Рабочы графік Прэзідэнта ў 2026 годзе пачаўся з даклада пасла Беларусі ў Расіі Аляксандра Рагожніка
Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў развіццё ўзаемадзеяння з нашым асноўным партнёрам, Расійскай Федэрацыяй, агучыў перспектыўныя кірункі партнёрства, а таксама ўказаў на шэраг недахопаў, выпраўленне якіх дазволіць супрацоўнічаць яшчэ больш эфектыўна.
«Гэта наш асноўны кірунак»
«Гаварыць аб тым, што расійскі кірунак — для нас важны кірунак, ну, што паслу гаварыць аб гэтым, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я вам гаварыў пры прызначэнні па гэтай тэматыцы. А, папрацаваўшы там, вы разумееце, што гэта наш асноўны кірунак».
Па словах беларускага лідара, нягледзячы на рост экспарту ў Расію, вызначаны план рэалізаваны не ў поўным аб’ёме. «Быццам бы ў цэлым мы там забяспечваем прырост, — канстатаваў ён. — І ўлічваючы, шчыра кажучы, як у Беларусі і Расіі складваюцца справы, то 102,5 %, пад 103 %, — гэта быццам бы нядрэнна. Але план (па забеспячэнні тэмпу росту экспарту ў Расійскую Федэрацыю. — „Зв“.) у нас быў 105 %. Мы бачым праблемы. У нас прасяданне па прамысловасці. Ваша тэма, дарэчы, як былога міністра прамысловасці (былых жа не бывае)».
Прэзідэнт звярнуў увагу на пытанне стварэння сумесных з Расіяй новых вытворчасцяў, пацікавіўся сітуацыяй у дадзеным кірунку. «Гэта вельмі важна, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы шмат гаворым цяпер аб станкабудаванні. Без яго ніякага развіцця быць не можа. У нас ёсць гэта тэма. Задзел добры, школа ёсць, кампетэнцыі. Мы гаворым аб авіябудаванні, многае-многае, і ВПК у тым ліку. Што вы бачыце тут, якія недахопы?»
Закраналася падчас даклада і тэма развіцця на расійскім рынку сферы паслуг. Па словах Прэзідэнта, Беларусі ў гэтым плане трэба нарошчваць сваю прысутнасць у Расіі. Тым больш, як заўважыў беларускі лідар, такія магчымасці сёння запатрабаваны ў Расійскай Федэрацыі.
«Нешта мы застапарыліся з лічбавым подпісам, — агучыў яшчэ адно пытанне кіраўнік дзяржавы. — Якія праблемы? Для нас гэта дзверы па многіх кірунках у Расійскай Федэрацыі. Тым больш што рашэнні ўжо быццам бы прынятыя. У чым тармажэнне? Пры сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным мы абмяркуем гэтыя пытанні, калі там хтосьці тармозіць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, важным аспектам беларуска-расійскага ўзаемадзеяння з’яўляецца і будаўніцтва высакахуткаснай чыгуначнай магістралі, якая злучыць Маскву з Мінскам і працягнецца да Брэста. «Гэта вельмі важна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вы як прамысловец што бачыце тут: рэальна гэта, нерэальна? Тым больш, што гэты напрамак цяпер — усходні, маскоўскі перш за ўсё, — сярод нашых людзей вельмі запатрабаваны».
Абмеркаваны ў Палацы Незалежнасці быў і шэраг іншых пытанняў, звязаных з перспектывамі супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй.
«Пачынаецца вельмі важны для нас год»
Карыстаючыся магчымасцю, пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік павіншаваў Прэзідэнта з Новым годам і Раством Хрыстовым.
«Дзякуй! Пачынаецца вельмі важны для нас год, —звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — 2026 год мы праваліць ніяк не павінны. Гасподзь нас пашкадаваў: снег выпаў, пасевы прыкрыў. Пасеялі нядрэнна, і ўсходы добрыя. Таму тут у нас больш-менш па ўсёй рэспубліцы. Засталося нам толькі сваю справу зрабіць. Таму новы год для нас — гэта пачатак новых спраў».
Аляксандр Рагожнік далажыў, што па выніках работы за 2025 год пасольства Беларусі ў Расіі не падвяло кіраўніцтва краіны. «І нягледзячы на тое, што мы не дасягнулі росту ў 105 % (тэмпу росту экспарту ў Расію. — „Зв.“), як было даведзена, але разам з тым 102,3 % за 11 месяцаў, на мой погляд, у бягучых умовах ахалоджвання расійскай эканомікі — гэта цудоўны вынік», — канстатаваў ён.
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.
Даслоўна
«Сёння на расійскім рынку беларускае = расійскае»
У размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр РАГОЖНІК падкрэсліў, што паказчык 102,3 % (тэмпу росту экспарту ў Расійскую Федэрацыю. — «Зв.».), які назіраецца па выніках 11 месяцаў 2025 года, — гэта выдатны паказчык.
«Ніхто яшчэ ў пачатку-сярэдзіне года не чакаў, што мы зможам вырашыць у значнай ступені той клубок праблем, які ў нас быў, і выйсці на практычна рэкордны паказчык экспарту не толькі тавараў, але і паслуг, — адзначыў ён. — Так, ад Прэзідэнта прагучала пэўная крытыка ў дачыненні да нашага машынабудаўнічага комплексу, які спрацаваў некалькі горш, чым у мінулыя перыяды. Але ў цэлым, калі ацэньваць вынікі за апошнія чатыры гады, то прырост па гэтым кірунку, безумоўна, прысутнічае. Нягледзячы на тыя моманты ахалоджвання расійскай эканомікі, якія маюць месца быць, мы ўсё роўна не дапусцілі сур’ёзнага спаду сваіх экспартных паставак. І, робячы акцэнт на супрацоўніцтва з рэгіёнамі, усё ж такі захавалі такі падмурак у рабоце і ў гэтай галіне».
Пасол Беларусі ў Расіі нагадаў, што на мінулым тыдні адбыліся перагаворы ва ўрадзе Расійскай Федэрацыі, на якіх абмяркоўваліся пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне прамысловай вытворчасці. «Мы дамовіліся аб тым, што будзе фарміравацца новая абноўленая праграма ў галіне авіябудавання, якая задзейнічае наш прамысловы сектар да 2035 года, — канкрэтызаваў Аляксандр Рагожнік. — Мы таксама дамовіліся аб стварэнні адзінай інфармацыйнай сістэмы, якая будзе забяспечваць кантроль за ліквідацыяй стварэння дублюючых вытворчасцяў для таго, каб мы развіваліся і дапаўнялі адзін аднаго, не канкурыруючы ў пэўным сектары. Таму гэта работа ідзе ўвесь час і, на мой погляд, ідзе вельмі добра. Мы летась вырашылі самую галоўную праблему — доступ нашай прамысловасці да ўсіх праграм, якія рэалізуюцца ў Расійскай Федэрацыі. Сёння на расійскім рынку беларускае = расійскае. І сёння мы канкурыруем у звычайных эканамічных умовах, і перамагае наймацнейшы».
Гаворачы аб тым, наколькі цяжка зацікавіць расійскага спажыўца, пасол адзначыў: «Нам прасцей хаця б таму, што сёння наша прадукцыя на ўсёй тэрыторыі Расійскай Федэрацыі вельмі добра знаёмая. І суадносіны кошт, якасць і функцыянальнасць найбольш аптымальныя. Вядома, сёння ўвесь свет развіваецца, і ўсе краіны: Кітай, Індыя, Бразілія і іншыя, безумоўна, адстойваюць свае інтарэсы. Але ў нас таксама ёсць пэўныя перавагі. Сярод іх — блізкасць з Расійскай Федэрацыяй, маленькае транспартнае плячо, адпаведна, выдаткі некалькі ніжэйшыя. Але тое, аб чым гаворыць Прэзідэнт, — што неабходна працаваць над якасцю, — гэта, безумоўна, аснова. Ніхто з нас у звычайным жыцці не купіць дрэнную тэхніку, калі на рынку ёсць нешта больш прывабнае. Таму мы і займаемся гэтым, і вынікі ёсць».
Пасол Беларусі ў Расіі таксама нагадаў, што пасля пачатку СВА і ўсіх мінулых падзей мы перайшлі на выкарыстанне альтэрнатыўных кампанентаў, пачалі вырабляць усё неабходнае ў сваёй краіне. «У Рэспубліцы Беларусь не спынілася ніводнае прадпрыемства, — падкрэсліў Аляксандр Рагожнік. — І гэта велізарная наша заслуга, што мы змаглі так безбалюча названы працэс пераадолець. Гэта была вельмі няпростая задача. Але на ўсё неабходны час, і гэтыя задачы былі паспяхова вырашаны».