Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Мы робім тое, што трэба нашым людзям

Акцэнты пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі 


Галоўнай тэмай рабочага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Маскву гэтым разам быў удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, які беларускі лідар узначальвае. Перад пачаткам пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі двухбаковую сустрэчу тэт-а-тэт, размаўлялі яны амаль гадзіну. 

На пасяджэнні ВДС бакі абмеркавалі асноўныя кірункі рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024—2026 гады, а таксама распрацоўку праекта аналагічнага дакумента на 2027—2029 гады. Ключавымі пунктамі парадку дня таксама сталі арганізацыя трансгранічных прыгарадных пасажырскіх зносін, стварэнне Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы, узаемная падтрымка ў супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя, прысуджэнне прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2025—2026 гады.

«У фокусе ўвагі перш за ўсё — эканоміка»

«У бягучай міжнароднай сітуацыі, на фоне напружанай абстаноўкі перш за ўсё на заходніх рубяжах, нам жыццёва неабходна развіваць адносіны саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй», — заявіў, адкрываючы пасяджэнне, беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што геапалітычны расклад аб’ектыўна ставіць перад краінамі задачу быць гатовымі сумесна рэагаваць на любыя выклікі.


Прэзідэнт Беларусі згадаў пра пачатак практычнай рэалізацыі Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы — у снежні заступіў на баявое дзяжурства ў Беларусі ракетны комплекс «Арэшнік». «Мы зладжана працуем у знешняй палітыцы. Падпісанне дырэктывы аб узаемнай падтрымцы і супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя стане важным крокам па абароне агульных інтарэсаў, непахіснасці міжнароднага права і яго інстытутаў», — адзначыў беларускі лідар.

«Але ў фокусе ўвагі перш за ўсё — эканоміка. Глабальную гандлёвую сістэму, на жаль, сёння блакіруюць, гнуць і ламаюць пад сябе шляхам увядзення загараджальных пошлін, тэхналагічных і энергетычных блакад, валютнага ціску, пірацтва на лагістычных маршрутах. Адным краінам не дазваляюць нафту экспартаваць, іншым — імпартаваць», — канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі лідараў шматпалярнага свету — Кітай і Расію — яшчэ хоць неяк асцерагаюцца, то на іх саюзнікаў аказваецца небывалы ціск. «Толькі ў апошнія тыдні, напрыклад, Венесуэла, Куба, Іран — нашы агульныя партнёры — сталі аб’ектамі найгрубейшага ўмяшання. Найперш праз эканоміку, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Таму тэхналагічны суверэнітэт, стаўка на ўласныя рэсурсы і кампетэнцыі, прыярытэт саюзнага прадукту і абарона агульнага рынку Саюзнай дзяржавы — гэта тыя ж самыя рубяжы бяспекі. Не менш важныя, чым ваенныя і знешнепалітычныя». 

«У саюзным будаўніцтве мы ідзём «ад жыцця»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што 2 красавіка будзе адзначацца 30-годдзе Дагавора аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, які заклаў падмурак развіцця саюзнага будаўніцтва. «За гэтыя гады мы прайшлі велізарны шлях», — падкрэсліў беларускі лідар. Паводле слоў Прэзідэнта, узаемны доступ да рынкаў дазволіў за час рэальнай інтэграцыі нарасціць аб’ём тавараабароту ў 8 разоў — з 6,5 мільярда долараў у 1996 годзе да амаль 55 мільярдаў долараў у 2025-м.

«У двухбаковым гандлі паменшыўся энергетычны складнік, выраслі ўзаемныя пастаўкі прадуктаў харчавання і спажывецкіх тавараў, апераджальнымі тэмпамі развіваецца гандаль паслугамі (транспартнымі, будаўнічымі, інфармацыйнымі), — пералічыў кіраўнік дзяржавы. — Сустрэчныя інвестыцыі даюць нашым эканомікам імпульсы для ўзаемазлучанага росту, а галоўнае, — ствараюць новыя працоўныя месцы. Больш за 60 % прыцягнутых Беларуссю сродкаў прыпадае на расійскіх інвестараў. Наша краіна таксама істотна нарасціла ўкладанні ў расійскую эканоміку. Сёння ўрады даложаць аб рабоце па выкананні асноўных кірункаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024—2026 гады».

Старшыня ВДС заўважыў, што на дадзены момант выканана толькі 40 % галіновых мерапрыемстваў (125 з 310). «З адставаннем ад графіка ідзе працэс па выкананні адносна невялікай колькасці даручэнняў (14, або 4,5 %). Паралельна трэба забяспечыць падрыхтоўку змястоўных асноўных кірункаў на наступны трохгадовы перыяд. І самае галоўнае — абавязкова іх выканаць, — заявіў Прэзідэнт. — Яны павінны быць арыентаваны перш за ўсё на забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы і тэхнічнага парытэту з іншымі краінамі. Тым больш мы гэта можам зрабіць, як паспяхова робім (праўда, па асобных кірунках у асобных галінах)».


Прэзідэнт падкрэсліў, што ўрадам і Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы неабходна якасна і ўсебакова іх прапрацаваць, каб затым рухацца наперад з хуткасцю, якой ад нас патрабуе цяперашняя сітуацыя. «У саюзным будаўніцтве мы ідзём „ад жыцця“, прыступаючы да больш высокага ўзроўню інтэграцыі і стварэння міждзяржаўных структур там, дзе гэта наспела, — канстатаваў беларускі лідар. — Цяпер у нас працуюць Міждзяржцэнтр мытнага камітэта, Падатковы камітэт, Саюзны гідрамет. Сёння засноўваем Камітэт па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы, які павінен забяспечыць кантроль за якасцю прадукцыі на нашым агульным рынку і садзейнічаць ліквідацыі тэхнічных перашкод ва ўзаемным гандлі».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёлета юрыдычнае афармленне нарэшце атрымаў статус «тавар Саюзнай дзяржавы». «Важна, каб за прыгожым афіцыйным знакам рушылі ўслед рэальная падтрымка і абарона інтарэсаў беларускіх і расійскіх вытворцаў агульнага нашага прадукту», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Тады не трэба будзе нікога ўгаворваць, быць у саюзе ці не быць»

Паводле слоў Прэзідэнта, пашырэнню магчымасцяў для грамадзян Саюзнай дзяржавы паслужаць запушчаныя ўжо праз некалькі месяцаў прыгранічныя чыгуначныя перавозкі па маршрутах Віцебск — Смаленск і Орша — Смаленск. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што як толькі паміж Мінскам і Масквой былі ўведзеныя дадатковыя цягнікі «Ластаўка», мільёны беларусаў паехалі ў Маскву.

«І сёння ўжо іх (новых цягнікоў. — „Зв.“) недастаткова, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Нашы збеглыя ўжо заклапаціліся тым, што беларусы ў Еўропу наогул не едуць. Усе едуць на ўсход — менш, вядома, у Кітай, больш — у Маскву, у Расійскую Федэрацыю. Вось што значыць ісці „ад зямлі“. Мы робім тое, што трэба нашым людзям. Сёння мы запланавалі разгледзець пытанні чыгуначных і іншых зносін паміж суседнімі рэгіёнамі. Вось што трэба. І вось тады не трэба будзе нікога ўгаворваць, быць у саюзе ці не быць. Трэба рабіць вось гэтыя крокі для людзей».

Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што ўсе ўдзельнікі пасяджэння ВДС па-сапраўднаму ўсведамляюць каштоўнасць беларуска-расійскіх адносін, беспрэцэдэнтную глыбіню нашай інтэграцыі. А рашэнні, якія разглядаюцца сёння, дазволяць яшчэ раз пацвердзіць запатрабаванасць фармату Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на актывізацыю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Паводле яго слоў, сёння ўжо кітайцы прапанавалі нам узаемадзейнічаць на міжрэгіянальным узроўні па прынцыпе работы з Расіяй. Падобнае жаданне выказаў і Іран. «На зямлі лепш відаць, што трэба людзям. Калісьці падштурхнулі мы гэты працэс, парламентарыі гэтым займаюцца — я ім за гэта ўдзячны. І я вельмі спадзяюся, што расійскі ўрад будзе адданы нашаму саюзнаму будаўніцтву і мы будзем выконваць усе даручэнні, нашы дамоўленасці і нашы рашэнні, якія прымаем на сумесных мерапрыемствах», — рэзюмаваў старшыня ВДС.


«Працэс паглыблення інтэграцыі носіць заканамерны, натуральны і ўзаемавыгадны характар»

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што на пасяджэнні ВДС трэба будзе абмеркаваць і зацвердзіць важныя рашэнні, нацэленыя на далейшае ўсебаковае развіццё і ўмацаванне супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай і гуманітарнай галінах. «Працэс паглыблення інтэграцыі паміж дзвюма нашымі дзяржавамі носіць заканамерны, натуральны і, падкрэслю гэта асабліва, узаемавыгадны характар. У яго аснове ляжаць непарушныя сувязі братэрскага сяброўства, шматвяковыя традыцыі добрасуседства, узаемнай падтрымкі, агульныя культурныя, духоўныя, маральныя каштоўнасці расійскага і беларускага народаў».

Паводле слоў Прэзідэнта Расіі, за мінулыя дзесяцігоддзі зладжанымі намаганнямі многага ўдалося дабіцца. На ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы створаны спрыяльныя ўмовы для правядзення адзінай макраэканамічнай палітыкі. Сумесна рэалізуюцца буйныя праекты ў прамысловасці, транспарце, сельскай гаспадарцы, высокіх і навукаёмістых тэхналогіях. З году ў год растуць узаемны тавараабарот і інвестыцыі, уніфікуюцца і паляпшаюцца ўмовы для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, спрашчаюцца правілы падаткаабкладання, фінансавага і адміністрацыйнага рэгулявання.   

Пашыраецца транспартная лагістычная сетка, якая злучае Расію і Беларусь, удасканальваецца адзіная сістэма пасажырскіх і грузавых перавозак, мадэрнізуюцца аўтамабільная і чыгуначная інфраструктуры. Неад’емнай часткай шырокага парадку дня Саюзнай дзяржавы з’яўляюцца пытанні развіцця адукацыйных, культурных, акадэмічных, спартыўных і маладзёжных кантактаў. 

Расія і Беларусь цесна, па-саюзніцку ўзаемадзейнічаюць у сферах знешняй палітыкі і абароны. «Нашы падыходы да актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня заўсёды блізкія або супадаюць», — падкрэсліў кіраўнік расійскай дзяржавы. Ён таксама звярнуў увагу, што абедзве краіны разам супрацьстаяць санкцыйнаму ціску і выступаюць за фарміраванне па-сапраўднаму справядлівага шматпалярнага свету. А надзейную аснову саюзніцтва Беларусі і Расіі стварае міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу ў 2025 годзе. «Перакананы, што разам з беларускімі сябрамі мы будзем і далей рабіць усё неабходнае, каб ваенная бяспека Саюзнай дзяржавы была забяспечана ўсімі наяўнымі ў нашых краін сіламі і сродкамі», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

«Намі зададзены вектар новаму этапу развіцця інтэграцыі па ўсіх кірунках»

Па выніках пасяджэння ВДС Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Намі зададзены вектар новаму этапу развіцця інтэграцыі па ўсіх кірунках. У прыватнасці, дадзена даручэнне падрыхтаваць асноўныя кірункі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні СД на чарговы цыкл — 2027—2029 гады».

Аляксандр Лукашэнка папрасіў членаў ВДС, урадаў і парламентаў Беларусі і Расіі, а таксама Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ўзяць на сур’ёзны кантроль выкананне прынятых даручэнняў з максімальнай асабістай уцягнутасцю. Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім за сур’ёзную комплексную падрыхтоўку цяперашняга пасяджэння ВДС. Словы падзякі кіраўнік беларускай дзяржавы адрасаваў таксама прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі за іх вялікую работу па папулярызацыі інтэграцыйнага парадку дня і рашэнняў, якія прымаюцца на вышэйшым узроўні ў інтарэсах жыхароў Беларусі і Расіі.

Даслоўна

«Адкрываецца новы этап у развіцці нашай інтэграцыі»

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў заявіў журналістам па выніках пасяджэння ВДС, што вельмі важным пытаннем парадку дня была справаздача аб выкананні асноўных кірункаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024—2026 гады. «Выканана практычна палова ўсіх задач гэтага дакумента. Няма сумненняў, што да канца года будуць выкананы і астатнія, — перакананы ён. — Вельмі важна, што дадзена даручэнне па распрацоўцы асноўных кірункаў на наступную трохгодку — 2027—2029 гады. Мы разлічваем, што ўзровень інтэграцыі, узгодненасці нашых палітык ва ўсіх сферах, а таксама супрацоўніцтва не толькі ў эканоміцы, але і ў навукова-тэхнічнай сферы, сацыяльнай, культурнай палітыцы атрымае новы імпульс. Як сказаў Аляксандр Рыгоравіч, адкрываецца новы этап у развіцці нашай інтэграцыі».

Сяргей Глазьеў удакладніў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы бакі маюць намер і далей умацоўваць супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Рэалізуюцца чатыры праграмы — у галіне абароны, бяспекі, абмену інфармацыяй, абароны інфармацыі. Ён адзначыў, што мілітарызацыя каля заходніх граніц, безумоўна, выклікае непакой. «Гэта неабгрунтаваная агрэсіўнасць, эскалацыя напружанасці патрабуе ўмацавання абараназдольнасці. Нашы кіраўнікі дзяржаў пра гэта гаварылі», — заявіў дзяржсакратар. 

Будзе працягнута рэалізацыя і шэрагу іншых саюзных праграм. Акрамя таго, пачалася рэалізацыя новай — «Саюз-Біямембраны». Гэта стварэнне доследнага стэнда для праверкі магчымасцяў доступу лекавых прэпаратаў у арганізм чалавека, іх праходжання праз клеткавую мембрану. «Гэта такая сур’ёзная навукова-тэхнічная задача, якая пакуль не мае рашэння. Будзем спадзявацца, што нашы вучоныя здолеюць на працягу трох гадоў гэту задачу вырашыць, і наша фармацэўтычная прамысловасць атрымае мадэльны стэнд, на якім можна будзе правяраць эфектыўнасць лекавых сродкаў па ўздзеянні на арганізм чалавека на ўзроўні клеткі», — адзначыў Сяргей Глазьеў.

«Са стварэннем гэтага камітэта якасць нашага і спажывецкага рынку, і рынку абсталявання будзе палепшана»

Акрамя таго, бакі дамовіліся аб стварэнні Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы і падпісалі адпаведную пастанову. «Камітэт па стандартызацыі і якасці зоймецца пытаннямі распрацоўкі агульных падыходаў да стандартызацыі, кантролю над якасцю нашых тавараў. Гэта будзе міжведамасная работа, якая нацэлена на абарону нашых спажыўцоў і вытворцаў ад наплыву недабраякасных тавараў, — пералічыў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы. — Мы спадзяёмся, што са стварэннем гэтага камітэта якасць нашага і спажывецкага рынку, і рынку абсталявання будзе палепшана, а ў інтарэсах айчынных таваравытворцаў адбудзецца выцясненне тавараў, якія ўвезены на нашу тэрыторыю з парушэннем тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза».

Ідэя стварэння камітэта абумоўлена з’яўленнем тавару Саюзнай дзяржавы і імкненнем стварыць экспертную пляцоўку для абмеркавання прэтэнзій аднаго з бакоў, прадухілення з’яўлення бар’ераў ва ўзаемным гандлі, павышэння абароны правоў спажыўцоў, а таксама рынку ад небяспечнай і няякаснай прадукцыі. Камітэт ствараецца ў якасці каардынацыйнай і інтэграцыйнай пляцоўкі прамысловай, навуковай, адукацыйнай і рэгулятарнай сфер. 

Фарміраванне калегіяльнага ўтварэння мяркуецца па аналогіі з Наднацыянальным падатковым камітэтам Саюзнай дзяржавы. Расходавання сродкаў з саюзнага бюджэту на ўтрыманне камітэта не спатрэбіцца. Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы даручана ў двухмесячны тэрмін зацвердзіць Палажэнне аб Камітэце.

«Арганізацыя чыгуначных зносін пачнецца ўжо ў бліжэйшы час»

Па выніках пасяджэння падпісаны дэкрэт ВДС аб арганізацыі і развіцці трансгранічных прыгарадных пасажырскіх зносін Саюзнай дзяржавы чыгуначным транспартам паміж сумежнымі прыгранічнымі тэрыторыямі суб’ектаў Расійскай Федэрацыі і абласцей Рэспублікі Беларусь. Дакументам прадугледжваецца курсіраванне ў 2026—2028 гадах (пачынаючы з красавіка 2026 года) цягнікоў па маршрутах Смаленск — Орша (да трох пар цягнікоў у суткі ў залежнасці ад сезона) і Смаленск — Віцебск (ад некалькіх разоў на тыдзень да трох разоў у суткі ў залежнасці ад сезона) па даступных тарыфах.

«Па даных нашых міністэрстваў транспарту, якія дакладвалі па гэтым пытанні, арганізацыя гэтых чыгуначных зносін пачнецца ўжо ў бліжэйшы час. Мы спадзяёмся, што Дзень яднання, які мы святкуем у пачатку красавіка, ужо будзе адзначаны магчымасцю для жыхароў пагранічных абласцей — Смаленскай і Віцебскай — скарыстацца гэтай паслугай», — падкрэсліў Сяргей Глазьеў.

Пры гэтым будуць захаваны ўсе льготы, якія маюцца цяпер на пасажырскім чыгуначным транспарце, для ўсіх катэгорый грамадзян. «Тарыфы будуць даступнымі, перамяшчацца будзе камфортна. Гэта будуць электрацягнікі высокай камфортнасці. І хутчэй, і танней, чым іншымі відамі транспарту, уключаючы аўтамабільны. Як было сказана сёння, па кожным маршруце штодня будуць курсіраваць тры пары цягнікоў», — расказаў дзяржсакратар.

«Калі гэты пілотны праект атрымае запатрабаванасць, мы будзем пашыраць зносіны з іншымі пагранічнымі абласцямі Беларусі і суб’ектамі Расійскай Федэрацыі», — дадаў Сяргей Глазьеў.

У сваю чаргу міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч падкрэсліў, што гаворка ідзе аб аднаўленні прыгарадных трансгранічных чыгуначных зносін, якія былі перапыненыя ў 1991 годзе. Ён удакладніў, што ў 2024-м такія зносіны запусцілі ў перасадачным фармаце, гэта значыць, на граніцы пасажыры павінны былі перасаджвацца з цягніка ў цягнік. А цяпер прынята рашэнне рабіць гэта без перасадак. 

«Бесперасадачныя трансгранічныя прыгарадныя зносіны плануецца запусціць з красавіка 2026 года. Пакуль па двух напрамках: Смаленск — Орша і Смаленск — Віцебск, — удакладніў міністр. — Па кожным з маршрутаў па тры пары цягнікоў у суткі. Туды і назад тры разы на дзень».

На захаванне льгот для грамадзян абедзвюх дзяржаў прадугледжана адпаведнае фінансаванне з бюджэту Саюзнай дзяржавы. «Калі гаварыць пра тое, якія плюсы для пасажыраў: гэта не міжнародныя, а прыгарадныя зносіны, адпаведна, кошт білета будзе абсалютна іншы (больш нізкі. — „Зв.“ )», — патлумачыў Аляксей Ляхновіч.

Міністр транспарту РФ Андрэй Нікіцін, каменціруючы рашэнне ВДС, заўважыў, што неабходнасць, якая існавала да цяперашняга часу для пасажыраў перасаджвацца з цягніка ў цягнік на граніцы Беларусі і Расіі, вядома, не адпавядала духу і правілам Саюзнай дзяржавы. «Бесперасадачныя цягнікі пачнуць хадзіць пакуль са Смаленска. Далей будуць Пскоў, Вялікія Лукі. Будуць далучацца, натуральна, і гарады ў Беларусі», — заявіў ён.

Па выніках ВДС таксама было прынята рашэнне аб прысуджэнні прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2025—2026 гады

Лаўрэатам прэміі ад Беларусі стаў галоўны дырыжор Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Віталь Кульбакоў (за стварэнне канцэртных праграм, якія садзейнічаюць умацаванню сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі). Ад Расійскай Федэрацыі лаўрэатам прэміі стаў аўтарскі калектыў у складзе Любові Падлеснавай і Надзеі Бабенка (за стварэнне і рэалізацыю выставы «Бяссмяротнасць подзвігу. Да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў»; аўтарскі калектыў у складзе Уладзіміра Малышава, Ірыны Зернавой, Ніны Качаляевай, Дзіяны Кабленкавай (за стварэнне і рэалізацыю праекта «Кінаадукацыя: сумесныя адукацыйныя праекты дзяржаў — удзельніц СНД»).

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю