Прызначаючы Рамана Галоўчанку Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў асабіста пазнаёміцца з калектывам Нацбанка. Прымаючы месяц таму Рамана Галоўчанку з дакладам, кіраўнік дзяржавы анансаваў сустрэчу з банкаўскай супольнасцю. Сваё абяцанне Прэзідэнт выканаў і сабраў вялікую нараду з апаратам Нацыянальнага банка, склад Праўлення якога сур’ёзна абнавіўся, і кіраўніцтвам банкаў, якія працуюць у нашай краіне. Таксама на нараду былі запрошаныя вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўнікі дзяржаўных органаў. Усяго каля 250 чалавек.
Мы шмат чаму навучыліся. Вучымся і далей
Адкрываючы нараду, беларускі лідар заўважыў, што сустрэчы з калектывамі найбуйнейшых органаў дзяржаўнай вертыкалі, дзе можна зверыць гадзіннікі і вызначыць задачы, праводзяцца рэгулярна. «Не магу пахваліцца, што з работнікамі банкаўскай сістэмы мы гэта робім рэгулярна. — адзначыў Прэзідэнт. — Мы праводзілі нараду з Адміністрацыяй Прэзідэнта, нашым дыпламатычным корпусам. Наперадзе нарада з урадам. Сёння будзем гаварыць не толькі аб Нацыянальным банку, але і аб развіцці банкаўска-фінансавай сістэмы ў цэлым, якая, як і ўся наша краіна, праходзіць няпросты складаны перыяд».
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што за апошнюю пяцігодку нацыянальная эканоміка, а з ёй і беларускі банкаўскі сектар перажылі беспрэцэдэнтныя выклікі: «Супраць нас увялі проста нябачаныя, незаконныя драконаўскія санкцыі. Чакалі, што мы ўпадзём на калені. Але сёння мы можам сказаць, можа, нават з упэўненасцю — мы не банкруты, мы справіліся. Так, гэта было цяжка. Цяжка дагэтуль. Наўрад ці будзе лягчэй далей. Але менавіта так у сучасным свеце дзяржавы, якія вядуць незалежную палітыку, расплачваюцца за суверэнітэт. Мы шмат чаму навучыліся. Вучымся і далей».

Прэзідэнт звярнуў увагу, што розныя пагрозы нікуды не дзеліся, барацьба за ўплыў, рэсурсы, у тым ліку фінансавыя, і розумы становіцца ўсё больш жорсткай і непрадказальнай. Мы працягваем змагацца за мір, стабільнасць і ўпэўненасць нашых людзей у заўтрашнім дні.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з моманту прызначэння Рамана Галоўчанкі кіраўніком Нацыянальнага банка прайшло паўгода. Былі дадзены канкрэтныя даручэнні, перш за ўсё — узмацненне ролі банкаўскай сістэмы ў падтрымцы эканомікі. Таксама была пастаўлена задача актыўнага ўкаранення лічбавых тэхналогій, умацаванне інфармацыйнай бяспекі.
«Як мне дакладваюць, у цэлым сітуацыя ў грашова-крэдытнай сферы і на валютным рынку боязі не выклікае. Але на дадзены момант зроблена не ўсё, маюцца недапрацоўкі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт агучыў асноўныя недапрацоўкі банкаўскай сістэмы, якія трапілі ў поле яго зроку
«Я чую скаргі ў адрас банкаў ад звычайных людзей: то старыя долары не прымаюць, то навязваюць кліентам страхавыя паслугі. Давайце дамовімся, з 1 студзеня 2026 года наяўнасць такіх фактаў аўтаматычна пацягне дысцыплінарную адказнасць кіраўніка! Крыўдзіць людзей нейкімі надуманымі пытаннямі нельга. Не трэба паказваць, што вы разумнейшыя за іншых», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што пры праверках часам аказваецца, што прыбытак банкаў не туды выкарыстоўваецца. «Крэдытныя брокеры працуюць пад прыкрыццём, прама як шпіёны: аказваюць камп’ютарныя паслугі, паслугі па расшыфроўцы крэдытнай гісторыі. Рост памеру камісійнага ўзнагароджання, што спаганяецца банкамі, таксама застаецца пакуль па-за кантролем, — прывёў факты кіраўнік дзяржавы. — Трэба імкнуцца да выгады з дапамогай справядлівасці, нельга думаць выключна катэгорыямі нажывы. Не забывайце, у нас у краіне 2,4 мільёна пенсіянераў. Каля 2 мільёнаў людзей жывуць у сельскай мясцовасці». Прэзідэнт пацікавіўся, ці не моцна расслабіліся ў Нацбанку, адпусціўшы лейцы ў кіраванні даходамі банкаў?

Яшчэ адна заўвага, агучаная кіраўніком дзяржавы, тычыцца нявырашанага пытання з абаронай інтарэсаў простага чалавека пры выдачы пазык фізічным асобам пад заклад жылля. Вядомыя выпадкі, калі людзі фактычна аказваліся на вуліцы, узяўшы такую пазыку.
«Ёсць прабелы ў рэгуляванні лізінгавых паслуг. Лізінгавыя арганізацыі абыходзяць абмежаванні па памеры авансавага плацяжу, пакідаюць за сабой права змены памеру плацяжоў у аднабаковым парадку. Трэба гэтае самавольства заканчваць», — працягнуў пералічваць праблемы беларускі лідар.
Прэзідэнту дакладваюць, што застаюцца праблемы з правядзеннем трансгранічных плацяжоў. «Акрамя складанасцяў з пабудовай маршрутаў міжнародных плацяжоў існуе праблема арганізацыйнага характару, калі прадпрыемствы вымушаныя самастойна шукаць варыянты правядзення разлікаў. Пры такім велізарным штаце Нацбанка (а ў вас больш за 660 чалавек — гэта тры беларускія ўрады) вы не можаце вылучыць групу людзей на гэты кірунак?», — удакладніў ён.
Таксама падчас праверак выкрываюцца факты ўнутранага і вонкавага махлярства ў банкаўскай сістэме. У дачыненні да ўласнікаў банкаў распачатыя крымінальныя справы за ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў. Сістэматычна выяўляюцца злачынствы, звязаныя з незаконным атрыманнем крэдытаў на падставе дакументаў, якія змяшчаюць несапраўдныя даныя. «Хачу вас папярэдзіць — падобнае недапушчальна, мякка кажучы. Банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі павінны быць сумленнымі, дзейнічаць выключна ў рамках закона, у інтарэсах людзей і краіны. Нягледзячы на заданне па крэдытаванні і прыцягненню новых кліентаў!», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
На нарадзе з апаратам Нацыянальнага банка і кіраўніцтвам банкаў Аляксандр Лукашэнка пералічыў задачы, якія стаяць перад айчыннай банкаўска-фінансавай сістэмай. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яны традыцыйныя.
Першая задача — падтрыманне цэнавай стабільнасці
Гэту задачу для Нацбанка і ўсёй банкаўскай сістэмы Прэзідэнт назваў першачарговай. Ён прывёў лічбы: на сёння тэмпы прыросту спажывецкіх цэн да ўзроўню ліпеня ў гадавым выражэнні ўжо склалі крыху менш за 7,5 працэнта. Так, у жніўні інфляцыя скарацілася на 0,3 пункта, але ўсё роўна перавышае гадавы мэтавы параметр. Закладвалі, нагадаў Прэзідэнт, не вышэй за 5 працэнтаў.
