Top.Mail.Ru

Прэзідэнт: Вароты адчынены. Нам трэба паглыбляцца ў гэтых праектах

Падчас рабочага візіту ў Аман Прэзідэнт вырашае канкрэтныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва


Як і было анансавана, падчас знаходжання ў Амане Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг сустрэч для абмеркавання ў практычнай плоскасці найважнейшых праектаў з комплексу двухбаковага супрацоўніцтва дзвюх краін. Гэта работа ў развіццё перагавораў на вышэйшым узроўні, праведзеных лідарамі Беларусі і Амана на пачатку тыдня. 

«Нам ёсць пра што пагаварыць»

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдэльсаламам аль-Муршыдзі. Падчас сустрэчы быў падрабязна прааналізаваны ўвесь комплекс беларуска-аманскіх сумесных праектаў. Ключавымі тэмамі размовы сталі стварэнне сумеснага беларуска-аманскага інвестыцыйнага фонду ў Мінску для фінансавання праектаў на тэрыторыі Беларусі; будаўніцтва ў нашай краіне цэлюлозна-кардоннага камбіната; арганізацыя работы лагістычнага хаба ў Амане для паставак беларускіх тавараў у суседнія краіны і рэгіёны, прапрацоўка маршруту «Поўнач—Поўдзень»; інвестыцыі ў праекты ў галіне АПК у Беларусі для далейшага экспарту прадуктаў харчавання ў Аман і краіны рэгіёна, а таксама прапрацоўка паставак аманскіх морапрадуктаў на беларускі рынак. Таксама абмяркоўвалася развіццё турыстычнага кластара ў Амане і інвесціраванне з дапамогай аманскага боку ў турыстычныя аб’екты на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ адна тэма размовы — перспектывы рэалізацыі трохбаковага праекта паміж Беларуссю, Аманам і Алжырам па вытворчасці складаных угнаенняў. Акрамя таго, беларускаму лідару паказалі прэзентацыю ходу рэалізацыі Дарожнай карты супрацоўніцтва Беларусі і Амана — з канкрэтыкай па праектах і тэрмінах.

«Нам ёсць пра што пагаварыць, — пачаў перагаворы кіраўнік дзяржавы. — Мы доўгі час з вамі працавалі, напрацавалі шмат сумесных цікавых праектаў беларуска-аманскіх. Напэўна, настаў час сістэматызаваць іх і вызначыцца, як будзем дзейнічаць у далейшым. Але мяне задавальняе ваша апошняя заява, я яе запомніў. Вы мне сказалі: «Спадар Прэзідэнт, у бліжэйшы год-два вы ўбачыце рэальны рух па тых канкрэтных праектах, якія мы з вамі намецілі».

У сустрэчы таксама бралі ўдзел генеральны дырэктар холдынга «Аман Фуд Капітал» (даччыная кампанія Аманскага інвестыцыйнага агенцтва, якая займаецца інвестыцыямі ў сельскую гаспадарку і харчаванне) Абдала аль-Рашдзі, а таксама прадстаўнік агенцтва Алі Аль-Фарсі, які курыруе супрацоўніцтва з Беларуссю.

«Вельмі радуе, што пасля майго візіту ў Алжыр і перагавораў з Прэзідэнтам Алжыра... Дарэчы, вельмі грунтоўны, разумны, вопытны чалавек. Мне вельмі спадабаўся. Абсалютна прыземлены... Дык вось пасля гэтага візіту намеціліся некаторыя дадатковыя праекты, якія мы дамовіліся з вамі абмеркаваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта праекты трохбаковага характару. За гэты час, пасля вяртання з Алжыра і нашай з вамі размовы мы паспрабавалі сістэматызаваць тое, аб чым мы дамаўляліся раней. Гэта значыць аб названых канкрэтных праектах. Гэта дзесьці 7-8 канкрэтных кірункаў».

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з Аманам і па іншых кірунках, бачыць сур’ёзную зацікаўленасць у гэтым з боку аманскіх сяброў. «І асабліва вашага кіраўніка (нам пашанцавала ў гэтым плане) — добрага сябра беларускага народа Султана Амана, які зусім нядаўна быў у Беларусі, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы з вамі вызначылі стратэгію нашага супрацоўніцтва. Вароты адчынены. Нам трэба, як мы дамовіліся з вамі, паглыбляцца ў гэтых праектах».


Аб сумесным інвестыцыйным фондзе

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі дамаўляліся аб стварэнні сумеснага беларуска-аманскага інвестыцыйнага фонду ў Мінску, які будзе фінансаваць праекты на тэрыторыі Беларусі.

«Такі флагманскі, як у нас гавораць, якарны праект — гэта будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Беларусі, — канкрэтызаваў ён. — Вопыт і кампетэнцыі ў нас ёсць. Вельмі моцна развіта ў нас дрэваперапрацоўчая прамысловасць». 

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што з гэтым праектам нейкіх вялікіх праблем не павінна ўзнікнуць. Цяпер вядуцца перадінвестыцыйныя і праектныя работы, пляцоўка вызначана.

Аб хабе ў Амане для гандлю беларускай прадукцыяй

«Вы ўжо, напэўна, пераканаліся ў тым, што мы навучыліся вырабляць у Беларусі практычна ўсё, што трэба ў гэтым рэгіёне — рэгіёне далёкай дугі, як мы яе вызначаем у знешняй палітыцы, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Але я шчыра прызнаў, што мы значна горш, чым нашы аманскія калегі, умеем гандляваць. Тым больш у вас вялікія магчымасці ў гэтым рэгіёне. Асабліва ў рэгіёне Усходняй Афрыкі. Вы акурат маеце вельмі добрыя адносіны з тымі афрыканскімі дзяржавамі, дзе ў нас пазіцыі не такія моцныя».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з гэтым прынята рашэнне, і аманскі бок аказаў у тым падтрымку, па стварэнні на тэрыторыі Амана беларускага хаба — цэнтра перавалкі тавараў. Яны будуць пастаўляцца як у блізкаўсходні рэгіён, так і ў шэраг іншых, уключаючы Паўднёва-Усходнюю Азію і М’янму, дзе таксама нядаўна пабываў з афіцыйным візітам Прэзідэнт Беларусі, і краіны Афрыкі.

«У гэтым напрамку ёсць ужо пэўныя зрухі, — звярнуў увагу беларускі лідар. — І не проста пэўныя, а, здаецца, паўдарогі мы прайшлі. Мы пастаўляем ужо сюды некаторыя тавары для далейшага рээкспарту на рынкі, якія я толькі што абазначыў».

Аб супрацоўніцтве ў АПК і пастаўках харчавання

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў бліжэйшы час цікавасць да гэтай тэмы, асабліва ў рэгіёне, дзе знаходзіцца Аман, будзе толькі ўзрастаць. Прадукты харчавання, упэўнены ён, будуць карыстацца ўсё большым попытам.

«Гэта тое, чым мы можам спакойна гандляваць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І мы ўжо сёння з вамі не проста абменьваемся сельскагаспадарчымі прадуктамі. Гэта значыць, тое, што ёсць у вас і трэба нам, — вы нам пастаўляеце; тое, што мы можам і вам гэта трэба, — мы вам пастаўляем, у прыватнасці, малочныя, мясныя прадукты. Дамовіліся, што, паспрабаваўшы ўсё гэта, вы гатовы да пашырэння супрацоўніцтва. Таму абмен таварамі ўжо ідзе. Але гэта вельмі сур’ёзная для нас тэма. І мы вам удзячныя за тое, што вы нас падтрымалі».

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў неабходнасць пашыраць аб’ёмы вытворчасці і працаваць напрамую. «Мы гатовы, каб вы ў Беларусі напрамую працавалі з нашымі сельгаспрадпрыемствамі, перапрацоўчымі заводамі па перапрацоўцы і пастаўцы сюды (у Аман. — „Зв“.) харчавання», — сказаў ён.


Аб беларускім аазісе ў Амане

Прэзідэнт заявіў, што вельмі важны кірунак — гэта асваенне Амана як турыстычнага напрамку для грамадзян Беларусі.

«Вы ведаеце, што мы — паўночная краіна, — канстатаваў ён. — Вельмі шмат беларусаў калясяць па ўсім свеце ў пошуках лепшага месца адпачынку. Мы вельмі хацелі б, каб мы мелі тут свой беларускі турыстычны кластар недалёка ад аэрапорта, каб нашы людзі маглі дыверсіфікаваць свае турыстычныя паездкі. Я вам вельмі ўдзячны і майму сябру Султану, што вы выдзелілі для нас вялізны ўчастак у экзатычным месцы, не характэрным для Амана. Дзе амаль няма пяскоў і гор, але ёсць самы сапраўдны аазіс, дзе і тэмпература паветра прымальная для нашых людзей. Мы б хацелі там пабудаваць разам з вамі і нашымі інвестарамі, хто будзе ў гэтым зацікаўлены, такі турыстычны хаб, куды паедуць нашы людзі».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што бакі прайшлі ўжо пэўны шлях у гэтым кірунку. Нядаўна стартавалі прамыя авіярэйсы з Беларусі ў Аман.

«Мы гатовы да пашырэння паездак нашых людзей сюды, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Не толькі ў Эміраты, іншыя краіны, але і ў Аман. Тут казачная прырода, адкрыты акіян. Я ўпэўнены, што нашы людзі з задавальненнем скарыстаюцца гэтым турыстычным напрамкам».

Аб праекце «на траіх» па вытворчасці складаных угнаенняў

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў ходзе яго афіцыйных візітаў і перагавораў, у прыватнасці ў Алжыры, адкрыліся многія кірункі сумеснай работы. Адзін з іх — вытворчасць складаных NPK-угнаенняў. Гэта комплексныя мінеральныя ўгнаенні, якія змяшчаюць тры асноўныя макраэлементы: азот (N), фосфар (P) і калій (K).

«Вельмі ў гэтым зацікаўленыя нашы алжырскія сябры, — адзначыў Прэзідэнт. — Як вы ведаеце, Алжыр мае вялікія запасы газу. Гэта значыць, што мы будзем мець магчымасць вырабляць азотныя ўгнаенні. Мы гэта ўмеем рабіць, у нас у Гродне буйны камбінат. Як мне сказаў Прэзідэнт Алжыра, у бліжэйшы час яны будуць мець магчымасць вырабляць 10,5 мільёна тон фасфатаў. Гэта лінія вытворчасці фосфарных угнаенняў. У нас ёсць адпаведная кампанія, камбінат велізарны, які вырабляе падобныя ўгнаенні. Мы ўмеем гэта рабіць. Акрамя азотных угнаенняў, мы вырабляем фосфарныя ўгнаенні». 

Нарэшце, прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь — адзін з асноўных вытворцаў калійных угнаенняў. «У адной грануле змяшаць гэтыя тры віды ўгнаенняў — гэта тое, што сёння трэба рынку, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы таксама ўмеем гэта рабіць. Чаму не стварыць прадпрыемства, у якое мы можам разам з вамі і Алжырам, калі гэта будзе ў Алжыры, інвесціраваць». 

Прэзідэнт адзначыў, што без забеспячэння ўгнаеннямі ні пра якую харчовую бяспеку ў краінах Афрыкі і Глабальнага Поўдня не можа быць і размовы. «У свеце расце і будзе расці попыт на мінеральныя ўгнаенні, бо патрэбна харчаванне», — рэзюмаваў беларускі лідар. 



Даслоўна

«З апярэджаннем часу ў рэалізацыі ўсіх праектаў»

Аман бачыць будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната прыярытэтам нумар адзін у супрацоўніцтве з Беларуссю. Аб гэтым журналістам заявіў прэзідэнт Аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдэльсалам Махамед аль-Муршыдзі.

«Мы вельмі ўдзячны Прэзідэнту Беларусі за дэталёвую прапрацоўку праектаў, за тое, што ён вельмі паглыблены ва ўсе праекты, якія мы абмяркоўваем, — адзначыў прэзідэнт Аманскага інвестыцыйнага агенцтва. — Яго ўвага дазваляе нам рухацца вельмі хутка, з апярэджаннем часу ў рэалізацыі ўсіх праектаў, якія мы намецілі. Ёсць шмат магчымасцяў у нашым супрацоўніцтве, але мы хацелі б у першую чаргу сканцэнтравацца на будаўніцтве цэлюлозна-кардоннага камбіната. Гэта для нас прыярытэт нумар адзін. І мы вельмі хутка рухаемся наперад у рэалізацыі гэтага праекта».

Мемарандум аб супрацоўніцтве адносна будаўніцтва ў Беларусі цэлюлозна-кардоннага камбіната быў заключаны паміж Беларуссю і Аманам 6 кастрычніка. Ён увайшоў у пакет дакументаў, тэкстамі якіх абмяняліся бакі ў прысутнасці лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Хайсама бен Тарэка Аль Саіда па выніках перагавораў у Мінску.

Адным з прыярытэтаў супрацоўніцтва з Беларуссю Абдэльсалам Махамед аль-Муршыдзі назваў стварэнне сумеснага беларуска-аманскага інвестыцыйнага фонду, які дасць магчымасць інвесціраваць у праекты ў Беларусі. Аманскі бок ужо мабілізаваў каманду, якая ў бліжэйшы час прыбудзе ў Мінск і пачне штодзённую работу ў офісе. «Фонд сканцэнтруецца на прапрацоўцы інвестыцыйных праектаў у галіне прамысловасці, фармацэўтыкі, сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама ў іншых сектарах», — канкрэтызаваў прэзідэнт Аманскага інвестыцыйнага агенцтва.

Абдэльсалам Махамед аль-Муршыдзі адзначыў, што на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі размова ў тым ліку ішла аб стварэнні беларускага хаба ў Амане. Хаб дазволіць прасоўваць беларускую прадукцыю на рынкі краін Афрыкі, Азіі, Індыйскага субкантынента і іншыя. Адказваючы на пытанне, якім у Амане бачаць беларускі хаб, прэзідэнт інвестыцыйнага агенцтва назваў лагістыку ключавым звяном у пастаўках любой прадукцыі. 

«У сувязі з гэтым мы ўжо наладзілі лагістычныя шляхі дастаўкі беларускай прадукцыі ў Аман, — канкрэтызаваў ён. — Мы вельмі добра ведаем і разумеем, як весці бізнес, які ёсць попыт на Індыйскім субкантыненце, ва Усходняй Афрыцы. Мы спадзяёмся сумесна прадаваць высакаякасныя беларускія тавары не толькі ў Аман, але і іншыя краіны. Мы ўжо стварылі ў Амане шэраг сумесных кампаній у сферы лагістыкі, якія накіраваны на продаж беларускіх сельскагаспадарчых тавараў, прадуктаў харчавання, разглядаем таксама сферу нафтапрадуктаў. Мы спадзяёмся, што новыя кампаніі будуць працаваць у гэтым напрамку па дыстрыбуцыі беларускіх прадуктаў у рэгіён».

Прэзідэнт Аманскага інвестыцыйнага агенцтва таксама расказаў, якія перавагі работы ў Беларусі бачыць Аман. Паводле яго слоў, Маскат хацеў бы манетызаваць адносіны з Мінскам. 

«Мы ўжо шмат зрабілі ў нашым супрацоўніцтве, — лічыць ён. — У першую чаргу мы выбудавалі даверныя адносіны паміж нашымі краінамі. Нашы каманды вельмі добра выконваюць сваю работу, прапрацоўваючы двухбаковыя праекты. Беларусь і Аман узаемна дапаўняюць адно аднаго: пэўныя рэсурсы ёсць у Амане, пэўныя ў Беларусі. Больш за тое, нас збліжаюць сумесныя каштоўнасці, якія мы падзяляем, што таксама дазваляе нам з упэўненасцю глядзець у будучыню нашых адносін».

Пры гэтым было адзначана, што Аман гатовы да супрацоўніцтва на трохбаковай аснове. У прыватнасці, размова ішла аб вялікім праекце па вытворчасці калійных угнаенняў з Алжырам і Аманам, рэалізацыя якога была прапанавана Аляксандрам Лукашэнкам. «Сапраўды, мы гатовы да супрацоўніцтва на трохбаковай аснове ў трэціх краінах, — канстатаваў Абдэльсалам Махамед аль-Муршыдзі. — Што датычыцца супрацоўніцтва з Алжырам, мы разумеем, што там недарагія рэсурсы, уключаючы прыродны газ. І мы маглі б сумесна прапрацаваць магчымасць стварэння пэўнай вытворчасці складаных угнаенняў».


«Кошт і якасць беларускай прадукцыі маюць ідэальныя суадносіны»

Аман плануе інвесціраваць у пашырэнне вытворчасці малочнай прадукцыі ў Беларусі і ўдасканальваць лагістычныя ланцужкі яе паставак у сваю краіну і іншыя дзяржавы рэгіёна. Аб гэтым па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі заявіў журналістам генеральны дырэктар холдынга «Аман Фуд Капітал» — даччынай кампаніі Аманскага інвестыцыйнага агенцтва, якая займаецца інвестыцыямі ў сельскую гаспадарку і харчаванне, Абдала аль-Рашдзі.

Першыя партыі беларускіх харчовых тавараў, у тым ліку сухое малако і масла, ужо былі пастаўлены ў Аман і ацэнены тут па заслугах. «Кошт і якасць беларускай прадукцыі маюць ідэальныя суадносіны», — падкрэсліў ён. 

Праўда, гэта былі не пастаўкі айчыннай гатовай прадукцыі ў чыстым выглядзе, прызначанай для выніковага спажыўца. Беларускае масла і сухое малако пастаўляліся вытворцам іншай харчовай прадукцыі. «У чыстым выглядзе мы толькі плануем гэтыя пастаўкі, — патлумачыў генеральны дырэктар. — Тым не менш першыя тэставыя партыі былі вельмі паспяховымі. Таму мы нацэлены на прадаўжэнне паставак, але гэта будзе не толькі ў чыстым выглядзе імпарт у Аман. Мы плануем інвесціраваць у пашырэнне вытворчасці прадуктаў малакаперапрацоўкі ў Беларусі і ўдасканальваць лагістычныя ланцужкі паставак гэтай прадукцыі ў Аман і ў краіны рэгіёна».

Адказваючы на пытанне, што Аману цікава вырабляць разам з Беларуссю і якія айчынныя тэхналогіі карысныя і цікавыя гэтай краіне ў першую чаргу, Абдала аль-Рашдзі адзначыў: «Мы хацелі б у першую чаргу сканцэнтравацца на вытворчасці прадукцыі з высокім утрыманнем пратэіну. У першую чаргу мы гаворым аб прадукцыі малочнай прамысловасці, сухім малаку, дзіцячым харчаванні і многіх іншых пабочных прадуктах, якія атрымліваюцца ў працэсе перапрацоўкі малака».

Але спыняцца толькі на гэтай сферы Аман не збіраецца і прыглядаецца да іншых галін. «Мы глядзім на іншыя кірункі і прадукцыю, якую можам вырабляць у вашай краіне, — праінфармаваў кіраўнік холдынга. — Беларускія тэхналогіі ў галіне сельскай гаспадаркі сапраўды добрыя, таму мы цяпер вельмі цесна вывучаем, якія з іх можам прымяніць у тых вытворчасцях, якія плануем арганізаваць у Беларусі». 

З боку гэтай аманскай кампаніі ёсць цікавасць таксама да магчымага прымянення беларускіх тэхналогій АПК непасрэдна ў Амане. «У тым ліку мы гаворым аб магчымай перапрацоўцы і вытворчасці фінальнай прадукцыі тут, у Амане, з выкарыстаннем беларускай сельскагаспадарчай сыравіны», — расказаў аб перспектывах Абдала аль-Рашдзі.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта Беларусі і БелТА. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю