«Калі гэта дасць вынік, значыць, добра»
Рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі стартаваў з камандзіроўкі ў Мінскі раён. Тут, на доследным полі кукурузы агракамбіната «Дзяржынскі», кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з вынікамі эксперыменту па павышэнні ўрадлівасці пясчаных глеб і складаных зямель. Акрамя таго, беларускаму лідару падрабязна далажылі аб стане спраў на агракамбінаце «Дзяржынскі».
«Людзі хочуць якасны тавар»
Адразу па прыездзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка задаў традыцыйныя пытанні: ці ўсё пасеяна і што яшчэ засталося?
Генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Уладзімір Лук’янаў падрабязна далажыў кіраўніку дзяржавы аб стане спраў на прадпрыемстве і перспектывах яго развіцця, аб сяўбе азімых і будаўніцтве розных сельгасаб’ектаў у рэгіёнах.
Як вядома, пад кіраванне агракамбіната «Дзяржынскі» ў свой час перайшлі шэраг прадпрыемстваў АПК у розных раёнах краіны. У тым ліку — Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў, Слуцкі мясакамбінат, Вілейскі камбікормавы завод, «Талачынскі Элеватар-Агра», Аршанскі мясакансервавы камбінат, Віцебскі мясакамбінат і шэраг іншых прадпрыемстваў Віцебшчыны. Дзякуючы гэтаму агракамбінат «Дзяржынскі» ператварыўся ў адзін з найбуйнейшых аграрных холдынгаў краіны.
Асабліва Аляксандр Лукашэнка цікавіўся станам спраў на Аршанскім мясакансервавым камбінаце. Уладзімір Лук’янаў далажыў, што прадпрыемства актыўна мадэрнізуе свае магутнасці, запушчаны новы цэх, працуюць над прасоўваннем прадукцыі на знешніх рынках. Стаўка робіцца ў тым ліку на дзіцячае харчаванне. «Мы разлічваем падвоіць аб’ёмы вытворчасці дзіцячага харчавання і тушонкі», — падзяліўся Уладзімір Лук’янаў.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт асаблівую ўвагу звярнуў на важнасць якасці прадукцыі, што выпускаецца. «Глядзі толькі за якасцю. Ні ў якім разе не зніжай якасць. Нават калі будзеш дзесьці правальвацца. Якасць усё роўна возьме сваё, — падкрэсліў беларускі лідар. — Некаторыя прадпрыемствы, бачачы добры тэмп, пачынаюць жартаваць з якасцю. Не ў нас. Людзі хочуць якасны тавар. Асабліва прадукты харчавання».
Пры вытворчасці прадукцыі на Аршанскім мясакансервавым камбінаце робяць стаўку на ўласную сыравіну. Кіраўнік дзяржавы адобрыў падобны падыход, калі сельгаспрадпрыемствы працуюць не па «давальніцкім прынцыпе», а разлічваюць на свае рэсурсы. «Трэба сваё мець: сыравіну, кармы, мяса, малако», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама распытаў Уладзіміра Лук’янава аб іншых напрамках дзейнасці прадпрыемства ў Оршы. Асобна было даложана аб рабоце забойнага цэха, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2022 годзе і спецыялізуецца на перапрацоўцы свініны і ялавічыны. Частка сыравіны, якая не перапрацоўваецца ў дзіцячае харчаванне і тушонку, перадаецца на Віцебскі мясакамбінат, які мае вялікія кампетэнцыі па вытворчасці каўбасных вырабаў.
Акрамя таго, на Аршанскім мясакансервавым камбінаце плануюць пабудаваць цэх па выпуску вільготных кармоў для хатніх жывёл у паўч-пакетах. Работы па яго ўзвядзенні плануецца пачаць вясной 2027 года. На базе гэтага цэха прадугледжана таксама паставіць паралельную лінію па выпуску сухіх кармоў.
«Попыт ёсць на гэта?» — удакладніў Прэзідэнт і атрымаў сцвярджальны адказ. Уладзімір Лук’янаў звярнуў увагу на іншы бок пытання: штогод у Беларусь увозяцца кармы для хатніх жывёл на суму каля 150-200 мільёнаў долараў. Аляксандр Лукашэнка зноў акцэнтаваў увагу на важнасці імпартазамяшчэння. «Гэтыя 150 мільёнаў долараў трэба забраць. Усё, можа, ты не забярэш, а можа, і забярэш, але не адразу. Але гэта вялікая справа — 150 мільёнаў пакінуць у краіне», — падкрэсліў ён.
Яшчэ адзін кірунак работы агракамбіната «Дзяржынскі» — вытворчасць яек. На гэтым сканцэнтравана Аршанская птушкафабрыка. Акрамя таго, у аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна завяршаецца будаўніцтва маштабнага птушкагадоўчага комплексу. Аналагічны праект плануюць рэалізаваць у Оршы.
Прэзідэнту таксама было падрабязна даложана аб развіцці сыравіннай базы агракамбіната «Дзяржынскі». У прыватнасці, буйной рагатай жывёлы і птушкі для далейшай загрузкі магутнасцяў прадпрыемстваў.

«Трэба з суседзямі нам супрацоўнічаць»
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся за тое, каб і ў цяперашняй няпростай сітуацыі старацца выбудоўваць з заходнімі суседзямі дзелавыя сувязі і супрацоўніцтва.
«Трэба з суседзямі нам супрацоўнічаць. І з палякамі, і з літоўцамі, латышамі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У гэтай сітуацыі, калі ў Еўропе з прадуктамі харчавання бяда ў сувязі з гэтай засухай, трэба паціху з імі супрацоўнічаць. Суседзі ёсць суседзі. Калі мы не толькі глядзім праз прыцэл адзін на аднаго, але пачынаем эканамічна супрацоўнічаць, гэта гаворыць пра тое, што нам, можа, і вайны пазбегнуць удасца».
- Аляксандр Лукашэнка згадаў аб наяўных магчымасцях у гандлі на прыкладзе драўняных паліўных пелетаў, якія цяпер у дэфіцыце ў шэрагу суседніх краін. «Мяне здзіўляюць наогул палякі. Дровы ў Польшчы, ды і ў Літве, ва ўсіх суседзяў дровы падаражэлі. Ну вазьміце дровы, пелеты і іншае па прымальнай цане. Упіраюцца. Ну, не хочуць браць — не трэба, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Заўтра мы ім не зможам прадаць. Таму што мы масіравана пачалі пераходзіць самі на гэтыя дровы і пелеты. Добрая тэхналогія. Гомель (прадпрыемства ў гэтым абласным цэнтры. — „Зв.“) робіць добры кацёл: пелеты ў бункер засыпаў — і аўтаматычна падаецца. Мы асвоім гэта. Нам самім патрэбныя будуць гэтыя дровы і пелеты».
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб сітуацыі ў Францыі, дзе ў канцы верасня пачаліся масавыя пратэсты навучэнцаў і школьнікаў, незадаволеных становішчам спраў у сістэме адукацыі.
«Мы не радуемся, я не апладзірую таму, што адбываецца ў Францыі, у адрозненне ад нашых журналістаў. Таму што гэта недапушчальна. Гэта тое самае, што ў нас было (у 2020 годзе. — „Зв.“), — выкарыстоўваюць дзяцей у палітычных мэтах. Што тут добрага? Вядома, Макрон (Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. — „Зв.“) жорстка гэтыя рэчы спыняе, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Адзінае, за што іх можна папракнуць: што ж вы, у нас гэта было для іх добра, а ў іх гэта ж для іх дрэнна. Разумееце — двайныя стандарты».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што недапушчальна такім чынам выкарыстоўваць дзяцей у палітычных мэтах. «Ну што, яму 12-15 гадоў. Чым ты незадаволены? Ты яшчэ жыць не пачаў. Зразумела, што выкарыстоўваюць у сваіх мэтах палітыкі. У сакавіку выбары ў Францыі. Думаю, нешта супакоіцца. Але радавацца асабліва гэтаму не трэба. Толькі адзінае, вядома, ім трэба пальцам паказваць: хлопцы, а чаго радаваліся, калі ў нас дзяцей гэтых выкарыстоўвалі?» — задаў справядлівае пытанне Прэзідэнт.

«Трэба кантраляваць тэхналогію»
Вяртаючыся да тэмы сельскай гаспадаркі, кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі, ці ўсё пасеяна. Як адзначыў губернатар Міншчыны, аграрыі рэгіёна планавалі пасеяць 340 тысяч гектараў. У выніку было пасеяна на 9,5 % больш, чым планавалася першапачаткова. Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што ў тым ліку выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы па ворыве і ўцягванні зямель у абарот.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў адказных асоб перш за ўсё звярнуць увагу на ворыва. «Бо гэта грошы. Вось ён трактар туды прыгнаў (добра, калі адсюль). А калі з Капыля кудысьці гнаў. Гэта ўяўляеш, якія выдаткі? Трактар прыгнаць туды (расход паліва), потым гэты культыватар культывуе. А калі дрэнна ўзараў, трэба не два, а тры разы культыватарам прайсці. Ты гэта добра ведаеш. Выдаткі павялічваюцца, і ўсё ад ворыва», — канстатаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама даручыў міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыю Горлаву не аслабляць ціск на рэгіёны па праблеме падзяжу буйной рагатай жывёлы.
Гаворачы аб сферы адказнасці міністра і яго ведамства ў цэлым, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта ў першую чаргу кантроль за выкананнем тэхналогій, няхай гэта будзе раслінаводства або жывёлагадоўля. «Гэта іх справа (у рэгіёнах. — „Зв.“), калі сеяць і калі ўбіраць. Не трэба ў гэта ўмешвацца. Трэба кантраляваць тэхналогію. Тэхналогія за табой. Асабліва ўтрымання жывёл. Ты тут павінен быць прафесарам. Гэта ваша адукацыя. Ты заатэхнік (Юрый Горлаў пачынаў свой кар’ерны шлях менавіта з гэтай прафесіі. — „Зв.“), табе лепш відаць», — заўважыў Прэзідэнт.

Міністр у сваю чаргу далажыў, што сёлета ўжо пабудавана 533 прафілакторыі для ўтрымання цялят. Менавіта з уводам гэтых аб’ектаў у рэгіёнах звязваюць надзеі на скарачэнне паказчыкаў падзяжу.
«Гэта добра. Але па выніках года паглядзім, што ў цябе з падзяжом. Таму не аслабляй гэты ціск на губернатараў, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Малайцы, што зрабілі. Губернатары тут упёрліся па-сапраўднаму. Але глядзі, каб прафілакторыі не пуставалі».

«Гэтыя адходы даюць вынік»
Пасля падрабязнага даклада аб стане спраў на агракамбінаце «Дзяржынскі» і прадметнай размовы пра сельскую гаспадарку кіраўнік дзяржавы прыступіў да галоўнай мэты сваёй камандзіроўкі. Беларускаму лідару прадэманстравалі вынікі эксперыменту па павышэнні ўрадлівасці пясчаных глеб і складаных зямель.
Эксперымент праводзіўся на доследным участку плошчай 20 гектараў у Мінскім раёне. Яго падзялілі на шэсць частак, а перад тым, як пасеяць кукурузу, глебу апрацавалі рознымі спосабамі — без унясення ўгнаенняў і з імі. Прычым выкарыстоўвалася некалькі відаў угнаенняў, уключаючы як традыцыйныя для айчыннай сельскай гаспадаркі арганічныя і мінеральныя, так і доследныя партыі з торфам і глініста-салявымі шламамі.
Глініста-салявыя шламы — гэта адходы ад здабычы калійных угнаенняў. Важна, што ў іх захоўваецца пэўны працэнт карысных рэчываў. Пасля іх унясення на полі пасеялі кукурузу гібрыднага сорту ўніверсальнага прызначэння «Рыкардзінія» і фіксавалі вынікі назірання за ростам і развіццём гэтай культуры, фарміраваннем пачаткаў.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пры рабоце Салігорскага калійнага камбіната ўтвараюцца горы адходаў. Спецыялісты сцвярджаюць, што ў гэтых адходах застаецца да 30 % карысных рэчываў. Увесну 2026 года Прэзідэнт прапанаваў паспрабаваць змяшаць арганічныя ўгнаенні з торфам і адходамі калійных соляў, каб павысіць урадлівасць неспрыяльных для сельскай гаспадаркі зямель.
«Вы выбралі вельмі правільнае месца. Пяску тут хапае», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт нагадаў, як калісьці прапанаваў навукоўцам унесці калійныя адходы ў глебу і паглядзець на вынік: «Тут мяне ўсе пачалі, як гэта модна гаварыць, баніць. Пачалі мяне крытыкаваць: „Засаленне, закісленне і іншае, глеба знікне“. Чаго яна знікне? Яна і так прапашчая. На гэтых горках, дзе ты ўжо ўнёс і дзе араў, камбайн і трактар ішоў, як у народзе гавораць, юзам. Там немагчыма было ні пасеяць нармальна, ні ўбраць — там пясок. Тут ужо нічога не сапсуеш, давай спрабаваць».
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што азнаёміўся напярэдадні з дакладам ад навукоўцаў. «Яны ж назіралі ў розных фазах росту і паспявання гэтых культур. Што я бачу: там, дзе мы ўнеслі гэтыя адходы калійнай вытворчасці з арганікай і нават з торфам, вынік лепшы, чым там, дзе мы не ўносілі. Значыць, гэтыя адходы даюць вынік. Значыць, там ёсць карысныя рэчывы для раслін», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле папярэдніх вынікаў, найбольш станоўчую дынаміку набору зялёнай масы прадэманстравалі расліны на ўчастках, дзе ўносіліся звычайны кампост і кампосты са шламамі. Па меры росту і развіцця вышыня раслін на ўсіх эксперыментальных участках была супастаўная, але пры гэтым значна пераўзыходзіла кантрольны ўзор без угнаенняў. Па сярэдняй колькасці пачаткаў на расліне эксперыменты таксама пацвердзілі станоўчы эфект.
Прэзідэнт падкрэсліў, што разам з павышэннем урадлівасці глеб адна з галоўных задач эксперыменту — знайсці прымяненне назапашаным горам адходаў ад калійнай вытворчасці.
- Канчатковыя высновы аб эфектыўнасці распрацаваных кампостаў па выніках гэтага года можна будзе зрабіць пасля ўборкі кукурузы на зерне і падліку атрыманага ўраджаю. Спецыялісты таксама пацвярджаюць, што эксперымент і даследаванні мэтазгодна працягнуць, уключаючы збожжавыя культуры. Вынік ужо станоўчы, і гэта відавочна, але Прэзідэнт хоча бачыць дынаміку і разумець, наколькі ён будзе станоўчым па выніках некалькіх сезонаў. «Пытанне ў тым, каб параўнаць, наколькі гэта лепш і гэтак далей, — адзначыў Прэзідэнт. — Мне патрэбны адказ на пытанне, што будзем рабіць з гэтымі адходамі вакол Салігорска. Мы павінны правесці эксперымент, каб дакладна даць адказ на пытанне, што рабіць з гэтымі шламамі. Тое, што арганіка дасць добры вынік, мы ўжо ведаем. Але арганікі не хапае. Калі гэта дасць добры вынік, прыкладна як арганіка, тады будзем развозіць гэтыя горы і ўносіць».
Кіраўнік дзяржавы не выключае, што адходы калійнай вытворчасці ў далейшым будуць выкарыстоўвацца для павышэння ўрадлівасці глеб, перш за ўсё ў паўднёвых рэгіёнах, дзе шмат пяскоў: «У нас ёсць куды ўносіць. Будзем уносіць там, дзе ў асноўным пяскі. Калі гэта дасць вынік, значыць, добра. Вось у чым сэнс гэтага эксперыменту», — растлумачыў беларускі лідар.
Падводзячы вынікі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты эксперымент будзе працягвацца яшчэ мінімум тры гады. Пажадана, на складаных палях, адзначыў ён. Беларускі лідар папрасіў спецыялістаў рабіць усё адказна па прынцыпе «лепш менш, але дакладна», каб можна было аб’ектыўна ацаніць вынік на практыцы. У тым ліку трэба ў будучым годзе некалькі гектараў засеяць і ўнесці выключна шлам без дадання арганікі.
Як паведамлялася раней, эксперымент па павышэнні ўрадлівасці пясчаных глеб і складаных зямель праводзіўся па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт вясной гэтага года прапанаваў паспрабаваць змяшаць арганічныя ўгнаенні з торфам і адходамі калійных соляў, каб павысіць урадлівасць неспрыяльных для сельскай гаспадаркі зямель.
«Я нават падумаў: а што калі ўзяць пласт адходаў ад калійных соляў, пласт пакласці арганікі, пласт торфу, усё гэта змяшаць — што атрымаецца? Напэўна, горш не будзе. Там жа ўсё ж такі частка ўгнаенняў калійных застаецца. Заараць іх, а следам унесці торф і арганічныя ўгнаенні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка 2026 года, заслухоўваючы даклад па пытаннях бягучай дзейнасці Нацыянальнага банка ў кантэксце задач эканамічнага развіцця краіны. — Тое, што будзе паляпшэнне для глебы, — гэта дакладна. Але наколькі гэта эканамічна абгрунтавана, трэба паэксперыментаваць. Я гатовы паназіраць. Трэба паглядзець нейкае „беднае“ поле і паспрабаваць на нейкім участку. А можа, мы вырашым праблему з адваламі вакол Салігорска».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Мінскі раён