Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Даяце вынік — атрымліваеце грошы. Няма выніку — няма грошай. Вось галоўная формула

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сабраў гэтую нараду для таго, каб абмеркаваць, наколькі эфектыўна расходуюцца сродкі на развіццё спорту, і ў прыватнасці гульнявых відаў. «Таму што гэта наша ўсё, гэта тое, што любіць народ і тысячы-тысячы чалавек прыходзяць на гэтыя гульні», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што неабходнасць абмеркавання дадзенай праблемы наспела даўно. «Мы, канешне, выпрацавалі пэўную сістэму падтрымкі каманд, трэнераў, спартсменаў. Нам трэба з улікам нашага досведу і выпрацоўкі тых кірункаў нашага супрацоўніцтва адкінуць усё непатрэбнае і вызначыцца, як будзем жыць далей», — задаў тон нарады беларускі лідар.


Добрыя вынікі — па асобных відах

Дзяржава выдзяляе вялікія сродкі на ўдасканаленне інфраструктуры, устанаўленне прэферэнцый, дзіцячы спорт. «Скажу шчыра, калі б мы пайшлі заходнім шляхам, за што многія выступаюць, сёння спорту ў краіне не было б, — адзначыў Прэзідэнт. — Я гэтым хачу паказаць не тое, якія мы вялікія і шмат зрабілі, а хачу паказаць, што аддачы няшмат ад тых укладанняў».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ёсць добрыя вынікі ў асобных відах спорту: скачках на батуце, мастацкай гімнастыцы, веславанні на байдарках і каноэ і іншых. Асобную ўвагу ён звярнуў на свежы спартыўны поспех — разгромную перамогу хакейнага клуба «Дынама-Мінск» над ЦСКА, якую яны атрымалі ў чацвер. У першым раўндзе плэй-оф КХЛ на лёдзе «Мінск-арэны» мінскі клуб абгуляў маскоўскі з вынікам 7:0. Але, папярэдзіў Прэзідэнт, рана радавацца. «Гэта нетыпова для мінскага „Дынама“. Яны ўмеюць як згуляць выдатна, так і назаўтра праваліцца. Але тое, што вы высакародна ў трэцім перыядзе дзейнічалі... Ды і ЦСКА малайцы, не біліся ў адчыненыя дзверы, не імкнуліся з „нуля“ пайсці. А мы не стараліся дабіць, забіць», — пракаментаваў гульню Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, заўважыў ён, у другім перыядзе вырваўшыся наперад, дынамаўцы расслабіліся — «пачалі гуляць клюшкай адной рукой». Па словах беларускага лідара, гэта недапушчальна. Ён заклікаў заўчасна не радавацца, а паглядзець, што пакажа наступны матч «Дынама-Мінск» і ЦСКА, які пройдзе 5 красавіка ў Маскве.

«Гэта — народныя грошы. І ў народа ёсць пытанні»

«Мы чакаем перамог і ў іншых відах спорту. Праблему ў гульнявых відах спорту абмяркоўвалі неаднаразова, але сітуацыя асабліва не мяняецца і пытанняў застаецца шмат. Патрэбна аддача ад тых сродкаў, якія ўкладваюцца ў спорт», — канстатаваў Прэзідэнт. Па яго словах, варта разгледзець і нераўнамернасць укладання сродкаў у розныя віды спорту. «Трэба разумець, што грошы, якія мы трацім на спорт, — гэта не мае і не вашы грошы. Гэта — народныя грошы. І ў народа ёсць пытанні: калі нашы каманды перастануць калекцыянаваць паражэнні, а пачнуць радаваць балельшчыкаў яркай гульнёй, а галоўнае — перамогамі?» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Падыход непахісны: даяце вынік — атрымліваеце грошы і найперш годную заработную плату. Няма выніку — няма грошай. Вось галоўная формула, як хочаце мяне разумейце», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што такі падыход не новы і агучваўся ўжо даўно. «Патрэбен, мужыкі, вынік. Не будзе выніку — толку не будзе. Не можа быць так, што я скуру здымаю з урада, з новага прэм’ер-міністра: дай эканоміку. Ці з кіраўніка Адміністрацыі: арганізацыю выдай і іншае, ці сацыяльную сферу з віцэ-прэм’ера. А вы будзеце хадзіць „на расслабоне“. Такога ж не бывае. Крытэрый адзін: ёсць вынік у эканоміцы — добра працуе ўрад, Нацыянальны банк. Ёсць вынік у спорце — добра», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама звярнуў увагу, што спартыўны рэзерв трэба рыхтаваць ужо сёння. Многія віды спорту сутыкнуліся з праблемай, калі ўчора не было рэзерву, а сёння няма выніку.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што зроблена для навядзення парадку, найперш, у гульнявых відах спорту і што яшчэ трэба зрабіць. Ён спытаў, як выконваюцца адпаведныя даручэнні, як кантралююцца дзяржаўныя грошы, якія накіроўваюцца клубам і федэрацыям. «Хачу вас, мужыкі, папярэдзіць: не праблема сёння паглядзець, куды ідуць гэтыя грошы. Ды і паглядзім. Але па-мужчынску хачу сказаць, што родных, блізкіх, палюбоўніц, яшчэ кагосьці вы, калі ласка, утрымлівайце за свае грошы. Гэта будзе па-чалавечы, па-мужчынску правільна», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт паставіў яшчэ адно пытанне: наколькі справядліва, а, галоўнае, па-гаспадарску клубы па гульнявых відах спорту распараджаюцца сродкамі ці проста іх асвойваюць, на якія мэты накіроўваюць фінансы.

Асабліва Прэзідэнт папярэдзіў, што за спартыўныя аб’екты, якія мільярды рублёў каштуюць, спытае з Міністэрства спорту. У прыватнасці, размова ідзе пра рэспубліканскія цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» і «Стайкі», мультыспартыўны комплекс «Мінск-арэна», канькабежны стадыён і веладром, якія ўваходзяць у яго склад. «Калі ласка, кантралюйце, каб яны былі ў парадку, — агучыў жалезнае патрабаванне кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо не кажу аб тым, што туды трэба спаборніцтвы цягнуць, як бы не было складана».

«Рубель уклалі ў спорт — аддача павінна быць»

«Спорт у нашай краіне атрымліваў і будзе атрымліваць неабходную падтрымку. Але пры гэтым кожны ўкладзены рубель павінен быць апраўданы і даваць аддачу. Вось маё патрабаванне. Не будзе гэтага — не будзе грошай. Я хачу, каб прэм’ер чуў і міністр фінансаў. Не будзе ніякіх грошай, калі не будзе прагрэсу», — яшчэ раз папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ва ўмовах санкцый і міжнароднага бану (у некаторых відах спорту яны яшчэ дзейнічаюць) трэба і можна спаборнічаць з расіянамі. «Што, расіяне нас не пускаюць на нейкія спаборніцтвы? Скажыце, я заўтра вырашу любое пытанне ў Расіі. Вы хаця б у расіян выйграйце. Не хаця б, выйграйце ў расіян у тых відах спорту, дзе вы пад санкцыямі і нават не пад санкцыямі. Нічога больш не трэба», — сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ў некаторых відах спорту, напрыклад, веласпорце і веславанні ёсць добры вынік. Значыць, і адносіны будуць адпаведныя.

«Рубель уклалі ў спорт — аддача павінна быць. Таму хацелася б, каб вы выказалі свой пункт погляду па сістэме падтрымкі. Якім чынам прапануюць аптымізаваць расходы клубы? Ці будзе карысць ад гэтага дзяржаве?» — паставіў пытанні беларускі лідар.

«Мы цяпер клубы ўсюды ствараем: можна ж. Калісьці на Захадзе падгледзелі. Клубы, клубы, клубы... Людзі ёсць, чыноўнікі ёсць. А як мне дакладвалі, у некаторых клубах там наогул... У Прэзідэнта няма такой зарплаты, як у іх. Усё добра. А спартсмены ходзяць жабракамі, меншая за 500 долараў заработная плата. Які спартсмен будзе працаваць? Не будзе ён працаваць», — звярнуў увагу беларускі лідар. Ён пацікавіўся, ці не пацерпяць спартыўныя вынікі, з якіх крыніц будуць утрымлівацца створаныя пры клубах школы і самі клубы. «Што будзем рабіць? Вы ж усе жывяце больш-менш за кошт бюджэту. Ці ў поўнай меры клубы і федэрацыі выкарыстоўваюць магчымасці для самастойнага заробку сродкаў?» — абазначыў яшчэ шэраг пытанняў кіраўнік дзяржавы. У прыклад ён прывёў культурную сферу, у прыватнасці, тэатры. Сёння кожны тэатр зарабляе самастойна, і такую ж суму з бюджэту выдзяляе дзяржава. «Паціху-паціху пачынаюць зарабляць і выжываюць. Не зарабілі, значыць, людзі да вас ісці не хочуць. Таму дакладна такую трэба формулу выпрацаваць. Павінна быць жалезная, справядлівая для ўсіх формула: ёсць вынік — ёсць грошы, няма выніку — няма грошай. Прававы акт, якім будуць урэгуляваны адпаведныя праваадносіны, павінен быць выкладзены дакладна, паслядоўна і даступна», — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

