«Беларусь у развіцці супрацоўніцтва з Расіяй выконвае і нават перавыконвае свае абавязацельствы»
Як паведамлялася раней, 27 жніўня беларускі лідар прыбыў з рабочым візітам у Расійскую Федэрацыю. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Міхаілам Мішусціным адбылася ў пятніцу. Бакі абмеркавалі пытанні ўдасканалення гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, рэалізацыі кааперацыйных праектаў. У аўторак гэтыя пытанні гучалі ў Палацы Незалежнасці ў Мінску — падчас сустрэчы кіраўніка дзяржавы з першым намеснікам старшыні ўрада Расіі Дзянісам Мантуравым.
«Усё, што мы намячалі, выконваецца і будзе выканана»
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што сустрэча з Прэм’ер-міністрам Расіі намячалася даўно. Ён удакладніў, што яна праводзіцца напярэдадні запланаваных на наступны дзень перагавораў з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным. «Мы з ім перагаворым па многіх пытаннях», — удакладніў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Міхаілу Мішусціну і ўраду Расіі за бездакорнае выкананне сваіх абавязацельстваў перад Беларуссю.
«Думаю, і вам прад’явіць прэтэнзіі да Беларусі няма ў чым, — заўважыў Прэзідэнт. — Павінен яшчэ раз публічна вас запэўніць, што ўсё, што мы намячалі, выконваецца і будзе выканана».
Па яго словах, гэта датычыцца шырокага спектра пытанняў — ад дробязяў з палівам, прадуктаў харчавання да сур’ёзных сістэмных пытанняў у рамках Саюзнай дзяржавы і ЕАЭС.
.jpg)
«Мы выконваем свае абавязацельствы і нават перавыконваем, — падкрэсліў беларускі лідар. — Можаце ніколькі не сумнявацца».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Міхаіла Мішусціна ў пачатку кастрычніка чакаюць у Беларусі. На гэты перыяд запланаваны пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага міжурадавага савета. Акрамя таго, у гэтыя дні Мінск будзе прымаць ІІ Міжнародную прамысловую выстаўку «ІНАПРАМ. Беларусь».
«У нас ёсць шэраг мерапрыемстваў чыста спецыфічных для Міхаіла Уладзіміравіча Мішусціна. Таму вы абавязкова прыязджайце», — запрасіў старшыню расійскага ўрада ў Беларусь кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна праводзіў перагаворы з першым намеснікам Прэм’ер-міністра Расіі Дзянісам Мантуравым.
«Мы правялі змястоўную сустрэчу, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Яна датычылася не толькі прамысловасці. Мы шмат гаварылі і аб эканоміцы нашых дзяржаў. Пацвердзілі нашы сумесныя праекты і ў авіябудаванні, і ў ваенна-прамысловым комплексе. Па ўсіх пытаннях знайшлі поўнае ўзаемапаразуменне».
Па словах Прэзідэнта, ён рады, што паміж Міхаілам Мішусціным і яго калегам Прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным устанавіліся добрыя кантакты і ўзаемаадносіны. «Нікуды не дзеўся былы пасол Дзмітрый Крутой (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. — „Зв“.), — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Ён да парадку дня нашага прывязаны вельмі цесна. Ведаю, што вы ў добрых асабістых адносінах».
Прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што Расія і Беларусь справяцца з агульнымі праблемамі.
«На перспектыву пагаворым аб нашай агульнай праблеме, якую нам даводзіцца вырашаць на поўдні Беларусі і на захадзе Расійскай Федэрацыі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сапраўды — праблема. Але мы яе вырашым. Мы яе вырашым, як бы камусьці гэта не хацелася. А як каму хочацца, не хочацца, — мы гэтыя хацелкі з вамі ўжо раскусілі і вельмі добра разумеем, што адбываецца вакол нас. Таму жадаю нам (бо ўсе пытанні разам даводзіцца вырашаць), каб мы спраўляліся з гэтымі праблемамі. Але мы з імі справімся».
.jpg)
«Тыя пытанні, якія ставяць нашы прэзідэнты, — на пастаянным кантролі ўрадаў»
Вітаючы Прэзідэнта Беларусі ў Доме ўрада Расіі, Міхаіл Мішусцін запэўніў Аляксандра Лукашэнку ў тым, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца на найвышэйшым узроўні, выконваюцца.
«Мы з маім калегам Аляксандрам Генрыхавічам Турчыным правялі зверку ўсяго двухбаковага парадку дня: пытанняў Саюзнай дзяржавы, а таксама пытанняў, якія звязаны з Еўразійскім эканамічным саюзам», — канкрэтызаваў ён.
Міхаіл Мішусцін указаў на сістэмны рост беларуска-расійскага тавараабароту. «За пяць месяцаў ён вырас на 12,5 % і, спадзяюся, далей па тэмпах росту мы павінны структуру яго палепшыць», — падкрэсліў кіраўнік урада Расіі.
Расійскі Прэм’ер-міністр адзначыў вялікую колькасць сумесных беларуска-расійскіх праектаў у прамысловай кааперацыі. «Я ведаю, як да гэтага вы адносіцеся асабіста, — удакладніў ён. — Таму ў нас шмат планаў, якія так ці інакш звязаны з прамысловасцю, вытворчасцю, лічбавай павесткай, узаемным прызнаннем лічбавага подпісу. Пытанні турызму мы абмеркавалі. Электрычкі па вашым з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі. — „Зв“.) даручэнні запусцілі. І шмат яшчэ праектаў разглядаем».
Па словах Міхаіла Мішусціна, расійскі бок рыхтуецца да шэрагу міжнародных мерапрыемстваў, якія на гэту восень запланаваны ў Мінску. Сярод іх — пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета. «Таксама (чакаецца. — „Зв“.) сур’ёзная выстаўка „ІНАПРАМ. Беларусь“, на якую мы прыязджаем і дзе заключаем новыя дагаворы, кантракты», — дадаў ён.
У беларуска-расійскіх узаемаадносінах, па словах Міхаіла Мішусціна, вялікая павестка. «Таму яшчэ раз хачу вас запэўніць, што тыя пытанні, якія ставяць нашы прэзідэнты, — на пастаянным кантролі ўрадаў», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр Расіі.
.jpg)
Праграмай візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву запланаваны перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць ключавыя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва, абмяняюцца думкамі па актуальных пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня, тэматыцы забеспячэння бяспекі.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта
Фота БелТА