«Мы рыхтуемся. Праверку праходзяць усе»
Як і прадугледжвае раптоўная праверка, Аляксандр Лукашэнка прыбыў на 227-ы агульнавайсковы палігон, што ў Барысаўскім раёне, без папярэджання. Галоўнакамандуючы заслухаў даклад міністра абароны аб ходзе мерапрыемстваў праверкі (аб нечаканым прыездзе беларускага лідара Віктар Хрэнін, дарэчы, быў праінфармаваны толькі ў сем гадзін раніцы), пасля чаго наведаў камандна-назіральны пункт 339-га асобнага механізаванага батальёна. Прэзідэнт азнаёміўся з умовамі пражывання асабовага складу, а таксама сам пракантраляваў выкананне заняткаў па агнявой стральбе: ваеннаслужачыя ажыццяўлялі стрэльбы як з аўтамата, так і з гранатамёта.
«Трэба вучыцца, абавязкова»
Галоўнакамандуючы пацікавіўся папярэднімі вынікамі раптоўнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл на бягучым этапе. «Армія здольная ваяваць?» — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Здольная ваяваць, — адзначыў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч. — У цэлым усе камандзіры брыгад, якія атрымалі ваша распараджэнне, задачу ўсвядомілі дакладна, прынялі рашэнне аб здзяйсненні маршаў ва ўказаныя раёны. Маршы ўсе здзейснілі, на маршы нікога не страцілі».
Прэзідэнт удакладніў, як ваеннаабавязаныя ў цэлым адносяцца да праверачных мерапрыемстваў. Па словах міністра абароны, людзі з сур’ёзнасцю ставяцца да падобнага роду мерапрыемстваў.
«Нарэшце, зразумелі, што гэта вучоба, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы не ведаем: а калі вайна? А мы нічога не ўмеем зрабіць».
Падчас наведвання камандна-назіральнага пункта батальёна ў раёне засяроджвання кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з ваеннаслужачымі. Пабываў Аляксандр Лукашэнка і ў бліндажы, дзе падчас праверачных мерапрыемстваў размяшчаецца асабовы склад.

«У вас тут курорт», — заўважыў Прэзідэнт. У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы ўзгадаў, як падчас яго службы даводзілася павышаць сваю вывучку і ў больш суровых умовах (пражываць, у прыватнасці, даводзілася ў палатках). Па словах міністра абароны, спосаб размяшчэння ваеннаслужачых у бліндажах больш прымальны, чым у палатках.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў ваеннаслужачых настроем у батальёне. «Настрой баявы, пераможны, любую задачу гатовы выканаць», — далажыў адзін з байцоў.
«Рабяты (праверку праходзяць і жанчыны-ваеннаслужачыя. — „Зв.“), вы павінны вучыцца сваёй справе, — арыентаваў асабовы склад Аляксандр Лукашэнка. — Трэба вучыцца, абавязкова. Той, хто непадрыхтаваны, — гэта смяротнік. Таму трэба вучыцца. У нас ніхто пытацца не будзе, калі і як ваяваць. Наадварот, будуць спрабаваць шукаць магчымасць нас атакаваць нечакана. Я не гавару, што гэта заўтра будзе. Але і не магу сказаць, што гэтага не будзе наогул. Таму мы рыхтуемся. Праверку праходзяць усе. І нават міністр абароны і дзяржсакратар. Цяпер зіма такая, што праверцы падвергнем усіх».
«Будзеце ўмець усё рабіць — будзеце жыць»
Размова зайшла аб тым, як наладжаны побыт ваеннаслужачых. У прыватнасці, Прэзідэнта цікавіла пытанне абагрэву, ці няма перабояў у харчаванні. Таксама кіраўніку дзяржавы паказалі, што ўтрымлівае салдацкі рэчмяшок. Па словах Галоўнакамандуючага, ваеннаслужачыя павінны быць забяспечаны ўсім неабходным, каб выконваць свае задачы.
«Вучыцеся, вучыцеся, на ўсялякі выпадак вучыцеся, — арыентаваў салдат Прэзідэнт. — Будзеце ўмець усё рабіць — будзеце жыць».
Зайшла на палігоне і размова пра сучасныя віды ўзбраення. Гаворачы аб важнасці выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў, кіраўнік дзяржавы зноў указаў на тое, што не варта перабольшваць іх ролю, асабліва з улікам лясістай мясцовасці, як у нас. «Трэба вельмі акуратна, кропкава, але галоўнае, не адмаўляцца ад правераных рэчаў, якія ёсць», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар наведаў і стрэльбішча, дзе праходзілі вучэбныя стрэльбы з аўтамата і гранатамёта. Немалаважная дэталь — да стрэльбаў прыцягваліся не загадзя падабраныя ваеннаслужачыя, а вайскоўцы ў парадку спісу, незалежна ад тэрміну службы і вопыту.
Падводзячы вынікі, Галоўнакамандуючы заўважыў, што хацеў убачыць на свае вочы, наколькі войскі падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў. «Радасці няшмат, давайце так шчыра гаварыць, — канстатаваў беларускі лідар. — Страляюць, бачаць мішэні. Будзем лічыць, што так сабе. Хвалююцца, вядома: Прэзідэнт стаіць за спінай. Я разумею, што хваляванне пэўнае ёсць. Ну, так на так — дзесьці трапілі, дзесьці прамахнуліся».
На палігоне былі прадугледжаны і вучэбныя стрэльбы з бронетранспарцёраў, але планам перашкодзіў густы туман. Аднак і ў ваенны час, па словах кіраўніка дзяржавы, у гэтых умовах надвор’я задзейнічаць дадзеную тэхніку было б немэтазгодна, бо не бачныя цэлі.
«Трэба чакаць тады, — сказаў Прэзідэнт. — Чакайце, праводзьце па плане. Што мы будзем страляць у белы свет. Няхай працуюць далей».
Звяртаючыся да міністра абароны, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, каб кіраўнік ваеннага ведамства не расслабляўся. «Мы паглядзім, як тваё жыццё ўскладніць, — заўважыў Прэзідэнт. — Так што не расслабляйся. Ну, а з камбатаў, вядома, скуру будзем па-мужчынску спускаць».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Барысаўскі раён
Даслоўна
«Не расслабляцца — самая галоўная і важная задача»
У размове з журналістамі міністр абароны Віктар ХРЭНІН адзначыў, што вынікі праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл яшчэ падводзіць рана. «Галоўнакамандуючы, наш Прэзідэнт, асабіста праверыў боегатоўнасць Узброеных Сіл, — канстатаваў ён. — Як ужо не раз было сказана Дзяржаўным сакратаром (Савета Бяспекі. — „Зв.“), гэта праверка з’яўляецца раптоўнай. Галоўнакамандуючы паглядзеў раён размяшчэння батальёна, камандны пункт батальёна, заслухаў даклад камандзіра батальёна, ацаніў магчымасць размяшчэння, побыт нашых ваеннаслужачых і, вядома, праверыў узровень агнявой вывучкі. Так, адзін стралок не вельмі добра адстраляў, другі лепш. Так і будзе на вайне: хтосьці лепш падрыхтаваны, хтосьці горш».
Як заўважыў кіраўнік абароннага ведамства, батальён, гатоўнасць якога правяралася Прэзідэнтам, яшчэ на працягу некалькіх дзён будзе выконваць мерапрыемствы па агнявой падрыхтоўцы. «У цэлым будзе выведзена агульная ацэнка камісіяй пад кіраўніцтвам дзяржсакратара, аб чым даложым кіраўніку дзяржавы», — удакладніў Віктар Хрэнін.

Па яго словах, напярэдадні батальён здзейсніў марш па незнаёмых участках мясцовасці па ўстаноўленай дыстанцыі і прыбыў у раён разгрупавання. Далей па раскладзе — агнявая падрыхтоўка, якую, як адзначыў міністр, праходзяць усе спецыялісты ў батальёне. «Гэта не адны аўтаматчыкі або гранатамётчыкі, — удакладніў Віктар Хрэнін. — Тут дастаткова вялікая колькасць шматлікіх тыпаў узбраення. Кожны павінен выканаць сваё практыкаванне. У далейшым падраздзяленне павінна здаць яшчэ нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы. І толькі потым мы падвядзём вынікі».
Журналісты пацікавіліся ў міністра, чаго чакаць у наступны этап праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл. Віктар Хрэнін звярнуў увагу, што гэта ведае толькі Галоўнакамандуючы. «Як Прэзідэнт сказаў, да вясны будзе праверка, — нагадаў ён. — Мы ўсе павінны быць гатовыя. І цяпер Прэзідэнт гаварыў, што мы не павінны расслабляцца. Гэта самая галоўная і важная задача. Падраздзяленні, якія мы сёння бачылі (гэта сілы неадкладнага рэагавання), павінны быць гатовы да выканання любых задач у любы час».

Па словах кіраўніка абароннага ведамства, ваеннаслужачыя знаходзяцца ў пастаянным напружанні. «Салдат павінен быць гатовы і маральна, і фізічна, каб прафесійна выканаць пастаўленую задачу, — падкрэсліў Віктар Хрэнін. — Калі пачынаецца любая вайна або канфлікт, вораг, нападаючы, спрабуе дыктаваць умовы і разлічвае на раптоўнасць — гэта значыць, ашаламіць. Не павінна быць такога, каб нас ашаламілі, а мы разгубіліся і разбегліся. Мы павінны адразу даць адпор».