«Тэндэнцыю росту інфляцыі неабходна пераламаць. І роля Нацбанка ў гэтым працэсе наогул пакуль слаба прасочваецца. Павінна быць сфарміравана ўстойлівае, прадказальнае фінансавае асяроддзе для бізнесу і насельніцтва. Нізкая інфляцыя патрэбна нашым прадпрыемствам для планавання доўгатэрміновых інвестыцый. А людзям — для таго, каб не падала іх пакупніцкая здольнасць, не абясцэньваліся даходы і зберажэнні», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Другая задача — забяспечыць фінансавую стабільнасць
«Тут адзін з найважнейшых індыкатараў, у тым ліку які характарызуе ўзровень эканамічнай бяспекі дзяржавы, — гэта аб’ём золатавалютных рэзерваў, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — На 1 верасня 2025 года міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь дасягнулі значэння амаль у 12,5 мільярда долараў, павялічыўшыся з пачатку бягучай пяцігодкі на амаль на 5 мільярдаў. Але хачу адзначыць, што гэтаму ў значнай меры спрыяў рост сусветных коштаў на золата. А так бывае не заўсёды. Значыць, і расслабляцца сёння нельга».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу — проста сядзець склаўшы рукі «на скарбонцы» няправільна. «Грошы павінны працаваць на выгадныя краіне інвестыцыйныя праекты (з хуткай аддачай) або доўгатэрміновыя экспартныя кантракты. Раман Аляксандравіч (Раман Галоўчанка. — заўв. аўт.) гэта разумее лепш, чым хто-небудзь, — заявіў Прэзідэнт. — У наступнай пяцігодцы золатавалютныя рэзервы павінны падтрымлівацца на ўзроўні, дастатковым для стабільнай работы эканомікі. Таму трэба граматна выбудоўваць, а калі трэба, то і пераналаджваць нашу стратэгію кіравання міжнароднымі рэзервовымі актывамі. Сітуацыя на валютным рынку павінна заставацца кантраляванай. Пры гэтым па-ранейшаму неабходна не дапускаць празмернай валацільнасці абменнага курсу нацыянальнай валюты».
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: банкі, нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, плацежная сістэма — усе павінны дакладна выконваць свае функцыі. «Ваша задача — забяспечыць гарантаванае ажыццяўленне плацяжоў і бяспечнае правядзенне разлікаў. Нацыянальны банк павінен трымаць сітуацыю пад самым жорсткім кантролем. Дзейнічаць трэба на апярэджанне, каб максімальна абмежаваць магчымыя рызыкі для бесперабойнай работы банкаўскага сектара і плацежнага рынку», — акрэсліў яшчэ шэраг задач беларускі лідар.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў аб тэхнічным збоі, які адбыўся 9 ліпеня гэтага года, калі ў трымальнікаў беларускіх карт былі спісаныя грашовыя сродкі, часам нават у мінус па балансе. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што хоць на працягу сутак праблема была вырашана, асадак у людзей застаўся. І папярэдзіў — такое не павінна паўтарыцца. «Неабходна высветліць прычыны і надалей не дапускаць падобных сітуацый. А ў выпадку правядзення тэхнічных работ загадзя інфармаваць насельніцтва і арганізацыі. Пераканаўча інфарміраваць», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Трэцяя задача — фінансавая падтрымка банкамі эканомікі
«Крэдытныя рэсурсы заўсёды адыгрывалі важную ролю ў вытворчай дзейнасці любога прадпрыемства, асабліва калі размова заходзіць аб неабходнасці мадэрнізацыі, маштабавання бізнесу або стварэння новых вытворчасцяў», — адзначыў беларускі лідар. Ён звярнуў увагу, што ў нашай краіне попыт на крэдытныя рэсурсы традыцыйна высокі.
Свае словы Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў лічбамі. З пачатку бягучай пяцігодкі штогадовы аб’ём выдачы банкамі крэдытаў суб’ектам гаспадарання і насельніцтву павялічыўся ўдвая. У той жа час назіраецца зніжэнне долі крэдытаў (пазык) банкаў у інвестыцыі ў асноўны капітал — з 27 працэнтаў у 2014 годзе да 12 працэнтаў у 2024-м. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што значная доля гэтых сродкаў накіравана на крэдытную падтрымку рэальнага сектара эканомікі. За 7 месяцаў 2025 года юрыдычныя асобы атрымалі ад банкаў 103 мільярды рублёў крэдытных сродкаў.
«Аднак задача па фінансаванні эканомікі яшчэ не вырашана. І важна не колькасць, а якасць фінансавых укладанняў. Кожны ўкладзены рубель павінен даваць максімальную аддачу. Гэта кіраўніцтва да дзеяння абсалютна для ўсіх. А банкаўская сістэма павінна гэтаму актыўна садзейнічаць, забяспечваючы эфектыўнае і рацыянальнае размеркаванне рэсурсаў у эканоміцы», — заявіў Прэзідэнт. І пацікавіўся: наколькі ўважліва банкі глядзяць на акупнасць праектаў.
«Крэдытаванне эфектыўных інвестыцыйных праектаў, якія маюць высокі экспартны патэнцыял, накіраваных на імпартазамяшчэнне або развіццё рэгіёнаў, павінна быць безумоўным прыярытэтам для нашага банкаўскага сектара. Часам трэба дапамагчы кліенту, падказаць, дзе можна знізіць выдаткі, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, для бесперабойнага фінансавання інвестыцыйных праектаў патрабуюцца рэсурсы. Адказваючы на пытанне, дзе іх узяць, акцэнт неабходна рабіць на прыярытэтным прыцягненні ў банкаўскі сектар рублёвых зберажэнняў».
Беларускі лідар нагадаў: калі людзі дзяржаве давяраюць — яны нясуць свае грошы ў банк. Ён адзначыў, што ў апошні час дасягнуты нядрэнныя вынікі. З 2021 года тэрміновыя ўклады юрыдычных і фізічных асоб у беларускіх рублях узраслі амаль у тры разы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на дэвалютызацыю эканомікі, якая ідзе паскоранымі тэмпамі. Доля рублёвага складніка ў шырокай грашовай масе ўзрасла з 41% у снежні 2020 года 63% у ліпені 2025-га. «Калі прасцей — кожны дзень з пачатку года здаюць наяўную валюту ў сярэднім па 30 мільёнаў долараў. Гэта самы яркі паказчык даверу да нашага рубля», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, асаблівую ўвагу трэба надаць фарміраванню доўгатэрміновых рэсурсаў. «Прыярытэтам для банкаў павінна стаць прыцягненне сродкаў на тэрмін звыш трох гадоў. Трэба выбудаваць сістэму працы для прыцягнення такіх рэсурсаў на найбольш прывабных для нашых грамадзян умовах. Магчыма, для гэтага спатрэбяцца новыя і смелыя рашэнні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, тут ёсць куды рухацца.
Пры гэтым, папярэдзіў кіраўнік дзяржавы, не варта забываць і пра іншыя крыніцы. Гэта прыцягненне замежнага капіталу, а таксама ўласныя рэсурсы, уключаючы прыбытак. «А прыбытак банкаўская сістэма атрымлівае нядрэнны. Але распараджацца ім трэба адказна. Гэтыя грошы не павінны праядацца або сыходзіць цалкам гадавымі бонусамі топ-менеджэрам, а павінны вяртацца ў эканоміку. Гэта Камітэт дзяржкантролю бярэ на сур’ёзны кантроль. Накіроўвайце іх на фінансаванне эканамічнага развіцця, у першую чаргу на праекты, якія ствараюць дабаўленую вартасць», — даў параду беларускі лідар. І паставіў задачу рэгулятару — забяспечыць усе ўмовы, каб банкі маглі бесперашкодна фарміраваць рэсурсную базу ў неабходным аб’ёме.
«Колькасць грошай у краіне павінна адпавядаць рэальным патрэбам эканомікі і не прыводзіць да росту цэн. У гэтай сувязі задача Нацыянальнага банка — узмацніць кантроль за грашовай прапановай. У мэтах прыцягнення ў эканоміку дадатковых рэсурсаў для рэалізацыі інвестыцыйных праграм Нацыянальнаму банку з удзелам банкаў і дзяржорганаў мэтазгодна прапрацаваць пытанне аб магчымай эканамічнай інтэграцыі фінансавага і прамысловага капіталаў шляхам стварэння фінансава-прамысловых груп», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ўжо неаднаразова падступаліся да стварэння фінансава-прамысловых груп. У 1995 годзе прыняты ўказ, а затым у 1999 годзе — спецыяльны Закон, які ў 2012 годзе сышоў на нішто.
«Стварэнне ФПГ будзе спрыяць фарміраванню новай сістэмы інвеставання, больш эфектыўнаму задзейнічанню фінансавых актываў банкаў як патэнцыйных інвестараў, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Прычым да фінансавання інвестыцый павінны больш актыўна падключацца не толькі банкі, але і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, якім варта ўкараняць новыя фінансавыя інструменты падтрымкі. Галоўны крытэрый — рост іх долі ў валавым унутраным прадукце»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо быў эксперымент, калі ААТ «ААБ Беларусбанк» атрымала акцыі ААТ «Белшына». Прэзідэнт пацікавіўся вынікам гэтага эксперыменту. Паводле яго слоў, з улікам таго, што экспарт шын упаў на 20 працэнтаў, вопыт не вельмі ўдалы. І ўдакладніў, ці так гэта.

Чацвёртая задача — усебаковае садзейнічанне прадпрыемствам у ажыццяўленні знешнеэканамічнай дзейнасці
Для дасягнення гэтай задачы Прэзідэнт агучыў некалькі напрамкаў. Гэта пашырэнне банкаўскай карэспандэнцкай сеткі ў дружалюбных і нейтральных краінах; правядзенне разлікаў у нацыянальных валютах краін — асноўных гандлёвых партнёраў; выкарыстанне дружалюбных сістэм перадачы фінансавай інфармацыі; вызначэнне аптымальных і эфектыўных схем узаемадзеяння ўдзельнікаў трансгранічных плацяжоў; задзейнічанне эфектыўных альтэрнатыўных механізмаў разлікаў (такіх, як пераўступка доўгу, разлікі ў крыптавалютах, наяўнай форме і гэтак далей).
Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу павялічыць аб’ём праведзеных знешнеэканамічных плацяжоў за тавары і паслугі. «Механізм, які дзейнічае, не ў поўнай меры вырашае пастаўленыя задачы па аператыўным завяршэнні міжнародных разлікаў і вяртанні валютнай выручкі ў краіну, — патлумачыў ён. — За першае паўгоддзе гэтага года пратэрмінаваная знешняя дэбіторская запазычанасць вырасла на трэць і дасягнула 500 мільёнаў долараў. Сітуацыя проста недапушчальная, улічваючы наш папярэдні вопыт, горкі вопыт. Ці вы думаеце „забалбатаць“ гэту тэму ростам залатавалютных рэзерваў?».
У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што вяртанне экспартнай выручкі ў нашай краіне кантралюе генеральны пракурор. Пэўныя паўнамоцтвы ёсць і ў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Аляксандр Лукашэнка чакае ад гэтых органаў прынцыповых ацэнак.
«Як гэта ні дзіўна гучыць, але Урад і Нацбанк ніяк не дамовяцца аб парадку ўзаемадзеяння дзяржорганаў і прадпрыемстваў пры ўзнікненні праблемных сітуацый з міжнароднымі плацяжамі, — канстатаваў беларускі лідар. — Прама як у байцы „Лебедзь, рак і шчупак“. Кожны цягне ў свой бок, а, натуральна, воз застаецца на сваім месцы».
У сувязі з гэтым кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача — выключыць верагоднасць любых фінансавых страт для краіны. Валютная выручка, па яго словах, павінна паступаць у поўным аб’ёме.

Пятая задача — пашырэнне сферы прымянення лічбавых знакаў (токенаў) як аднаго з важнейшых напрамкаў лічбавага развіцця нацыянальнай эканомікі
Як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, выкарыстанне токенаў у фінансавай сферы дазваляе мінімізаваць прысутнасць пасярэднікаў, аўтаматызаваць здзяйсненне здзелак пры дапамозе смарт-кантрактаў і ўзмацніць кантроль карыстальнікаў над сваімі актывамі. Ён нагадаў, што гэта тэма нядаўна падрабязна была абмеркавана на асобнай нарадзе. «Будзем у гэтым кірунку з вашай дапамогай рухацца», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Па словах Прэзідэнта, сёння як ніколі актыўна праводзяцца разлікі з выкарыстаннем крыптавалют, павялічваецца іх роля ў забеспячэнні плацяжоў. «За 7 месяцаў гэтага года аб’ём знешніх плацяжоў праз крыптабіржы склаў 1,7 мільярда долараў, — канкрэтызаваў ён. — Згодна з экспертнымі ацэнкамі, па выніках года можа дасягнуць 3 мільярдаў».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рынак такой велічыні патрабуе празрыстасці, эфектыўнага рэгулявання і разумнага кантролю. «Ураду і Нацбанку адпаведныя даручэнні дадзены. Дзейнічайце», — акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Шостая задача — больш актыўнае ўкараненне сучасных лічбавых банкаўскіх тэхналогій пры правядзенні плацяжоў
У гэтым напрамку, па словах кіраўніка дзяржавы, нешта ўжо зроблена. У якасці прыкладу ён прывёў магчымасць ажыццяўлення плацяжоў з выкарыстаннем QR-кодаў.
Не пазней за канец года пастаўлена задача ўвесці ў строй сістэму імгненных плацяжоў. «Гэта дазволіць людзям атрымаць яшчэ адзін просты і зручны спосаб аплаты тавараў, работ і паслуг, — патлумачыў Прэзідэнт. — А ў бізнэсу з’явіцца магчымасць залічэння сродкаў у рэжыме рэальнага часу ў выхадныя, святочныя дні, чаго раней не было ў нашай краіне. Бо гэта ў першую чаргу абарачальнасць грашовых сродкаў, даступная ліквіднасць, скарачэнне касавых разрываў арганізацый — гэта значыць, суцэльныя перавагі».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што развіццё мабільных тэхналогій і рост якасці паслуг сувязі зрабілі магчымым прымяненне банкамі лічбавых прадуктаў, якія карэнным чынам змянілі звыклыя стандарты банкаўскай дзейнасці і дазволілі ўстанаўліваць дыстанцыйныя адносіны паміж банкам і кліентам.
«Я ўжо не раз казаў: свет не стаіць на месцы, — падкрэсліў беларускі лідар. — Тэхналогіі развіваюцца касмічнымі тэмпамі. І сёння выйграе той, хто першым знаходзіць ім прымяненне і бачыць задзел на будучыню».
У сувязі з гэтым банкам даручана ўзмацніць работу па ўкараненні ў банкаўскую дзейнасць рашэнняў, пабудаваных на выкарыстанні штучнага інтэлекту. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта дазволіць павысіць эфектыўнасць унутраных банкаўскіх працэсаў і пераразмеркаваць працоўныя рэсурсы на вырашэнне складаных і стратэгічных пытанняў.
З улікам сусветных трэндаў у банкаўскім сектары, па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, лічбавы вектар павінен быць накіраваны на развіццё наступных напрамкаў: выкарыстанне біяметрычных тэхналогій; стварэнне ўласнай IT-кампаніі, якая дазваляе знізіць высокую залежнасць ад пастаўшчыкоў гэтых паслуг; стварэнне карпаратыўных універсітэтаў па падрыхтоўцы спецыялістаў для банка яшчэ са студэнцкай лавы на стыку некалькіх спецыяльнасцяў (фінансавыя тэхналогіі, кібербяспека, плацежныя інструменты, штучны інтэлект, машыннае навучанне, рабатызацыя, воблачныя вылічэнні, нейронавыя сеткі і іншае).
«І ў цэлым банкам трэба арыентавацца на атрыманне максімальных станоўчых вынікаў, якія здольныя даць сучасныя тэхналогіі, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Лічбавізацыя тут — не дзеля лічбавізацыі, а для рэальнага эканамічнага эфекту. Я ўжо папярэджэваў: мы ўжо „залічбаваліся“ не толькі ў краіне, але і ў свеце да такой ступені, што гэта пагражае тым, што воз можа стаць наперадзе каня. Перш чым рабіць нейкія крокі, трэба найсур’ёзнейшым чынам, усебакова ўсё прадумаць. І галоўнае слова павінны сказаць нашы спецыялісты».
Сёмая задача — укараненне лічбавых тэхналогій павінна суправаджацца не менш актыўнай працай па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што практыка паказвае: у большасці выпадкаў людзі самі даюць ашуканцам інфармацыю для доступу да сваіх рахункаў. У сувязі з гэтым банкам пастаўлена яшчэ адна задача — працягнуць шырокамаштабнае інфармаванне насельніцтва аб найбольш распаўсюджаных і новых спосабах здзяйснення кіберзлачынстваў, а таксама аб мерах па іх прафілактыцы.
«Пакуль мы толькі бачым, на гэту тэму разважаюць людзі ў пагонах, а спецыялісты адседжваюцца ў баку», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Для ўзмацнення кібербяспекі, па меркаванні Прэзідэнта, банкам неабходна больш актыўна развіваць і ўкараняць айчынныя распрацоўкі ў галіне інфармацыйнай бяспекі, адаптаваныя пад патрэбу беларускага рынку.
Акрамя таго, Нацыянальнаму банку пры правядзенні праверак банкаў пастаўлена задача ўдзяляць павышаную ўвагу ацэнцы рызык парушэння інфармацыйнай бяспекі, кіберрызыкі, а таксама мер, якія прымаюцца банкамі для забеспячэння захаванасці банкаўскай таямніцы і абароны персанальных даных кліентаў.
«Як вы ведаеце, будучая пяцігадовая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця ўжо актыўна фарміруецца, яе канцэпцыю я ў цэлым падтрымаў, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — І ў ёй хачу ўбачыць канкрэтныя крокі для ўзмацнення ролі Нацыянальнага банка як аднаго з драйвераў эканомікі».
Прэзідэнт нагадаў, што на пасадзе Прэм’ер-міністра краіны Раман Галаўчанка заўсёды хацеў большай уцягнутасці Нацыянальнага банка і банкаўскай сістэмы ў эканоміку краіны. І цяпер, ужо кіраўніка Нацбанка, Аляксандр Лукашэнка папрасіў больш цесна працаваць з цяперашнім Прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. «Бо задачы стаяць перад вамі агульныя — рост эканомікі і дабрабыту насельніцтва, а таксама стрымліванне цэн», — патлумачыў сваё патрабаванне беларускі лідар.

«Эканоміка — галоўны паказчык»
Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сітуацыя ў банкаўскай сферы няпростая, але прымальная. «Павінен прама сказаць: малайцы, што ў гэты складаны перыяд, калі ўдар наносіўся мэтанакіравана па банкаўскай сферы, вы не завагаліся, — акцэнтаваў увагу ён. — Вы знаходзіце шляхі вашай актыўнай работы, у тым ліку складаныя пытанні знешнеэканамічныя. Часам мне даводзілася падштурхоўваць нашага старшыню, іншых работнікаў Нацбанка і Урада, але ў цэлым — нядрэнна. За гэта я вам вельмі ўдзячны».
Але самае галоўнае, па словах Прэзідэнта, — ні ў якім разе не спыняцца. Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў не сыходзіць з пэўных асабістых інтарэсаў. «У банкаўскай сістэме грошай няма, яны заўсёды чужыя, — падкрэсліў ён. — Абараняючы вас, я кажу — не трэба патрабаваць ад банкаў, у іх грошай няма. Гэта грошы людзей, фізічных, юрыдычных асоб. Але я вас яшчэ раз прашу — не расслабляйцеся. Давайце мірна, спакойна жыць, не напружваючы абстаноўку. А грошы — гэта страшнае зло, якое заўсёды ў эпіцэнтры напружання абстаноўкі ў грамадстве. Давайце не будзем яе напружваць, бо лепш спакойна працаваць, чым ваяваць. Сёння сітуацыя вельмі складаная. І каштуе неймаверных намаганняў для таго, каб стрымліваць вакол Беларусі тую абстаноўку, якая складваецца. Зразумела, вы можаце сказаць, што гэта мой клопат як Прэзідэнта. Я імкнуся ўсё рабіць для таго, каб было ціха і спакойна, але ад банкаўскага сектара залежыць вельмі-вельмі многае. Вы іграеце вырашальную ролю ў стабільнасці нашай дзяржавы. Вельмі прашу гэта мець на ўвазе».
Абагульняючы свае патрабаванні да банкаўскай сферы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Ёсць рост эканомікі, няма праблем з эканомікай, разлікамі і гэтак далей — значыць працуеце добра. Няма росту эканоміку — ніякія размовы пра ЗВР, валацільнасць рубля і іншай валюты, не будуць мець ніякага значэння. Эканоміка — галоўны паказчык. Пры ўсіх складанасцях мы павінны гэты перыяд прыстасавацца, вытрымаць і ісці наперад. Спыняцца ні ў якім разе нельга».
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што падзенне эканомікі — гэта дэстабілізацыя ў краіне. «Яна нам не патрэбна, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Мы не хочам ваяваць, а вы тым больш. У нас ёсць дзеці, унукі, яны павінны жыць у спакойнай краіне, хадзіць у школы, ВНУ, атрымліваць адукацыю і шукаць сабе мірную работу. Вось мэта ўсёй палітыкі, якая ажыццяўляецца ў Беларусі. Я прашу гэта мець на ўвазе».
Прэзідэнт канстатаваў, што ў банкаўскай сферы працуюць самыя адукаваныя, прасунутыя людзі. «Наша бяда і праблема ў тым, што банкаўская сфера, маючы такія мазгі, забегла наперад развіцця ўсёй краіны, эканомікі і саміх фінансаў, — удакладніў ён. — Наперад асабліва забягаць не варта, а на крок наперадзе ісці трэба».
Кажучы аб прызначэнні новага Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Раману Галоўчанку была пастаўлена задача — мабілізаваць разумных людзей і дапамагчы Прэм’ер-міністру, Ураду рухаць эканоміку.
Звяртаючыся да банкаўскай супольнасці ў цэлым, беларускі лідар падкрэсліў, што краіна ў іх адна. «Вы нікому нідзе не патрэбныя, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Збеглыя ўжо паказалі, вы бачыце — яны нікому не патрэбныя. Таму давайце ва ўласнай краіне рухацца наперад. Хочаце крыптавалюту, токены — калі ласка, мы створым з вамі добрую нарматыўна-прававую базу, дзейнічайце. Не трэба кудысьці бегаць, нікому мы там не патрэбныя. Там сваіх хапае. Ну, а калі нехта хоча спадручным пабыць, посуд памыць — калі ласка. Прыгожа рабіце гэта: прыдзіце, папрасіце, мы вас адвязём туды, але і сварыцца не будзеце. І там паспрабуеце: дрэнна — назад вернецеся. Нельга спальваць масты, як некаторыя. Я вельмі зацікаўлены, каб нашы людзі жылі тут. І мы будзем усё рабіць для таго, каб ашалелых вярнуць назад у краіну, каб яны паразумнелі».
«Ніхто Калаура з працы не здымаў»
Аляксандр Лукашэнка аддаў належнае ранейшаму кіраўніку Нацыянальнага банка — Паўлу Калауру. Прэзідэнт звярнуў увагу, што банкаўская сфера заўсёды «паўапазіцыйная» і людзі, якія працуюць у ёй, на розныя пазіцыі маюць свой пункт гледжання. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што яго адгаворвалі ад прызначэння Паўла Калаура на гэтую пасаду, але ўсё ж такі рашэнне было прынята правільнае. «Я падумаў, напэўна, чалавек будзе да месца. І вы ведаеце, ён працаваў як прафесіянал. Маючы дзесьці сваю пазіцыю, свой пункт гледжання, залішне перажываючы часам за нейкія пытанні. Але працаваў ён разам са сваімі людзьмі і з вамі, у тым ліку, нядрэнна. Я не хачу прад’явіць яму нейкія жудасныя прэтэнзіі. Але прыходзіць час, усе мы з вамі нявечныя. У залежнасці ад жыцця, ад абставін рана ці позна прыйдуць новыя людзі», — патлумачыў змены ў кіраўніцтве Нацбанка кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што Паўла Калаура ніхто нічым не пакрыўдзіў, перад ім адкрытыя ўсе дзверы. Прэзідэнт ахарактарызаваў яго як класнага, моцнага спецыяліста.
«Ніхто Паўла Калаура, як у народзе кажуць, з працы не здымаў. Прыйшоў час. Таксама быў няпросты перыяд. Але адзінае раблю вам заўвагу, вы больш павінны быць ўцягнутыя ў эканоміку», — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што напрыклад, такія праблемы, як дэбіторская запазычанасць, вывад грошай за межы краіны — гэта ў тым ліку, і праблемы Нацыянальнага банка. «Я прашу вас, вы гэта не выпускайце. Нам грошы ў краіне патрэбныя», — звярнуўся да кіраўніцтва Нацбанка Аляксандр Лукашэнка.

«Банкаўскі сектар працуе ўстойліва»
У сваім дакладзе старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка пазначыў асноўныя рэперныя кропкі, ад якіх сёння ў сваёй працы адштурхваецца Нацбанк у выкананні пастаўленых Прэзідэнтам задач.
Раман Галоўчанка адзначыў, што ў краіне забяспечана фінансавая і цэнавая стабільнасць. У апошнія тры гады інфляцыя ў сярэднім не перавышае 6%. «Банкаўскі сектар, самае галоўнае, працуе ўстойліва. Доля праблемных актываў, нягледзячы на істотныя турбулентнасці, знаходзіцца на нізкім узроўні, каля 3%. Пры бяспечным нарматыве ў 10%. Плацежная сістэма функцыянуе бесперабойна, ажыццяўляюцца трансгранічныя плацяжы. Устойліва растуць ўклады насельніцтва. З пачатку пяцігодкі тэрміновыя рублёвыя ўклады фізічных асоб павялічыліся амаль у 3 разы і на 1 жніўня склалі больш за 13 мільярдаў рублёў. Закрываюцца ўсе патрэбы эканомікі ў фінансавых рэсурсах. Расце аб’ём інвестыцыйнага крэдытавання, гэта вельмі важны кампанент працы банкаўскай сістэмы. За сем месяцаў бягучага года аб’ём інвестыцыйнага крэдытавання банкамі рэальнага сектара склаў 3,3 мільярды рублёў, што амаль на трэць вышэй за леташні паказчык», - далажыў ён.
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка гэтак жа распавёў, на што скіравана банкаўская сфера ў перспектыве. Гэта, перш за ўсё, умацаванне сваёй ролі ў якасці галоўнай крыніцы фінансавага забеспячэння развіцця эканомікі краіны і гаранта макраэканамічнай збалансаванасці. Асноўныя задачы і індыктары развіцця фінансавага сектара ўжо ўвайшлі ў праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2030 года. Раман Галоўчанка пералічыў тры ключавыя стратэгічныя блокі, на якіх у наступнай пяцігодцы будзе зроблены асаблівы акцэнт.
Першы блок — падтрыманне цэнавай і фінансавай стабільнасці. «Перавагі нізкай інфляцыі добра вядомыя. Наша сярэднетэрміновая мэта па інфляцыі — 5%. Мы ад яе не адмаўляемся», — заявіў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што ў бягучым і ў наступным годзе інфляцыя можа скласціся крыху вышэй. Але на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны, напрыклад, падаражэнне некаторых пазіцый. Прымаючы пад увагу існуючую сітуацыю, прымаюцца меры, якія дапамогуць дасягнуць мэты ў 5%. Перш за ўсё, па словах кіраўніка Нацбанка неабходна выйсці на формулу справядлівай цэны. «Маё глыбокае перакананне, што ідэальная формула цаны — гэта не ручное кіраванне цэнаўтварэннем, а методыка разліку цэн на аснове грамадска-неабходных або аптымальных выдаткаў праз комплекс крытэрыяў, вызначаных лічбавымі тэхналогіямі на аснове масіва вялікіх дадзеных», — адзначыў ён. Шэраг папулярных маркетплейсаў, якія працуюць у Беларусі, ужо актыўна выкарыстоўваюць гэтыя методыкі, якія ў тым ліку дазваляюць выяўляць маніпулятыўныя цэнавыя накруткі.
Раман Галоўчанка запэўніў, што Нацбанк са свайго боку працягне правядзенне манетарнай палітыкі, якая спрыяе стрымліванню інфляцыйных працэсаў. Перш за ўсё, кантроль за ростам грашовай масы, на што нацэльвае і кіраўнік дзяржавы. «Наш арыенцір па штогадовым прыросце шырокай грашовай масы — 10-12% у наступную пяцігодку. Працэнтныя стаўкі ў эканоміцы будуць падтрымлівацца на станоўчым узроўні ў рэальным выражэнні. Акцэнт — больш прывабныя ўмовы ўкладаў і інвестыцыйных крэдытаў», — распавёў кіраўнік Нацбанка.
Другі складнік макраэканамічнай стабільнасці — фінансавы і ўключае ў сябе тры кампаненты: золатавалютныя рэзервы, устойлівасць банкаў да рызык, стабільнасць плацежнай сістэмы.
Другі мэтавы блок — фінансавая падтрымка эканомікі і фарміраванне належных рэсурсных крыніц.
Раман Галоўчанка адзначыў, што ў наступнай пяцігодцы банкі і нябанкаўскія фінансавыя арганізацыі будуць арыентаваны на патрэбы эканомікі. Сярод асноўных напрамках у гэтым пытанні нарошчванне доўгатэрміновых рэсурсаў у эканоміцы і павышэнне іх ролі ў інвестыцыйных працэсах. Таксама інвестыцыйнае фінансаванне і рацыянальнае размеркаванне рэсурсаў эканомікі. У прыярытэце — крэдытная падтрымка эфектыўных і высокатэхналагічных, і стратэгічна значных праектаў. «Мэтавы арыенцір для банкаў — нарасціць інвестыцыйнае фінансаванне не менш чым у 1,5 разы да бягучага ўзроўню да 2030 года. Пры гэтым важна, каб быў сфармаваны і адпаведны попыт з боку прадпрыемстваў на прапанаваныя інвестыцыйныя рэсурсы. Па-простаму, патрабуецца праца па фарміраванні партфеля інвестыцыйных праектаў», — адзначыў Раман Галоўчанка.
Яшчэ адзін важны напрамак — фінансаванне набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. Сёння ўсе банкі маюць ільготныя партнёрскія праграмы па крэдытаванні тавараў айчыннай вытворчасці — гэта патрабаванне Нацыянальнага банка. Аб’ём выдачы спажывецкіх крэдытаў на куплю айчынных тавараў у студзені-ліпені склаў 665 мільёнаў рублёў, што на 15% вышэй чым за аналагічны перыяд мінулага года. «Мы ставім перад сабой мэту да канца наступнай пяцігодкі павялічыць мінімум у два разы дзеля выдачы спажывецкіх крэдытаў на тавары айчыннай вытворчасці ў агульным аб’ёме выдачы спажывецкіх крэдытаў», — расказаў Раман Галоўчанка.
Трэці блок — развіццё інфраструктуры і інструментара фінансавага сектара.
Асноўнай задачай Раман Галоўчанка назваў забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту, павышэнне зручнасці і павышэнне спектру фінансавых паслуг, забеспячэнне бяспекі плацяжоў і процідзеяння махлярству. Для дасягнення гэтых мэт будуць выкарыстоўвацца сучасныя лічбавыя тэхналогіі. Але, важна, што гэта лічбавізацыя не дзеля моды. Раман Галоўчанка назваў гэта ўмовай развіцця. «Для нас важна мінімізаваць транзакцыйныя і часовыя выдаткі суб’ектаў гаспадарання, знізіць долю наяўных грошай у эканоміцы. Гэта дазволіць, з аднаго боку, скараціць ценявы сектар, з другога — павысіць прадукцыйнасць нашай эканомікі», — сказаў ён. Найперш плануецца павышаць долю безнаяўных плацяжоў і дыстанцыйнага абслугоўвання. Асноўная мэта — давядзенне долі безнаяўнага грашовага абароту ў рознічным тавараабароце да 70% да 2030 года.
Яшчэ адна мэта для банкаў — развіццё дыстанцыйнага абслугоўвання. «Да 2030 года забяспечыць колькасць адкрытых анлайн банкаўскіх укладаў фізічных асоб у памеры не менш за 60%, спажывецкіх крэдытаў — не менш за палову. Я ўжо не кажу пра ўсе астатнія сэрвісы — гэта аплата тавараў з выкарыстаннем QR-кодаў, іншыя спосабы ініцыіравання плацяжу і гэтак далей», — удакладніў кіраўнік Нацбанка.
Лічбавыя перспектывы
Раман Галоўчанка расказаў аб планах па ўкараненні лічбавага рубля. Па яго словах, ужо ў наступным годзе павінна быць падрыхтавана ўся нарматыўная база і праграмнае забеспячэнне для паўнавартаснага ўкаранення беларускага лічбавага рубля. «На першым этапе яго прызначэнне будзе адпавядаць сусветнаму досведу. Гэта кантроль за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў. Гэта значыць своеасаблівы, калі можна ўжыць тэрмін, „афарбоўванне“ бюджэтных грошай для таго, каб пазбегнуць злоўжыванняў», — растлумачыў ён.
Кажучы аб забеспячэнні кібербяспекі кіраўнік Нацбанка ўзгадаў аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі інфармацыі аб ашуканскай дзейнасці і падазроных аперацыях (АСАІ). Дзякуючы яе выкарыстанню, па яго словах, удалося прадухіліць крадзяжы грашовых сродкаў грамадзян на агульную суму 8,2 мільёны рублёў. Але гэтага, канстатаваў Раман Галоўчанка, недастаткова. «Аб’ём выкрадзеных сродкаў перавышае аб’ём сродкаў, крадзеж якіх прадухілены. Таму ў бліжэйшы час трэба ўкараніць адзіныя стандарты прадастаўлення фінансавых паслуг і антыфорд-сістэм для банкаў, забяспечыць ўбудаванне ў антыфорд-сістэмы інструментаў па выяўленні новых формаў махлярства і вывазу грашовых сродкаў за мяжу, у тым ліку з дапамогай выкарыстання крыптавалют, замежных банкаўскіх карт і электронных кашалькоў», — сказаў Раман Галоўчанка.
«Хуткасць трансфармацыі сусветнай эканомікі павялічылася. Эканоміка нашай краіны працягвае адаптавацца да зменлівых знешніх умоў. Таму важна не толькі захаваць той станоўчы вынік, якога мы дасягнулі ў бягучай пяцігодцы. У бліжэйшыя гады жыццёва важна яго павялічыць. Для выхаду на траекторыю ўстойлівага эканамічнага росту наш прыярытэт — павелічэнне ролі і ўкладу Нацыянальнага банка, банкаўскай сістэмы, кожнага банка ў эканоміку», — рэзюмаваў Раман Галоўчанка.
Прэзідэнт нагадаў свой вядомы пасыл (гэта прагучала і на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ШАС) — свет патрабуе справядлівасці, а справядлівасць пачынаецца ад зямлі. І параіў банкаўскай сферы ўлічваць гэта ў сваёй працы. «І ні ў якім разе не дапускайце правапарушэнняў. Ёсць парадак, дысцыпліна, патрабаванне адно — прытрымлівайцеся закону», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Праблемы ёсць, але мы прызвычаіліся іх вырашаць»
Старшыня праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч праінфармаваў аб актуальных пытаннях фінансавання эканомікі.
«Як найбуйнейшы фінансава-крэдытны інструмент краіны „Беларусбанк“ паслядоўна рэалізуе адзін з найважнейшых прыярытэтаў эканомікі — інвестыцыйнае развіццё, — канкрэтызаваў ён. — Асноўныя кампаненты нашай стратэгіі па фінансаванні эканомікі — даступнасць да крэдытных рэсурсаў, эфектыўнасць праектаў, іх акупляльнасць, інавацыйнасць выпускаемай прадукцыі, яе канкурэнтнасць. У якасці крыніц фінансавання мы выкарыстоўваем унутраныя і знешнія запазычанні. У выпадку неабходнасці можам скарыстацца інструментамі падтрымкі ліквіднасці Нацыянальнага банка».
Віктар Ананіч падкрэсліў, што Беларусь два гады не падымае стаўкі для рэальнага сектара эканомікі. «У „Беларусбанку“ акумулявана 43% рэсурснай банкаўскай сістэмы, засяроджана палова сукупнага крэдытнага партфеля прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі — 30 мільярдаў рублёў, з якіх 11 мільярдаў рублёў — інвестыцыйныя крэдыты», — праінфармаваў ён.
«Беларусбанк» фінансуе інвестыцыйныя праекты прадпрыемстваў практычна ўсіх галін эканомікі. На гэтыя мэты, па словах старшыні праўлення, у бягучым годзе ўжо накіравана больш як 2,5 мільярдаў рублёў. Значныя аб’ёмы фінансавых сродкаў накіроўваюцца на інвестыцыйныя праекты энергетыкаў, рэалізацыю імпартазамяшчальных праектаў прадпрыемстваў машынабудавання.
«Для развіцця бізнэсу ў рэгіёнах накіроўваюцца сродкі, унесеныя ў статутны фонд банка ў памеры 250 мільёнаў рублёў, — распавёў Віктар Ананіч. — Сумесна з даччыным прадпрыемствам „АСБ Лізінг“ фінансуецца закупка айчыннай тэхнікі ў межах Указа № 146. У планах на бягучы год — прафінансаваць закупку звыш 2 тысяч адзінак тэхнікі на суму 630 мільёнаў рублёў. Больш за палову гадавога плана банкам ужо выканана»
У мэтах развіцця экспарту ў рамках рэалізацыі Указа 534 з пачатку года «Беларусбанкам» прадастаўлена крэдытаў на суму 700 мільёнаў рублёў. «Крэдытнымі прадуктамі, распрацаванымі спецыяльна для прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу, скарысталіся каля 5 тысяч суб’ектаў, з якіх 4 тысячы зарэгістраваныя ў рэгіёнах, — праінфармаваў Віктар Ананіч. — Крэдытны партфель прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу на 1 верасня склаў 5,7 мільярда рублёў».
Ён пагадзіўся са Старшынёй праўлення Нацбанка, які сказаў, што нізкі попыт на інвестыцыі найперш звязаны з недастатковай актыўнасцю кіраўніцтва прадпрыемстваў. «Акрамя таго, стрымліваючым фактарам пры разглядзе банкамі новых інвестыцыйных праектаў, як правіла, з’яўляецца складанае фінансавае становішча прадпрыемстваў, — канкрэтызаваў Віктар Ананіч. — З улікам гэтых фактараў банкі вымушаны звяртацца да даступных механізмаў нівеліравання рызык: страховак, паручыцельстваў, гарантыяў, што не заўсёды прадстаўляецца магчымым».
Па словах старшыні праўлення ААТ «АСБ Беларусбанк», значны ўклад у развіццё эканомікі ўносіць іпатэчна-спажывецкае крэдытаванне насельніцтва. «Гэта падтрымка не толькі будаўнічай галіны, але і іншых галін прамысловасці, — падкрэсліў ён. — Банк фарміруе больш як 80 % рынку іпатэчнага крэдытавання. У бягучым годзе на крэдытаванне жылля накіравана 1,6 мільярда рублёў. Пры крэдытаванні на спажывецкія патрэбы прыярытэт належыць крэдытам на тавары айчыннай вытворчасці, у тым ліку на набыццё аўтамабіляў «БЕЛДЖЫ», і крэдытаў «На родныя тавары».
Асноўнымі задачамі міжнароднага блоку «Беларусбанка» з’яўляюцца прыцягненне знешняга фандзіравання і забеспячэнне разлікаў прадпрыемстваў, звязаных са знешнеэканамічнай дзейнасцю. Па словах старшыні праўлення, акцэнт у разліках па знешнеэканамічных кантрактах зроблены на плацяжы ў сяброўскіх валютах, доля якіх у структуры разліках сёння перавышае 90%.
«У бягучым годзе „Беларусбанк“ стаў паўнавартасным членам міжбанкаўскага аб’яднання ШАС, — нагадаў Віктар Ананіч. — Дадзеная пляцоўка будзе задзейнічана ў прасоўванні ініцыятыў нашай краіны ў фінансавай сферы, уключаючы калектыўныя інстытуты фінансавання і разлікі паміж краінамі ШАС»
Значную ўвагу «Беларусбанк» удзяляе пытанням інфармацыйнай бяспекі. У 2024 годзе банкам створаны адзін з найбуйнейшых у краіне цэнтраў кібербяспекі, які функцыянуе ў кругласутачным рэжыме.
Па словах старшыні праўлення, за перыяд з пачатку бягучага года цэнтрам кібербяспекі папярэджана 25 тысяч пераводаў грамадзян на рахункі махляроў. Адбіта каля 100 мільёнаў атак на інфармацыйны контур банка. У мэтах забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту дзяржбанкаў сумесна з Нацбанкам праводзіцца работа па стварэнні нацыянальнага праграмнага забеспячэння для банкаў.
«Работа „Беларусбанка“ і далей будзе накіравана на захаванне фінансавай устойлівасці банка, аказанне неабходнай падтрымкі эканомікі, у першую чаргу крэдытавання, эфектыўных інвестыцыйных праектаў, запатрабаваных эканомікай краіны», — запэўніў Віктар Ананіч.
«Вы так добра далажылі сітуацыю ў вашым банку, а нічога не сказалі аб праблемах, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Праблем увогуле няма ў банкаўскай сферы?
«Праблемы ёсць, але мы прызвычаіліся іх вырашаць, мы іх вырашаем, —адзначыў старшыня праўлення ААТ „АСБ Беларусбанк“. — Мы робім упор на прыцягненне доўгіх грошай, для гэтага мы, безумоўна, матывуем нашых укладчыкаў стаўкамі. Па-іншаму ніяк не прыцягнуць. Іншыя пытанні ўзнікаюць перыядычна. Праблемы мы вырашаем»
«Зразумела: праблем няма, а калі ёсць, вы іх вырашаеце, — канстатаваў беларускі лідар. — Гэта ўжо застарэлая хвароба. Або Раман Аляксандравіч (Галоўчанка. — „Зв“.) ужо „заціснуў“ усіх банкіраў, што яны баяцца слова сказаць. Вы павінны смела казаць аб тых праблемах і недахопах, якія ў банкаўскай сферы існуюць».
Прэзідэнт прапанаваў кіраўніцтву банкаў самім сказаць, дзе трэба падключыцца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, чымсьці дапамагчы, каб у будучыні пазбегнуць умяшальніцтва ў іх дзейнасць кантралюючых органаў.
«Прынятае рашэнне павінна выконвацца!»
Бачаннем на работу банкаўскай сферы «з боку» падзяліўся старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. Ён адзначыў, што сітуацыя ў банкаўскай сферы мяняецца. Многія пытанні ўжо былі вырашаны, многія знаходзяцца ў працы і неўзабаве будуць вырашаныя.
Васіль Герасімаў адзначыў, што назіраецца праблема навязвання банкамі пэўных паслуг. Нярэдкія выпадкі, калі пры крэдытаванні банкі вылучаюць патрабаванні, выконваць якія прадпрыемствам вельмі складана, а часам і немэтазгодна. Па словах старшыні КДК, некалькі было выпушчаная тэма лізінгу, і ў гэтым пытанні трэба перагледзець падыходы. Гэтак жа, звярнуў увагу Васіль Герасімаў, вядзецца праца па тым, каб прывесці ў парадак пытанне з банкаўскімі камісіямі. Назіраецца вялікі разрыў паміж заробкамі кіраўнікамі банкаў і звычайных супрацоўнікаў. Васіль Герасімаў правёў паралель з гандлёвымі сеткамі, на гэтую праблему неаднаразова звяртаў увагу і прэзідэнт. «Паступова мы ідзем да ўрэгулявання тых пытанняў, якія сёння ёсць», — адзначыў Васіль Герасімаў.
Генеральны пракурор Андрэй Швед адзначыў, што з 2020 года шмат грамадзян пацярпела ад арганізацый, якія прадастаўляюць так званыя мікразаймы. Генеральны пракурор распавёў, што гэтая праблема вырашаецца і Нацыянальнаму банку, па яго словах, варта далучыцца да гэтай працы, бачыць падобныя праявы. «Іншых сур’ёзных праблемных пытанняў з пункту гледжання наглядных ведамстваў не маецца. Але што тычыцца пазначаных пытанняў, далейшыя кантрольна-наглядныя мерапрыемствы будуць праводзіцца», — адзначыў Андрэй Швед.
«Я хачу папярэдзіць усіх: калі мы дамовіліся або рашэнне прынята, яно няўхільна павінна выконвацца. Калі мы хочам выжыць», — папярэдзіў Прэзідэнт
«Кіруйце і нясіце адказнасць»
У старшыні праўлення ААТ «Белзнешэканамбанк» Васіля Мацюшэўскага Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць у яго крытыка да работы банкаўскай супольнасці, якія недахопы, па меркаванні вопытнага банкіра, ёсць у гэтай сферы.
«Вельмі важная пазіцыя кіраўніка дзяржавы, якой вы бачыце ролю банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь, чаканні рэгулятара, як ён бачыць у бліжэйшыя пяць гадоў развіццё банкаўскага сектара, — заўважыў Васіль Мацюшэўскі. — Думаю, усё гэта патрабуе сур’ёзнага асэнсавання».
Па словах старшыні праўлення ААТ «Белзнешэканамбанк», бачанне рэгулятара на развіццё банкаўскай сферы — гэта адказ на тыя выклікі, з якімі галіна сутыкаецца штодзённа. «На жаль, простых рашэнняў няма. Сапраўды, патрэбна кансалідацыя, паслядоўнасць дзеянняў», — сказаў ён.
«Васіль Станіслававіч, калі няма простых рашэнняў — гэта ж цікава, гэта ж творчасць можаце праявіць сваю, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — А дзе вы бачылі простыя рашэнні? Іх не будзе ўвогуле. Я думаў, вы цяпер два-тры пытанні рубам паставіце, якія патрэбна вырашаць не ніякімі там праектамі законаў, а трэба неадкладна вырашаць. Дзякуй Богу, што „дыктатура“, ёсць каму вырашаць і жаданне ёсць вырашаць, але ж вы нічога не гаворыце — значыць усё добра»
Раман Галоўчанка агучыў адно з пытанняў, якое, на яго думку, падыходзіць пад узровень нарады. Ён адзначыў, што трэба вызначыцца з тым, ці прымаць сістэмнае рашэнне па пытанні, якое хвалюе і Урад, і банкі. «Гэта высокі ўзровень пазыковай нагрузкі нашых многіх сістэмаўтваральных і горадаўтваральных прадпрыемстваў, — канкрэтызаваў Старшыня Праўлення Нацбанка. — Я казаў, што многія прадпрыемствы маюць магчымасць прыцягваць крэдыты: у іх бяспечныя паказчыкі. Але ёсць пул прадпрыемстваў, якія маюць высокую пазыковую нагрузку».
У сувязі з гэтым Раман Галоўчанка прапанаваў наладзіць сумесную работу з Урадам, якая будзе заключацца ў сістэмным аздараўленні праблемных прадпрыемстваў. «Я гэта бачу як пэўную рэструктурызацыю іх запазычанасці на прымальныя тэрміны ў абмен на зразумелыя, эканамічна абгрунтаваныя планы дзеянняў па значным павышэнні іх фінансавых паказчыкаў у бліжэйшыя некалькі гадоў», — канкрэтызаваў ён.
У сувязі з гэтым Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын праінфармаваў, што да канца года на разгляд кіраўніка дзяржавы адпаведныя прапановы будуць унесены. Ён удакладніў, што гэта будзе комплекснае рашэнне, якое дазволіць палепшыць дзейнасць праблемных прадпрыемстваў.

«З кадраў трэба пачынаць», — парэкамендаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся як да прадстаўнікоў Нацбанка, так і да кіраўніцтва, супрацоўнікаў камерцыйных банкаў: «Попыт з вас будзе жалезны. З вас і членаў Праўлення Нацыянальнага банка. Я ўсё, што вы прасілі, зрабіў. Ягораў (Аляксандр Ягораў, першы намеснік Старшыні Праўлення Нацбанка. — „Зв“.) вам патрэбны быў — трымайце вам Ягорава. Хоць мы разлічвалі на яго па іншых кірунках. Усё зрабілі, ну, цяпер адказвайце. Кіруйце вось гэтым камерцыйным ці якім узроўнем банка. Кіруйце і нясіце адказнасць. Падабаецца камусьці, што я сказаў у гэтай зале, або не, але патрабаванні будуць жалезабетоннымі. І не парушайце правілы, якія мы з вамі не проста ўстанавілі (законамі, указамі, распараджэннямі), а выпакутавалі — мы з вамі іх выпакутавалі. Не парушайце іх. Прабачэння нікому не будзе».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нельга марнаваць грошы абы куды. Беларускі лідар арыентуе банкаўскую супольнасць, у цэлым грамадства, накіроўваць грашовыя сродкі туды, куды сапраўды трэба.
«Усё вельмі няпроста, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І нам вельмі важна захаваць тут стабільнасць. Таму нехта дзесьці перахопіць лішнюю тысячу — дзве, але трэба думаць, у што гэта выльецца. Дзякуючы нашаму народу мы яшчэ маем стабільнасць, але справядлівасць — перш за ўсё».
Не абмінуў магчымасць беларускі лідар пахваліць і сялян, якія, нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, з годнасцю завяршаюць сельскагаспадарчы год. «Калі хочам — можам, — сказаў ён. — Дзякуй сялянам! Паглядзіце, што стварылі. Я баяўся, што ўвогуле нічога не возьмем. Такі ўраджай сабралі».
Звяртаючыся да банкаўскай супольнасці, у завяршэнні Прэзідэнт падкрэсліў, што лягчэй не будзе. «Трэба глядзець сваё, — арыентуе кіраўнік дзяржавы. — Будзе лепш — добра. Не дапусціце, каб было горш».
Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА