Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў сустрэчу з генсекам АДКБ

«Мы павінны ў гэтым складаным свеце вызначыць сваю ролю, значнасць і кірункі нашых дзеянняў»


Таалатбек Масадыкаў знаходзіцца на гэтай пасадзе са студзеня 2026 года, а таму пытанняў, якія абмяркоўвалі Аляксандр Лукашэнка і новы кіраўнік Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, было нямала. Размова ў кабінеце беларускага лідара вялася аб выбудоўванні ўзаемадзеяння ўнутры Арганізацыі як на палітычным, так і ваенным узроўнях. Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на падзеі, што адбываюцца на міжнароднай арэне, якія як у цэлым АДКБ, так і краіны — удзельніцы Арганізацыі павінны ўлічваць. 

«Нашы падыходы абсалютна адкрытыя» 

На пачатку сустрэчы Прэзідэнт адзначыў, што абмеркаванню падлягае цэлы комплекс ваенна-палітычных пытанняў. «Вы ведаеце, мы нядаўна падводзілі вынікі маштабнай праверкі, нечаканай праверкі Узброеных Сіл Беларусі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Задача была пастаўлена — як у вайну, як будзем дзейнічаць. Мы не хавалі: армія для таго і існуе (вы гэта добра ведаеце), каб абараніць інтарэсы дзяржавы. І да горшага варыянта трэба заўсёды рыхтавацца. Лепшы, як гаворыць народ, сам прыйдзе». 

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на каласальны жыццёвы вопыт новага генсека АДКБ, што дапаможа яму ў новай дзейнасці. «Вы працавалі і ў міжнародных арганізацыях, і ў структурах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, былі намеснікам кіраўніка апарату АДКБ, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Таму тэма добра знаёмая, добра вядомая. Вы ведаеце, што мы вашу кандыдатуру адназначна падтрымалі. Вы таксама ведаеце і разумееце, што Беларусь заўсёды была лакаматывам развіцця адносін у АДКБ і іншых постсавецкіх структурах на нашай прасторы былога Савецкага Саюза. Нашы падыходы абсалютна адкрытыя: мы нічога не цямнім, нічога не хаваем». 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Таалатбек Масадыкаў у свой час з’яўляўся лідарам палітычнай партыі «Сацыялістычная партыя Кыргызстана». «Не чужы нам чалавек, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы цудоўна разумеем, што ад ідэй сацыялізму і сацпартыі адысці будзе вельмі складана, ды і не патрэбна, як паказвае сучаснасць. Таму я вельмі спадзяюся, што і ідэалагічна, і арганізацыйна вы — наш чалавек, які можа кіраваць апаратам АДКБ і здорава нам падказваць і дапамагаць, зыходзячы з вопыту па асноўных кірунках дзейнасці АДКБ». 

У той жа час, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, і генсек АДКБ, і ў цэлым Арганізацыя могуць разлічваць на беларускі бок. 


«Абараняцца нам прыйдзецца разам» 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даўным-даўно, калі яшчэ зараджалася Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, менавіта ён прапанаваў формулу, алгарытм дзенняў для яе. 

«Мы разумеем, што цэнтральным звяном у гэтай Арганізацыі з’яўляецца Расія, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — І ўсім трэба цудоўна разумець (гэта было сказана больш як 10 гадоў таму), што, напрыклад, на заходнім напрамку асноўным звяном АДКБ з’яўляецца, натуральна, Беларусь. І не дай бог, нейкі канфлікт у гэтым напрамку, Расія заўсёды павінна мець тут ядро Узброеных Сіл, якое падключыцца да дзеянняў беларускай арміі, каб абараніць нашу прастору. На поўдні, вядома, прыйдзецца напружвацца і вам, і Казахстану. Абавязкова, бо гэта паўднёвы напрамак. І зноў жа Расія будзе вас падтрымліваць і „падпіраць“, як ваенныя гавораць». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калі ў зоне адказнасці АДКБ сітуацыя была напружанай у казахстанскім напрамку, Расія і Беларусь актыўна ўключыліся ў працэс, каб не даць магчымасці падарваць абстаноўку ў Казахстане. У студзені 2022 года беларускі бок накіраваў у гэту краіну міратворчыя сілы. 

Па словах Прэзідэнта, такая была прапанавана формула, і жыццё паказала, што наогул яна рэалізуецца. «Я цудоўна разумею, што калі раптам нейкі канфлікт у Беларусі, то сваімі Узброенымі Сіламі на 100 % Кыргызстан не будзе ўключацца і не ўключыцца, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Можа быць, і не трэба. Але ўпэўнены, і падтрымка палітычная будзе, і ваенная ў пэўнай ступені Беларусі будзе. І наадварот». 

Таму беларускі лідар лічыць натуральным, што цэнтральным звяном у АДКБ павінна быць Расійская Федэрацыя і яе Узброеныя Сілы. «У нас зброя савецкая (большасць вырабляецца ў Расійскай Федэрацыі), тактыка ў нас аднолькавая, постсавецкіх рэспублік, таму абараняцца нам прыйдзецца разам, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Маючы на ўвазе, што на галоўных напрамках будуць дзейнічаць тыя дзяржавы, якія знаходзяцца на гэтых напрамках». 

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што прапанаваная ім у свой час філасофія Арганізацыі некалі акуратна і асцярожна абмяркоўвалася. «Але жыццё паказала, што менавіта ў такім ключы мы і будзем дзейнічаць, — канстатаваў Прэзідэнт. — Вазьміце Беларусь і Расію. Як бы ні было складана расіянам цяпер, няма канфліктаў у Беларусі (Гасподзь нас ад гэтага ўбярог), але тым не менш Расійская Федэрацыя ў гэтым ключы вельмі сур’ёзна падтрымлівае і дапамагае Беларусі. Інакш быць не можа. Але пакуль у мірны час, дзякуй богу». 

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што ў гэтым плане краіны — удзельніцы АДКБ будуць дзейнічаць і ў далейшым. «Хаця я не выключаю, што можа скласціся такая сітуацыя, што мы ўсе разам, плячо да пляча, усімі нашымі ўзброенымі сіламі і ўзбраеннямі будзем абараняць нашу прастору, на якой павінна функцыянаваць наша Арганізацыя», — заўважыў ён. 


«Нам трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў рабоце з Арменіяй» 

Па словах беларускага лідара, ёсць у Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і праблемныя моманты, аб якіх Аляксандр Лукашэнка адкрыта гаварыў на розных форумах. 

«Нам трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў рабоце з Арменіяй, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Вы ведаеце, Арменія быццам бы і не падтрымлівае работу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў Арганізацыі». 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў генсеку АДКБ сустрэцца з кіраўніцтвам Арменіі. «Асабліва цяпер, у востры электаральны перыяд, калі кіраўніцтва Арменіі будзе шчыра і адкрыта гаварыць аб сітуацыі, у тым ліку і на трэку АДКБ, — удакладніў беларускі лідар. — Таму калі б вы пабывалі там і пагаварылі і з прэм’ер-міністрам, і з прэзідэнтам, з сакратаром Савета Бяспекі Арменіі, даведаліся б іх пазіцыю на будучыню, было б нядрэнна». 

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на карэктнасці ўзаемаадносін з гэтай краінай. «У Арменіі складаная сітуацыя ў гэтым плане, асабліва ў электаральны перыяд вельмі няпростая сітуацыя, — патлумачыў Прэзідэнт. — Таму нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў адносінах з Арменіяй». 

«Ніхто нікому з нас не дапаможа, калі мы не дапаможам самі сабе» 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ёсць пытанні ў Арганізацыі, звязаныя з аб’ёмамі ўзбраенняў у асобных краінах. «Усе гэтыя пытанні і іншыя трэба вырашаць мірна, разумеючы, што ніхто нікому з нас не дапаможа, калі мы не дапаможам самі сабе, — акцэнтаваў увагу ён. — Бачыце, як развіваецца свет. Не зразумела, у якім напрамку ён будзе развівацца, як будуць выбудаваны міжнародныя адносіны».

Пазіцыя Злучаных Штатаў Амерыкі, у цэлым Захаду, як падкрэсліў беларускі лідар, ужо абсалютна відавочная. «І дзякуй богу, што Трамп агаліў гэту абстаноўку, і мы цяпер разумеем, дзе „правы чалавека“, дзе „дэмакратыя“, а дзе яшчэ там нейкія пытанні», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. 

Па словах Прэзідэнта, адпаведныя высновы дзяржавам — удзельніцам АДКБ трэба рабіць і з таго, што адбылося ў Іране. «Гэта магутная краіна з вялікімі традыцыямі, — адзначыў беларускі лідар. — І самае небяспечнае сёння для Злучаных Штатаў Амерыкі, што амерыканцы паказалі сваю ўразлівасць. Для іх галоўны вораг, як яны заўсёды гаварылі, быў Кітай. Але сёння і амерыканцы зразумелі, што з кітайцамі яны ніколі не справяцца. Ніколі. І гэта дэманструе сітуацыя ў Іране. Таму трэба заканчваць гэты канфлікт. Я ўжо пра гэта таксама гаварыў». 

А ізраільцянам Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў не паказваць свой спрыт. «Няма той краіны, якая магла б перамагчы Іран, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Вельмі складаная і геаграфічна краіна. Вельмі рашуча настроена насельніцтва: гатовы гінуць за сваю зямлю. Персія, ну што тут гаварыць. Мы ж цудоўна ведаем гісторыю гэтай краіны. Таму трэба заканчваць». 


Беларускі лідар падкрэсліў, што краіны — удзельніцы АДКБ павінны ў гэтым складаным свеце вызначыць сваю ролю, значнасць і кірункі дзеянняў. «Многае залежыць ад вас і ад вашых калег, — удакладніў ён, звяртаючыся да генсека Арганізацыі. — Але я спадзяюся, справіцеся. На нас можаце разлічваць». 

У сваю чаргу, генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Таалатбек Масадыкаў выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі, які, нягледзячы на свой напружаны графік, знайшоў час для сустрэчы. Асаблівыя словы падзякі прагучалі за падтрымку Беларуссю і асабіста яе лідарам яго кандыдатуры на прызначэнне на пасаду генеральнага сакратара. 

«Сённяшняя сустрэча з вамі для мяне вельмі важная для таго, каб зразумець, як выбудоўваць работу ў сакратарыяце ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, — адзначыў Таалатбек Масадыкаў. — Вы абсалютна правільна заўважылі, што вельмі шмат розных пытанняў, і неабходна нам разам рухацца як у знешне-палітычным плане, так і па ваенным складніку нашых краін. Рух наперад павінен быць адназначны». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Даслоўна

«Мы заўсёды адчуваем актыўную падтрымку з боку Рэспублікі Беларусь» 

Як адзначыў у размове з журналістамі генеральны сакратар Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Таалатбек МАСАДЫКАЎ, падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, якія датычацца не толькі міжнароднага парадку дня, а і ваеннага складніка АДКБ, далейшых крокаў наперад.


«У гэтым годзе старшынства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы — у Расійскай Федэрацыі, — канстатаваў ён. —Мерапрыемствы па рэалізацыі прыярытэтаў зацверджаны Старшынёй Савета калектыўнай бяспекі, Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Мы адправілі зацверджаныя планы мерапрыемстваў ва ўсе краіны — члены АДКБ. Таму будзем актыўна прыступаць да ажыццяўлення пастаўленых задач».

Па словах генсека, у першым паўгоддзі на базе Цэнтра крызіснага рэагавання АДКБ праходзяць штабныя мерапрыемствы, рэгулярна праходзяць пасяджэнні рабочых органаў. Таалатбек Масадыкаў праінфармаваў, што ў канцы мая ў Маскве адбудзецца пасяджэнне Камітэта сакратароў Саўбеза, у пачатку чэрвеня пройдзе пасяджэнне Савета міністраў абароны, завяршальным стане пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў. Шэраг пытанняў парадку дня праходзяць унутрыдзяржаўнае ўзгадненне ў краінах — членах арганізацыі. 

У другой палове года запланаваны традыцыйныя ваенныя вучэнні АДКБ. «Гэтыя вучэнні пройдуць у асноўным у Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь, — канстатаваў генсек АДКБ. — З кожным годам якасць вучэнняў расце, зладжванне кампанентаў калектыўных войскаў АДКБ павышаецца». 

Сярод запланаваных мерапрыемстваў па лініі АДКБ — Міжнародная канферэнцыя сакратароў Савета бяспекі, Міжнародная канферэнцыя па забеспячэнні бяспекі Цэнтральнай Азіі і Афганістана. Пройдзе і традыцыйная Мінская канферэнцыя па еўразійскай бяспецы, якая, па словах генеральнага сакратара Арганізацыі, атрымлівае шмат пазітыўных водгукаў, пры чым не толькі ў краінах — членах АДКБ. 

«Мерапрыемстваў вельмі шмат, — рэзюмаваў Таалатбек Масадыкаў. — Думаю, пастаўленыя задачы будуць выкананы ў тэрмін. Мы заўсёды адчуваем актыўную падтрымку з боку Рэспублікі Беларусь у ажыццяўленні гэтых задач».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю