Прэзідэнт заслухаў справаздачу ўрада за 2025 год
Вынікі работы эканомікі за 2025 год, а таксама эканамічныя перспектывы бягучага года разглядалі ў аўторак ва ўрадзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. На вялікай нарадзе прысутнічалі не толькі Прэм’ер-міністр і яго намеснікі, кіраўнікі міністэрстваў, але і работнікі Апарату Савета Міністраў, кіраўнікі буйных арганізацый.

«У любой сітуацыі мы павінны працаваць і выдаваць вынік»
У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мерапрыемства не носіць урачысты характар. «Вельмі хацеў бы, каб яно было рабочым. Усе вы разумееце, я таксама — мы знаходзімся ў вельмі складанай, прынамсі, няпростай сітуацыі. І з Усходу, і з Захаду — пад сур’ёзным прэсам, — канстатаваў беларускі лідар. — Я кажу пра эканоміку, хоць і палітыка, яна ёсць выяўленне гэтай эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як казалі класікі. Але вы павінны разумець, што мы заціснутыя эканамічна двума магутнымі блокамі. З аднаго боку — Еўрапейскі саюз, з другога боку — Кітайская Народная Рэспубліка і Расія. Наш галоўны саюзнік і партнёр знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы. Мы гэта адчуваем, бо гэта наш асноўны рынак. У панядзелак мы з Глазьевым (дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы. — „Зв.“) падрабязна абмеркавалі сітуацыю з пункту гледжання эканомікі на нашай агульнай прасторы. Прыйшлі да адзінага меркавання, што проста не будзе. Для таго мы і ёсць, як нас называюць, эліта — самыя падрыхтаваныя, інфармаваныя людзі. І ў любой сітуацыі мы павінны працаваць і выдаваць вынік».
Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзельнікаў нарады да вельмі адкрытай размовы. «Перабольшваць нічога не трэба, — падкрэсліў ён. — Вы, напэўна, заўважылі: акуратна, тонка, мы правяраем Узброеныя Сілы, адкрыта гаворым пра нашы недахопы. І я ў тым ліку. Што наогул ніколі не прынята рабіць ні ў адной дзяржаве. Калі вы бачылі, калі аналізавалі, павінны былі заўважыць. Што б ні здарылася — заўсёды кажуць добра. Але калі пачынаецца канфлікт або вайна, тады ўсё відаць наяве».
Што датычыцца знешняй палітыкі, яна, паводле слоў Прэзідэнта, вынікае з унутранай. «Нас шмат крытыкуюць за нейкую шматвектарнасць. Я хачу, каб вы таксама зыходзілі з таго, з чаго зыходжу і я. Шматвектарнасць наша — гэта не схапіць, што патрапіла, і бегчы ў бок, дапусцім, ад Расіі ці ад Кітая. Ці наадварот. Шматвектарнасць у любой дзяржаве павінна (і ўвогуле, так і ёсць) быць прадыктавана станам унутраных спраў дзяржавы і эканомікай, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Наша шматвектарнасць вынікае з эканомікі. Дакладней, вынікала. Гэта цяпер якая тут шматвектарнасць, калі супраць нас уведзеныя жудасныя санкцыі і нам фактычна адсеклі адно з эканамічных крылаў. Заходняе крыло. Там былі нашы пэўныя інтарэсы, там мы працавалі. Таму гэты вектар для нас быў важным».
Але найважнейшы вектар заўсёды быў і застанецца, заўважыў кіраўнік дзяржавы. «Ніхто пасля нас, пасля мяне ці яшчэ неяк рынкі свае нікому не аддасць. Кожны змагаецца за свае рынкі, таму што гэта спосаб выжывання той ці іншай дзяржавы, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — І я гэта адчуваю. Многае атрымліваецца, даводзіцца вырашаць у нейкіх асабістых кантактах, але ўсюды супраціўленне, усюды барацьба. Нават калі хтосьці нешта абяцае, праз месяц зноў і зноў трэба прабівацца на рынкі, якія занятыя ці якія хочуць мець іншых партнёраў». Прэзідэнт прывёў у прыклад азіяцкія і асабліва афрыканскія дзяржавы, дзе не хочуць мець справу з былымі каланізатарамі і імкнуцца знайсці сабе новых партнёраў.

«Краіна вызначаецца не памерамі і колькасцю насельніцтва, а сваімі магчымасцямі»
«Вось тут мы і павінны папрацаваць, — арыентуе кіраўнік дзяржавы. — Тут наша месца. Мы высокатэхналагічная краіна. Мы шмат чаго можам рабіць. Я ўжо казаў, што краіна вызначаецца не памерамі і колькасцю насельніцтва, а сваімі магчымасцямі, перш за ўсё, тэхналагічнымі. Мы з дабром заўсёды прыходзім, напрыклад, у Зімбабвэ і іншыя краіны ў Афрыцы. Мы вучым людзей нашым тэхналогіям, і калі яны, паглядзеўшы, хочуць мець такія тэхналогіі, мы ім пастаўляем тэхніку, навучаем людзей, паказваем, як трэба атрымліваць хлеб і забяспечваем харчовую бяспеку і гэтак далей. Гэта вельмі імпануе названым дзяржавам».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мы перабудавалі нашу знешнюю палітыку. «Вы ведаеце маё рашэнне. Калі Захад не хоча з намі супрацоўнічаць (яны вельмі хочуць супрацоўнічаць, але разумееце, у чым справа), мы перакінулі частку нашых дыпламатычных ведамстваў і паслоў на Усход — туды, дзе нас чакаюць», — дадаў Прэзідэнт.
Пры гэтым, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, ні ў якім разе нельга скідаць з рахункаў Еўропу. «Мы — цэнтр Еўропы, частка гэтай Еўропы. Так, сёння з Еўрапейскім саюзам няпроста. Прасцей не будзе. І гэта паказаў студзень, які вы цалкам правалілі. Цалкам. Урад, Нацыянальны банк, губернатары цалкам правалілі. Ну, можа быць, я памыляюся, мяне так праінфармавалі. Кіраўнік статыстычнага нашага камітэта і Прэм’ер-міністр даложыць аб „подзвігах“ студзеня, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму я і адкладаў справаздачу ўрада на гэты час, каб мы ўжо мелі дакладныя вынікі мінулага года і атрымалі вынікі першага месяца, каб вызначыцца і бачыць тэндэнцыю».

«Вельмі часта гавару: вы забыліся пра 2020 год»
Кіраўнік дзяржавы заклікаў удзельнікаў мерапрыемства быць апанентамі на гэтай нарадзе. «Ну вы ж разумееце, хтосьці будзе плакацца, хтосьці будзе скуголіць, як я кажу, хтосьці яшчэ нешта будзе казаць, Прэм’ер-міністр будзе паказваць, як гераічна мы працавалі, але нічога не атрымалася, а, можа, будуць сабе прыпісваць нешта добрае і гэтак далей. Я з гэтым не згодны. І часта, вельмі часта гавару: вы забыліся пра 2020 год, — канстатаваў Прэзідэнт. — І калі вы думаеце, што 2020 год — гэта там знешнія ворагі нейкія... Ды не! Калі б не было ўнутранай нашай адпаведнай сітуацыі, ніякія б ворагі сюды не ўлезлі. А калі б улезлі, то мы б іх спынілі ў першыя дні. Але наша самазаспакоенасць... Назіраю гэта і цяпер, усюды».
Аляксандр Лукашэнка прывёў шэраг канкрэтных прыкладаў, дзе бачыць самазаспакоенасць. «На першае месца вылучаюцца сродкі масавай інфармацыі. Вы ведаеце маё стаўленне да СМІ. Вайна ідзе на полі СМІ. І я вось гляджу новы канал, БТ-1, 2, 3 і іншыя... Слухайце, новы навінавы канал: тыдзень прайшоў, навіна была тыдзень таму назад (напрыклад, раніцай паглядзеў: Трамп яшчэ не вырашыў, што рабіць з Іранам). Ды гэта ён тыдзень таму назад сказаў. Няўжо гэта галоўная навіна? — іранічна заўважыў беларускі лідар. — І ўсюды так. Вось гэта закарузласць, безадказнасць людзей».
Ён звярнуў увагу, што нават у пытанні наяўнасці нагляднай інфармацыі на вуліцах горада аб правядзенні Года беларускай жанчыны Прэзідэнту давялося рабіць заўвагу. «Усюды вісяць гэтыя шыльды, што мы змагаемся ці то за якасць, ці то за колькасць. Ды новы год наступіў! Год жанчыны. Праз дзень усюды вісяць банеры і іншае, ужо жанчыну паказваюць. Вы што, так будзеце і далей жыць? Убачыў дзесьці нешта Прэзідэнт — штурхнуў. Не штурхнуў — ну і добра», — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін прыклад — стан загарадных дарог, з якіх прыбралі снег, але ён так і застаўся ляжаць адваламі на абочынах. «Еду — карыта. Ачысцілі снег, налева-направа скінулі. Потым дожджык, і атрымаўся бар’ер „жалезабетонны“. Вось зараз пойдуць дажджы, адліга і ўтворыцца карыта — вада будзе на асфальце. Мы разбурым усе дарогі, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Няўжо нельга было сапхнуць снег не на абочыну, а туды, у адхон, каб вада сцякала ўсю вясну, калі будзе раставаць снег. У нас што, дарожнікі гэтага не ведаюць? Ці ў нас віцэ-прэм’ера няма, які гэтым займаецца?»
Звярнуў увагу Прэзідэнт і на несвоечасовасць выканання шэрагу работ, што асабіста бачыў па дарозе на ваенны палігон пад Барысавам. «Раскапалі Жодзіна гэта. Таксама паказуха — Прэзідэнт жа будзе ехаць! Трубы цягаюць, кабель цягнуць нейкі і іншае. Я думаю: хлопцы, а вы што, у кастрычніку-лістападзе не маглі гэта скончыць? Ну навошта вы людзей (сёння мароз, заўтра дождж) цягаеце па гэтай гразі і ўладкоўваеце нейкую паказуху?» — задаў пытанне ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў таксама аб эканоміі на вулічным асвятленні, з нагоды чаго раней даваў даручэнні: «Ах, 10 хвілін не туды, 10 хвілін не сюды, — іранічна заўважыў беларускі лідар. — Ды гэта эканомія — палова павышэння пенсій. Гэта грошы, усюды грошы. Мы гэта не лічым. А навошта лічыць? Гэта ж бюджэт... Ну калі хтосьці хоча свяціцца — хай свеціцца, уключае ліхтары ў сябе, але плаціць за гэта. Але там, дзе бюджэт, там, дзе дзяржава, толку няма. Давайце дамовімся: мы — гаспадары на гэтай зямлі, і аб вашай я буду меркаваць па-гаспадарску».

«Спадзявацца трэба толькі на сябе»
«Я хачу, каб вы разумелі, што сёння адказнасць ляжыць на двух чалавеках. Былых Прэм’ераў не бывае, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Таму адзін у нас, які пайшоў недалёка, але займаецца эканомікай. Другі малады, якому Раман Аляксандравіч (Галоўчанка. — „Зв.“), спадзяюся, вельмі моцна дапамагае. Але сёння мы з вамі падвядзём вынікі 2025 года і пазначым эканамічныя перспектывы на наступны год. Урад — гэта не толькі Прэм’ер-міністр і яго намеснікі, кіраўнікі міністэрстваў, але і работнікі Апарату Савета Міністраў, таксама дырэктары найважнейшых арганізацый, без якіх нельга вырашыць ні адно пытанне. Менавіта таму я папрасіў членаў урада, а таксама вядучых нашых дзеячаў, начальнікаў упраўлення або як яны ў вас цяпер ва ўрадзе называюцца і гэтак далей, запрасіць, каб вы разумелі аб той адказнасці, якая будзе на нас ляжаць сёлета».
«Час, кажу шчыра, амаль ваенны. Чаму? Эканоміка стала рэальным полем бою. Эканамічнымі інструментамі дасягаюцца мэты класічнай вайны: адабраць рэсурсы, выклікаць сацыяльныя пратэсты, прымусіць выконваць не нашы правілы, жыць па іншых правілах, — пералічыў Прэзідэнт. — Вы, напэўна, заўважылі: я не падначваюся там пад Трампа, дзесьці яго ці то захвальваючы, ці то падтрымліваючы. Я проста хачу, каб вы расплюшчылі вочы і нарэшце зразумелі, як развіваецца свет. Гасподзь нас збярог ад гэтай жудаснай, незразумелай рыначнай эканомікі. Памятаеце, нас вучылі ўвесь час: „Рынак усё адрэгулюе. Гэта не трэба, тое не трэба, гэта дрэнна працуе, давайце кінем, будзем займацца іншым“. Нічога мы не кінулі. Цярпелі і сёння зразумелі: ніякі рынак нічога не рэгулюе. Кінуў вока на поўнач — Грэнландыя — багатая і іншая, нікім не занятая, давай яе сюды. Нават Канада, адна з найбуйнейшых краін свету, 51-м штатам павінна быць. Венесуэла, схапілі прэзідэнта чаму? Які картэль? Якія наркотыкі? Нафта!»
«І я ўдзячны прэзідэнту ЗША, што ён адкрыта гэта робіць. Мы цяпер зразумелі, куды нас цягнулі. Праз ліберальныя нейкія прынцыпы нас пераконвалі ў тым, што мы павінны дзейнічаць так, а не інакш. Мы неяк цярпелі. Вытрымалі, разумеем, што рабіць, куды ісці. Спадзявацца трэба толькі на сябе. Не трэба ні на каго разлічваць. Каторы раз гавару: няма ў нас сяброў у свеце. Няма. Самыя лепшыя сябры — гэта нашы канкурэнты, як мінімум».

«Працаваць ва ўмовах абмежаванняў і санкцый мы павінны, забыўшыся пра іх»
Першае, на чым падрабязна спыніўся Прэзідэнт, — санкцыі. «Але для вас і для мяне іх няма, — падкрэсліў ён. — Калі б мы пачалі спасылацца, як некаторыя дзяржавы, на санкцыі, нас бы ўжо не існавала. Як толькі ўваб’ём сабе ў галаву, што немагчыма працаваць, — усё, мы загінем. Няпроста цяпер. Правал студзеня бягучага года кажа пра тое, што і будзе вельмі няпроста. Але ўсюды ёсць адказныя людзі, якія павінны даваць вынік. Не будзе выніку — прыйдзем да ваеннай эканомікі. А там да трох не размаўляюць». Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што сёння пад прамымі санкцыямі знаходзяцца ўжо 50 краін свету, а другасны эфект датычыцца, напэўна, ужо сотняў дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю стварыць аб’яднанне краін свету, якія знаходзяцца пад санкцыямі, уключаючы Кітай. «Калі мы аб’яднаемся і дамовімся, спалохаюцца тыя, хто ўвёў супраць нас санкцыі», — выказаў упэўненасць кіраўнік дзяржавы.
Другое — эмбарга. «Гандлёвай блакадай і замарозкай актываў душаць сёння на вачах усяго свету Кубу», — прывёў прыклад Прэзідэнт.
Трэцяе — тарыфныя войны, пошліны, квоты, забарона на імпарт, экспарт асобных тавараў.
Чацвёртае — валютныя атакі. «Праз абмежаванні хаджэння долара, ціск на курс і разлікі ў пэўнай валюце паспрабавалі зладзіць каляровую рэвалюцыю ў Іране», — заўважыў беларускі лідар.
Пятае — барацьба за тэхналогіі. Гаворка — аб канкурэнцыі ў самым непрыхаваным неакаланіяльным выглядзе, забароне на пастаўку абсталявання, чыпаў, праграмнага забеспячэння, блакіроўцы доступу да навукаёмістых галін.
Шостае — кантроль ланцужкоў паставак. Гэта значыць, спроба зрабіць іншыя краіны залежнымі ад лагістыкі і інфраструктуры.
«Беларусь на сабе ў поўнай меры выпрабавала ўвесь гэты букет цывілізаваных „правілаў“, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Разам з тым, як мы дамовіліся, знешнія ўмовы вывучаем і разумеем. Але працаваць ва ўмовах абмежаванняў і санкцый мы павінны, забыўшыся пра іх. Інтэгральны вынік мінулага года — сціплы рост эканомікі рэгіёнаў і краіны ў цэлым. (ВУП за 2025 год склаў 101,3 % пры заданні 104 %.) У матрыцы задач вертыкалі ўлады большасць з іх у чырвонай зоне (ВУП, экспарт, інфляцыя, запасы на складах, узровень выдаткаў і гэтак далей)».
«На старыя граблі наступаем»
Кіраўнік дзяржавы быў вымушаны канстатаваць, што ўрад недастаткова паглыбляецца ў галіновыя праблемы. «Часам наогул там адсутнічае! І ў сітуацыю на шэрагу значных прадпрыемстваў не паглыбляецца. Лічыце за лепшае знаходзіцца разам з Нацбанкам у эйфарыі макраэканамічнай стабільнасці. Але людзі, на жаль ці на радасць, жывуць на мікраўзроўні. Давайце больш глыбока разгледзім самыя праблемныя тэндэнцыі, напрыклад, з мінулага года», — заклікаў Прэзідэнт.
У ліку праблемных тэндэнцый кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўрада на спад у прамысловасці. Летась у беларускай прамысловасці назіраўся ўстойліва запавольваючы трэнд. «У другім паўгоддзі спрацавалі з адмоўнай дынамікай — 98,2 %. Студзень 2026-га — яшчэ мінус 3,4 %, — прывёў статыстыку беларускі лідар. — У складанай сітуацыі знаходзіцца палова апрацоўчай прамысловасці, калі не сказаць горш. На ключавым расійскім рынку толькі Мінпрам не дабраў летась мільярд долараў. Усе яго прадпрыемствы ў чырвонай зоне. Што яшчэ горш (тое, пра што я папярэджваў Прэм’ер-міністра і яму ўвесь час пра гэта гавару) — завезлі туды тавар, там пакінулі без аплаты. На старыя граблі наступаем. Гэта ўжо злачынства».
Назіраецца падзенне выпуску ключавых тавараў. «Рост запасаў прадукцыі павялічыўся на 2,5 мільярда рублёў за мінулы год. Усяго на складах фактычна замарожана прадукцыі на 4 мільярды долараў — 12 мільярдаў рублёў. І ў студзені бягучага года дадалі яшчэ 800 мільёнаў рублёў. Вось наша работа. Плюс да гэтага — з-за мяжы не вернута амаль 500 мільёнаў долараў экспартнай выручкі. Так званая дэбіторская запазычанасць. Аб чым я казаў? Адвезлі тавар, кінулі. А што ж, не маё... Я думаю, Васіль Мікалаевіч, вы гэта сабе запісалі», — звярнуўся Прэзідэнт да старшыні Камітэта дзяржкантролю.
«Не сёння, дык заўтра прадукты харчавання будуць даражэйшыя за золата»
Кіраўнік дзяржавы таксама пазначыў праблемныя пытанні ў сферы сельскай гаспадаркі. «На фоне добрага ўраджаю агульны вынік сельскай гаспадаркі крыху больш за 100 %. Не нашмат лепш, чым годам раней. Пры гэтым сельгасарганізацыі спрацавалі з тэмпам 102,7 %. Гэта значыць, наш курс на буйнатаварную гаспадарку ў цэлым правільны, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Дадалі ў жывёлагадоўлі (103 %). Забяспечаны рэкордны экспарт прадуктаў харчавання — 10 мільярдаў долараў. Але непрымальная сітуацыя з падзяжом, пра што я часта кажу. Загінула 145 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. А што, небуйной у нас няма?»
Усё вышэйпералічанае, а таксама хранічная запазычанасць сельгасарганізацый, паводле слоў Прэзідэнта, змазваюць станоўчыя вынікі. «Не першую пяцігодку ставім мэтай зрабіць аграрны сектар фінансава ўстойлівым, прыбытковым бізнесам. Так, зарабляем нядрэнна, але толькі дзяржпадтрымка на пакрыццё страт склала 2 мільярды 100 мільёнаў рублёў, не кажучы ўжо пра льготныя пазыкі і пазыкі з бюджэту, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Хтосьці скажа: дзяржаўная дапамога сельскаму сегменту — гэта паўсюдная сусветная практыка. Магчыма. Але сітуацыя такая, што палова айчынных сельгасарганізацый па-ранейшаму шмат у чым існуе за кошт даўгоў, авансаў, перапрацоўшчыкаў і без своечасовага падсілкоўвання — стратныя. Людзей на месцы гэта даўно не здзіўляе. Успрымаюць, як нармальную з’яву. Асабліва ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай — усходніх абласцях. Ды і ў іншых не без праблем».
Летась правялі сяўбу азімых, але ў трэці гаспадарак не ўнеслі мінеральнае ўгнаенне, або 20 % ад патрэбы. «Не кажучы ўжо пра тое, што ва ўстаноўленыя тэрміны сяўбу азімых не завяршылі ні ў адной вобласці. Ну, глядзіце. Гэта вашы праблемы, але ніжэй, чым 11,5 мільёна тон па краіне мы атрымаць збожжавых не можам, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Пад веснавую сяўбу назапашванне ўгнаенняў зноў буксуе. На 200 тысяч тон менш, чым годам раней».
Акрамя таго, у кожнай трэцяй гаспадарцы фіксуюцца парушэнні ў пытанні нарыхтоўкі кармоў. «Адкуль тут будзе здаровая жывёла, калі вы не сенажом, а гнілажом корміце скаціну? Адкуль будуць прыбаўленне і надоі, калі такі тэхналагічны бардак у гаспадарках? Затое па падзяжу, пра які я ўжо казаў, сёлета ўстанавілі чарговы антырэкорд — 19 200 за адзін месяц толькі буйной рагатай жывёлы! Я не кажу, зноў жа, пра свіней, птушку і гэтак далей. Рост у паўтара раза! — жорстка падкрэсліў Прэзідэнт. — І здзіўляе мяне разважанне асобных кіраўнікоў, членаў урада, якія адказваюць за гэты сектар, і губернатараў: „Мы на працягу года паправім“. Што вы паправіце, калі ўжо 20 тысяч за адзін месяц загінула? Што вы паправіце? Вы што, іх уваскрэсіце?»
Нягледзячы на даручэнні Прэзідэнта навесці парадак, землі зарастаюць хмызняком. «І нікому няма справы! Ведаеце, вось падумаў, нядаўна бачыў — рэдкасць на нашым тэлебачанні — перадачу, калі мы пастаўляем торф у Кітай. Вы ўяўляеце: у Кітай вязём вагонамі торф для таго, каб палепшылі яны ўрадлівасць зямлі! А на месцы мы не можам гэтым скарыстацца? Ці нам не патрэбныя землі сельгаспрызначэння? — задаваў пытанне Прэзідэнт. — Як нешта пабудаваць (асабліва жыллё ці яшчэ нешта) — усе пруцца на землі сельгаспрызначэння. Ну роўненька, акуратненька, там жа зручней пабудаваць. Забудзьцеся».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што землі сельгаспрызначэння — гэта святое. «Насельніцтва ў свеце пастаянна расце. Не сёння, дык заўтра прадукты харчавання будуць даражэйшыя за золата, — упэўнены беларускі лідар. — Штогод пад хмызнякамі і хламам застаюцца 800 тысяч гектараў. Гэта тэрыторыя ў 22 Мінскі! І лічба не мяняецца ў меншы бок ужо мінімум 5 гадоў. Таму папярэджваю і сілавікоў, і пракурораў, і следчых, якія цяпер натоўпамі пайшлі да мяне і фатаграфіі прыкладваюць. „Ах, вось там хмызнякі“. Гэтыя хмызнякі трэба прыбраць! Калі трэба, завезці арганіку, торф і зрабіць землямі сельгаспрызначэння. У нас велізарная колькасць сёння хутароў, вёсак. Худа-бедна нейкая дарога ёсць і іншае. Будуць людзі жыць — будзем мы дарогі туды пракладаць. Там трэба сабе браць сядзібы і будаваць дамы. Мы гэта ўсяляк будзем падтрымліваць».
Яшчэ адзін кірунак, на якім падрабязна спыніўся Прэзідэнт, — гандаль і экспарт. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што гандаль таварамі на экспарт амаль увесь мінулы год горшы за папярэдні. «З адмоўных значэнняў выбраліся толькі ў лістападзе-снежні. І, здавалася б, можна ганарыцца вынікам — выканалі экспартны план пяцігодкі. Вось толькі заданні па экспарце канкрэтных тавараў, якія вы самі ж сабе ўстанаўліваеце, у мінулым годзе не выкананы нават напалову», — заўважыў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у фізічных пастаўках губляем рынкі, кульгаюць аналіз і планаванне. «У шэрагу нашых прамысловых флагманаў прыбытак не пакрывае аб’ём выплачаных банкам працэнтаў (БМЗ, „Атлант“, „Гомсельмаш“, МТЗ, МАЗ)! Уся ваша „абаротка“ ў валютнай выручцы! Зарабляйце і вяртайце грошы ў краіну», — патрабаваў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што, нягледзячы на рост паставак у Расію, з 80 расійскіх абласцей (гарадоў, рэспублік), з якімі гандлюем, продажы ўпалі ў кожнай другой: «І гэта пры тым, што расійскія губернатары да нас прыязджаюць пастаянна і гатовыя супрацоўнічаць з намі. Мы трацім значныя сумы на стымуляванне экспарцёраў, кожны міністр замацаваны за канкрэтнымі краінамі, каб паглыбляць з імі кааперацыю і пашыраць тавараабарот. А вынік? Дзе ён?»
Кіраўнік дзяржавы незадаволены тым, што продажы замыкаюцца на адным-двух рынках: «Маючы ўстойлівыя эканамічныя і дружалюбныя сувязі ў Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, на Блізкім Усходзе, пастаўляем туды толькі пятую частку нашага экспарту. Вось дзе сапраўдны рэзерв для яго нарошчвання, — заўважыў беларускі лідар. — Мяркую, МЗС падрабязныя экспартныя задачнікі па таварах і краінах распрацаваны і даведзены да ўсіх кіраўнікоў. МЗС было даручана тэрмінова перакінуць дыпламатаў з Захаду на Усход. Работа на экспартных рынках — гэта персанальная задача Прэм’ер-міністра і, самае галоўнае, яго намеснікаў».
«Губляць свой рынак — гэта злачынства»
Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў больш актыўна працаваць на ўнутраным рынку. «Калі не ўмеем гандляваць на знешнім, то, напэўна, можам хоць бы задаволіць попыт унутры? — задаў пытанне Прэзідэнт. — Аказваецца, не. Галіновыя міністры не ў стане прыняць меры па яго насычэнні?»
У прыватнасці, летась масава імпартаваліся аўтобусы (больш за 500 адзінак), грузавая тэхніка (больш за 7,5 тысячы адзінак), дарожная і будаўнічая тэхніка (1623 адзінкі). Хоць уся гэта тэхніка вырабляецца ў краіне. «Толькі па гэтых таварах можаце запісаць сабе ў мінус амаль 400 мільёнаў долараў!» — заўважыў Прэзідэнт.
Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на сітуацыю ў лёгкай прамысловасці. «Пры мадэрнізаваных „Камволі“ і льнокамбінаце працягваем завозіць тканіны-аналагі (яшчэ мінус амаль 35 мільёнаў долараў). Дарэчы, па канцэрне „Беллегпрам“ гэта паўсюдная карціна. Доля айчынных тавараў легпрама на ўнутраным рынку — менш за 10 %. Затое паток імпарту тавараў лёгкай прамысловасці вырас амаль на трэць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
«У вашым распараджэнні ўсе рычагі, аж да адміністрацыйнага. Чаму не прымаеце меры? Дзе вашы стратэгіі, агрэсіўныя механізмы абароны, рэклама, маркетынг? — спытаў беларускі лідар. — Губляць свой рынак — гэта злачынства. За 5 гадоў доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку знізілася з 60 % да 54%».
Гаворачы аб праблемных тэндэнцыях за мінулы год, Прэзідэнт указаў на павелічэнне затрат: «Кожны другі міністр іх не толькі не знізіў, але і нарасціў. У „Беллегпрама“ прыбаўка амаль 5 %. І гэта пры тым, што яго склады затавараныя амаль на 4 месяцы (работы. — „Зв.“) наперад. У „Беллеспаперапрама“ — плюс 6 %. Мінпрам дадаў 2,5 %», — прывёў лічбы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў апошнія гады наогул перасталі займацца зніжэннем выдаткаў, сабекоштам і эканоміяй. «Гэта тэма ў прынцыпе сышла з павесткі ўрада. Ці вы забыліся, што, акрамя рынку, існуюць і такія эканамічныя паняцці?» — звярнуўся да прысутных кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што значныя выдаткі перашкаджаюць паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках з замежнымі ўзорамі.
Асаблівы акцэнт Прэзідэнт зрабіў на прадаўжэнні работы над якасцю выпушчанай прадукцыі. Тым больш што пяцігодка якасці ў Беларусі працягваецца. «Колькі гадоў працавалі над развіццём электратранспарту, рэалізавалі цэлую праграму. Але кожны год скаргі на дэфекты і пачкі рэкламацый. Летась у „Белкамунмаша“ па ўсіх рэгіёнах продажу дэфектнасць павялічылася амаль на 40 %. Не лепшая сітуацыя на „Гомсельмашы“, дзе розныя прычыны адмоваў у кожнага другога гарантыйнага камбайна», — пазначыў праблемныя аспекты Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сёння міністр прамысловасці праваліў якасць тэхнікі. «А заўтра з-за яго недапрацовак будзе пакутаваць міністр сельскай гаспадаркі, з якога патрабуюць за сяўбу і ўборку ўраджаю штодзённа. Следам — партнёры на знешніх рынках, якія ўжо не так ахвотна набываюць нашу тэхніку. Яны таксама лічаць і час, і грошы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў ад галіновых рэгулятараў, віцэ-прэм’ера і апарату ўрада ўзмацніць работу па выпраўленні недахопаў. «Ёсць вельмі добрыя тавары, якія ўдастоены Знака якасці. Але работы па прасоўванні гэтых тавараў не відаць», — падкрэсліў ён.
«Паўтараю тым, хто не разумее: людзі ядуць прадукты, а не статыстыку»
Чарговы кірунак, на якім спыніўся Прэзідэнт, — інфляцыя. «Тэма нумар адзін, якая хвалюе нашых грамадзян, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Як бы ні закалыхваў урад, маўляў, недавыканалі ледзь-ледзь. Факт: паказчык росту цэн 106,8 % пры заданні 105 %. Гляджу на зводную лічбу Белстата, як на „сярэднюю тэмпературу па бальніцы“. Па многіх адчувальных для простых людзей таварах цэны выраслі ў істотна большым памеры. Свініна — на 15 %, ялавічына — на 12 %, рыба — на 11 %, малако і кефір — плюс 9-10 %, масла (якога на складах „валяецца“ 40 тысяч тон) — на 8 %, грэчка — на 11 %, кандытарка — на 14 %, морква і капуста — ад 19 да 27 %. Пры гэтым нашы фермеры не ведалі, куды падзець гэту гародніну».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што два гады таму пасля гучнага цэнавага разбору першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў анансаваў новую аўтаматызаваную сістэму аналізу цэн. «Тэматыка інфляцыі для людзей вельмі вострая, і цэнавае бязмежжа ў нашай краіне недапушчальнае! — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мне дакладваюць, што ў пілотным рэжыме сістэма ўжо працуе ўсяго толькі па трох, скажам прама, не самых адчувальных таварах (халадзільнікі, шыны, веласіпеды). Сродкі на яе распрацоўку затрачаны немалыя — 5,1 мільёна рублёў».
Паводле слоў Прэзідэнта, падрыхтаваны праект указа, у якім на функцыянаванне сістэмы штогод запытваецца да 2,5 мільёна рублёў. У гэтай сувязі ў кіраўніка дзяржавы ўзнікаюць лагічныя пытанні: як яна дапаможа айчынным вытворцам або абароніць спажыўца ад нядобрасумленных перакупшчыкаў? Які канкрэтны вынік для грамадзян? Колькі дазволіць эканоміць штогод? «Паўтараю тым, хто не разумее: людзі ядуць прадукты, а не статыстыку. Таму кантроль за цэнамі павінен быць жорсткім, а іх фарміраванне — справядлівым», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Якасны рост павінен забяспечвацца эфектыўнай працай»
Яшчэ адзін кірунак — праца і заработная плата. «Па сутнасці, гэта квінтэсенцыя ўсіх эканамічных праграм, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — У кожнай намі ставіцца нязменна правільная мэта — рост дабрабыту насельніцтва. Якасны рост павінен забяспечвацца эфектыўнай працай. Аднак сёння становішча такое, што рост рэальнага заробку апярэджвае прадукцыйнасць працы (у 2025 годзе тэмп прадукцыйнасці працы 101 %, тэмп рэальнага заробку — 109 %, сярэдні заробак — 2693 рублі, або 886 долараў). Больш за тое, гэта тэндэнцыя доўжыцца не першы год. Якая цана такому дабрабыту, які мы выстаўляем як вялікае дасягненне?»
Прэзідэнт адзначыў, што Савет Міністраў прыпыніў сваё рашэнне аб захаванні каэфіцыента «прадукцыйнасць — заробак», які павінен перавышаць адзінку (сёння 0,93). «З аднаго боку, запэўніваеце, што праз заробак трымаем патрэбныя кадры. Але ж па прадукцыйнасці працы мы ў 2-3 разы адстаём ад развітых краін. Дык, можа, трэба павялічваць аддачу? Калі кадры трымаеце, дык кадры павінны ўпірацца і працаваць. Я не заклікаю чохам (як мы ўмеем) абрэзаць даходы работнікаў. Я патрабую, каб усе патокі ў эканоміцы былі збалансаваныя. Каб потым не прыйшлося гераічна выпраўляць памылкі або, горш за тое, пакінуць іх будучым кіраўнікам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар таксама акцэнтаваў увагу на іншай крайнасці: наяўнасці арганізацый, дзе людзі з цяжкасцю зарабляюць паўтары мінімальныя зарплаты, пасля выліку падаткаў гэта прыкладна 1100 рублёў. Па краіне колькасць такіх арганізацый — каля 150, у іх занята 7 тысяч чалавек. «Як расцэньваць гэты факт? Што гэта — нізкакваліфікаваная праца, узаконенае рабства або сыход ад падаткаў і зарплат у канверце? Чаму ў дадзеным пераліку адукацыйныя цэнтры, будаўнічыя кампаніі (работа якіх нібыта нарасхват) і нават паліклініка? Сёння стала зручна прыкрываць любы пракол у рабоце недахопам спецыялістаў. Вось вам 150 прадпрыемстваў — думайце, куды 7 тысяч чалавек размеркаваць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Тэма на злобу дня — кадравы дэфіцыт, асабліва па-за сталіцай і абласнымі цэнтрамі. Пры гэтым у краіне мноства бюджэтных арганізацый. «Я кажу пра сотні бюджэтных „прысосак“ у кожным практычна ведамстве і міністэрстве. Блатныя месцы для адстаўных чыноўнікаў і гэтак далей», — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што гэтыя словы не датычацца радавых школ, бальніц, спартыўных секцый і да таго падобнага.
«Паглядзіце, чым загружаныя спецыялісты па налічэнні розных дапамог, стыпендый і пенсій, — прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка. — Ганяюць людзей за кучай даведак, якія і так даўно ёсць у дзяржаўных сістэмах, і атрымаць іх можна на месцы адным запытам. Толькі на пенсіённую сістэму працуе паўтары сотні арганізацый і больш за 4 тысячы чалавек. Збіраеце ў чэргах пенсіянераў, каб заяву аб чарговым пераразліку з рук у рукі прыняць. У краіне паўмільёна працуючых пенсіянераў. Калі ім хадзіць па вашых кабінетах? Дзе ваша хвалёная лічбавізацыя?»
Прэзідэнт паставіў задачу ва ўсіх сферах тэрмінова пазбавіцца «ад незразумелых арганізацый, структур і бюракратаў». У гэтай справе, паводле яго слоў, буксуе ўжо трэці віцэ-прэм’ер — Наталля Пяткевіч пасля Ігара Петрышэнкі і Уладзіміра Караніка, не прымаючы рашэнняў там, дзе імгненны жывы эфект для бюджэту.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што гатовы разгледзець прапановы Прэм’ер-міністра па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў. Але важна дакладна разумець, што гэта дасць з пункту гледжання росту экспарту, эканоміі выдаткаў і напаўнення бюджэту, звярнуў увагу Прэзідэнт. Напрыклад, каторы раз гучыць прапанова расфарміраваць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, далучыўшы яго да Мінбудархітэктуры. Аднак кіраўнік дзяржавы сумняваецца, што гэта мэтазгодна, асабліва з улікам таго, што значная частка скаргаў з боку насельніцтва датычыцца праблем у ЖКГ, а колькасць супрацоўнікаў міністэрства невялікая — усяго некалькі дзясяткаў чалавек, і яго ліквідацыя не дасць істотнага эфекту ў эканоміі сродкаў.
«Нам трэба, каб навука была відаць!»
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці якаснага рыўка навукі як інавацыйнай асновы развіцця рэальнага сектара. «Самы рухавы чалавек узначаліў Акадэмію навук, разумны, адукаваны, ініцыятыўны. Сказана ў апошнія месяцы нямала. Два гады таму стварылі Савет па стратэгічных праектах, уключылі ў яго склад навукоўцаў і міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і банкіра. Аднак ад гэтай структуры я не бачыў ні магутных ініцыятыў, ні нават дробных нейкіх праектаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт пацікавіўся, што канкрэтна з прапаноў Савета ўключана ў Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця на пяцігодку, і канстатаваў, што пакуль назіраецца «толькі працэс, зведзены да пасяджэнняў і справаздач самім сабе». «Мы маем хранічна нізкі ўзровень укаранення навуковых распрацовак у краіне. Да высокатэхналагічных прамысловых вытворчасцяў нельга аднесці нават 10 % ад тых, што ёсць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён даручыў старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміру Караніку разам з віцэ-прэм’ерамі адпрацаваць адзін-два па-сапраўднаму стратэгічныя для краіны праекты па зацверджаных УНС прыярытэтах. «Нам трэба, каб навука была бачная!» — заявіў беларускі лідар.
«Важна, каб наша насельніцтва было перакананае, што ўлада бачыць праблему»
Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў такое пытанне, як якасць работы самога ўрада. «Трэба часцей бываць у рэгіёнах і на прадпрыемствах, размаўляць са спецыялістамі, а не выязджаць для кароткіх інфармацыйных мерапрыемстваў, урачыстых пасяджэнняў і абедаў. Інакш канчаткова ператворыцеся, як нярэдка нас крытыкуюць, у „паштамт“ па перасылцы дакументаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што стратэгічныя кірункі развіцця краіны былі вызначаны Усебеларускім народным сходам. «Пачалася новая пяцігодка, і нагадваю, што цяпер урад штогод будзе даваць справаздачу перад дэлегатамі УНС. І ніхто там купіраваць нічога не будзе. Наадварот, Адміністрацыя Прэзідэнта павінна ініцыяваць і падганяць дэлегатаў, каб яны выходзілі на трыбуну і выразна заяўлялі пра недахопы ўрада. Каб не праваліцца ўжо на старце, важная хуткасць рэалізацыі ўсіх намечаных мерапрыемстваў і праектаў», — падкрэсліў ён.
Разам з тым, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, урад патанае ў бюракратыі і грашыць адсутнасцю аператыўнасці. «Амаль усе ўказы Прэзідэнта вяртаюцца на дапрацоўку. Успомніць толькі вашу шматгадовую валтузню з антыкрызіснымі кіраўнікамі, пераводам індывідуальных прадпрымальнікаў у арганізацыі або размеркаваннем арэнднага жылля. Дарэчы, усе гэтыя пытанні павінны быць у першым паўгоддзі вырашаны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Яшчэ адзін „грашок“ урада — жаданне завуаляваць, схаваць ці забалбатаць праблему. Я нездарма ў пачатку вам сказаў: шчырая размова. Не трэба баяцца, што заўтра збеглыя пачнуць нас там крытыкаваць па тых ці іншых пытаннях, якія мы бачым ці ўскрылі, — звярнуўся Прэзідэнт. — Даўно напляваць на іх крытыку. Ім больш няма чаго рабіць, як дзесьці нешта падслухаць і потым „звягаць“ тыдзень, пакуль мы яшчэ нешта не скажам. Для нас важна наша насельніцтва — каб яно было перакананае, што ўлада бачыць праблему».
У прыклад такога жадання завуаляваць праблему Аляксандр Лукашэнка прывёў укамплектаванне кадрамі аграпрамысловага комплексу, пра што гаворыцца на многіх нарадах. «І што піша ўрад па выніках мінулага года: забяспечанасць заатэхнікамі — 87 %, ветэрынарамі — 80 %. Я калі лічбу гэту атрымаў, то здзівіўся. Амаль 100 % заатэхнікаў і ветэрынараў. Дык чаго дохне жывёла? І прапануюць даручэнне зняць з кантролю як выкананае ў 2025 годзе! Каму вы дапамагаеце такімі справаздачамі? — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. — Вы што, не ведаеце скаргі нашага насельніцтва: дарогі, капітальны рамонт жылля і якасць вады? У вас ёсць усе інструменты, каб эфектыўна вырашаць дадзеныя пытанні. Гэта і дзяржпраграмы, і спецыяльныя паўнамоцтвы».
Прэзідэнт адзначыў, што, напрыклад, у новым указе па ЖКГ прадугледзелі павелічэнне сродкаў на адлічэнні водаканалам і на ачышчальныя збудаванні. Таму праект «Чыстая вада» павінен быць рэалізаваны прыярытэтна па ўсёй краіне. Таксама ён даручыў паралельна планава заняцца мадэрнізацыяй цеплавых і электрычных сетак, каб сітуацыя з прарывам цеплатрасы, як у Мінску, не паўтарылася і не прыйшлося разграбаць яе наступствы ў мароз. «Тое ж самае з забеспячэннем электрычнасцю: на зарадных станцыях — чэргі, у доме і на дачы электраацяпленне — праблема, дазволаў не даюць. Нейкія інфраструктурныя цуды пры лішку генерыруючых магутнасцяў!» — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
«Штогод трэць даручэнняў Прэзідэнта — з адзнакай «не выканана!»
Паводле слоў Прэзідэнта, урад у цэлым у кантэксце вырашэння міжгаліновых задач так і не стаў магутным аналітычным і эканамічным штабам. Кіраўніцтву беларускага ўрада лідар дзяржавы прывёў абуральны факт: «Штогод трэць даручэнняў Прэзідэнта — з адзнакай „не выканана!“ З агнём жартуеце... Але гэта я з Адміністрацыяй Прэзідэнта разбяруся і з Камітэтам дзяржкантролю. Навошта мы сюды генерала Вакульчыка Валерыя Паўлавіча накіравалі? Вы чалавек ваенны! Арганізуйце падначаленых, каб усё працавала па-армейску. У Прэм’ер-міністра і яго намеснікаў дастаткова прафесійных кампетэнцый і шырокіх паўнамоцтваў».
Пры гэтым намеснікам Прэм’ер-міністра не трэба падмяняць сабой работу міністраў і патанаць у «мікраменеджменце», падкрэсліў Прэзідэнт: «Ваша задача — выпрацоўка канцэптуальных прапаноў, увязка ўсіх інтарэсаў. І самае галоўнае — экспарт!»
«Прама цяпер першачарговыя, імгненныя задачы ўрада — тэрмінова спыніць спад у прамысловасці і разгрузіць склады. Усе ключавыя прадпрыемствы яшчэ ўчора павінны быць узятыя літаральна на ручны кантроль. Крый вас божа скідаць са складоў камусьці без грошай тую ці іншую прадукцыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў прыкамандзіраваць на месцы спецыялістаў міністэрстваў або канцэрнаў, якія змогуць прарэвізаваць работу маркетолагаў, службаў збыту, сістэм закупак. «Задача адна — тэрмінова знайсці новыя кантракты. Далей — сігнал наверх свайму міністру, няхай пад гэты экспарт (асабліва на новыя рынкі) шукае разам з віцэ-прэм’ерам і банкамі фінансавую падтрымку», — падкрэсліў ён.
Беларускі лідар таксама пазначыў важнасць інвестпраектаў, асабліва ў рэгіёнах: «Не захаваем матэрыяльную аснову нашай эканомікі праз новыя прампляцоўкі і вытворчасці — ніколі не спынім адток людзей». У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў асобную ўвагу на такую праграму, як «Адзін раён — адзін праект», і назваў яе лакмусавай паперкай работы кожнага кіраўніка раёна і вобласці.
«Плюс аднаўленне базавых прадпрыемстваў: райаграсэрвіс, сельгасхімія, ПМК, меліярацыя. Усе паўнамоцтвы па будоўлі, экспертызе, фінансах і кадрах — на месцы, уніз. Старшыня райвыканкама — цяпер ключавое звяно сістэмы ўлады ў краіне. Па выніках паўгоддзя правядзём сур’ёзны разбор гэтых пытанняў», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі абвясцілі час канкрэтных спраў, то за іх адсутнасць канкрэтна і спытаем»
Размова зайшла і пра такі паказчык, як інфляцыя. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўзровень інфляцыі быў вызначаны не вышэй за 7 %, але яшчэ лепш, калі інфляцыя не будзе перавышаць 5-6 %. Адпаведныя задачы былі пастаўлены і ў сферы сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць тэрміновае будаўніцтва прафілакторыяў для цялят. «У АПК трэба тэрмінова пабудаваць цялятнікі, — заявіў ён. — Я чалавек дасведчаны... Што тут тлумачыць: сёння няма цялят — заўтра няма малака, няма мяса».
Прэзідэнт падкрэсліў, што дапусціць правалу прынятай праграмы пяцігодкі ўжо на старце ні ў якім разе нельга. «Пакуль не адчуваецца ваеннага становішча, мабілізацыі кадраў і жадання яе выконваць. Хтосьці думае адседзецца або прыкрыцца „аб’ектыўнымі прычынамі“. Не атрымаецца. Калі абвясцілі час канкрэтных спраў, то за іх адсутнасць канкрэтна і спытаем», — папярэдзіў ён.
«Сістэмнасць выканання задач, аператыўнасць, падрыхтоўка рашэнняў, калі трэба, жорсткая выканальніцкая дысцыпліна — аснова вашай далейшай выніковасці. Хочаце працаваць — давайце будзем працаваць. Не хочаце — вы лепш зараз прыйдзіце і скажыце... Хтосьці мне, хтосьці ва ўрадзе — напішыце заяву: „Хачу там, я сябе там пакажу“. Гэта будзе лепш, чым прыйдзецца ставіць кадравае нейкае пытанне для вырашэння. Ніякіх аб’ектыўных прычын няма. Ёсць толькі жудасная невыканаўчасць і недысцыплінаванасць», — рэзюмаваў беларускі лідар.
«Кожны на сваім працоўным месцы павінен займацца справай»
Падводзячы вынікі вялікай нарады, якая доўжылася 3 гадзіны, Прэзідэнт зарыентаваў урад і Нацыянальны банк на забеспячэнне эфектыўнай і стабільнай работы эканомікі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне ёсць патэнцыял і магчымасці для таго, каб істотна палепшыць эканамічныя паказчыкі. «Мы можам. Патрэбен вынік. Я проста хачу папярэдзіць, не запалохваючы нікога. Хачу, каб вы мяне пачулі, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных. — Мая вам парада. Як сваім дзецям вам раю: займіцеся справай. Сказана ісці працаваць — значыць, трэба. Час такі. Паверце, трыццаць пяты раз кажу: гэта лепш, чым ваяваць».
Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх варушыцца і працаваць. «Колькі вас можна пераконваць у гэтым! Давайце ў спакойным рэжыме працаваць. Кожны павінен несці нагрузку, — упэўнены беларускі лідар. — Падумайце пра сваіх дзяцей. Мы ўжо штосьці пражылі. А што мы дзецям пакінем?».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў першую чаргу за прыняцце ключавых эканамічных рашэнняў адказныя ўрад і Нацыянальны банк. «Вы павінны працаваць на адно. Эканоміка — гэта ўрад і Нацыянальны банк», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што дапускае наяўнасць розных пунктаў гледжання, але яны не павінны насіць антаганістычны характар. «Я вам працаваць не перашкаджаю. Але за вынік трэба будзе адказваць», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што нядобразычліўцаў вакол хапае. І яны Беларусі спакойна жыць не дадуць. У гэтай сувязі прагучала згадка пра падзеі 2020 года і ўрокі, якія трэба было атрымаць з таго, што адбылося, паколькі паўтарэнне падобнага сцэнарыя можа абярнуцца стратай дзяржавы. «Ніхто нам не дапамагаў і не дапаможа. Наша шчасце тут, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Неяк круцімся, верцімся і гэтак далей. Не толькі я, але і вы. Мы будзем жыць у сваёй дзяржаве. Мы хочам жыць у сваёй дзяржаве. Нешта купілі, нешта прадалі... Трэба купляць танней, прадаваць даражэй. Але прадаваць трэба. Нельга спыняцца».
У ліку прыярытэтных задач кіраўнік дзяржавы бачыць развіццё ўласнай вытворчай базы: «Трэба вырабляць сваё, мы гэта ўмеем рабіць». Пакуль жа ў гэтай сферы хапае недахопаў, якія трэба будзе выпраўляць. У першую чаргу гаворка аб кадравай палітыцы, адказным стаўленні да працы, дысцыпліны і захавання тэхналогій. «Мы не робім элементарнага. Хочаце, каб было нармальна? Кожны на сваім працоўным месцы павінен займацца справай», — арыентаваў Прэзідэнт.
«Губернатары, Прэм’ер-міністр і астатнія павінны як „Ойча наш“ запісаць: ніхто нікуды без вашага ведама не павінен сысці. Жалезная павінна быць дысцыпліна. У той жа час добрых годных людзей мы павінны бачыць, заахвочваць, узнагароджваць і рухаць, калі гэта трэба, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Справядлівае павінна быць стаўленне. Гэта для кіраўніка Адміністрацыі задача найважнейшая. Ён наверсе гэта кантралюе, а Прэм’ер-міністр, губернатары перш за ўсё прымаюць рашэнне, дзейнічаюць».
Асобная ўвага звярталася на недапушчальнасць неабгрунтаванага росту заробкаў. Памер сярэдняга заробку па краіне набліжаецца да 900 долараў. «Мінімальную (зарплату. — „Зв.“) мы забяспечылі, каб нармальна існаваць. Далей — трэба круціцца, вярцецца. Далей — хто зможа, той хай зарабляе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку прыярытэтных задач, на якіх спыніўся Прэзідэнт, — рамонт дарог. «Трэба цяпер падумаць, як адрамантаваць дарогі пасля зімы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Трэба аднавіць, чаго б гэта ні каштавала. Трэба мабілізавацца».
Прэзідэнт заўважыў, што асфальтавае пакрыццё дарог схільнае разбурэння ва ўмовах надвор’я беларускай зімы, таму, дзе гэта мэтазгодна, трэба выкарыстоўваць бітум і асабліва — цэмент. «Таму трэба ўпор рабіць на бетанаванні», — арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, што ў краіне ўжо асвоены адпаведныя тэхналогіі, ёсць неабходная тэхніка і добрыя прыклады эксплуатацыі дарог з такім пакрыццём.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Якія тэндэнцыі ў беларускай эканомікі?
Эканамічныя вынікі 2025 года і студзеня 2026-га гавораць аб зніжэнні запатрабаванасці беларускіх тавараў, прычым па найбольш традыцыйных для нашай прамысловасці пазіцыях. Аб гэтым заявіла падчас справаздачы ўрада старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Іна Мядзведзева.
Асновай збалансаванай і эфектыўнай работы эканомікі з’яўляецца канкурэнтаздольнасць вырабленай арганізацыямі прадукцыі, адзначыла Іна Мядзведзева. Тым не менш вынікі мінулага года і студзеня бягучага сведчаць аб шэрагу негатыўных фактараў. «Вынікі 2025-га і пачатку гэтага года прадэманстравалі нарастанне негатыўных тэндэнцый у эканоміцы, у першую чаргу абумоўленых зніжэннем канкурэнтаздольнасці арганізацый», — канстатавала кіраўнік Белстата.
Паводле яе слоў, у частцы экспарту прадукцыі ўстаноўленыя раней заданні выкананы не па ўсіх краінах, хоць усе гэтыя пытанні дэталёва абмяркоўваліся на нарадзе з кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў. У выніку з улікам апераджальнага росту імпарту ўзрасло адмоўнае гандлёвае сальда і склала каля 7 мільярдаў долараў.
Іна Мядзведзева звярнула ўвагу, што асобныя прадпрыемствы сутыкаюцца з праблемамі са збытам не толькі на знешнім, але і на ўнутраным рынку. Па шэрагу пазіцый не выканана устаноўленае урадам заданне па павелічэнні долі айчынных тавараў у рознічным продажы.
Кіраўнік Белстата таксама спынілася на падзенні аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі летась і яго паскарэнні ў студзені гэтага года. «Горшыя вынікі паказалі арганізацыі Мінпрама. У 2025 годзе больш за 60 % з іх прадэманстравалі спад вытворчасці. Нават пры невысокіх аб’ёмах выпуску прадукцыя не прадаецца і ідзе на склад», — канстатавала Іна Мядзведзева.
Захоўваюцца праблемы і на прадпрыемствах канцэрна «Беллегпрам». Толькі за апошнія тры гады доля тавараў лёгкай прамысловасці айчыннай вытворчасці ў рознічным продажы скарацілася ў два разы. Рашэннем названых праблем у прамысловасці ў цэлым, на думку Іны Мядзведзевай, магла б стаць выразна вывераная работа па мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцяў і адкрыцці новых інавацыйна актыўных прадпрыемстваў.
Іна Мядзведзева звярнула ўвагу, што рост інвестыцый у асноўны капітал прамысловых прадпрыемстваў рэспубліканскай падпарадкаванасці па выніках мінулага года пакуль не перакрыў адмоўную дынаміку 2024-га. «Аб’ёмы абаротных сродкаў, якія памяншаюцца, вымушаюць прадпрыемствы павялічваць прыцягненне крэдытных рэсурсаў на гэтыя мэты і звяртацца ў бюджэт», — дадала кіраўнік Белстата.
Што датычыцца сферы АПК, Іна Мядзведзева канстатавала, што акрамя шматлікіх фактаў падзяжу буйной рагатай жывёлы адзначаўся падзеж і ў іншых сферах АПК, уключаючы птушкагадоўлю. Адмоўную дынаміку ўдалося пераламаць толькі ў апошні месяц года. «Скарачэнне пагалоўя негатыўна адбіваецца на забеспячэнні ўнутраных патрэб і вядзе да росту замяшчальных аб’ёмаў імпарту аналагічных тавараў», — заўважыла кіраўнік Белстата.
Ад кіраўнікоў усіх узроўняў — безумоўнае выкананне пастаўленых задач
У сваім дакладзе Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын расказаў, як плануецца вырашаць задачу па выкананні параметраў 2026 года.
Пачаў жа ён з аператыўных даных аб выніках работы эканомікі за студзень. «ВУП — 98,8 працэнта (пры прагнозе на першы квартал 101,2 працэнта). Нядрэнны вынік атрыманы ў сельскай гаспадарцы — тэмп 103,5 працэнта да студзеня 2025 года. Пры гэтым не дасягнулі ўзроўню мінулага года па прамысловасці (96,6 працэнта) і інвестыцыях (88 працэнтаў). Паўплывалі як аб’ектыўныя фактары (зніжэнне попыту на ключавым для нас рынку, умовы надвор’я, перш за ўсё для будоўлі), так і суб’ектыўныя — марудлівасць асобных кіраўнікоў, у тым ліку па асваенні выдзеленых рэсурсаў. Вынікі работы за студзень разгледзелі ва ўрадзе з удзелам галіновых міністраў і дырэктараў ключавых прадпрыемстваў. Усе задачы пастаўлены», — абазначыў кіраўнік урада.
Што датычыцца выканання параметраў гэтага года, тут два традыцыйныя кірункі — экспарт і ўнутраны рынак. «Першы — экспарт 103,7 працэнта. У аснове — дыверсіфікацыя паставак на рынкі краін далёкай дугі і СНД. Адпаведныя матрыцы задач на 2026 год зацверджаны. Акрамя таго, мы замацавалі канкрэтных службовых асоб за краінамі і рэгіёнамі Расіі. Да паслоў давялі персанальныя задачы ў краіне знаходжання — ад нарошчвання паставак да стварэння зборачных вытворчасцяў. Для ўсіх камандзіраваных вызначылі стратэгічныя задачы, арыентаваныя на эканамічны вынік. Перагледзелі інструменты падтрымкі экспарту. Каб не замыкацца на адным расійскім рынку і стымуляваць экспарцёраў да пошуку новых, дыферэнцыравалі памеры фінансавай падтрымкі па прынцыпе: чым далей рынак і больш складаная прадукцыя, тым большая падтрымка з бюджэту», — адзначыў Прэм’ер-міністр.
Другі кірунак — унутраны рынак. «Ва ўмовах сціскання расійскага рынку выбудавалі работу па стымуляванні ўнутранага попыту. Са згоды кіраўніка дзяржавы мы рэалізуем маштабную праграму па перааснашчэнні аграрыяў айчыннай тэхнікай. Асноўны акцэнт — энерганасычаныя трактары і буйнагабарытная тэхніка. Больш як 2,5 тысячы адзінак. На гэтыя мэты прадугледжана звыш 2 млрд рублёў», — праінфармаваў кіраўнік беларускага ўрада.
Закрануў прэм’ер і тэму будаўніцтва жылля, у прыватнасці ў сталіцы.
«Аптымізуем будаўніцтва ў Мінску з пераарыентацыяй на малыя гарады і гарады-спадарожнікі. Асноўны ўпор на арэнднае жыллё для спецыялістаў у рэгіёнах: зацверджаны ўвод не менш як 650 тыс. кв. м такога жылля, у тым ліку 400 тыс. кв. м у рамках дзяржаўнага заказу», — сказаў Аляксандр Турчын.
Што датычыцца інфраструктуры, будаўніцтва будзе ажыццяўляцца ў рамках прынятай дзяржінвестпраграмы і рэгіянальных інвестпраграм. На гэтыя мэты прадугледжана каля 7 млрд бел. руб. У асноўным гэта аб’екты сацыяльнай накіраванасці: бальніцы, школы і дарогі.
Асобна кіраўнік беларускага ўрада спыніўся на тэме інвестыцый. «На 2026 год запланавана рэалізацыя больш як 630 камерцыйных вытворчых праектаў на суму 10 млрд бел. руб. Трэць з іх павінны завяршыцца ўжо ў гэтым годзе. Для фінансавай падтрымкі новых праектаў па павышэнні лакалізацыі і тэхналагічнасці прадукцыі, а таксама развіцця турызму ўрадам запушчаны спецыяльныя крэдытныя прадукты пад ільготную стаўку 6-7 працэнтаў гадавых. Пры гэтым нарошчванне аб’ёмаў інвестыцыйнага фінансавання ўстаноўлена для банкаў у якасці KPІ», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр.
У снежні 2025 года на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу кіраўніком дзяржавы ўраду пастаўлены канкрэтныя задачы, вырашэнне якіх ляжыць у плоскасці кардынальнага павышэння якасці, тэхналагічнасці і экспартнага патэнцыялу айчыннай прадукцыі, а таксама стварэння ўмоў для камфортнага жыцця насельніцтва ў любым кутку краіны. «Урад у выкананні пастаўленых задач зыходзіць з наступнага: максімальная сабранасць, патрабавальнасць, жорсткія задачы і кантроль. Ад кіраўнікоў усіх узроўняў — безумоўнае выкананне пастаўленых задач. Усе мэты дасягальныя і падмацаваны рэсурсамі. У аснове — збалансаванасць і эканамічная эфектыўнасць», — рэзюмаваў Аляксандр Турчын.
«Няма задзелу на будучыню»
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў у сваім выступленні прапанаваў увесці адміністрацыйную адказнасць за неэфектыўнае расходаванне бюджэтных сродкаў. Па яго словах, гэта прапанова ад КДК гучыць ужо не першы год, але ўрад пярэчыць, указваючы на магчымыя цяжкасці ў яе прымяненні.
У сваім выступленні Васіль Герасімаў абазначыў шэраг праблемных момантаў у розных сферах. Што да прасоўвання экспарту, ён канстатаваў, што «дрэнна ўмеем дамаўляцца і прадаваць». Не ў поўнай меры задзейнічаны патэнцыял тавараправодных сетак за мяжой. А часам выяўляюцца факты, калі для стварэння бачнасці экспартнай актыўнасці без аплаты ажыццяўляюцца адгрузкі прадукцыі на склады ў Расію, пасля чаго запазычанасць за тэхніку гадамі не пагашаецца.
Бізнес-планы шэрагу буйных прадпрыемстваў на бягучы год заснаваны на нізкай базе 2025-га, заўважыў Васіль Герасімаў, і нават у гэтых умовах прадугледжваецца зніжэнне вытворчасці, экспарту і прыбытку. У той жа час заробкі асобных кіраўнікоў і адказных за збыт, наадварот, выраслі да ўзроўню 2024 года.
Пры гэтым нярэдкія факты рознага роду празмернасцяў. Пачынаючы ад арэнды тэхнікі, якую ў выніку было б танней набыць ва ўласнасць, пераплаты за тыя ці іншыя паслугі. А то і зусім ужо на ўзроўні кантралёраў даводзіцца адмяняць закупкі, у тым ліку дарагіх фантанаў ці паслуг дызайнераў.
Ёсць прэтэнзіі ў КДК і да разлікаў інвестыцый. «Грошы не лічым. Недастатковая прапрацоўка інвестпраектаў прыводзіць да дадатковых затрат, прамаруджванне — страты іх актуальнасці», — далажыў Васіль Герасімаў.
Нямала нараканняў ёсць да якасці рэалізацыі праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». «Галоўнае — няма задзелу на будучыню. Якасных прапаноў для патэнцыяльных інвестараў няшмат», — падкрэсліў кіраўнік КДК.
Што да сферы АПК, Васіль Герасімаў звярнуў увагу на факты безгаспадарлівасці і халатнасці. У палове правераных гаспадарак выяўлены парушэнні тэхрэгламентаў. Шэраг сельгасарганізацый не былі забяспечаны ўгнаеннямі, а ў бягучым годзе тэмпы назапашвання мінеральных угнаенняў ніжэйшыя за леташнія. Не забяспечана цэнтралізацыя закупак па шэрагу пазіцый, што вядзе да сур’ёзнай пераплаты. Акрамя таго, кантралёры часта канстатуюць нізкую гатоўнасць сельгастэхнікі, праблемы з арганізацыяй рамонту.
«А дзе шэфства, аб якім гаварыў кіраўнік дзяржавы? Фармалізм. За рэдкім выключэннем сістэмная работа не наладжана. Даручэнне па шэфскай дапамозе не выканана», — падкрэсліў кіраўнік Камітэта дзяржкантролю.
У жывёлагадоўлі сёлета абследавалі больш за 500 аб’ектаў. На кожным трэцім не забяспечана належная работа ветслужбы. У палове выяўлены парушэнні ў парадку кармлення і ўтрымання жывёлы, ёсць факты нізкай якасці або недахопу травяных кармоў. Усё гэта ў тым ліку прыводзіць да росту падзяжу.
«У краіне да 2030 года плануецца пабудаваць 60 малочнатаварных комплексаў. А мы зможам іх забяспечыць высокапрадукцыйным пагалоўем?» — паставіў слушнае пытанне Васіль Герасімаў.
«Работа па павышэнні эфектыўнасці дзяржпадтрымкі сельгасвытворцаў фактычна не пачата. Мінсельгасхарчам падыходы не выпрацаваны. Аблвыканкамы ў працэс не ўцягнуты», — канстатаваў кіраўнік КДК.
Сярод іншых праблемных аспектаў было абазначана змяншэнне долі продажу айчынных тавараў, нявырашаныя пытанні з выпрацоўкай формулы справядлівай цаны. Васіль Герасімаў назваў неэфектыўнымі выпрацаваныя ўрадам механізмы ў спробах навесці парадак у сферы закупак і кантролю цэн. Некаторыя рашэнні ў гэтай сферы распрацоўваюцца гадамі, але так і не прынятыя.