Top.Mail.Ru

«Калі ёсць момант зарабіць грошы, трэба зарабляць, займаць рынак»

Крытыка, парады, кампліменты — акцэнты чарговага дня камандзіроўкі Прэзідэнта на Магілёўшчыну.



У аўторак Аляксандр Лукашэнка наведаў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Магілёўскага раёна. На парадку дня прэзідэнцкай камандзіроўкі некалькі тэм, актуальных для АПК. 

Чаму не інтэнсіфікаваць працэс?

Першая — вырошчванне племянных коз — напрамак вельмі перспектыўны. У 2021 годзе ў Магілёўскім раёне пачалася работа па стварэнні племяннога завода, куды былі завезены 350 козачак і 20 казлоў зааненскай і альпійскай парод. Зараз на Магілёўскім дзяржплемпрадпрыемстве ўтрымліваецца 687 жывёл, у тым ліку 394 казы матачнага пагалоўя, 17 казлоў-вытворцаў і 276 галоў маладняка. Тут працуюць над стварэннем племянных статкаў з высокім генетычным патэнцыялам. Гэта забяспечыць імпартазамяшчэнне племянной прадукцыі коз і дазволіць павялічыць экспарт новага віду племпрадукцыі. Козагадоўляй займаюцца яшчэ два прадпрыемствы — фермерская гаспадарка ў Дзяржынскім раёне і навукова-практычны цэнтр па жывёлагадоўлі НАН Беларусі. Усяго агульная колькасць коз па краіне ва ўсіх катэгорыях гаспадарак складае каля 48 тысяч галоў, з іх 93% утрымліваюцца ў насельніцтва, яшчэ 2% — у сялянска — фермерскіх гаспадарках, а астатнія 5% — у сельгасарганізацыях.

Прэзідэнта цікавілі не справаздачы кіраўнікоў, а адказы на канкрэтныя пытанні: колькі галоў прадалі ў мінулым годзе? якая рэнтабельнасць у прадпрыемства? якія перспектывы? Прэзідэнту далажылі, што попыт на племянных козачак ёсць не толькі ў Беларусі, ужо былі продажы ў Узбекістан, ёсць заяўкі ў Расію. Летась у Магілёўскім дзяржплемпрадпрыемстве прадалі 45 асобін, сёлета — ужо 174. 

«Калі такі попыт, мы можам павялічваць вытворчасць козачак?» — спытаў Прэзідэнт. Яму адказалі, што гэта цалкам магчыма. «А чаму тады не робім? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — А чаму не займацца гэтым, чаму не інтэнсіфікаваць працэс? Тут добрая справа, перспектыўная, попыт ёсць». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пакуль на ўзроўні дзяржавы сістэмна не займацца гэтым пытаннем, то выніку не будзе. Насельніцтва ж нельга прымусіць разводзіць коз — людзі гэтым займаюцца па ўласным жаданні і з улікам сваіх магчымасцяў. А калі ёсць попыт у іншых краінах, то трэба сістэмна арганізоўваць работу, павялічваць вытворчасць і кантраляваць працэсы з боку дзяржавы. 

Прэзідэнт асабіста азнаёміўся з утрыманнем жывёл на прадпрыемстве. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што трэба, каб на працягу года падвоіць вытворчасць? Зараз асноўнае пытанне, якое трэба для гэтага вырашыць, — закупка дадатковага пагалоўя коз для развядзення. У цэлым, па словах спецыялістаў, прыкладна за год можна падвоіць вытворчасць. Прэзідэнт паставіў канкрэтную задачу — да сярэдзіны 2026 года падвоіць паказчыкі і далей іх пастаянна падвойваць. «Павінна быць падваенне, пакуль ёсць попыт. Вось яны, жывыя грошы», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы настройвае на тое, што мала засвоіць тэхналогію — трэба нарошчваць аб’ёмы і развівацца. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што зараз таго, што ёсць у козагадоўлі ў маштабах краіны малавата. Тым больш, што вялікіх сродкаў і укладанняў для будаўніцтва памяшканняў для ўтрымання коз не трэба. Прэзідэнт зрабіў заўвагу кіраўніцтву Магілёўскай вобласці, памочніку-інспектару па вобласці наконт таго, што на ўзлескках гніе лес. А між тым гэту сыравіну можна выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах. Прэзідэнт паставіў задачу зрабіць так, каб да 1 верасня па краіне не было «ні аднаго бервяна, якое валяецца на ўзлеску». 

Кажучы пра козагадоўлю, Аляксандр Лукашэнка некалькі раз паўтарыў, што трэба ісці па максімуме. «Калі ёсць момант зарабіць грошы, трэба зарабляць, займаць рынак», — патрабуе беларускі лідар. Гэта, зразумела, тычыцца і іншых напрамкаў у сельскай гаспадарцы. «Мы па-наплявацельску ставімся да сельскай гаспадаркі — цешымся, што ў нас усяго хапае і амаль на сем мільярдаў долараў мы прадаём. А руху далей няма. Вось як тут. Справа так далей не пойдзе, што мы сяк-так працуем», — сказаў ён. 

Для вырашэння гэтых задача патрэбна моцнае кіраўніцтва. На Магілёўскім дзяржплемпрадпрыемстве пакуль няма гендырэктара. Папярэдні кіраўнік Мікалай Арлёнак перайшоў на пасаду старшыні Горацкага райвыканкама. Прэзідэнт даручыў аператыўна вызначыцца і падабраць на прадпрыемства кіраўніка. 

GOR_4522R_1.jpg

Прэзідэнту падарылі дзвюх коз — зааненскай і альпійскай парод. У казы зааненскай пароды сутачны надой 3,7 кг, у альпійскай — 4,6 кг. Гэтыя пароды найбольш распаўсюджаныя ў свеце, яны адрозніваюцца высокай прадукцыйнасцю. Пароды непатрабавальныя да ўмоў утрымання і здольныя пераносіць нават суровыя ўмовы надвор’я. А их малако пазбаўлена спецыфічнага паху і па смаку практычна не адрозніваецца ад каровінага.

У гэтым усе пераканаліся на дэгустацыі прадукцыі з казінага малака і ўласна самога малака. На дэгустацыі прадставілі і вырабы з казінага мяса, якое валодае ўнікальнымі пажыўнымі якасцямі. Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў казінае малако, спадабаўся кіраўніку дзяржавы і сыр, выраблены з сумесі казінага і каровінага малака. Спецыялісты з «Бабушкінай крынкі» і Магілёўскага мясакабіната, якія вырабляюць прадукцыю з сыравіны ад коз, запэўнілі, што рэнтабельнасць добрая, прадукцыя запатрабаваная на беларускім і расійскім рынку. «Выдатнае малако. І дзеткам гэта вельмі важна, — сказаў Прэзідэнт. — Харчаванне — гэта перш за ўсё псіхалогія. Калі ведаеш, што гэта карысна — добра. Калі не ведаеш, што гэта карысна, тады доўга будзеш прывыкаць, агітаваць трэба. Трэба ўлезці чалавеку ў галаву з гэтым сырам. І даказаць яму, што гэта вельмі карысна». 

«Такія гаспадаркі трэба падтрымліваць»

Яшчэ адзін прыпынак прэзідэнцкай камандзіроўкі — агракамбінат «Зара». Першае, што цікавіла кіраўніка дзяржавы — фінансава-гаспадарчая дзейнасць прадпрыемства. Тут вырабляюць усё: перапрацоўваюць свініну, якую вырошчваюць на ўласным свінакомплексе, ёсць свая птушкафабрыка, уласны мясакамбінат, два малочнатаварныя комплексы — уся прадукцыя рэалізуецца праз уласную гандлёвую сетку ў Магілёве і Магілёўскай вобласці. Усе, што вырабляецца, перапрацоўваецца на 100%. Генеральны дырэктар агракамбіната Кацярына Зароўская далажыла, што сярэдння рэнтабельнасць па гаспадарцы — 6,6%, а ў перапрацоўцы — каля 12%. Прыбытак накіроўваецца на развіццё вытворчасці, абнаўленне тэхнікі. 

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на нарыхтоўку кармоў. Напрыклад, у гаспадарцы ўжо скасілі люцэрну. Кіраўнік дзяржавы спытаў, ці не рана. Але Кацярына Зароўская запэўніла, што люцэрна сёлета добрая і скасілі яе своечасова. Тэрміны ўборкі і рост культур, па словах кіраўніка прадпрыемства, тут знаходзяцца пад пільным кантролем, усё ўбіраецца тады, калі сапраўды трэба. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што зараз вельмі прыдатны час для росту траў на кармы. Таму трэба звярнуць на гэта пільную ўвагу і не забываць пра тэхналогіі захоўвання кармоў. З гэтым ёсць нюансы, камітэт дзяржкантролю далажыў Прэзідэнту аб парушэннях. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што падобнага быць не павінна. 

«Зара» паспяхова працуе і па вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Размова адбылася прама на полі з азімым ячменем. Ураджайнасць гэтай культуры ў «Зары» перавышае 60 ц/га. Як заўважыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, для Магілёўшчыны азімы ячмннь — выратаванне. Гэтую культуру ўбіраюць раней за іншыя збожжавыя. Дзякуючы такой асаблівасці, можна аператыўна атрымаць кармы для жывёлагадоўлі і больш раўнамерна задзейнічаць тэхніку перад масавай уборкай. Азімы ячмень — культура капрызная, але, як заўсёды, ўсё вырашаюць тэхналогіі — пры іх выкананні можна смела разлічваць на добры вынік. Досвед «Зары» гэта пацвярджае. 

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся актуальнай для многіх гаспадарак праблемай, асабліва вострай у Магілёўскай вобласці, — падзяжом жывёлы. Але кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ў «Зары» вялікай праблемы з гэтым няма.

«Вы павінны ведаць, што вы людзі дзяржаўныя...», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «І выконваць неабходныя вытворчыя паказчыкі і забяспечваць харчовую бяспеку», — працягнула Кацярына Зароўская. 

0913_1.jpg

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што працаўнікі сельгаспрадпрыемстваў хочуць бачыць дасведчанагакіраўніка. І спытаў, як Кацярына Зароўская спраўляецца з гэтай задачай. Яна адказала, што ўсе ключавыя вытворчасці засяроджаны разам у адным аграгарадку Рэчкі. А землі, якія былі далучаны дадаткова далучалі найперш для раслінаводства. Генеральны дырэктар расказала, што яе галоўная мэта — пастаянна пашыраць і развіваць гаспадарку. 

«Гаспадаркі, якія так працуюць, паспяваюць разлічыцца, не маюць даўгоў перад дзяржавай і банкам, трэба падтрымліваць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што ў нас ёсць усё для развіцця сельскай гаспадаркі, не хапае толькі арганізацыі. 

Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся ўласным досведам і прызнаўся, што для яго найлепшая праца — кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства. Кацярына Зароўская пагадзілася з Прэзідэнтам: «Мне нельга ў кабінет. Я люблю поле, камбайны. У сельскай гаспадарцы трэба жыць, а не адбываць. Калі ты адбываеш — выніку ты не атрымаеш. У сельскую гаспадарку трэба ўкладваць душу. Гэта жыццё, і інакш ніяк».

Даслоўна 

Журналістам генеральны дырэктар «Зары» Кацярына Зароўская расказала, што цяжкасці ў яе працы звязаныя толькі з некаторымі тэхналагічнымі нюансамі. «Усе бачаць, чуюць і разумеюць, што жаночую працу трэба падтрымліваць. Мужчыны падстаўляюць сваё плячо, і таму я адчуваю сябе ўпэўнена, на дзвюх нагах, хоць часам прыходзіцца знаходзіць бізун і пернік», — прызналася яна. Калі казаць больш прадметна, то зараз, па словах гендырэктара, найбольшую складанасць для аграрыяў уяўляюць умовы надвор’я — бо на іх нельга ўплываць. Сакрэтам поспеху Кацярына Зароўская назвала любоў: «Калі ты робіш гэтую працу з душой, то атрымліваецца вынік».

Валерыя СЦЯЦКО

Магілёўскі раён

У тэму

Журналістам генеральны дырэктар «Зары» Кацярына Зароўская расказала, што цяжкасці ў яе працы звязаныя толькі з некаторымі тэхналагічнымі нюансамі. «Усе бачаць, чуюць і разумеюць, што жаночую працу трэба падтрымліваць. Мужчыны падстаўляюць плячо, і таму я адчуваю сябе ўпэўнена, на дзвюх нагах, хоць часам прыходзіцца знаходзіць бізун і пернік», — прызналася яна. Калі казаць больш прадметна, то цяпер, па словах гендырэктара, найбольшую складанасць для аграрыяў уяўляюць умовы надвор’я, бо на іх нельга ўплываць. Сакрэтам поспеху Кацярына Зароўская назвала любоў: «Калі ты робіш гэтую працу з душой, то атрымліваецца вынік».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю