамі для прадстаўнікоў СМІ.


«Наперадзе — вялізная работа па рэалізацыі дасягнутых узаемавыгадных дамоўленасцяў»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў перагаворы з Прэзідэнтам Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун Хлайнам грунтоўнымі, насычанымі. Яны датычыліся шырокага кола тэм. «У чарговы раз пераканаліся, што Беларусь і М’янму збліжаюць не толькі агульныя эканамічныя інтарэсы, але і падобнае бачанне глабальных працэсаў, імкненне выбудоўваць доўгатэрміновыя канструктыўныя адносіны на аснове ўзаемнага даверу», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 

Па словах Прэзідэнта, Беларусь і М’янма шчыра зацікаўлены ў стабільнасці і бяспецы ў Еўразіі, робяць канкрэтныя крокі для іх умацавання. «Мы цэнім падтрымку м’янманскім бокам беларускай ініцыятывы аб распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І ў сваю чаргу ў якасці дзяржавы — члена ЕАЭС і ШАС Беларусь на практыцы садзейнічае паглыбленню сувязяў М’янмы з гэтымі міждзяржаўнымі аб’яднаннямі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што інтэнсіўны дыялог на найвышэйшым узроўні садзейнічаў таму, што за апошні час Мінск і Нейп’ідо дасягнулі істотнага прагрэсу па ўсіх ключавых кірунках узаемадзеяння. «Найважнейшы крок — адкрыццё ў гэтым годзе пасольстваў дзвюх краін, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Ён закліканы дапамагчы трымаць узяты намі тэмп сумеснай работы».

Галоўным прыярытэтам у супрацоўніцтве з М’янмай беларускі лідар назваў эканоміку. На вырашэнне гэтай задачы, па яго словах, працуе шэраг сумесных структур, асноўнай з якіх з’яўляецца Міжурадавы камітэт па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Галоўныя пункты прыкладання сумесных намаганняў вызначаны ў Дарожнай карце супрацоўніцтва на 2026 — 2028 гады.

«Сваю ўвагу мы перш за ўсё сканцэнтруем у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, навукі і адукацыі, — канстатаваў беларускі лідар. — Сёння мы дамовіліся аб шэрагу крокаў, каб ужо ў наступным годзе сумесныя ключавыя праекты выйшлі на стадыю практычнай рэалізацыі. Гэта трэба зрабіць абавязкова!» 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што па выніках праведзеных перагавораў бакі ўмацавалі дагаворна-прававую базу двухбаковага партнёрства, дамовіліся актывізаваць работу на гуманітарным трэку. 

«Мы павялічым колькасць м’янманскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі па самых запатрабаваных спецыяльнасцях, — удакладніў ён. — Гэтаму дапамогуць прамыя сувязі паміж ВНУ нашых краін. Станоўча ацэньваем актывізацыю беларуска-м’янманскіх кантактаў па лініі парламентаў і партый, дзелавых і навуковых колаў і грамадскіх арганізацый. Такія кантакты, безумоўна, будуць садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва па ўсіх кірунках і пошуку новых перспектыўных тэм».

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што дадатковы імпульс развіццю двухбаковых кантактаў, дзелавых і турыстычных сувязяў надасць Пагадненне аб адмене віз, якое ўступіла ў сілу ў ліпені гэтага года. 

«Наперадзе — вялізная работа па рэалізацыі дасягнутых узаемавыгадных дамоўленасцяў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і выказаў удзячнасць свайму калегу за прадметную размову і нязменную асабістую ўцягнутасць у пытанні развіцця адносін з Беларуссю. 

«Я запэўніваю вас у тым, што ўсе дамоўленасці, якія дасягнуты ў выніку вашага візіту з вашымі калегамі, будуць выконвацца ў тэрмін — без бюракратызму і валакіты», — рэзюмаваў беларускі лідар.


«Мы людзі практычныя, таму глядзім на свае першачарговыя задачы аднолькава»

У заяве для СМІ Прэзідэнт Рэспублікі Саюз М’янма Мін Аун Хлайн адзначыў, што ўзаемныя візіты кіраўнікоў дзвюх дзяржаў і цеснае супрацоўніцтва ўмацавалі адносіны не толькі на найвышэйшым узроўні, але і ва ўсіх сферах на ўсіх узроўнях. 2025 год ён назваў асаблівым у гісторыі дзвюх краін, маючы на ўвазе ўзаемныя візіты лідараў.

Мін Аун Хлайн удакладніў, што падчас бягучага візіту м’янманскай дэлегацыі ў Беларусь бакам удалося падпісаць дзевяць дагавораў і мемарандумаў. Ён адзначыў, што гэтым разам падчас сустрэчы абодвух лідараў удалося абмеркаваць рэалізацыю ўжо падпісаных двухбаковых дамоўленасцяў.

«Адкрыта і даверліва абмеркавалі захаванне набранага тэмпу развіцця адносін паміж М’янмай і Беларуссю, — канкрэтызаваў м’янманскі лідар. — Абмеркавалі нарошчванне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў такіх галінах, як абарона, гандаль, інвестыцыі, сельская гаспадарка, навука і тэхналогіі, ахова здароўя, адукацыя, прамысловасць і космас».

Па словах Прэзідэнта М’янмы, асаблівая ўвага звернута на актуальныя рэгіянальныя, міжнародныя пытанні і на ўзаемную падтрымку на міжнароднай арэне, якая будзе працягвацца.

«Асаблівай падзеяй стала афіцыйнае адкрыццё пасольства, пераўтварэнне Генеральнага Консульства ў Генеральнае Пасольства М’янмы ў Беларусі, а таксама вітаем хуткае адкрыццё Пасольства Беларусі ў М’янме», — сказаў м’янманскі лідар.


У заключэнне Мін Аун Хлайн запэўніў, што м’янманскі бок прыкладзе ўсе намаганні для далейшага супрацоўніцтва з Беларуссю. 


Даслоўна

Надзея ЛАЗАРЭВІЧ: «Калі мы будзем працаваць сумленна, шчыра, абавязкова будзе вынік» 

Як адзначыла ў размове з журналістамі старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея ЛАЗАРЭВІЧ, якая нясе адказнасць за супрацоўніцтва з М’янмай, гэту краіну цікавіць многае. «Але самае галоўнае, што гэта ўзаемадзеянне дазволіць зрабіць іх краіну больш бяспечнай, незалежнай, — падкрэсліла яна. — Іх цікавяць нашы тэхналогіі, магчымасці. У першую чаргу, наш прамысловы патэнцыял». 

Па словах Надзеі Лазарэвіч, неабходна максімальна скарэкціраваць не толькі арганізацыю зборачнай вытворчасці, але і навучыць людзей з М’янмы тут, на нашай тэрыторыі, каб яны маглі працаваць на гэтых зборачных лініях у будучыні. 

Акрамя таго, высокі інтарэс у м’янманцаў да нашых сельскагаспадарчых культур. Напрыклад, гасцям расказалі, наколькі карысны рапс. «Гэты прадукт выклікаў вялікую цікавасць, і сёння мы ўжо працуем над пытаннем пастаўкі гэтай культуры на іх тэрыторыю, — удакладніла Надзея Лазарэвіч. — Міністэрства сельскай гаспадаркі ўжо распрацоўвае тэхналогію, рыхтуе дакументы, каб яны маглі пасеяць першую партыю, каб атрымаць пэўны вынік».

Старшыня канцэрна «Беллегпрам» расказала, што абмяркоўваецца пытанне арганізацыі на тэрыторыі М’янмы пашыву абутку, бо м’янманцы бачаць якасць нашай прадукцыі і з’яўляюцца спажыўцамі беларускага абутку не першы год. «Адпаведна, арганізуем нашы кампетэнцыі, тэхналогіі, гарбарныя вырабы, ад іх — інвестыцыі і будаўніцтва на іх тэрыторыі завода», — заўважыла яна. 

Па словах Надзеі Лазарэвіч, абмяркоўваюцца пытанні пастаўкі новага або мадэрнізаванага абсталявання, якое вырабляецца ў Беларусі. Разглядаецца тэма арганізацыі пастаўкі ў М’янму замарожанага мяса, малочных прадуктаў. «На іх тэрыторыі няма такой вытворчасці, і яны разумеюць, што самае важнае — гэта каб людзі былі апранутыя, накормленыя і забяспечаныя ежай», — звярнула ўвагу кіраўнік канцэрна. 

Надзея Лазарэвіч падзялілася, што настрой м’янманцаў, адносіны да нашай краіны змяніліся за час такіх вельмі цесных кантактаў. «Мы працуем, пашыраючы ўвесь спектр узаемадзеяння, паглыбляючыся ў пэўныя кірункі, — канстатавала яна. — Учора (20 жніўня 2026 г. — „Зв.“) мы наведалі „Гродна Азот“, дзе прадстаўнікі М’янмы ўбачылі нашы магчымасці ў галіне хімічных угнаенняў». 

Кіраўнік канцэрна заўважыла, што Аляксандр Лукашэнка заўсёды вельмі мудра ўплывае на нашы магчымасці ва ўзаемадзеянні з іншымі краінамі. «Наш лідар падтрымлівае любую краіну, гатовую да супрацоўніцтва з намі, у чарговы раз паказвае, што калі мы будзем працаваць сумленна, шчыра, калі будзем працаваць над развіццём партнёрскіх адносін, то абавязкова будзе вынік», — падкрэсліла Надзея Лазарэвіч.

Юрый ГОРЛАЎ: «Усе дамоўленасці выконваюцца»

Адпаведныя дамоўленасці ў рамках супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе, па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя ГОРЛАВА, былі дасягнуты падчас візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў М’янму ў лістападзе 2025 года. 

«Усе гэтыя дамоўленасці выконваюцца, — канстатаваў кіраўнік ведамства. — За першыя паўгода 2026 года мы павялічылі наш тавараабарот практычна ў 2,3 раза. Ён складаецца, вядома, больш з экспарту нашых харчовых тавараў. Мы дамаўляліся, напрыклад, аб рэалізацыі сухіх малочных прадуктаў, пшанічнай мукі».

Юрый Горлаў дадаў, што м’янманскім калегам накіраваны ўзоры беларускіх малочных прадуктаў, у асноўным з маслам, з якімі яны азнаёмяцца. 

Міністр сельскай гаспадаркі расказаў, што паміж адпаведнымі ведамствамі наладжана цеснае ўзаемадзеянне. Створана рабочая група, якая працуе на пастаяннай сістэмнай аснове. Узаемадзеянне з калегамі адбываецца ў рамках відэа-канферэнц-сувязі. 

«Такія абмены меркаваннямі і работа над рэалізацыяй усіх дамоўленасцяў дазваляюць зразумець, над чым нам трэба працаваць у перспектыве, на што рабіць акцэнты», — удакладніў міністр. 

Аляксандр ХАДЖАЕЎ: «У нашых партнёраў ёсць зацікаўленасць»

Як звярнуў увагу міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ, падчас Беларуска-м’яманскага дзелавога форуму, які адбыўся ў гэтыя дні, былі падпісаны дакументы, якія датычацца абслугоўвання вырабленага на тэрыторыі Беларусі медыцынскага абсталявання, што плануецца да пастаўкі ў М’янму.

«У нашых партнёраў ёсць зацікаўленасць, яны вывучаюць асартымент абсталявання. Мы перакананы, што тыя пробныя крокі, якія датычацца камп’ютарных тамографаў, машын хуткай дапамогі, лекавых прэпаратаў, абавязкова прынясуць пэўную выгаду», — сказаў міністр.

Як паведамлялася раней, 20 жніўня ў Мінску адбыўся Беларуска-м’янманскі бізнес-форум, паводле вынікаў якога быў падпісаны пакет дакументаў. Частка з іх датычылася супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя. У прыватнасці, мемарандум аб пастаўцы медыцынскага абсталявання і медвырабаў падпісаны паміж ААТ «Ольса» і кампаніяй Apex Care Co., Ltd. З гэтай жа кампаніяй заключылі мемарандумы аб узаемаразуменні РУП «Белмедпрэпараты» і РУП «Медтэхнацэнтр».

Вераніка КАНЮТА, Надзея ЗУЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю