Працоўны тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стартаваў з міжнароднага парадку дня. У панядзелак кіраўнік дзяржавы прыняў у Палацы Незалежнасці старшыню публічнага акцыянернага таварыства «Банк ПСБ» Пятра Фрадкова. Падчас перагавораў з беларускім лідарам бакі намецілі канкрэтныя крокі развіцця далейшага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
«Мы вельмі станоўча настроены ў дачыненні да вашага банка ў Беларусі»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка цёпла вітаў расійскага госця ў Палацы Незалежнасці. «Мы вельмі станоўча настроены ў дачыненні да вашага банка ў Беларусі і хацелі б самага цеснага супрацоўніцтва з вашым банкам. Учора ўвечары Аляксандр Генрыхавіч (Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, які таксама прысутнічаў падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці. — „Зв.“) гаварыў пра гэта. І мне здаецца, што ў яго ўжо цэлы план саспеў у нашых адносінах, — адзначыў беларускі лідар. — Я ведаю вашы патрыятычныя пачуцці і адносіны да Расіі, але Айчына ў нас агульная, як я часта гавару, — ад Уладзівастока да Брэста. Таму Беларусь вам не павінна быць чужой».

Кіраўнік дзяржавы станоўча ўспрыняў нядаўна прынятае ў Расіі рашэнне аб будаўніцтве высакахуткаснай магістралі ад Масквы да Мінска. «Гэта вельмі цікава для нашых людзей, таму што апошнія гады (грамадзяне Беларусі сталі часта наведваць Расію і яе сталіцу. — „Зв.“) я ўжо гэта называю паломніцтвам нейкім беларусаў у Маскву. Асабліва моладзі. Таму давайце супрацоўнічаць для таго, каб нашы народы былі заўсёды разам і каб ніколі не ўзнікала па той ці іншы бок (або ў Мінску, або ў Маскве) размоў пра тое, што нашы народы можна нейкім чынам разарваць», — заклікаў беларускі лідар.
Высакахуткасная чыгуначная магістраль Масква — Мінск — гэта планаваная спецыялізаваная двухпуцявая электрыфікаваная лінія для цягнікоў з хуткасцю ад 200 да 400 кіламетраў у гадзіну, якая скароціць час у дарозе паміж сталіцамі з 7-9 да 3 гадзін. Прынцыповае рашэнне аб пачатку прапрацоўкі гэтага праекта Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін адобрыў 15 чэрвеня 2026 года. Афіцыйны мемарандум аб супрацоўніцтве ў праектаванні і будаўніцтве Беларусь і Расія падпісалі 1 кастрычніка 2026 года на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Мінску.

«Я гатовы да абмеркавання любых пытанняў»
Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў Пятра Фрадкова перадаць прывітанне і самыя добрыя пажаданні яго бацьку — Міхаілу Фрадкову, які раней узначальваў урад Расіі, а таксама Службу знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі, а сёння кіруе Расійскім інстытутам стратэгічных даследаванняў. «Самае галоўнае — здароўе, усё астатняе ў яго ёсць. Калі не, як я гавару, — купім, — з доляй гумару адзначыў кіраўнік дзяржавы. — У мяне вельмі добрае пачуццё да яго пасля нашай сумеснай работы. Усё ж такі ён доўга працаваў: і старшынёй урада, і ўзначальваючы Службу знешняй разведкі. Таму не забудзьцеся толькі яму перадаць».
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў Пятру Фрадкову за прыезд у Беларусь. «Я гатовы да абмеркавання любых пытанняў», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

«Работа з Рэспублікай Беларусь, партнёрамі ў Беларусі з’яўляецца і заўсёды з’яўлялася абсалютным прыярытэтам»
У сваю чаргу старшыня публічнага акцыянернага таварыства «Банк ПСБ» Пётр Фрадкоў падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. «Для мяне асабіста, для Банка ПСБ, работа з Рэспублікай Беларусь, нашымі партнёрамі ў Беларусі з’яўляецца і заўсёды з’яўлялася абсалютным прыярытэтам. І для нас вельмі важна, што гэта супрацоўніцтва працягваецца і развіваецца. Прычым яно развіваецца па самых розных кірунках», — падкрэсліў ён.
У ліку прыярытэтаў — міжбанкаўскае супрацоўніцтва. «Мы заўсёды былі, з’яўляемся і працягваем з’яўляцца адным з ключавых партнёраў банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь у цэлым, адным з буйных крэдытораў банкаў. І для нас гэта важна, і мы гэты кірунак развіваем», — канстатаваў старшыня ПАТ «Банк ПСБ».

Пётр Фрадкоў таксама расказаў аб супрацоўніцтве з прамысловымі кампаніямі нашай краіны, сярод якіх — МАЗ, БелАЗ, Беларуская чыгунка. У перспектыве таксама — работа ў сферы лізінгавых паслуг.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА