Top.Mail.Ru

«Акажам усялякую дапамогу і падтрымку лівійскаму народу»

Прамысловасць, аграрны сектар, медыцына — самыя запатрабаваныя кірункі супрацоўніцтва.


Урадавая дэлегацыя Лівіі на чале з намеснікам галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміяй Садамам Халіфой Хафтарам знаходзіцца ў Беларусі. Сёння, 21 кастрычніка, з гасцямі сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Лівія — партнёр для Беларусі новы. У лютым нашу краіну з візітам наведаў фельдмаршал і вярхоўны галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфа Белкасім Хафтар. «Вы павінны ведаць, што мы гатовы зрабіць для вас усё, што вы ўбачыце карыснае ў Беларусі», — сказаў тады на сустрэчы з ім Аляксандр Лукашэнка. Таму цяперашняя сустрэча прысвечана падвядзенню вынікаў таго, што ўжо зроблена, і вызначэнню новых перспектыў у супрацоўніцтве. Лівійскі бок зацікаўлены ў наладжванні новых кантактаў з беларускімі партнёрамі, самыя запатрабаваныя кірункі — прамысловасць, аграрны сектар, медыцына.

Вітаючы гасцей, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сапраўды ёсць пра што пагаварыць. Ён таксама падзякаваў Садаму Халіфу Хафтару за вялікі ўклад у аднаўленне нашых адносін з лівійскай дзяржавай. Прэзідэнт патлумачыў, чаму звярнуў увагу менавіта на аднаўленне адносін. «У тыя далёкія гады я бываў на вашай зямлі, я сустракаўся з тагачасным прэзідэнтам Лівіі. Мы шмат аб чым дамовіліся, нямала зрабілі. Але, на жаль, з пэўных прычын нашы адносіны былі разбураны, — адзначыў ён. — Найбольш інтэнсіўна адносіны аднавіліся апошнім часам. Таму я яшчэ раз прашу вас перадаць фельдмаршалу самыя цёплыя пажаданні. Вельмі цаню яго накіраванасць у наладжванні нашых адносін».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў Садама Халіфу Хафтара як самага дзейнага чалавека ў кіраўніцтве Лівіі, якому фельдмаршал давярае, у тым, што ўсе дамоўленасці будуць выкананы.

«Вельмі добра ведаю сітуацыю ў Лівіі. Мы паглыблены ў тое, што адбываецца ў Лівіі. Ведаю, што многія сілы як унутры, так і звонку, асабліва звонку хацелі б уплываць на сітуацыю ў Лівіі. Але павінен сказаць, што народ Лівіі выбера той шлях і тых людзей, якія накормяць, апрануць і забяспечаць бяспеку лівійскаму народу. Я ведаю, што вы нацэлены на тое, каб прынесці лівійскаму народу мір і спакой і аб’яднаць у адзінае цэлае лівійскую дзяржаву. Мы ў гэтым плане гатовы з вамі працаваць дзень і ноч. У гэтым кірунку любыя вашы прапановы, калі мы здольныя на нешта — акажам усялякую дапамогу і падтрымку лівійскаму народу, — заявіў Прэзідэнт. — Мы ў гэтым зацікаўлены яшчэ і таму, што, калі Лівія будзе спакойна развівацца, то яна забяспечыць мір і спакой палове Афрыканскага кантынента. Будзьце ўпэўненыя, што вы прыехалі да сяброў».

У сваю чаргу Садам Халіфа Хафтар падзякаваў за гасціннасць. Ён перадаў беларускаму лідару прывітанне ад фельдмаршала і вярхоўнага галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфы Белкасіма Хафтара.

Даслоўна

Мы заўсёды адкрытыя да давернага дыялогу

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч расказаў, якія пытанні абмяркоўваліся на перагаворах з удзелам кіраўніка дзяржавы. 

Найперш віцэ-прэм’ер адзначыў высокую нацэленасць бакоў на рэалізацыю ўсіх дамоўленасцяў у эканамічнай, сацыяльнай, гуманітарнай сферах узаемадзеяння. Паводле яго слоў, ужо рэалізаваны кантракты па пастаўках у Лівію беларускай сельскагаспадарчай, камунальнай, дарожна-будаўнічай тэхнікі. Абмяркоўваецца стварэнне сэрвіснага цэнтра для абслугоўвання гэтай тэхнікі. «Закраналіся пытанні арганізацыі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі з перадачай беларускіх тэхналогій, пастаўкі абсталявання — гэта накіравана на ўмацаванне харчовай бяспекі краіны. Абмяркоўваліся пытанні навучання лівійскіх студэнтаў ва ўстановах адукацыі Беларусі па медыцынскіх, прамысловых, сельскагаспадарчых спецыяльнасцях. Падымаліся пытанні аховы здароўя, магчымасць лячэння грамадзян Лівіі ў нашых установах аховы здароўя, перадача вопыту па ўдасканаленні і арганізацыі медыцынскага абслугоўвання, пастаўках медыцынскага абсталявання», — пералічыў асноўныя пытанні Віктар Каранкевіч. 

Ён падкрэсліў, што цяпер той самы момант для ўстанаўлення доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Лівіяй у розных сферах. «Мы заўсёды гатовы дзяліцца сваімі сучаснымі тэхналогіямі, якія запатрабаваны і ў Рэспубліцы Беларусь, і за межамі нашай краіны. Мы заўсёды адкрытыя да давернага дыялогу, і мы гатовыя прыходзіць як сябры са сваімі тэхналогіямі, якія будуць спрыяць развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер. 

Кіраўнік прадпрыемства «Беллібтрэйд» Анатоль Ліневіч расказаў, што асабіста бачыў беларускія трактары на мехдвары ў пустыні Сахара, дзе лівійцы вырошчваюць розныя сельскагаспадарчыя культуры па тэхналогіях, даўно адпрацаваных у свеце. 

«Сёння ёсць прапанова і нам паўдзельнічаць у гэтым праекце. І ў прынцыпе, мы настроены на яго. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу дадзены праект ажыццявіць. Будзем прапаноўваць свае веды, уменні, тэхналогіі, будзем паказваць, як мы ўмеем працаваць на зямлі. Гэта не значыць, што ў нас не будзе памылак, таму што рэгіён для нас новы, глеба не наша, своеасаблівая. Але тэхналогія ёсць, будзем яе прытрымлівацца, і я думаю, што вынік не прымусіць сябе чакаць», — расказаў аб адным з праектаў Анатоль Ліневіч. 

Таксама, паводле яго слоў, ёсць прапанова аб тым, каб беларускія спецыялісты ў розных сферах выязджалі ў Лівію і перадавалі свой вопыт лівійскім калегам, каб тыя па беларускім вопыце працавалі і на зямлі, і ў прамысловасці. 

«Мы пастараемся максімальна дапамагчы накарміць народ Лівіі, дапамагчы ім вырасціць пшаніцу, сабраць ураджай, перапрацаваць. Задача стаіць. Распрацоўваецца праграма па стварэнні там малочнатаварнага комплексу, птушкафабрыкі — гэта далёкія планы, якія мы павінны ажыццявіць. Ідзе размова і аб стварэнні сумеснага зборачнага прадпрыемства, на сёння ўжо заключана шэраг кантрактаў з нашымі прадпрыемствамі», — расказаў Анатоль Ліневіч. 

21 кастрычніка ў Мінску адкрылася гандлёвае прадстаўніцтва Лівіі. Анатоль Ліневіч удакладніў, што гэта, па сутнасці, дае зялёнае святло ў беларуска-лівійскіх адносінах, бо дзейнасць гандлёвага прадстаўніцтва дапаможа больш аператыўна вырашаць пытанні, накіраваныя на іх развіццё.

Валерыя СЦЯЦКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю