Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях аснашчэння Узброеных Сіл і развіцця ваенна-прамысловага комплексу
Размова ў Палацы Незалежнасці ў большасці сваёй насіла закрыты характар. Аднак шэраг задач, якія кіраўнік дзяржавы паставіў перад удзельнікамі мерапрыемства, сярод якіх — Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, віцэ-прэм’еры Віктар Каранкевіч і Анатоль Сівак, міністр абароны Віктар Хрэнін, міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч і старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус, прагучалі публічна.
«Вялікую ролю іграюць звычайныя сродкі ўзбраення»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў сучасных умовах самадастатковай можа быць толькі тая дзяржава, якая здольная гарантаваць сваю бяспеку найперш у ваеннай сферы.
«Хочам мы таго або не (я даўно пра гэта папярэджваў беларускі народ, вы тым больш ведаеце пра гэта), нам давядзецца ўмацоўваць нашу абараназдольнасць», — падкрэсліў беларускі лідар.
Па словах кіраўніка дзяржавы, не можа не насцярожваць нарошчванне ваеннай кампаненты каля нашых граніц, асабліва з боку Польшчы. «Мы разумеем, што гэта проста так не робіцца, — заўважыў ён. — Людзі грошы проста так на танкі і боепрыпасы не трацяць. Таму ў свой час мной было прынята рашэнне з улікам спецыяльнай ваеннай аперацыі Расійскай Федэрацыі заняцца ўмацаваннем нашай абараназдольнасці ў яшчэ больш сур’ёзных маштабах».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як бы ні перабольшвалі ролю ракет і беспілотнікаў у ходзе сучасных ваенных канфліктаў, не яны вырашаюць лёс нават не вайны, а асобнага боесутыкнення.
«Па-ранейшаму (у ходзе вайны ва Украіне мы бачым) вялікую ролю іграюць звычайныя сродкі ўзбраення, — канстатаваў Галоўнакамандуючы. — Артылерыя, 152-міліметровыя боепрыпасы да іх. І вельмі эфектыўна сябе зарэкамендавалі ўстаноўкі «Град» (былыя «Кацюшы» ў гады Вялікай Айчыннай вайны). Яны тады вельмі сур’ёзна дапамаглі нам. І сёння гэтыя ўстаноўкі тыпу «Град» іграюць вялікую ролю на полі бою».
Прэзідэнт указаў на вялікі расход боепрыпасаў да гэтых узбраенняў падчас спецыяльнай ваеннай аперацыі як з аднаго, так і з другога боку.
«У будучым годзе, нават да канца гэтага года, мы павінны мець свае боепрыпасы»
Невыпадкова, па словах кіраўніка дзяржавы, у свой час было прынята рашэнне наладзіць вытворчасць айчынных боепрыпасаў для артылерыйскіх гармат і ўстановак.
«Прынята было рашэнне аб будаўніцтве ў нас адпаведных вытворчасцяў, якія маглі б выпусціць дастатковую колькасць боепрыпасаў, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ніякага сакрэту тут няма, гэтага не хаваю. Вы бачыце, што робіцца ў Заходняй Еўропе: Rheinmetall і іншыя найбуйнейшыя кампаніі Еўропы ўсё ў большай колькасці вырабляюць боепрыпасы».
Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў ва ўдзельнікаў нарады, як ідзе стварэнне магутнасцяў па вытворчасці айчынных боепрыпасаў. «У будучым годзе, нават да канца гэтага года, мы павінны мець свае боепрыпасы. Хадавыя боепрыпасы», — паставіў задачу Галоўнакамандуючы.
Прэзідэнт нагадаў, што перад дзяржавай калісьці стаяла пытанне аб уласнай вытворчасці патронаў. «Мы гэта пытанне вырашылі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гранатамёты будуць мець сваё месца ў любым баі, асабліва ў нас — у сувязі з тымі прыроднымі ўмовамі, якімі мы валодаем. Таму выстралы для гранатамётаў павінны быць свае».
Пры гэтым беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што ўсе боепрыпасы, пра якія ідзе размова, могуць добра захоўвацца. «І мы ў дастатковай колькасці можам іх вырабіць і пакласці на склад, — дадаў ён. — Гэта не беспілотнікі, якія не пакладзеш на склад у вялікай колькасці. Ды і складоў колькі трэба, каб захоўваць розных тыпаў беспілотныя лятальныя апараты».
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як арганізавана вытворчасць боепрыпасаў. «Крый вас бог сарваць гэта мерапрыемства па тэрмінах, — папярэдзіў прысутных Прэзідэнт. — Не хачу, каб урад убок сыходзіў ад гэтых праблем, але ў кожнага — свае задачы. Фінансаванне — разам з міністрам фінансаў і іншымі вы (урад. — «Зв.») за гэта адказваеце. А вось арганізацыя і кантроль павінны быць на Дзяржаўным сакратарыяце і Камітэце дзяржаўнага кантролю».
Даслоўна
«Усе мерапрыемствы для гэтага выконваюцца»
Як адзначыў у размове з журналістамі старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый ПАНТУС, кіраўнік дзяржавы заўсёды дэталёва цікавіцца маштабнымі інвестыцыйнымі праектамі ў галіне абараназдольнасці. І гэта нарада ў Палацы Незалежнасці не стала выключэннем. Па словах старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Прэзідэнту далажылі аб шэрагу кірункаў, якія развіваюцца ў гэтай сферы, праектах, што рэалізуюцца.
Гаворачы аб праектах па вытворчасці боепрыпасаў, аб чым ішла размова на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, Дзмітрый Пантус праінфармаваў, што стаіць задача рабіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб да канца года ва ўстаноўленым парадку адразу два праекты былі завершаны. Адзін праект плануецца рэалізаваць у летні перыяд, другі — да канца года. «Усе мерапрыемствы для гэтага выконваюцца», — канстатаваў кіраўнік ведамства.
Дзмітрый Пантус звярнуў увагу на тое, што любы праект рэалізуецца найперш у інтарэсах уласных Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў. «Вядома, экспартны патэнцыял закладваецца ў любы від узбраення, — дадаў ён. — Мы краіна не настолькі вялікая, каб на сённяшні момант не думаць аб экспартным патэнцыяле. Калі гаварыць аб выніках мінулага года, мы пашырылі геаграфію экспарту — сёння гэта 65 краін, куды мы пастаўляем свае вырабы. Дадалі плюс 7 (краін. — «Зв.») з 2024 года. Работа працягваецца».
Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта праінфармаваў, што многія праекты, якія рэалізоўваюцца ў апошнія гады, як правіла, ажыццяўляюцца з чыстага ліста, у тым ліку тыя, аб якіх ішла размова на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. «З нулявога этапу: этапу фарміравання і навуковай школы, і стварэння фактычна гэтай школы, — удакладніў ён. — Так, пэўны вопыт ёсць, але ў глабальным сэнсе — з нуля».
Гаворачы аб кірунках развіцця ваенна-прамысловага сектара эканомікі, Дзмітрый Пантус адзначыў, што яны вызначаны. «Дакладна выпрацавана стратэгія работы да 2030 года. На мінулым тыдні мы падводзілі вынікі сваёй дзейнасці за мінулую пяцігодку, у тым ліку ўдакладнялі задачы», — рэзюмаваў ён.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА