Top.Mail.Ru

Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён

Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс «Вусценскі» дзяржаўнага прадпрыемства «Вусце» НАН Беларусі, дзе азнаёміўся з вытворчасцю малака і ўмовамі ўтрымання маладняку чырвонай дацкай пароды кароў.


Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе сельскагаспадарчых работ і некаторых паказчыках у жывёлагадоўлі на сельгаспрадпрыемстве ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці і краіне ў цэлым. Акрамя таго, зайшла размова аб супрацоўніцтве Беларусі і Узбекістана ў аграпрамысловай сферы. Канкрэтны план сумеснай работы ў развіццё нядаўніх дамоўленасцяў прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Шаўката Мірзіёева прадставілі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік і кіраўнік Андыжанскай вобласці Узбекістана Шухратбек Абдурахманаў. 

Малочнатаварны комплекс «Вусценскі» знаходзіцца ў падпарадкаванні вытворчага прадпрыемства «Вусце» Нацыянальнай акадэміі навук. У савецкія часы гаспадарка была адной з самых перадавых, але пасля прыйшла ў заняпад. У 2015 годзе Прэзідэнт даручыў перадаць яе вучоным, дзякуючы намаганням якіх сельгаспрадпрыемства ўстойліва функцыянуе. У цяперашні час прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва на базе сельгаспрадпрыемства другога малочнатаварнага комплексу, які будзе ўключаць два памяшканні для ўтрымання 1000 кароў, даільна-малочны блок, сховішчы для кармоў і арганікі. Памяшканні для кароў у запуску і прафілакторыя для маладняку будуць перапрафіляваны з тых, што ёсць. Запаўненне комплексу плануецца ўласным маладняком жывёлы чырвоных парод. 

Малочнатаварны комплекс «Вусценскі», уведзены ў эксплуатацыю ў канцы 2020 года, Прэзідэнт наведваў восенню 2021-га. Тады кіраўнік дзяржавы ўбачыў, як асвоіліся на новым месцы чырвоныя дацкія каровы і прадэгуставаў малако. Амаль праз пяць гадоў — кантроль пастаўленых задач і планы на будучыню. 

«Трэба паставіць раз і назаўсёды кропкі над «і»

Наведванне малочнатаварнага комплексу Аляксандр Лукашэнка пачаў з гісторыі пытання. Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму вучоныя папрасілі грошы на развядзенне новай пароды кароў — чырвонай дацкай. На выдаткаваныя дзяржавай грошы ў Даніі закупілі 1200 галоў, паабяцаўшы вывесці новую пароду ў Беларусі. Затым, як канстатаваў кіраўнік дзяржавы, пачалася «эпапея»: згодна з адным меркаваннем, тут завал, паводле другога — усё ў парадку. 

«Дацкая чырвоная парода ў Беларусі ў наяўнасці?» — удакладніў Прэзідэнт. 

Як высветлілася ў наяўнасці. 1200 галоў закупілі. Праз пяць гадоў у наяўнасці 2000 галоў. 

«Тэма сённяшняга дня: дык што ж усё-такі адбываецца? — паставіў пытанне перад адказнымі службовымі асобамі Аляксандр Лукашэнка. — Асабліва тут, дзе мы пабудавалі комплекс для вучоных для таго, каб паставіць гэтыя 1200 галоў, стварылі ідэальныя ўмовы, і за пяць гадоў — 2000 (галоў. — „Зв.“). Такімі тэмпамі дацкай чырвонай пароды ў нас можа не быць».


Прэзідэнт удакладніў, што адбываецца цяпер. «Дзе праўда? — канкрэтызаваў ён. — Правалілі вучоныя гэты эксперымент? Хаця які гэта эксперымент... Узялі гатовую жывёлу, прывезлі сюды, але накарміць і догляд забяспечыць былі не ў стане. І толькі да прыезду Прэзідэнта вы тут нешта падшаманіце, і быццам бы ў вас нармальна. Давайце разбірацца, у чым прычына. І трэба паставіць раз і назаўсёды кропкі над «і».

«Патрэбна праграма, каб было відаць, дрэнна або добра» 

Зайшла размова і пра сезонныя клопаты. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў аб ходзе ўборачнай кампаніі. У прыватнасці, ён адзначыў, што працягваецца ўборка траў другога ўкосу. Па стане на 14 ліпеня, у краіне ўбрана 45 % плошчаў. 

«У Віцебскай вобласці ўбралі першы ўкос?» — удакладніў беларускі лідар.

«Убралі, — сказаў кіраўнік ведамства. — Ужо прыступілі да другога».

Гаворачы аб асаблівасці ўборачнай кампаніі гэтага года, Юрый Горлаў канстатаваў, што, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, сена нарыхтавалі практычна ў два разы больш у параўнанні з мінулым годам. Ідуць з апераджэннем і па нарыхтоўцы сенажу. Працягваецца ўборка азімага ячменю, аднак не тымі тэмпамі, як гэта павінна быць.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на зарослыя палі, якія ён убачыў па дарозе на МТК. «Дрэнна спрацавалі, — адзначыў Прэзідэнт. — Я вас папярэджваў, што пры такім надвор’і трэба ўпор рабіць на хімію адпаведную. Вось як вы зрабілі, я бачыў».

Зайшла размова і аб паказчыках у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. У цэлым за 6 месяцаў 2026 года тэмп вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 104,9 %. У жывёлагадоўлі — 103,6 %, у раслінаводстве — 115,3 %. 

Асобна прагучала тэма захаванасці жывёлы. Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, назіраецца тэндэнцыя да зніжэння ўзроўню падзяжу. Але гэта не той вынік, якога патрабуе кіраўнік дзяржавы.

«У вас як дохлі цяляты ў мінулым годзе, так дохнуць і цяпер, — канстатаваў беларускі лідар. — Вы топчацеся на адным месцы. Вы менш чым працэнт мінусуеце за паўгоддзе. Па выніках года паглядзім». 

Гаворачы аб дацкай пародзе кароў, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання адзначыў, што на бягучы момант у наяўнасці 2279 галоў кароў. У асноўным яны ўтрымліваюцца на малочнатаварным комплексе «Вусценскі». Ён расказаў аб планах пабудаваць тут яшчэ адзін МТК на 1000 галоў чырвонай дацкай пароды. Акрамя таго, развядзенне гэтай пароды ажыццяўляецца ў шэрагу гаспадарак у Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях. Ідзе размова і аб будаўніцтве ў гэтых рэгіёнах новых МТК па развядзенні чырвонай дацкай пароды кароў. 

«Вучоныя падключыліся да гэтых комплексаў? —удакладніў Аляксандр Лукашэнка ў старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка. — А то мы пабудуем, а потым накарміць (жывёл. — „Зв.“) не зможам, як тут калісьці было».

Прэзідэнта запэўнілі, што гэтага не будзе. І вучоныя, і прадстаўнікі сельгасарганізацый бачаць высокі патэнцыял у гэтых кароў. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што тлустасць малака ад дацкай чырвонай пароды жывёлы — да 6 %, што дазваляе рабіць добры сыр.

«Такія каровы ў мяне дома ёсць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Добрыя каровы. Патрабуюць клопату і догляду пэўнага. Малако вельмі прыстойнае — амаль 6 % тлустасць і столькі ж, і нават вышэй, бялок».

«Такая тлустасць малака нас задавальняе ад гэтай жывёлы, або нам чорна-пярэстую пароду трэба было даіць і такая была б тлустасць?» — удакладніў беларускі лідар.

Юрый Горлаў заўважыў, што задавальняе. «Тым больш, перыяд выкарыстання гэтай пароды вышэйшы, чым галштынскай, у некалькі разоў», — дадаў ён. 

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук праінфармаваў аб перспектывах развядзення дацкай чырвонай пароды кароў. Уладзімір Каранік адзначыў, што практычна ўсе гаспадаркі, якія займаюцца развядзеннем гэтай жывёлы, маюць надой ад 7 тысяч літраў малака ў год ад каровы, што робіць стаўку на гэту пароду апраўданай. Акрамя таго, ён расказаў аб планах па стварэнні беларускай чырвонай пароды кароў. 

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому Аляксандр Лукашэнка даручыў знайсці спецыялістаў, якія б дакладна распісалі для вучоных задачы, звязаныя з развядзеннем у Беларусі чырвонай пароды кароў. 


«Таму па выніку: колькі павінна быць кожны год гэтых кароў, комплексы як будуць будавацца — наогул, цэлая праграма, каб мы паглядзелі ў канцы года і далі ацэнку, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — 10–15 % здохла за год кароў — выбыццём называюць, а ў выніку што? Тое, што купілі, тое і засталося за пяць гадоў. Таму трэба мець канкрэтную праграму, каб было відаць, на што яны павінны выйсці: наш галоўны акадэмік (Уладзімір Каранік. — „Зв.“) і міністр (Юрый Горлаў. — „Зв.“). І мы тады будзем даваць па гэтым пытанні ацэнку. Усё гэта прапісаць, распараджэнне Прэзідэнта, задача — і наперад! Я не хачу сказаць, што гэта вялізныя грошы, якія мы выдзелілі на закупку 1200 галоў жывёлы ў свой час, але яны ж вучоныя, яны абяцалі. „Усё добра“ (гавораць кіраўніку дзяржавы. — „Зв.“). Я лічу, што ўсё дрэнна пакуль. Таму патрэбна праграма, каб было відаць, дрэнна або добра».

Уладзімір Каранік дадаў, што НАН Беларусі сумесна з Мінсельгасхарчам падпісалі праграму. «Добра, мы паглядзім на вашу праграму, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Сацыялістычнае абавязацельства вызначым вам. Гэта будзе ваш план, ваша павышанае заданне. І будзем па гэтым ацэньваць».

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук звярнуў увагу на тое, што вучоныя працуюць і з ТАА «БелІнтэрГен-агра», якое займаецца племянной жывёлагадоўляй, у асноўным, развядзеннем галштынскай пароды кароў. «Для таго, каб сфарміраваць каманду без вузкаведамасных інтарэсаў, дзе збяруцца кампетэнтныя спецыялісты», — растлумачыў ён.

«Дай бог, каб было так», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы будзем па-братэрску працаваць» 

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік і кіраўнік Андыжанскай вобласці Узбекістана Шухратбек Абдурахманаў праінфармавалі кіраўніка дзяржавы аб развіцці нядаўніх дамоўленасцяў прэзідэнтаў Беларусі і Узбекістана Аляксандра Лукашэнкі і Шаўката Мірзіёева. Размова ідзе аб інвестыцыях у розныя сферы і запрашэнні на работу ў нашу краіну грамадзян Узбекістана.

«Літаральна за чатыры дні мы правялі работу па Віцебскай вобласці, — адзначыў Аляксандр Рагожнік. — Падрыхтавалі 10 памяшканняў для вырошчвання бычкоў. Сукупна на бягучы момант гэтыя памяшканні дазваляюць утрымліваць 7 тысяч галоў з магчымасцю павелічэння на 2 тысячы».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць дамоўленасць з яго ўзбекскім калегам, што працаваць там будуць як нашы, так і іх людзі. «І мяса вы можаце хоць самалётам, хоць верталётам жывой вагой, замарожанае і іншае перапрацаваць і адправіць туды», — дадаў ён.

У сувязі з гэтым Дзмітрыю Крутому даручана ўзяць пад кантроль эканамічны бок гэтага пытання. «Які сэнс для Віцебскай вобласці? Што Віцебская вобласць ад гэтага атрымае? — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Гэта трэба дакладна пралічваць, каб мы не наабяцалі Узбекістану незразумела што. Грошы гэтыя акупяцца. Узбекі ўмеюць працаваць, эфектыўна працаваць. Таму, я ўпэўнены, што акупяцца. Але калі ён (кіраўнік Андыжанскай вобласці Узбекістана Шухратбек Абдурахманаў. — „Зв.“) яшчэ будзе кантраляваць разам з табой (Аляксандрам Рагожнікам. — „Зв.“), яны акупяцца хутка».

Аляксандр Рагожнік праінфармаваў, што літаральна днямі ў Віцебск прылятаюць прадстаўнікі кіраўніка Андыжанскай вобласці, якім выдзеляць працоўныя месцы ў Віцебскім аблвыканкаме. Яны на месцы будуць кантраляваць сітуацыю і займацца гэтым працэсам. 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка параіў Шухратбеку Абдурахманаву не зацыклівацца толькі на Віцебшчыне. «У нас ёсць цэлы паўднёвы ўсход (Магілёўскай вобласці. — „Зв.“) з канкрэтнай праграмай, — канкрэтызаваў ён. — Там „каўрыжкі“, ільготы і іншае». Па словах кіраўніка дзяржавы, паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці таксама адчувае патрэбу ў кадрах, але землі там, як падкрэсліў беларускі лідар, лепшыя, чым на Віцебшчыне.


«Задача зразумелая», — сказаў кіраўнік Андыжанскай вобласці.

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, у чым яго інтарэс. «Людзі, — сказаў ён. — Там няма столькі людзей. А вам няма куды людзей дзяваць. Асабліва ў Андыжанскай вобласці. Няхай прыязджаюць і працуюць. Галоўнае, каб было жаданне».

Беларускі лідар падкрэсліў, што будзе трымаць гэта пытанне пад кантролем. «Я паабяцаў Прэзідэнту (Узбекістана. — „Зв.“), што мы гэта зробім, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Нам гэта выгадна. Такім чынам атрымае развіццё Віцебская вобласць. Мы будзем па-братэрску працаваць. Можаце не сумнявацца. Галоўнае, я Шаўката (Мірзіёева. — „Зв.“) папярэдзіў: дысцыпліна тут жорсткая. Няма дысцыпліны — толку не будзе». 

Кіраўнік узбекскага рэгіёна выказаў удзячнасць беларускаму лідару за створаныя ўмовы працы ў Віцебскай вобласці. 

З жыллём для тых, хто да нас прыедзе працаваць, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, пытанняў не ўзнікне. «У нас у вёсках ёсць больш-менш нармальнае жыллё, — канстатаваў ён. — Разам прывядзём у парадак. І ўсё, што будзем будаваць, будзем будаваць для людзей. Для ўзбекаў і для беларусаў — розніцы не будзе. Вашы дзеткі — у дзіцячы садок, у школу. На такіх жа ўмовах, як беларусы. У ВНУ — конкурс (на агульных падставах. — „Зв.“). Прыехаўшы сюды, яны павінны ведаць: яны не чужыя для нас людзі. Мы гэта ўсё зробім. Адзінае, каб працавалі». 

Грамадзян Узбекістана плануецца прыцягваць не толькі ў сельскую гаспадарку, але і ў будаўніцтва, прамысловасць, сферу паслуг.

«Галоўная наша праблема — прыстасаваць севазварот да гэтых умоў надвор’я»

Асобна Аляксандр Рагожнік далажыў аб планах на будучы ўраджай. Ён адзначыў, што сёлета вобласць прырастае па ўсіх паказчыках: пачынаючы ад жывёлагадоўлі, заканчваючы прывагамі па малаку. Па словах губернатара Віцебскай вобласці, сёлета па вырошчванні кукурузы рэгіён прырос на 30 %. З вялікім плюсам Віцебшчына ідзе і па нарыхтоўцы травяністых кармоў.

«Узбекі будуць (працаваць. — „Зв.“) — яшчэ будзеце лепш ісці, я ўпэўнены ў гэтым», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Чакаемы валавы збор складзе з улікам кукурузы і рапсу 1,2 мільёны тон, — адзначыў губернатар Віцебскай вобласці. — Наша асноўная праблема — гэта надвор’е».

«Надвор’е ва ўсіх, — заўважыў Прэзідэнт. — Сёння, учора было добрае надвор’е. Трэба да вечара, пасля абеду, пачынаць убіраць. Галоўная наша праблема — прыстасаваць севазварот да гэтых умоў надвор’я, у тым ліку і да гэтых зямель. Улічваючы, што Узбекістану патрэбны мяса і малако, тут і бог загадаў нам вырабляць. Пад гэта і заточым гэту вобласць і як мінімум паўднёвы ўсход Магілёшчыны. Нават у Гродзенскай вобласці трэба паглядзець пэўныя гаспадаркі. Мы супраць не будзем, калі вы там будзеце вырошчваць для сябе прадукцыю».

Прэзідэнт яшчэ раз папярэдзіў аб адказнасці за непадрыхтаванасць камбайнаў да ўборачнай кампаніі. Датычыцца гэта і спраўнасці зернесушыльных комплексаў.

Аляксандр Рагожнік далажыў аб рабоце з інвестарамі ў сельскай гаспадарцы, рэалізацыі новых праектаў з сукупнымі інвестыцыямі амаль 1 мільярд рублёў. Сярод інвестараў — агракамбінат «Дзяржынскі», ААТ «Савушкін прадукт», Горацкі харчовы камбінат, кампанія «Сервалюкс».

Па словах губернатара, калі той жа агракамбінат «Дзяржынскі» пачаў працаваць на Аршанскім мясакамбінаце, эканоміка на прадпрыемстве стала значна лепшай. Аляксандр Рагожнік расказаў аб дадатковых дамоўленасцях, звязаных з будаўніцтвам на Віцебшчыне аб’ектаў у птушкагадоўлі, для адкорму буйной рагатай жывёлы.

Рэканструкцыяй Полацкага малочнага камбіната займаецца ААТ «Савушкін прадукт».

«Мадэрнізацыя ідзе поўным ходам. Абсталяванне паступае», — канкрэтызаваў кіраўнік рэгіёна.

«Гэта добра, у цябе перапрацоўка, але да гэтага ты падвязвай зямлю — калгасы, саўгасы», — паставіў задачу Прэзідэнт. 

«У нас разлік — запусціць моцную перапрацоўку, — патлумачыў губернатар. — Гэта дасць добрую цану на сыравіну для пастаўкі з гаспадарак». 

«Сыравіну добрую яны атрымаюць, але ўкласціся ў зямлю павінны, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму што ўсё пачынаецца адтуль — ад малака, ад мяса».

Як расказаў Аляксандр Рагожнік, яшчэ адзін інвестпраект рэалізуе Горацкі харчовы камбінат. Пасля мадэрнізацыі Віцебскі малаказавод зможа вырабляць высокарэнтабельны кісламалочны напой. Кампанія «Сервалюкс» укладае інвестыцыі ў сельскагаспадарчыя арганізацыі Дубровенскага раёна. Па словах губернатара, ёсць дамоўленасці аб будаўніцтве некалькіх жывёлагадоўчых комплексаў і перспектыўных праектах з удзелам іншых інвестараў.

Звяртаючыся да Шухратбека Абдурахманава, беларускі лідар адзначыў, што такія інвестпраекты могуць быць прыкладам і для Узбекістана. «Гэта адны з найлепшых кампаній, — акцэнтаваў увагу ён. — Можна іх капіраваць. Вы будзеце бачыць, як мы працуем са сваімі. Дакладна так будзем і з Узбекістанам».

Падчас агляду малочнатаварнага комплексу Прэзідэнт азнаёміўся з умовамі, у якіх утрымліваюцца дарослыя жывёлы і маладняк. Аляксандр Лукашэнка расказаў Шухратбеку Абдурахманаву аб беларускім вопыце і тэхналогіях у жывёлагадоўлі. Завяршылася наведванне МТК «Вусценскі» дэгустацыяй мяса-малочнай прадукцыі.

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Аршанскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю