«Мы б хацелі выбудаваць з вамі цвёрдыя, добрыя адносіны»
Прэзідэнт правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў, працаўладкавання за мяжой і турызму Шры-Ланкі Віджытам Хератам, які гэтымі днямі знаходзіцца з афіцыйным візітам у нашай краіне. У кабінеце беларускага лідара абмеркавалі пытанні пашырэння супрацоўніцтва ў цэлым, практычныя дзеянні ў развіцці ўзаемадзеяння паміж краінамі. Канкрэтныя крокі ўжо зроблены — напярэдадні Аляксандр Лукашэнка падпісаў пагадненне аб паветраных зносінах. З 25 мая Шры-Ланка ўводзіць бясплатны візавы рэжым для грамадзян Беларусі.

«Эканоміка — гэта база любых адносін»
Прэзідэнт адзначыў, што рады сустрэчы з замежным госцем. «Ёсць аб чым пагаварыць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Павінен сказаць, што ў нас з вамі даўнія адносіны, і мы адзін аднаго добра ведаем. Але толькі, напэўна, дзякуючы (калі гаварыць аб эканоміцы) адной-дзвюм пазіцыям таварнай групы».
Беларускі бок, па словах кіраўніка дзяржавы, мае намер пашырыць супрацоўніцтва са Шры-Ланкай. «Я хачу, каб вы, будучы ў Беларусі, з дапамогай пасла і нашага міністра (міністра замежных спраў. — „Зв.“), паглядзеўшы нашы магчымасці, вызначыліся, чым мы яшчэ зможам быць карыснымі для Шры-Ланкі», — канкрэтызаваў Прэзідэнт.
Беларусь, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, з вялікім задавальненнем будзе мець адносіны са Шры-Ланкай і паляпшаць іх. Фарміруючы дарожную карту, план далейшых узаемаадносін у сферы эканомікі, па словах Прэзідэнта, варта вызначыцца: што Беларусі трэба ад Шры-Ланкі і наадварот.
«Эканоміка — гэта база любых адносін, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Таму мы хацелі б выбудаваць з вамі цвёрдыя, добрыя адносіны».

«Шры-Ланка — краіна ў Азіі, якую мы добра ведаем»
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь — гэта машынабудаўнічая краіна, з развітымі прамысловасцю і сельскай гаспадаркай.
«Думаю, што вам будзе цікавы наш вопыт і ў галіне прамысловасці, і ў галіне сельскай гаспадаркі, — лічыць ён. — Усё, чым мы багатыя, вы можаце мець. Вы можаце, вывучыўшы нашы магчымасці, зрабіць для сябе пэўныя высновы, у якім напрамку рухацца. Але план нашых адносін — няхай ён будзе з трох-чатырох пунктаў, няважна — але яго патрэбна мець. Для таго, каб мы мелі пэўныя мэты, да якіх мы разам з вамі будзем імкнуцца».
Прэзідэнт выказаў удзячнасць міністру за візіт у нашу краіну, а таксама за намер азнаёміцца з магчымасцямі Беларусі.
«Шры-Ланка — краіна ў Азіі, якую мы добра ведаем. І мы хацелі б развіваць нашы адносіны», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Міністр замежных спраў, працаўладкавання за мяжой і турызму Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка Віджыта Херат падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэцца. «Гэта ўдзячнасць сыходзіць і ад нас, і ад усіх людзей маёй краіны, — удакладніў ён. — Як вы правільна адзначылі, нашы краіны ўзаемадзейнічаюць адна з адной дастаткова працяглы час — з 2000 года. І, вядома, мы спадзяёмся, што ў ходзе бягучага візіту мы зможам і далей прасунуцца ў развіцці нашых двухбаковых адносін, у тым ліку ў эканамічнай сферы».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

Даслоўна
«Мы плануем рабіць яшчэ больш актыўныя крокі для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння»
Як адзначыў у размове з журналістамі міністр замежных спраў, працаўладкавання за мяжой і турызму Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка Віджыта ХЕРАТ, летась адзначалася 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Шры-Ланкай. «Бягучы мой візіт у Беларусь адкрывае новую главу ў двухбаковых адносінах, — канстатаваў ён. — Мы правялі шэраг вельмі канструктыўных і прадукцыйных сустрэч як з кіраўніком беларускай дзяржавы, так і з міністрам замежных спраў, кіраўнікамі іншых міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь, а таксама з бізнес-коламі, прадстаўнікамі турыстычнай галіны».
У ходзе візіту падпісаны тры мемарандумы аб узаемапаразуменні, якія накіраваны на паляпшэнне двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін паміж краінамі. «У адпаведнасці з адным з падпісаных дакументаў, да канца года будуць наладжаны прамыя авіязносіны паміж нашымі краінамі, — канкрэтызаваў міністр замежных спраў, працаўладкавання за мяжой і турызму Шры-Ланкі. — Гэта ў тым ліку дазволіць накіроўваць нашай краіне больш студэнтаў для навучання ў медыцынскіх ВНУ Беларусі. А Беларусі, у сваю чаргу, накіроўваць больш турыстаў у Шры-Ланку. Такім чынам, падпісаныя пагадненні дазваляюць развіваць узаемадзеянне як у адукацыйнай, так і ў турыстычнай сферах».
Бягучы візіт у Беларусь, па словах кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Шры-Ланкі, вельмі важны для двухбаковых адносін. «Мы плануем па выніках дасягнутых дамоўленасцяў рабіць яшчэ больш актыўныя крокі для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння», — падкрэсліў ён.
Віджыта Херат расказаў аб планах, звязаных з пастаўкамі ў Беларусь каштоўных камянёў, якія могуць выкарыстоўвацца для далейшай апрацоўкі. «У сваю чаргу, мы разлічваем на тое, што зможам нарасціць пастаўкі машынабудаўнічай, сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама ўгнаенняў і беларускіх прадуктаў», — удакладніў ён.
Акрамя таго, па словах міністра, у рамках адпаведнага пагаднення Шры-Ланка будзе гатова аказаць садзейнічанне Беларусі ў пытанні працоўных мігрантаў.

У тэму
З міністрам замежных спраў, працаўладкавання за мяжой і турызму Шры-Ланкі Віджытам Хератам сустрэлася таксама Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі шырокае кола пытанняў, у тым ліку супрацоўніцтва ў сферы гандлю, лагістыкі, развіцця турызму, аказання адукацыйных паслуг і міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. «Для нас вельмі важна парламенцкае вымярэнне. Шчыра рады вітаць, што ў парламенце Шры-Ланкі створана Група дружбы з Беларуссю. У Нацыянальным сходзе Беларусі створана Група па супрацоўніцтве з краінамі Паўднёвай Азіі», — адзначыла спікер Савета Рэспублікі.
Дарэчы
У 2025 годзе асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту ў Шры-Ланку сталі: паліва, тэкстыль і тэкстыльныя вырабы, машыны і абсталяванне, аўтамабілі, мінеральныя ўгнаенні. Асноўныя артыкулы імпарту: тэкстыль і адзенне, чай, спецыі, вырабы з гумы, рыба, тытунь, какосавыя арэхі.