«Усё павінна быць справядліва, зразумела і кантралявана»

Асноўны дакладчык па тэме міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук заўважыў, што цяперашняя сістэма фінансавання клубаў па гульнявых відах спорту неэфектыўная і не дае належных вынікаў. Ён звярнуў увагу на розныя магчымасці прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць клубы, з-за чаго сродкі размяркоўваюцца нераўнамерна, і, як правіла, заробкі спартсменаў залежаць менавіта ад магчымасцяў спонсараў, а не ад спартыўных вынікаў. Міністэрства спорту і турызму прапануе прытрымлівацца агульнага падыходу. «Усё павінна быць справядліва, зразумела і кантралявана. Роўныя ўмовы для клубаў і рэгіёнаў ды эфектыўнае выкарыстанне кожнай капейкі», — адзначыў Сяргей Кавальчук.

Прапановы, якія агучыў міністр, датычацца пытанняў размеркавання падатковай падтрымкі і субсідый, якія клубы атрымліваюць ад дзяржаўных арганізацый. Таксама прапануецца ўдасканаліць сістэму аплаты работы ў клубах, вызначыць максімальныя памеры штомесячнага каманднага фонду аплаты працы ў залежнасці ад віду спорту за кошт субсідый, вызначыць максімальны і мінімальны размер зарплаты спартсменаў і спецыялістаў. Мінспорту прапануе стварыць агульнакамандны прызавы фонд для ўзнагароджання спартсменаў і трэнераў па выніках чэмпіянату Беларусі. Для клубаў, якія ўдзельнічаюць у КХЛ і іншых міжнародных спаборніцтвах, прапануецца вызначыць магчымасць фінансавання расходаў на удзел у такіх спаборніцтвах з перавышэннем норм і нарматываў па ўзгадненні з Прэзідыумам Савета Міністраў. Яшчэ адна прапанова — устанавіць магчымасць аказання падтрымкі клубам па негульнявых відах спорту ў адпаведнасці з парадкам, які вызначаецца Мінспорту па ўзгадненні з Прэзідыумам Савета Міністраў. Пры гэтым захоўваецца абавязак клубаў накіроўваць частку даходаў на дзіцяча-юнацкі спорт за выключэннем субсідый. Таксама ў клубаў захоўваецца права на прадпрымальніцкую дзейнасць, каб яны маглі зарабляць уласныя сродкі.

«Усе падыходы падтрыманы»

Прэзідэнт заклікаў усіх удзельнікаў нарады выказаць сваё меркаванне. Па выніках абмеркавання прапановы, прадстаўленыя Міністэрствам спорту і турызму, былі падтрыманы. Аб гэтым журналістам расказаў Сяргей Кавальчук. «Усё падтрымана. Усе нашы падыходы падтрыманы», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, да 1 ліпеня будзе распрацаваны адпаведны ўказ. У чарнавым варыянце ён ужо ёсць, але трэба дапрацаваць, каб з 1 студзеня 2026-га, калі пачнецца новы фінансавы год, працаваць па новых прынцыпах. «Урад, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт павінны ў найбліжэйшы час выпрацаваць і дапрацаваць гэтыя падыходы і ўнесці на разгляд кіраўніка дзяржавы ўказ, які вызначыць усе кірункі, па якіх мы павінны далей працаваць», — падсумаваў Сяргей Кавальчук.

Міністр падкрэсліў, што падыходы, якія існуюць цяпер, ужо крыху ўстарэлі. «Падыходы трэба памяняць. Павінна быць справядлівае, рацыянальнае, эфектыўнае размеркаванне ўкладзеных сродкаў», — адзначыў Сяргей Кавальчук. Паводле яго слоў, ёсць віды спорту альбо клубы, якія добра фінансуюцца з дапамогай спонсараў. А ёсць тыя, у каго няма такіх магчымасцяў. Таму, звярнуў увагу міністр, трэба гэтыя сродкі раўнамерна размеркаваць.

«Другая задача — стварыць правільную сістэму кантролю, каб мы бачылі, на што патрацілі кожную ўкладзеную капейку», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук. Па яго словах, сёння самая эфектыўная схема — гэта бюджэтнае фінансаванне, паколькі 80 % клубаў — дзяржаўныя бюджэтныя ўстановы. Што датычыцца астатніх, то ім прапануецца або самастойна шукаць сродкі, або працаваць па нормах, якія распрацавала дзяржава.

Усім пароўну

Міністр спорту і турызму растлумачыў, у чым сутнасць новаўвядзенняў. Сродкі, якія раней выдзяляліся арганізацыямі непасрэдна клубам і федэрацыям, цяпер будуць ісці ў бюджэт. А з бюджэту ў выглядзе субсідый будуць выдзяляцца на развіццё спорту. Але яны будуць кантралявацца і будзе зразумела, куды траціцца кожная капейка. Гэта датычыцца і спонсарскай дапамогі, калі яна паступае ад дзяржаўных арганізацый і прадпрыемстваў. «Прадпрыемствы будуць выдзяляць сродкі на развіццё відаў спорту раўнамерна, аднолькава па ўсёй краіне. Астатнія грошы для клубаў, калі ласка, зарабляйце самі», — растлумачыў Сяргей Кавальчук. Паводле яго слоў, дысбаланс у фінансаванні выклікае шэраг праблем. Напрыклад, у футболе атрымліваюцца сітуацыі, калі максімальныя зарплаты гульцоў у адной рэгіянальнай камандзе ніжэйшыя за мінімальныя ў іншай. І часта таленавітыя гульцы купляюцца больш заможнай камандай, але матывацыі паказваць вынік у іх няма — заробак і так вырас. «І вось гэта праблема рознага фінансавання і розных магчымасцяў спонсараў і клубаў. Мы павінны сёння паглядзець на рэгіянальны спорт. У іх магчымасцяў сёння менш», — удакладніў міністр.

Сяргей Кавальчук зрабіў акцэнт на тым, што новаўвядзенні не азначаюць ураўнілаўку. Ствараюцца роўныя базавыя ўмовы, усё астатняе залежыць ад выніку. Напрыклад, каманды, якія паказваюць вынік на міжнароднай арэне, фінансуюцца па-іншаму: яны маюць магчымасць дафінансавання, атрымліваюць сродкі ад міжнародных федэрацый па сваім відзе. У тых клубаў, якія проста трапляюць на міжнародныя турніры і ў ідэале паказваюць там вынік, фінансаванне лепшае, чым у тых, хто на гэта не здольны. Што датычыцца ўнутраных стартаў, то тут, па словах міністра, клубы заўсёды атрымліваюць фінансавае заахвочванне з боку заснавальнікаў, на ўзроўні рэгіёнаў і гэтак далей. «Ніхто ў крыўдзе ў нас не застаецца. Я ведаю заработныя платы футбалістаў, хакеістаў, ва ўсіх відах спорту. Там, дзе ёсць вынік, дзяржава годна і якасна аплачвае работу спартсменаў», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.

Колькі клубаў патрэбна?

Журналісты папрасілі больш падрабязна расказаць пра аптымізацыю колькасці клубаў у некаторых гульнявых відах спорту. Гэты тэзіс гучаў у дакладзе профільнага міністра. Сяргей Кавальчук прывёў да прыкладу футбол, у якім 16 каманд. «Для Рэспублікі Беларусь — гэта перабор», — выказаў сваю пазіцыю ён. Па словах Сяргея Кавальчука, з-за вялікай колькасці каманд чэмпіянат пачынаецца вельмі рана і завяршаецца надта позна. «Сёлета мы пачалі 15 сакавіка. Каманды не паспяваюць завяршыць перадсезонную падрыхтоўку. У іх на гэта выдзелены пэўны час. Напрыклад, футбольны клуб „Дынама-Мінск“ толькі 1 красавіка заканчвае перадсезонную падрыхтоўку. А мы ўжо гуляем», — адзначыў міністр. Гэта цягне за сабой цэлы комплекс праблем: якасць футбольных палёў, нязручныя з-за надвор’я ўмовы для гульняў, і пераможцу часцей за ўсё вызначае не прафесіяналізм, а выпадковасць. «Менш каманд — меншая колькасць матчаў. Менш матчаў — мы можам пачаць крыху пазней, завяршыць крыху раней. Гэтая тэма сёння на паверхні. Мы сумесна з Федэрацыяй футбола, іншымі зацікаўленымі (і па іншых відах спорту тое ж самае) павінны вызначыць неабходную колькасць клубаў, якія ў кожным відзе спорту ад кожнага рэгіёна павінны быць прадстаўлены. Улічваючы, што сёння асноўная маса — гэта дзяржаўныя сродкі, бюджэтныя сродкі падтрымкі», — растлумачыў Сяргей Кавальчук.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю