«Вынік, які патрэбны і ваенным, і краіне»
У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Мінскі раён Мінскай вобласці. Тут на выпрабавальным палігоне Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка Романа кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з распрацоўкамі грамадзянскага і ваеннага прызначэння Нацыянальнай акадэміі навук. Беларускаму лідару прадэманстравалі беспілотныя лятальныя апараты з выпрабаваннем высокаэнергетычных выбуховых рэчываў, аўтамабільную тэхніку ў абароненым выкананні, сродкі бронеаховы і спецыяльнага рыштунку, а таксама сродкі выяўлення, суправаджэння і знішчэння БПЛА.


«Каб гэта не было чарговай казкай, што мы заўтра нешта зробім»
Адразу па прыездзе кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектыўных распрацоўках НАН Беларусі ў інтарэсах умацавання тэхналагічнага суверэнітэту. У гэтым кірунку беларускія навукоўцы працуюць у тым ліку ў інтарэсах цывільнага сектара. Напрыклад, вырабляюць прамысловую ўзрыўчатку, якая вельмі запатрабаваная ў геолагаразведцы, пры распрацоўцы кар’ераў.
У ваеннай сферы адна з актуальных задач цяпер, як падкрэслівае Прэзідэнт, — гэта «абнуліць беспілотнікі». Гэта значыць, распрацаваць такія сродкі, якія дазволяць гарантавана і эфектыўна змагацца з БПЛА. Тым больш у Беларусі ёсць навуковыя школы, якія працуюць у гэтай сферы.
«Пры падрыхтоўцы да гэтай паездкі я падумаў пра тое, што Уладзімір Сцяпанавіч (старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Каранік. — „Зв.“) упершыню не толькі мне, але і народу даложыць аб сваіх поспехах у забеспячэнні бяспекі дзяржавы. Каб гэта не было чарговай казкай, што мы заўтра нешта зробім. Патрэбны вынік», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Я выдатна разумею, цяпер час такі, што ад моманту ідэі да моманту гатовага вырабу павінна праходзіць мінімум часу», — адзначыў старшыня прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Каранік.

«Гэта істотныя дзяржаўныя ўкладанні»
Распрацоўка новых сродкаў барацьбы з беспілотнікамі і ўдасканаленне саміх беспілотнікаў — гэта важны, але не адзіны кірунак, па якім дзяржава чакае сур’ёзных вынікаў ад навуковай сферы. Безумоўна, усе гэтыя работы патрабуюць сур’ёзнага фінансавання.
«Гэта істотныя дзяржаўныя ўкладанні. Яны даюць той вынік, які могуць даць, які патрэбны і ваенным, і краіне?» — такое прынцыповае пытанне Прэзідэнт паставіў перад удзельнікамі мерапрыемства.

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Павел Муравейка далажылі, што задачы, якія ставяцца перад навукоўцамі, вырашаюцца. Але Прэзідэнт патрабуе, каб аддача была максімальная і з вынікам не ў аддаленай перспектыве, а з канкрэтнымі сціслымі тэрмінамі.
«Каб мы нарэзалі задачу: ідзі, вырашай. І кожныя паўгода-год мы кантралюем, — падкрэсліў беларускі лідар. — Робіш — рабі. Не робіш — іншы будзе рабіць. Час такі. Вось чаму я задаў гэта пытанне. Мы маем ад гэтага тое, што павінны мець? Там укладзеныя прыстойныя сродкі. Яны зрабілі тое, што трэба? Ці зноў, прабач мяне, мы „размандыкваць“ будзем, як гэта любяць навукоўцы і прасунутая інтэлігенцыя: „Гэта, гэта, вось мы заўтра нешта зробім“. Яны сёння зрабілі тое, што павінны зрабіць? Ці заўтра гэта нам дадуць?»
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуўся да адказных чыноўнікаў: «Мужыкі, я хачу, каб вы разумелі, я публічна гэта гавару. Агульныя размовы нікому не патрэбныя. Ім, ваенным, мы задачы ставім сур’ёзныя. Задачы надзвычайныя. Трэба імгненна вырашаць тыя задачы, якія трэба вырашыць».
«Перспектыўныя задачы ёсць. Яны закладзены. Стаяць жорсткія тэрміны — 2027-2028 гады. Гэта перспектыва, якую яны павінны выканаць», — запэўніў Павел Муравейка. Паводле яго слоў, многія распрацоўкі навукоўцаў у сферы нацыянальнай бяспекі ўжо ўкаранёны на практыцы, праведзены неабходныя выпрабаванні, па шэрагу кірункаў пачата серыйная вытворчасць. Усё гэта робіцца ў цесным кантакце з ваеннымі, каб улічыць іх запыты.
Прэзідэнт, у прыватнасці, указаў на неабходнасць стварэння эфектыўных сродкаў барацьбы з беспілотнікамі. «Без навукі нікуды. Тысячы, тысячы людзей у яго там (ва Уладзіміра Караніка ў НАН. — „Зв.“)... Іншых задач не будзе. Нам не патрэбныя навукоўцы, якія ходзяць і казкі расказваюць. Ніякіх размоў і абяцанняў быць не можа», — звярнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства кіраўнік дзяржавы.

«Галоўнае — навучыцца змагацца з беспілотнікамі»
Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі навуковыя распрацоўкі грамадзянскага і абароннага прызначэння, уключаючы рэактыўныя снарады, боепрыпасы да БПЛА і ўзрывацелі да іх, сумесевае ракетнае цвёрдае паліва. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналогіяй рыштунку рэактыўных снарадаў сумесевым ракетным палівам і паназіраў за выпрабаваннем ракетнай рухальнай устаноўкі.
«Патрэбны сродак барацьбы з гэтымі беспілотнікамі. Гэта ваша справа, як вы будзеце вырашаць пытанне. Але калі вы разумныя, як мы выхваляемся, баяздольныя, прасунутыя, з характарам — ну дык зрабіце, — паставіў задачу беларускі лідар. — Абнуліце гэтыя беспілотнікі... Задача, якую пакуль у свеце ніхто не рашыў. Калі я гавару „абнуліць беспілотнікі“, усе хіхікаюць. А гэту задачу рашаюць самыя прасунутыя краіны і кампаніі. Мне патрэбны вынік».
Кіраўнік дзяржавы заклікаў не ладзіць гонку, хто лепшы беспілотнік зробіць. «Так, патрэбны добры беспілотнік, нікуды не дзенешся. Але галоўнае — навучыцца змагацца з беспілотнікамі», — заявіў Прэзідэнт, дадаўшы, што неабходна распрацаваць адразу некалькі сродкаў для барацьбы з БПЛА.
«Зрабі і прыходзь — прасі, што захочаш»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі па тым ці іншым запатрабаваным кірунку будзе вынік, то і ён асабіста, і дзяржава ў цэлым заўсёды акажуць неабходную падтрымку: «Зрабі і прыходзь, як я часта гавару, — прасі, што захочаш».
Ён прывёў нядаўні прыклад такога падыходу, калі жанчына, якая нарадзіла трайнят, папрасіла кватэру, — раней Аляксандр Лукашэнка прапанаваў такім маці прасіць у яго ўсё, што неабходна. «Папрасіла кватэру. Далі. Так і ты — прыходзь і прасі — я буду выконваць, — паабяцаў беларускі лідар. — Але размовы пра тое, што гэта вось закладзена было ў тыя стагоддзі... Нам сёння трэба іншая зброя... Мне патрэбны калектыў, патрэбныя людзі, патрэбны вынік».

«Нам трэба рабіць тое, што мы можам рабіць менш затратна»
Прэзідэнт таксама азнаёміўся з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Айчынныя навукоўцы за апошні час істотна прасунуліся ў гэтым кірунку, але Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ больш іх актывізаваць. «Трэба падтрымліваць. Калі мы разумеем, што нам трэба беспілотнікі апошняга пакалення, мы павінны ведаць, якія нам патрэбныя. Вызначыць, каго мы будзем падтрымліваць. І хай працуюць. Жорсткія тэрміны», — заявіў беларускі лідар.
Яшчэ адна распрацоўка беларускіх навукоўцаў — айчынныя порахі і іншыя выбуховыя рэчывы, неабходныя ў рабоце спецпадраздзяленняў. Кіраўніку дзяржавы даложана аб далейшых перспектывах па гэтым кірунку, ён азнаёміўся з выпрабаваннем высокаэнергетычных выбуховых рэчываў.
Прадэманстравалі Прэзідэнту і розную аўтамабільную тэхніку ў абароненым выкананні, сродкі бронеаховы і спецыяльнага рыштунку. Задачы ў гэтай сферы кіраўніком дзяржавы ставіліся ўжо даўно. Цяпер у Беларусі ўжо вырабляюць дастатковую колькасць бронекамізэлек, якія па сваіх уласцівасцях як мінімум не горшыя за замежныя аналагі. «Я ў тэме, сам падымаў яе. Бронекамізэлькі нам патрэбныя былі вельмі добрыя, эфектыўныя», — заўважыў беларускі лідар.

Падчас наведвання выпрабавальнага палігона Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са сродкамі выяўлення, суправаджэння і знішчэння БПЛА, распрацоўкамі ЗАТ «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» і УП «Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ».
Асабліва кіраўніка дзяржавы зацікавіў двухмесны аўтажыр «Філін». Апарат надзейны, здольны забяспечыць бяспечную пасадку нават пры адмове рухавіка. Можа выкарыстоўвацца ў разведцы, назіранні, для мэт транспарціроўкі і выканання спецыяльных задач. Але гэта далёка не поўны спектр магчымасцяў.
Айчынныя спецыялісты змаглі прыстасаваць дадзены аўтажыр і пад задачы для сельскай гаспадаркі пры апрацоўцы палёў. Але перш чым весці гаворку аб маштабаванні вытворчасці, варта ўсё старанна пралічыць, арыентуе Аляксандр Лукашэнка.
У якасці падарунка кіраўніку дзяржавы паднеслі цалкам айчынны цеплавізійны прыцэл, які выкарыстоўваецца для аснашчэння стралковай зброі.
У заключэнне Прэзідэнт яшчэ раз паабяцаў навукоўцам і распрацоўшчыкам падтрымку, але пад канкрэтны вынік. А яшчэ падкрэсліў, што трэба эфектыўна выкарыстоўваць айчынныя магчымасці, асабліва ў тых сферах, дзе напрацаваны добрыя кампетэнцыі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Мінскі раён