Падрабязнасці беларуска-ўзбекскіх перагавораў на найвышэйшым узроўні ў Палацы Незалежнасці
Падрабязнасці беларуска-ўзбекскіх перагавораў на найвышэйшым узроўні ў Палацы Незалежнасці
Беларусь не толькі ўстанаўлівае новыя кантакты з шэрагам дзяржаў на ўсіх кантынентах, а і ўзмацняе, пашырае супрацоўніцтва са сваімі даўнімі партнёрамі. Сведчанне гэтаму — афіцыйны візіт у нашу краіну Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева. Узбекістан з’яўляецца надзейным партнёрам Беларусі ў Цэнтральнай Азіі. Гісторыя супрацоўніцтва налічвае дзесяцігоддзі. Эфектыўнасць узаемадзеяння пацвярджаецца лічбамі. У 2025 годзе ўзаемны тавараабарот склаў амаль 855 мільёнаў долараў.
Шаўкат Мірзіёеў прыбыў у нашу краіну 8 ліпеня. У той жа дзень сумесная рабочая праграма лідараў стартавала з сустрэчы ў фармаце адзін на адзін дома ў Аляксандра Лукашэнкі.
У асноўны дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь — 9 ліпеня — перагаворы на найвышэйшым узроўні адбыліся ў Палацы Незалежнасці. Рытуал урачыстай цырымоніі сустрэчы высокага госця па традыцыі ўключаў выкананне дзяржаўных гімнаў дзвюх краін, суправаджэнне ротай ганаровай варты, абмен поціскамі рукі з прадстаўнікамі дэлегацый абодвух бакоў, сумеснае фатаграфаванне.
Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Шаўката Мірзіёева праходзілі ў вузкім і шырокім складах. Прэзідэнты разгледзелі актуальныя пытанні супрацоўніцтва і новыя пункты росту беларуска-ўзбекскага партнёрства. Ключавыя тэмы — развіццё вытворчай кааперацыі і рэалізацыя сумесных праектаў. Па выніках перагавораў бакі падпісалі каля двух дзясяткаў дакументаў. Галоўны з іх — Дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам.
«Мы здзейснілі з вамі гэты рывок і маем сёння такі ўзровень»
Пачынаючы перагаворы ў вузкім складзе, Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што напярэдадні вітаў свайго ўзбекскага калегу ў дамашняй абстаноўцы. «Яшчэ раз хачу паўтарыць, ужо афіцыйна: я рады вашаму прыезду, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы з вамі на ўсіх міжнародных сустрэчах абменьваліся меркаваннямі наконт гэтага візіту. Я вам тады сказаў: мы вас вельмі чакаем. Чакаем як сябра беларускага народа і гатовы зрабіць усё для таго, каб ваш візіт і вашай дэлегацыі паспяхова праходзіў».
Па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь па асноўных кірунках прытрымліваецца той жа палітыкі, што і Узбекістан. «Мы за шматпалярнасць, мы не хочам перашкаджаць нікому, мы глядзім на наш народ: Узбекістан — на свой народ, Беларусь — на свой, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але ў той жа час вядзём вельмі актыўную работу, каб звязаць нашы інтарэсы».
Прэзідэнт адзначыў, што Узбекістан уваходзіць у дзясятку асноўных партнёраў Беларусі, займае трэцяе месца сярод краін СНД. «Вядома, не параўнаць з гіганцкай Расіяй, але ўсё-такі вельмі высокі ўзровень, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — І мы з вамі значна прасунуліся. Калісьці, у часы вашага першага Прэзідэнта, я марыў аб такім узроўні адносін, але не ўсё тады атрымлівалася. І мы здзейснілі з вамі гэты рывок і маем сёння такі ўзровень. Мы калісьці гаварылі аб адным мільярдзе (долараў тавараабароту. — „Зв.“), сёння мы свабодна вымаўляем — два мільярды (долараў тавараабароту. — „Зв.“) — і для сваіх членаў урада, міністраў вызначылі кірункі дзейнасці, якія прывядуць нас да поспеху».
Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі важным, каб, акрамя сумесных праектаў (тут, як падкрэсліў Прэзідэнт, беларускі бок свае абавязацельствы жорстка будзе выконваць), з дапамогай Узбекістана Беларусь магла выйсці і на трэція краіны. «Асабліва тыя, якія блізкія да Узбекістана, — удакладніў ён. — У іх вялікі інтарэс, у гэтых краін. І мы разам будзем працаваць. Тым больш што гэта работа пачалася».
Прэзідэнт Беларусі даў высокую ацэнку канкрэтным праектам канкрэтных кампаній Узбекістана. «Вы малайцы — самы высокі ўзровень тых кампаній, якія ў вас прысутнічаюць на рынку, — канстатаваў ён. — Па машынабудаванні мы асвоілі ў вас ужо сумесную вытворчасць 130-тоннага БелАЗа, гатовы выходзіць на 220 (тон. — „Зв.“). Трэба рухацца ў гэтым плане. Калі такая ж будзе падтрымка, як цяпер з вашага боку ва Узбекістане, мы вельмі хутка гэта зробім. Па трактарабудаванні, вы ўчора гаварылі, пад 3 тысячы (адзінак у год на сумеснай вытворчасці ва Узбекістане. — „Зв.“) можам выйсці. Мы забяспечым сэрвіснае абслугоўванне — наогул, зробім так, што сорамна не будзе па ўсім машынабудаўнічым комплексе».
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі развітая сельскагаспадарчая галіна, асабліва перапрацоўка сельгаспрадукцыі. «Мы таксама гатовы і да паставак, і адкрываць у вас сумесныя вытворчасці, што мы і робім па мясе птушкі, па малакаперапрацоўцы і гэтак далей. Гатовы ў гэтых адносінах рухацца наперад», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўзбекскага калегі.
Што датычыцца гуманітарных адносін Беларусі і Узбекістана, па словах Прэзідэнта, яму прыемна было чуць, што ўзбекі задаволены нашай аховай здароўя. «Вашы людзі, якія прыязджаюць да нас падлячыцца, ніхто вам не паскардзіўся, што мы іх дрэнна прымаем — жывыя, здаровыя, дзякуй богу, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы таксама ў гэтым кірунку рухаемся. Фармацыя — гэта наша тэма».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускі бок гатовы ўзаемадзейнічаць з Узбекістанам у многіх сацыяльных кірунках — ад адукацыйных працэсаў да аказання медыцынскай дапамогі. «У нас добрыя цэнтры, вопыт гатовы перадаваць, — удакладніў ён. — У нас з савецкіх часоў гэтага вопыту дастаткова. Калі вам нешта трэба — скажыце, мы заўсёды гатовы».
Асаблівую ўдзячнасць свайму ўзбекскаму калегу Аляксандр Лукашэнка выказаў за культурны абмен паміж краінамі. Напярэдадні перагавораў у Палацы Рэспублікі адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтваў Узбекістана. «Нашы людзі былі вельмі задаволены, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Што там гаварыць, некаторыя і першы раз убачылі, што ва Узбекістане такі ўзровень культуры. Таму добра, што мы абменьваемся (канцэртнымі праграмамі. — „Зв.“). Летась — у вас, сёлета — у нас».
Кіраўнік дзяржавы назваў беларуска-ўзбекскія перагаворы ў Палацы Незалежнасці ў пэўнай ступені фармальнымі, маючы на ўвазе, што вялікая работа двума бакамі была праведзена на падрыхтоўчым этапе.
«Бізнес-прадстаўнікі сустрэліся, вялізная колькасць кампаній — дамовіліся аб многім, гуманітарны аспект таксама адпрацаваны, мы ўчора тры гадзіны дыялог вялі, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ну, што нам тут засталося... Папрасіць, каб гэта ўсё было рэалізавана, што мы сёння і зробім. Дзякуй вам яшчэ раз, што вы прыехалі ў Беларусь».
«Пад вашым кіраўніцтвам краіна стабільна развіваецца ва ўсіх кірунках»
Прэзідэнт Узбекістана падчас перагавораў у вузкім складзе падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём. «Пад вашым кіраўніцтвам краіна стабільна развіваецца ва ўсіх кірунках, — падкрэсліў Шаўкат Мірзіёеў. — Дабрабыт народа расце, ВУП расце, інфляцыя стрымліваецца ў гэты складаны і турбулентны час».
Узбекскі лідар канстатаваў, што ўсе дамоўленасці з Прэзідэнтам Беларусі ўвасабляюцца ў рэальным жыцці. «Гэтым разам візіт быў вельмі насычаны на падрыхтоўчую работу, — звярнуў увагу ён. — Вы правільна сказалі, што форум рэгіёнаў прайшоў, бізнес-форум прайшоў, адукацыйны форум, медыцынскі форум, аналітычныя групы сустракаліся... Гэта сведчыць аб сур’ёзнай базе далейшага прасоўвання па ўсіх кірунках».
Прэзідэнт Узбекістана адзначыў супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі бізнес-супольнасцяў, а таксама рэальныя, перспектыўныя і ўзаемавыгадныя праекты. «Усё, пра што мы сёння будзем дамаўляцца, будзе вынікам гістарычнага візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь, — заявіў Шаўкат Мірзіёеў. — Мы сёння на новы ўзровень стратэгічнага партнёрства падымаем нашы адносіны. Гэта зусім іншы ўзровень. Гэта ўжо іншыя ўзаемаадносіны, іншая глеба. І мы будзем працягваць (узаемадзеянне. — „Зв.“) на той аснове, на якой мы сёння з вамі дамовімся».
Шаўкат Мірзіёеў павіншаваў беларускі народ з Днём Незалежнасці. «Жадаем Беларусі міру, росквіту і дабрабыту», — сказаў ён.
Узбекскі лідар канстатаваў, што ў сённяшнім турбулентным свеце ў Беларусі і Узбекістана адзіныя погляды. «І мы гэтага будзем прытрымлівацца і разам працягваць на ўсіх пляцоўках, — падкрэсліў ён. — У наступным годзе мы старшынствуем у СНД. Я думаю, вы асабліва будзеце падтрымліваць. Мы будзем вас чакаць на гэтых форумах асабіста. І, карыстаючыся выпадкам, я хачу вас яшчэ раз запрасіць з афіцыйным візітам у любы зручны час для вас ва Узбекістан».
«Мы дамовіліся аб прынцыпова новым падыходзе ў нашых адносінах»
Падчас перагавораў у шырокім складзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Высока цаню дасягнуты ўзровень беларуска-ўзбекскага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, атмасферу дружбы і даверу», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што па выніках перагавораў будзе падпісана Дэкларацыя аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан. Ужо толькі гэта гістарычная падзея, як канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, надае афіцыйнаму візіту Шаўката Мірзіёева ў Беларусь асаблівае значэнне.
«Мы паспяхова выконваем дасягнутыя ў 2024 годзе ў Ташкенце дамоўленасці павялічыць аб’ёмы нашага гандлю, — звярнуў увагу беларускі лідар. — У 2025 годзе тавараабарот вырас на 35,5 %. У студзені — маі бягучага года тэмпы росту яшчэ вышэй — 36 з лішнім працэнты».
Па выніках першай часткі перагавораў у вузкім складзе Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, у бакоў ёсць рэальныя магчымасці выйсці да 2030 года на тавараабарот у 2 мільярды долараў. У тым ліку за кошт умацавання ўзаемадзеяння ў сферах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, фармацэўтыкі і шэрагу іншых.
«Прэзідэнт (Узбекістана. — „Зв.“) мне сказаў, што размова, якая ў нас толькі што адбылася ў вузкім складзе, — дзеля гэтага трэба было прыехаць у Беларусь, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Бо мы дамовіліся аб прынцыпова новым падыходзе ў нашых адносінах па адчувальных для Узбекістана і Беларусі кірунках супрацоўніцтва».
Каб амбіцыйныя планы былі ажыццёўлены, па словах беларускага лідара, урады падрыхтавалі «дарожную карту» — план, які вызначае асноўныя кірункі сумеснай работы на пяцігодку. «Тоны, штукі, адказныя, тэрміны — як у добрыя часы калісьці было», — канкрэтызаваў ён.
Ключавым кірункам работы, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца вытворчая кааперацыя, якая ўносіць істотны ўклад у тэхналагічны суверэнітэт Узбекістана. «Напрыклад, за год у вашай краіне сабрана каля 1300 трактароў МТЗ, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Пры гэтым па асобных мадэлях лакалізацыя хутка складзе больш як 30 % — гэта высокі ўзровень для пачатку. Разлічваем, што хуткім часам вытворчасць выйдзе, як мы і гаварылі, у 3000 адзінак у год. Створана сэрвісная сетка з 11 аб’ектаў, плануецца адкрыццё фірменнага навучальнага класа. Я паабяцаў Прэзідэнту: калі трэба, мы гатовы вашых людзей узяць на канвеер і хутка на канвееры навучыць веданню той ці іншай тэхнікі».
«Мы падтрымаем вашу любую ініцыятыву»
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што два гады таму стартаваў першы двухбаковы інвестыцыйны праект у сельскагаспадарчай галіне — стварэнне ў Ташкенцкай вобласці перадавога птушкагадоўчага комплексу поўнага цыклу: ад атрымання інкубацыйных яек да перапрацоўкі мяса і рэалізацыі гатовай прадукцыі. Прэзідэнт праінфармаваны, што гэты праект паспяхова развіваецца. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ўжо ёсць дамоўленасць аб тым, каб узбекскія інвестары прыйшлі ў Віцебскую вобласць, узялі ўчасткі зямель для таго, каб вырабляць прадукцыю і пастаўляць адтуль ва Узбекістан мяса птушкі, малако.
Росту колькасці такіх праектаў, па словах Аляксандра Лукашэнкі, будзе садзейнічаць нядаўняе далучэнне Узбекістана да Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, заснаванні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый у рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. «Цяпер у нашым распараджэнні не толькі двухбаковыя, але і шматбаковыя інвестыцыйныя механізмы», — удакладніў ён.«Вітаем цікавасць узбекскага бізнесу да стварэння сучасных жывёлагадоўчых комплексаў на Віцебшчыне, — адзначыў беларускі лідар. — Для вас гэта магчымасць вырабляць і пастаўляць ва Узбекістан высакаякасную мясную прадукцыю, якую вы вырабіце самі, а для Беларусі — гэта людзі, новыя працоўныя месцы і развіццё вёскі».
У гандлёвых адносінах Прэзідэнт Беларусі прапануе імкнуцца да балансу. «У нас ёсць устойлівы попыт на ўзбекскі металапракат, баваўняныя ніткі, трыкатажнае палатно і адзенне, свежую садавінна-агароднінную прадукцыю, сухафрукты — на ўсё, што вы там на поўдні вырабляеце, а ў нас няма, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Трэба пастаўляць сюды. Мы падтрымаем вашу любую ініцыятыву: або на рынку, або ў магазіне».
Па словах беларускага лідара, Гандлёвы дом Узбекістана, які неўзабаве адчыніць свае дзверы практычна насупраць Палаца Незалежнасці, дасць мінчанам і гасцям нашай сталіцы цудоўную магчымасць азнаёміцца з лепшымі ўзбекскімі таварамі. «Але адзін гандлёвы дом — гэта нішто, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Трэба тыражаваць. І пажадана, каб у кожнай вобласці быў узбекскі гандлёвы дом».
У сваю чаргу беларускі бок можа забяспечыць стабільныя пастаўкі запатрабаванай на ўзбекскім рынку беларускай прадукцыі: мяса-малочных і іншых харчовых тавараў, прадукцыі дрэваапрацоўчай і фармацэўтычнай галін, машынабудавання і нафтахіміі. Аляксандр Лукашэнка праінфармаваны, што ва Узбекістане карыстаецца попытам не толькі харчаванне і наша машынабудаўнічая прадукцыя, але і беларуская мэбля.
«Калі ласка, давайце будзем вырабляць патрэбную для Узбекістана прадукцыю, — прапанаваў ён. — Пры тым я запрашаю вашых спецыялістаў для кантролю, для заказаў і для пакупкі і пастаўкі ва Узбекістан патрэбнай для вас прадукцыі дрэваапрацоўкі».
Акрамя таго, беларускі бок гатовы арганізаваць пастаўкі ва Узбекістан замарожанай ялавічыны, цукру, масла і іншых пазіцый для патрэб дзяржаўнага рэзерву Узбекістана. «Таксама прыедзьце, выбераце: калі вам падыходзіць — калі ласка, забірайце, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Прэзідэнт (Узбекістана. — „Зв.“) паставіў пытанне: тушонка, згушчонка і іншае — тое, што нават не для ваенных, нават не для дзяржзаказу, а ў звычайным жыцці карыстаецца попытам. Мы гатовы гэта вырабіць».
«Давайце будзем рухацца насустрач адзін аднаму»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што супрацоўніцтва Беларусі і Узбекістана не абмяжоўваецца выключна эканамічнай сферай. «Не менш важныя развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва (гэта вельмі важна, мы па вопыце з Расіяй гэта ведаем), рэалізацыя сумесных праектаў у навукова-тэхнічнай, сацыяльнай, культурна-гуманітарнай галінах», — дадаў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што напярэдадні візіту Шаўката Мірзіёева ў Беларусь у Мінску паспяхова прайшоў III Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта вельмі добрае мерапрыемства.
«Гаворачы аб шматграннасці беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння, мы не павінны забываць, што дасягнута гэта не толькі дзякуючы нам, мужчынам (сёння так атрымалася, што за сталом перагавораў адны мужыкі), — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта з Узбекістанам намі запушчаны ўнікальны фармат — Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, тры пасяджэнні якога адбыліся пад эгідай спікераў верхніх палат парламентаў. Упэўнены, у іх усё на кантролі, але наша падтрымка тут, Шаўкат Мірамонавіч, не перашкодзіць. І мы падтрымліваем гэтыя пачынанні».
Галоўнае, як падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі, — не стаяць на месцы. «Хоць кожны месяц, тыдзень — маленькі крок, каб людзі бачылі і ацэньвалі нашы рухі, — заўважыў ён. — Не шукаць лёгкіх шляхоў, а выступаць з новымі своечасовымі ініцыятывамі і настойліва дабівацца гэтай рэалізацыі».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ва Узбекістане не хапае вады, не супраць мясцовыя жыхары і мець дадатковыя землі. «У нас у Беларусі гэта ёсць, — канстатаваў ён. — Не хапае часам працоўных рук. Дык мы марылі б, каб узбекскія, менавіта ўзбекскія людзі, сем’ямі прыязджалі ў Беларусь, пасяліліся тут, атрымалі, калі трэба, дапамогу аховы здароўя, у адукацыі і развіваліся. Нам гэта вельмі патрэбна для таго, каб не пусцела зямля беларуская. Давайце будзем разам працаваць. Беларусы вельмі добра адносяцца да ўзбекаў. Вельмі добра. Таксама як і ўзбекістанскія грамадзяне адносяцца да беларусаў. Трэба гэта выкарыстоўваць. Давайце будзем рухацца насустрач адзін аднаму. Воля прэзідэнтаў ёсць, падтрымка ёсць — трэба дзейнічаць. Дзейнічаць хутка. Спознімся — нехта прыйдзе іншы».
«Ад размоў будзем пераходзіць да рэальных спраў»
Падчас перагавораў у шырокім складзе Прэзідэнт Узбекістана яшчэ раз выказаў удзячнасць беларускаму лідару за прыём. «Вас вельмі любяць ва Узбекістане», — запэўніў Аляксандра Лукашэнку Шаўкат Мірзіёеў.
Узбекістанскі лідар з задавальненнем падкрэсліў, што за апошнія гады дзякуючы сумесным намаганням удалося кардынальна змяніць характар і змест узбекска-беларускіх адносін, вывесці іх на якасна новы ўзровень. «Я хачу шчыра сказаць, што ў гісторыі нашых адносін яшчэ не было такога ўзаемаразумення і рэальных вынікаў, пра які мы і ўчора, і сёння ў вузкім складзе падрабязна гаварылі, — заявіў Шаўкат Мірзіёеў. — Гэта мы яшчэ раз пацвердзілі падчас нашай сустрэчы ў вузкім фармаце. Я вельмі настроены на вынікі».
Прэзідэнт Узбекістана адзначыў, што многае ўжо зроблена. «Але трэба будзе зрабіць яшчэ многае па ўсіх кірунках, аб якіх мы сёння гаварылі, — удакладніў ён. — Толькі што з паважаным Аляксандрам Рыгоравічам мы падрабязна-падрабязна абмеркавалі цяперашні стан і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Мы далі высокую ацэнку вынікам сумеснай работы ў сферы гандлю. На самай справе ў нас ніколі такіх лічбаў (да мільярда) не было. Вынік сведчыць аб тым, што перспектывы вельмі вялікія ў прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадарцы, культуры, адукацыі, медыцыне і ў іншых кірунках».
Паводле слоў Шаўката Мірзіёева, кіраўнікі дзяржаў з задавальненнем адзначылі ўстойлівую дынаміку практычна па ўсіх кірунках узаемадзеяння. «Мы доўга да гэтага ішлі, і сёння падпішам па-сапраўднаму гістарычны дакумент — Дэкларацыю стратэгічнага партнёрства, — канстатаваў ён. — Гэта замацоўвае асноўныя прынцыпы нашага ўзаемадзеяння і вызначае шырокае кола кірункаў. Перакананы, што гэты важны крок атрымае шырокую падтрымку як ва Узбекістане, так і ў Беларусі».

Прэзідэнт Узбекістана адзначыў рэальныя праекты, звязаныя з сельскай гаспадаркай, машынабудаваннем, фармацэўтыкай, электратэхнічнай, лёгкай і мэблевай прамысловасцю на 1,7 мільярда долараў. «Аснова добрая, падмурак ёсць», — акцэнтаваў увагу ён, удакладніўшы, што ёсць дамоўленасць з беларускім лідарам рэалізаваць намечаныя планы, прызначыўшы адказных людзей, каб гэта адчувалі і ў Беларусі, і ва Узбекістане.
Шаўкат Мірзіёеў звярнуў увагу на паспяховае ўзаемадзеянне паміж бізнес-супольнасцямі, а таксама патэнцыял міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. «Ад размоў будзем пераходзіць да рэальных спраў, — падкрэсліў узбекскі лідар. — Аляксандр Рыгоравіч вельмі сур’ёзную перспектыву нам ахарактарызаваў, адкрыў і даў шырокія магчымасці. Гэтым трэба скарыстацца.
Я яшчэ раз гавару, гэта гістарычны момант. Калі мы сёння не скарыстаемся — заўтра будзе позна. Гэта ўзаемавыгадна і для Узбекістана, і для Беларусі».
Па меркаванні Прэзідэнта Узбекістана, падпісаны па выніках салідны пакет пагадненняў і гандлёвых кантрактаў з’яўляецца толькі пачаткам сумеснай работы. «Зацікаўлены ва ўкараненні беларускага вопыту пры рэалізацыі праекта будаўніцтва атамнай электрастанцыі ва Узбекістане, — паведаміў Шаўкат Мірзіёеў. — Гэта таксама вельмі добры вопыт.
Упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі і развіццё спадарожнай сацыяльнай інфраструктуры стане яшчэ адным перспектыўным кірункам нашага стратэгічнага партнёрства».
Ва ўмовах, якія захоўваюць міжнародную напружанасць, асаблівае значэнне, па словах узбекскага лідара, набывае далейшае ўмацаванне палітычнага дыялогу. «Разлічваем на падтрымку Рэспублікі Беларусь у перыяд старшынства Узбекістана ў СНД і „Руху недалучэння“, — звярнуў увагу Прэзідэнт Узбекістана. — Высока ацэньваем актыўнае ўзаемадзеянне паміж парламентамі дзвюх краін. Вы пра гэта гаварылі, я таксама з задавальненнем гавару, што яны вельмі шмат робяць, і мы павінны дапамагаць ім».
Шаўкат Мірзіёеў выказаў неабходнасць правядзення другога пасяджэння камісій верхняй палаты і чацвёртага жаночага бізнес-форуму, які сёлета будзе праходзіць ва Узбекістане. «Маем намер працягваць актыўныя абмены ў сферы культуры і мастацтва, адукацыі, ахове здароўя, турызме», — дадаў ён.
Узбекскі бок высока ацэньвае ініцыятыву аб стварэнні Алеі дружбы дзвюх краін у Мінску. «Ужо ўчора людзі бачылі па тэлевізары (паказалі ў нас ва Узбекістане), яны вельмі задаволены, што гэта збліжае нашы народы, — лічыць Шаўкат Мірзіёеў. — Гэта вельмі добрая ініцыятыва, мы вельмі ўдзячныя беларускаму боку. Асаблівы сімвалізм гэтаму праекту надае, што парк размешчаны на Ташкенцкай вуліцы. Шмат хто ў Ташкенце, можа, гэтага не ведае, што ў Мінску ёсць Ташкенцкая вуліца. І мы ўчора яшчэ раз пра гэта ўсім сказалі. Народу Узбекістана было гэта вельмі прыемна».
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Пасля падпісання Дэкларацыі аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам, а таксама шэрагу іншых дакументаў Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў выступілі з заявамі для прадстаўнікоў СМІ.
«Мы людзі практычныя, таму глядзім на свае першарадныя задачы аднолькава»
Падпісанне Дэкларацыі аб стратэгічным партнёрстве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Узбекістан Аляксандр Лукашэнка назваў гістарычным крокам. «Дакумент афіцыйна замацоўвае высокі ўзровень двухбаковых адносін, заснаваных на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі, даверу і ўліку інтарэсаў адзін аднаго, — падкрэсліў ён. — Гэта надасць дадатковы імпульс сумеснай рабоце ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, культурна-гуманітарнай сферах, у галіне бяспекі, супрацьдзеяння сучасным выклікам і пагрозам. Дэкларацыя накіравана на паглыбленне ўзаемадзеяння ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспартнай лагістыцы, розных кірунках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва».
Беларускі лідар адзначыў, што перагаворы прайшлі, як заўсёды, у добрай, сяброўскай і давернай атмасферы. «Мы дэталёва абмеркавалі актуальны стан і перспектывы развіцця ўсяго спектра беларуска-ўзбекскага партнёрства: і ўчора, і сёння, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — У цэнтры ўвагі знаходзіліся найперш гандлёва-эканамічныя пытанні. Гэта натуральна. Мы з паважаным Шаўкатам Мірамонавічам людзі практычныя — як гавораць беларусы, ад зямлі. Таму глядзім на свае першарадныя задачы аднолькава».
Па словах кіраўніка дзяржавы, за перыяд, які прайшоў пасля яго афіцыйнага візіту ва Узбекістан у лютым 2024 года, краіны заўважна прасунуліся наперад. Па выніках мінулага года Мінск і Ташкент выйшлі на максімальны ў гісторыі двухбаковых адносін паказчык аб’ёму ўзаемнага гандлю і ўшчыльную наблізіліся да 1 мільярда долараў тавараабароту.
«І ў гэтым годзе мы ідзём наперад, не зніжаючы, а павялічваючы тэмпы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. —Таму мы з Прэзідэнтам (Узбекістана. — „Зв.“) адзіныя ў меркаванні, што сумеснымі намаганнямі нашым краінам па плячы і больш амбіцыйная задача — падвоіць гэтыя паказчыкі да 2030 года. І як мы сёння ўбачылі ў працэсе нашых перагавораў, мы гэта можам зрабіць».
«Гатовы да актыўнага ўзаемадзеяння па самым шырокім коле кірункаў»
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў прынятай «дарожнай карце», у плане сумесных дзеянняў па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам вызначаны канкрэтныя крокі па дасягненні намечаных мэт. «Тым больш ёсць паспяховыя прыклады стварэння сумесных вытворчасцяў, — падкрэсліў ён. — Гэта праекты па лакалізацыі ва Узбекістане выпуску беларускіх трактароў, пашырэнні вытворчасці кабельнай прадукцыі. Гатовы да актыўнага ўзаемадзеяння па самым шырокім коле кірункаў, уключаючы энергетыку. У нас ёсць высокаэфектыўныя з пункту гледжання акупнасці распрацоўкі і вопыт па аўтаматызацыі і лічбавізацыі энергетычнага комплексу. З улікам будаўніцтва ва Узбекістане атамнай электрастанцыі мы гатовы дзяліцца вопытам, які ёсць у Беларусі, у гэтай галіне, у тым ліку і кадрамі, што ўжо і зроблена».
Сярод найбольш перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка вылучыў сельскую гаспадарку. Па яго словах, за 2025 год у параўнанні з 2024-м паказчыкі гандлю харчаваннем і сельскагаспадарчай сыравінай паміж краінамі выраслі практычна ў паўтара раза.
«Далейшае пашырэнне ўзаемных паставак сельгаспрадукцыі ў поўнай меры адпавядае інтарэсам абодвух бакоў, — заявіў беларускі лідар. — Гатовы аказваць узбекскаму боку ўсялякае садзейнічанне ў развіцці аграрнага комплексу праз сумесныя праекты і ва Узбекістане, і, аб чым дамовіліся, у Беларусі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, III Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, які прайшоў напярэдадні ў Мінску, пацвердзіў стратэгічны курс на актывізацыю шматпланавых міжрэгіянальных сувязяў. Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што да канца бягучага года ў нашых краінах пройдуць медыцынскі і турыстычны форумы, чарговы беларуска-ўзбекскі форум вышэйшай і прафесійнай адукацыі.
«Дынамічна развіваецца ўзаемадзеянне ў гуманітарнай сферы, — канстатаваў Прэзідэнт. — У 2025 годзе з поспехам прайшлі Дні культуры Беларусі ва Узбекістане, а літаральна на гэтым тыдні беларусы атрымалі асалоду ад самабытнай і яркай творчасці ўзбекскіх майстроў мастацтваў».
Прыярытэтную ўвагу беларускі бок удзяляе супрацоўніцтву ў галіне адукацыі. «Працягнем выдзяляць гранты для навучання таленавітай моладзі з Узбекістана ў самых лепшых беларускіх ВНУ, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Плануем і далей запрашаць узбекскіх хлопчыкаў і дзяўчынак на адпачынак у Беларусь, у тым ліку ў наш Нацыянальны дзіцячы лагер «Зубраня».
Пацвярджэннем дружалюбных сувязяў паміж нашымі народамі, па словах Аляксандра Лукашэнкі, стала закладка Алеі беларуска-ўзбекскай дружбы ў парку 900-годдзя Мінска, якая адбылася напярэдадні. Ён лічыць вельмі сімвалічным тое, што парк размешчаны на вуліцы Ташкенцкай.
«Мы высока ацэньваем вынікі афіцыйных перагавораў, дакладна так, як і Прэзідэнт Узбекістана», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў шчырую ўдзячнасць свайму калегу, Прэзідэнту Узбекістана, за яго заўсёды адкрыты і канструктыўны падыход, за гатоўнасць прыкласці максімальныя намаганні ў імя развіцця і росквіту нашых краін і народаў. Асобныя словы падзякі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў усім членам дэлегацый як з беларускага, так і з узбекскага бакоў, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы візіту, Форуму рэгіёнаў, іншых мерапрыемстваў, а таксама распрацоўвалі і ўзгаднялі пакет прынятых дакументаў.
«А ён вельмі важкі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Засталося толькі зусім няшмат — рэалізаваць усё тое, аб чым дамовіліся. Дзякуй вам, паважаныя ўзбекскія сябры. Мы заўсёды рады вас бачыць у Беларусі. Прыязджайце. У любы час, у любым складзе. Усё, на што мы здольныя ў Беларусі і можам зрабіць для Узбекістана, мы абавязкова зробім».
«Рэальныя праекты, якія маюць рэальную перспектыву»
У заяве для прадстаўнікоў СМІ Прэзідэнт Узбекістана адзначыў плённыя перагаворы па ўсіх кірунках унутранай, рэгіянальнай і міжнароднай палітыкі. «Я хачу з задавальненнем сказаць, што нашы меркаванні па сур’ёзных міжнародных пытаннях супадаюць, — заявіў Шаўкат Мірзіёеў. — Цалкам далучаюся да ацэнак таго, што Аляксандр Рыгоравіч сказаў пра нашы адносіны. Цяперашні афіцыйны візіт у Беларусь можна без перабольшання назваць гістарычным. Сёння мы падпісалі Дэкларацыю аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства, якая азначае пачатак новай главы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. У гэтым дакуменце мы пацвердзілі адзіны курс на доўгатэрміновае развіццё партнёрства і дружалюбных адносін».
Па меркаванні Прэзідэнта Узбекістана, залогам поспеху сустрэчы стала вялікая падрыхтоўчая работа. «І ўсе нашы каманды настроены, Аляксандр Рыгоравіч, выконваць тое, пра што мы з вамі дамовіліся і ў вузкім, і ў пашыраным складзе», — удакладніў Шаўкат Мірзіёеў. Ён асабліва адзначыў сур’ёзныя перспектыўныя кірункі кааперацыі, сацыяльна-эканамічную работу, супрацоўніцтва ў гуманітарнай і спартыўнай сферах.
Шаўкат Мірзіёеў паабяцаў, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці будуць узятыя на вельмі жорсткі кантроль, каб да прыезду беларускага лідара ва Узбекістан з афіцыйным візітам можна было ўжо гаварыць аб дасягненні цяперашніх дамоўленасцяў і рэальных выніках.
У ходзе сустрэчы кіраўнікі дзяржаў адзначылі важнасць працягу палітычнага дыялогу і ўмацавання міжпарламенцкага супрацоўніцтва. «Асаблівую ўвагу надалі нарошчванню гандлю і прамысловай кааперацыі, — дадаў узбекскі лідар. — Учора падпісаны план мерапрыемства, які ахоплівае меры па давядзенні тавараабароту да ўказанага паказчыка, а таксама канкрэтныя праекты і ініцыятывы на 1,7 мільярда долараў. Гэта рэальныя праекты, якія маюць рэальную перспектыву».
Бакі таксама звярнулі ўвагу на якасныя змены ў інвестыцыйным супрацоўніцтве. «Размова ідзе пра новы праект кааперацыі, — удакладніў Шаўкат Мірзіёеў. — Як Аляксандр Рыгоравіч сказаў, асабліва ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, фармацэўтыцы, мікраэлектроніцы, тэкстыльнай, мэблевай і іншых галінах».
Гаворачы аб III Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, Шаўкат Мірзіёеў удакладніў, што ў ім прынялі ўдзел 230 кампаній Узбекістана. «Мы вельмі сур’ёзна рыхтаваліся, — удакладніў ён. — Прадстаўнікі галін і рэгіёнаў маюць добрыя перспектывы, добрыя праекты, і на бізнес-форуме яны адзін аднаго знайшлі і пагадзіліся, што гэта стане пачаткам нашай перспектыўнай далейшай работы. Па выніках Форуму рэгіёнаў падпісаны салідны пакет пагадненняў, накіраваны на нарошчванне ўзаемных паставак і развіццё прамысловай кааперацыі».
Бакі таксама дамовіліся працягваць актыўныя абмены ў сферы адукацыі, культуры і мастацтва. «Вельмі сур’ёзную ўвагу ўдзяляем ахове здароўя і турызму, — падкрэсліў узбекскі лідар. — Сёння таксама дамовіліся правесці чарговыя медыцынскія, адукацыйныя, турыстычныя форумы, развіваць новыя формы супрацоўніцтва».
«Вынікі цяперашняга візіту будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню стратэгічнага партнёрства»
Шаўкат Мірзіёеў адзначыў насычаны і маштабны парадак двухбаковага супрацоўніцтва. «У сувязі з гэтым хачу шчыра падзякаваць вам, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, за падтрымку нашых сумесных праектаў і праграм, за выключную ўвагу, што ўдзяляецца нашым шматпланавым адносінам, — звярнуўся да беларускага лідара кіраўнік Узбекістана. — Вы сказалі, што вы ў Беларусі возьмеце гэта на самы сур’ёзны кантроль і будзеце ўвасабляць. Мы таксама не будзем гэта пакідаць на другі план. Перакананы, што вынікі цяперашняга гістарычнага візіту ў Беларусь будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню стратэгічнага партнёрства, а таксама Мэтам устойлівага развіцця і росквіту нашых краін і народаў».
Узбекскі лідар выказаў удзячнасць за гасціннасць, за прыём, а таксама запрасіў Прэзідэнта Беларусі наведаць з візітам у адказ Узбекістан. «Я з’язджаю з добрым аптымізмам у нашых будучых узаемаадносінах», — рэзюмаваў Шаўкат Мірзіёеў.
Даслоўна
Максім РЫЖАНКОЎ: «Для нас уяўляе вялікую цікавасць супрацоўніцтва ў палітычным плане з Узбекістанам»
У размове з журналістамі міністр замежных спраў Максім РЫЖАНКОЎ падкрэсліў, што ў аснове добрай дынамікі ў супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Узбекістанам знаходзяцца асабістыя шчырыя і даверныя адносіны паміж кіраўнікамі дзяржаў. «Напэўна, гэта і ёсць залог таго, што за апошнія 5-7 гадоў кардынальна памянялася ўся парадыгма нашых адносін», — звярнуў увагу ён.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства канстатаваў неверагодныя тэмпы росту сумеснага тавараабароту. «Нас вельмі радуе, што ў аснове нашых гандлёва-эканамічных адносін не проста звычайны гандаль, а рэалізацыя сумесных праектаў прамысловай кааперацыі, вытворчасць сумеснага прадукту, пастаўка паўфабрыкатаў з іх дапрацоўкай і далейшым рээкспартам у краіны рэгіёна, — удакладніў Максім Рыжанкоў. — Эканомікі ў гэтым плане ўзаемадапаўняльныя, і вельмі важна, што гэта кааперацыя суправаджаецца сур’ёзнымі напрацоўкамі і сумеснымі дзеяннямі ў галіне навукова-тэхнічнага развіцця. Гэта значыць, засваенне сумесных тэхналогій, дапамога адзін аднаму ў выбудоўванні навуковых школ, стварэнне сумесных лабараторый».
Кіраўнік МЗС адзначыў, што палітычнае супрацоўніцтва паміж краінамі характарызуецца перш за ўсё ўзаемнай падтрымкай на міжнароднай арэне па ўсіх кірунках. «І, вядома, для нас уяўляе вялікую цікавасць супрацоўніцтва ў палітычным плане з Узбекістанам, роля якога ў сусветных і рэгіянальных справах паслядоўна ўзрастае, зыходзячы з той мудрай, міралюбнай і вытрыманай палітычнай лініі Прэзідэнта Узбекістана», — заявіў Максім Рыжанкоў, дадаўшы, што падыход узбекскага лідара па рэгуляванні рэгіянальных пытанняў дазваляе Узбекістану больш глыбока ўпісвацца ў архітэктуру пабудовы Еўразіі як бяспечнага і стабільнага рэгіёна.
Міністр замежных спраў адзначыў паспяховае ўзаемадзеянне паміж нашымі краінамі ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай дзейнасці. Кіраўнік ведамства таксама падкрэсліў вельмі важную ролю Узбекістана ў Вялікай Перамозе ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Юрый ГОРЛАЎ: «У нас вельмі вялікія перспектывы ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў»
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый ГОРЛАЎ прывёў у прыклад шчыльнае ўзаемадзеянне з калегамі з Узбекістана ў частцы развіцця сельскагаспадарчай галіны, а таксама станоўчую дынаміку ў тавараабароце. «За апошні час асабліва намеціліся вельмі станоўчыя тэндэнцыі ў частцы рэалізацыі нашай прадукцыі, у прыватнасці, сухога малака і сметанковага масла», — канкрэтызаваў міністр.

Юрый Горлаў таксама падкрэсліў сумесную работу па стварэнні вытворчасцяў на тэрыторыі Узбекістана. Размова — пра будаўніцтва птушкагадоўчых прадпрыемстваў, якія дазволяць забяспечыць рынак Узбекістана і іншыя рынкі Еўразійскага эканамічнага саюза прадукцыяй птушкагадоўлі. «Таксама мы працуем па рэалізацыі племянной мясной жывёлы ва Узбекістан. У нас наладжана гэта работа, і патрэбы вельмі вялікія. Сёлета па просьбе нашых калег рэалізоўвалі таксама малочную жывёлу ў Рэспубліку Узбекістан, і гэта работа працягваецца», — паведаміў міністр.
Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка ведамства, узбекскі бок выказвае жаданне вырошчваць ялавічыну на тэрыторыі нашай краіны. «Шэраг аб’ектаў ужо ўзятыя ў арэнду, — удакладніў Юрый Горлаў. — Гэта, як правіла, сельскагаспадарчыя арганізацыі Віцебскай вобласці. Ужо вядзецца работа па вырошчванні жывёлы ў гэтых сельгаспрадпрыемствах з далейшай рэалізацыяй мяса на тэрыторыі Рэспублікі Узбекістан. Таму, вядома, мы ўзаемадзейнічаем вельмі шчыльна і бачым, што ў нас вельмі вялікія перспектывы ў стварэнні сумесных магчымых прадпрыемстваў».
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ падкрэсліў, што Узбекістан дынамічна развіваецца і па многіх кірунках паказвае вельмі сур’ёзныя перспектывы для супрацоўніцтва. Мэр Мінска адзначыў наладжанае ўзаемадзеянне ў плане паставак тэхнікі. Размова — пра пастаўкі трактароў «Беларус» і камунальнай тэхнікі.
«Мы тут бачым вельмі добрыя перспектывы па стварэнні сумесных прадпрыемстваў, па развіцці закупак па лізінгавых тэмах, якія сур’ёзна цяпер абмяркоўваюцца. Я думаю, што мы зможам дасягнуць дамоўленасці, і гэта выльецца ў падпісанне новых узаемавыгадных кантрактаў», — паведаміў Уладзімір Кухараў.
Кіраўнік беларускай сталіцы заявіў, што беларускі бок гатовы да супрацоўніцтва, і запрасіў калег і партнёраў з Узбекістана на эканамічны форум, які 11 верасня 2026 года пройдзе ў Мінску, дзе бакі змогуць прадставіць магчымасці па адпрацоўцы ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі прадпрыемстваў, бізнесу ў самых розных кірунках.
Уладзімір Кухараў таксама адзначыў высокую дынаміку развіцця Узбекістана ў многіх сферах. «Гэта з’яўленне новых галін, прадпрыемстваў і арганізацый, — канкрэтызаваў ён. — Сацыяльная сфера таксама вельмі добра развіваецца. Гэта, вядома ж, дае нам падставу для пашырэння ўзаемадзеяння па ўсіх кірунках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва».
Старшыня Мінгарвыканкама дадаў, што кіраўніцтва Мінска і Ташкента актыўна ўзаемадзейнічаюць у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі. «Такое ўзаемадзеянне дае магчымасць паляпшаць нашы гарады і абменьвацца вопытам», — рэзюмаваў Уладзімір Кухараў.
Надзея ЛАЗАРЭВІЧ: «Нашы кампетэнцыі будуць карыснымі»
Старшыня канцэрна «Беллегпрам» Надзея ЛАЗАРЭВІЧ падкрэсліла, што бакі падпісалі не проста пагадненне аб супрацоўніцтве. У дакуменце прапісана рэальнае ўзаемадзеянне, якое будзе накіравана на ўзмацненне ўзаемадзеяння ў плане перапрацоўкі воўны, якую наш бок плануе набываць ва Узбекістане.

Надзея Лазарэвіч дадала, што важнай тэмай двухбаковага супрацоўніцтва з’яўляецца перапрацоўка скуры. «У іх ёсць сістэмныя пытанні па наяўнасці скуры і няхватцы магутнасцяў па перапрацоўцы, — паведаміла яна. — Тут, вядома ж, мы можам быць ім карысныя. У тым ліку ў нас ёсць унікальныя кампетэнцыі па перапрацоўцы больш тэхналагічнай скуры і больш сучасныя падыходы. Я думаю, што нашы кампетэнцыі будуць карыснымі, і мы, вядома, будзем павялічваць сумесны тавараабарот».