Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў па-гаспадарску развіваць тэрыторыі запаведнікаў і азнаёміўся з добраўпарадкаваннем цэнтральнай сядзібы Бярэзінскага біясфернага запаведніка — вёскі Домжарыцы, якую тут развіваюць у канцэпцыі «вёска будучыні», паведамляе БелТА.
«У запаведніку павінны жыць людзі, такімі астраўкамі. Размова ідзе аб тым, каб там, дзе людзі жывуць, накшталт Домжарыц, ствараць гэтыя астраўкі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб акрамя прыродаахоўных мерапрыемстваў у такіх месцах па-гаспадарску займаліся і лясной, і сельскай гаспадаркай. Каб утрымліваць тэрыторыі ў парадку.
«Жыць на зямлі — трэба займацца сельскай гаспадаркай. Прысядзібны ўчастак павінен быць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Тое ж самае датычыцца і асобных участкаў, дзе можна развіваць гаспадарчую дзейнасць. «Гэтыя астраўкі нельга аддаваць прыродзе, калі яны ачышчаны ад лесу, кустоў. Яны мусяць даваць вынік. Недзе цэх па апрацоўцы драўніны, сельская гаспадарка. Я гатовы невялікімі грашыма дапамагчы, каб гэта развіваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Я не гавару, з якімі мэтамі будзеце працаваць на зямлі. Малака, мяса ў нас хапае. Калі гэта будзе выкарыстоўвацца для палявання, рыбалоўства — калі ласка, гэта ваша справа», — дадаў Прэзідэнт.
Што датычыцца развіцця і добраўпарадкавання Домжарыц, кіраўнік дзяржавы даў пазітыўную ацэнку ўбачанаму: «Вёска добрая. Дай бог, каб у нас такія былі аграгарадкі. Малайцы, што зрабілі такую вёску. Акрамя таго, што вы сюды жалезабетон і цэглу цягнеце. Усё трэба рабіць з дрэва», — ацаніў добраўпарадкаванне Прэзідэнт.