Top.Mail.Ru

Лукашэнка: «Нам трэба падыходзіць да выбудоўвання адносін больш інтэнсіўна»

Прэзідэнт правёў сустрэчу з паслом Бразіліі ў Беларусі


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард Клінгл завяршае дыпламатычную місію ў нашай краіне. Аднак гэта не нагода падводзіць вынікі двухбаковага супрацоўніцтва. Наадварот, у Палацы Незалежнасці адбылася сур’ёзная размова, якая найперш датычылася развіцця далейшых эфектыўных узаемаадносін паміж Беларуссю і Бразіліяй. 

«Погляды нашых спецыялістаў і вашых, бразільскіх, на светапарадак, на светаўладкаванне поўнасцю супадаюць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — І гэта будзе садзейнічаць і садзейнічае стварэнню больш эфектыўных адносін паміж нашымі дзяржавамі».

Беларускі лідар прапануе падыходзіць да выбудоўвання двухбаковых адносін больш інтэнсіўна і не ўскладняць іх. 

«Асновай з’яўляецца эканоміка, таму трэба выбраць тыя кірункі супрацоўніцтва ў эканоміцы, якія цікавыя Бразіліі, з іншага боку, цікавыя Беларусі, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Гэта мы можам зрабіць».

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Бразілія перажывае важны палітычны момант. «Наколькі я інфармаваны, у гэтым годзе адбудуцца ўсеагульныя выбары, — канкрэтызаваў ён. — Вы будзеце выбіраць усіх, каго толькі можна. Шчыра кажучы, я ў гэтым вам не зайздрошчу, бо гэта цяжкі перыяд. Але мы вельмі перажываем за тое, каб цяперашні Прэзідэнт Бразіліі на гэтых выбарах захаваў сваю пасаду».


Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны, што дзеючы бразільскі лідар пацвердзіў свой удзел у маючых адбыцца выбарах. «Мы ўсяляк будзем садзейнічаць таму, калі гэта патрэбна будзе для Бразіліі, каб выбары прайшлі ў спакойнай, мірнай абстаноўцы, у інтарэсах бразільскага народа. Калі гэта патрэбна будзе», — адзначыў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка дзяржавы, ёсць вельмі шмат узаемавыгадных пытанняў, якія падлягаюць абмеркаванню. Як заўважыў беларускі лідар, шэраг пытанняў узнімаліся ім раней. 

«Але некаторыя з іх не знайшлі свайго вырашэння, — канстатаваў Прэзідэнт. — А калі яны ўзаемавыгадныя (як вы бачыце, час вельмі моцна хутка мяняецца), нам трэба падысці сур’ёзна да гэтых пытанняў і вызначыцца, будзем мы ў дадзеным кірунку рухацца або не». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Дарэчы

«Агульны курс кіраўніцтва маёй краіны ў адносінах да Беларусі застаецца ранейшым»

Як адзначыў у размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Рэспубліцы Беларусь Бернард КЛІНГЛ, падчас яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам быў абмеркаваны ўвесь спектр беларуска-бразільскага ўзаемадзеяння. Па словах дыпламата, адносіны паміж нашымі краінамі не абмяжоўваюцца гандлем. Аднак пра гэта, безумоўна, вялася размова з беларускім лідарам. 

«Мы краіна, якая вельмі моцна залежыць ад калійных угнаенняў: яны неабходныя нашай сельскай гаспадарцы, — патлумачыў пасол Бразіліі ў Беларусі. — У Салігорску, як мы лічым, вырабляюць самыя лепшыя па якасці калійныя ўгнаенні. Мы хочам не толькі працягнуць пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў у нашу краіну, а і нарасціць іх». 

Акрамя таго, абмяркоўвалася пытанне паставак у Бразілію сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці. «У Беларусі вырабляецца вельмі якасная тэхніка, якая вельмі падыходзіць бразільскім фермерам», — канстатаваў Бернард Клінгл. Ён удакладніў, што размова ідзе не толькі аб пастаўках беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Бразілію, а і аб стварэнні ў гэтай лацінаамерыканскай краіне лакальных вытворчасцяў.


На парадку дня — і ўзаемадзеянне беларускага боку з бразільскай авіябудаўнічай кампаніяй Embraer. «На жаль, супрацоўніцтва паміж Бразіліяй і Беларуссю ў гэтай сферы было ўскладнена санкцыямі, якія існавалі, — заўважыў пасол. — Цяпер, калі санкцыі зняты, мы спадзяёмся гэта супрацоўніцтва аднавіць. Нам здаецца, што нам удасца пераадолець праблемы, якія застаюцца, бо мы лічым, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Embraer будзе ўзаемавыгадным. Мы вырабляем самыя лепшыя самалёты, а Беларусь гатова прапанаваць вельмі вялікі рынак прасторы не толькі Беларусі, а і ўсёй СНД».

Журналісты пацікавіліся ў пасла, хто будзе яго пераемнікам. Бернард Клінгл праінфармаваў, што на змену яму ў красавіку ў Беларусь прыбудзе прафесійны бразільскі дыпламат. «Вельмі важна, што ў нашай краіне дыпламаты могуць мяняцца, але інструкцыі, якія яны атрымліваюць з цэнтра, дзяржаўная палітыка застаецца ранейшай, — удакладніў пасол. — Таму нягледзячы на тое, што я пакіну вашу краіну, агульны курс кіраўніцтва маёй краіны ў адносінах да Беларусі застаецца ранейшым».

Гаворачы аб тым, што спадабалася бразільскаму дыпламату ў нашай краіне за перыяд яго кадэнцыі, Бернард Клінгл адзначыў: няма таго, што яму не спадабалася. «Надвор’е беларускае не падобнае на бразільскае, але ваша зіма цудоўная, — падзяліўся ўражаннямі пасол. — Мне вельмі падабаецца холад, снег. Мне вельмі падабаецца беларускае лета, яно вельмі камфортнае. Але самае галоўнае, што я захаваю ў сваёй памяці пасля работы ў Беларусі, — гэта дабрыня і дружалюбнасць беларускага народа. Людзі, якія сустракаліся мне ў Беларусі, заўсёды атачалі мяне ўвагай, клопатам і дружалюбствам». 

Бернард Клінгл падзяліўся, што з нашай краінай яго звязвае не толькі праца: два сыны пасла сустракаюцца з беларускімі дзяўчатамі. «Беларусь для мяне стала не толькі месцам працы, а і часткай маёй сям’і», — рэзюмаваў ён.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю