Аб чым Прэзідэнт гаварыў на прыёме з нагоды старога Новага года
Наша краіна дае магчымасць кожнаму рэалізаваць свой чалавечы патэнцыял. Ужо шмат гадоў напярэдадні старога Новага года прынята ўшаноўваць тых, хто летась дасягнуў бясспрэчных прафесійных вяршынь. 13 студзеня адбыўся традыцыйны прыём ад імя Прэзідэнта з нагоды старога Новага года. На святочнае мерапрыемства былі запрошаны журналісты, спартсмены, артысты, эксперты і палітолагі, работнікі самых розных сфер і вышэйшыя службовыя асобы. Кіраўнік дзяржавы заўсёды падчас гэтага традыцыйнага мерапрыемства асабіста ўручае ўзнагароды і падзякі. І хоць 2025-ы становіцца гісторыяй, мы памятаем яго ўрокі. Наперадзе — час новых дасягненняў. І ён патрабуе максімальнай аддачы ад кожнага.

«Сродкі масавай інфармацыі, журналісты сёння на пярэднім краі»
Звяртаючыся да запрошаных на прыём, Прэзідэнт адзначыў, што прыём напярэдадні старога Новага года — гэта таксама добрая, традыцыя, якая нарадзілася ў сучаснай Беларусі. «Традыцый шмат. Сёння адна з іх — сустрэча, як у нас у кажуць, старога Новага года. Гэта своеасаблівы, чаканы многімі прыём у Прэзідэнта, які завяршае цэлую чараду навагодніх святаў», — сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рады бачыць тых, хто сабраўся, і ў іх асобе перш за ўсё падзякаваў усім за мінулы год. Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт адзначыў: «Па сутнасці, мы ўсе служым Айчыне, рухаючы Беларусь наперад канкрэтнымі справамі ў эканоміцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры, спорце, дзяржаўным кіраванні. Гэта штодзённая праца».
У першую чаргу кіраўнік дзяржавы вылучыў прадстаўнікоў СМІ. І, паводле яго слоў, гэта аб’ектыўна. «Асабліва хачу падзякаваць журналістам, экспертам, аналітыкам. Вы заўсёды побач, у тым ліку і ў прамым эфіры, ды і ў фігуральным сэнсе таксама. Без перабольшання — абараняеце інтарэсы краіны на нашым інфармацыйным полі разам з нашымі ваеннаслужачымі. Сродкі масавай інфармацыі, журналісты сёння на пярэднім краі», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў: «Прыйшлі маладыя, вельмі крэатыўныя, як модна цяпер казаць, вельмі прыгожыя людзі. Асабліва жанчыны. Вы як ніхто ведаеце, што парадак дня сёння перагружаны вялікай колькасцю інтэрпрэтацый, не заўсёды карэктных, часта хлуслівых, а вам трэба выходзіць пастаянна да людзей і казаць праўду. Праўду, якая, на жаль, не такая цікавая, як выдумка, не такая яркая, як фэйк, дыпфэйк і іншае. Але вы гэта робіце, працуеце сумленна, прафесійна, умела, адбіваючы інфармацыйныя ўкіды, мэта якіх — несці разлад у наша жыццё. Вам давяраюць людзі, і гэта найвышэйшая адзнака працы», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Усе беларусы ведаюць, што мір і бяспека ў краіне трымаюцца перш за ўсё на плячах з пагонамі»
На святочным мерапрыемстве традыцыйна прысутнічалі і прадстаўнікі сілавога блока. «Абсалютна перакананы: і госці сённяшняга вечара, і ўсе беларусы ведаюць, што мір і бяспека ў краіне трымаюцца перш за ўсё на плячах з пагонамі. Ведаюць, што кожны, хто прысвяціў сябе беззапаветнаму служэнню Беларусі, з’яўляецца эталонам доблесці і гонару. І я хачу таксама падзякаваць нашым прадстаўнікам ваенных за іх службу і адданасць краіне і народу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, па сутнасці, мы ўсе служым Айчыне, рухаючы Беларусь наперад канкрэтнымі справамі ў эканоміцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры, спорту, дзяржаўным кіраванні. «Гэта штодзённая праца, — канстатаваў беларускі лідар. — І ўсе катэгорыі людзей, якія я толькі што пералічыў, у гэтыя святочныя дні не адпачывалі. Яны былі на варце».
Прэзідэнт асабліва адзначыў агульны парыў па ачыстцы краіны ад снегу: «Журналісты неяк можа жартам падавалі ўсё гэта, але за кожным жартам ёсць доля праўды. І немалая доля. Вось так мы павінны быць заўсёды — адзіныя. Не ныць, не стагнаць. Нылі, вядома, няшмат, але такія былі. Але што яшчэ трэба? Бог падарыў нам зіму. Старэйшае пакаленне ўспомніла тыя зімы, а дзеткі радуюцца».
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да бацькоў з дзецьмі і папрасіў іх выйсці на вуліцу ў снежнае надвор’е. «Хай яны (дзеці. — „Зв.“) запомняць гэту зіму. Клімат змяніўся. Вы гэта ведаеце. І не факт, што заўтра, у наступным годзе ці яшчэ калісьці будуць такія выдатныя зімы. Гэта сапраўдная зіма, якую падарыў нам Гасподзь напярэдадні Новага года і пасля яго, — перакананы беларускі лідар. — Але тое, што мы працавалі (разам на расчыстцы снегу. — "Зв."), — гэта і ёсць наш патрыятызм. Гэта ўклад кожнага з нас. На агульнай ніве, на агульным месцы мы разам змагаліся з гэтай праблемай. І, як бачыце, жартуючы перамаглі, дай бог, каб і далей так».
«Год беларускай жанчыны павінен стаць асаблівым»
Прэзідэнт, падводзячы вынікі 2025 года, назваў яго паспяховым і знакавым. «А мог бы быць вельмі цяжкім і няўдалым. Але зноў мы аб’ядналіся і зрабілі ўсё, каб за гэтым сталом былі беларускія прадукты, — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы павінны зрабіць усё, каб надыходзячы год быў лепшым. У гэтым сэнс нашага жыцця. Тым больш, што ўпершыню ў нашай суверэннай гісторыі мы выбралі не проста тэму года. Мы выбралі сімвал гэтага года. Ведаю, вы вельмі станоўча і не толькі, як кажуць, „слабая“, — моцная частка нашага грамадства — жанчыны, але і мужыкі добра на гэта адрэагавалі. Год беларускай жанчыны павінен стаць асаблівым».
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз павіншаваў усіх з гэтымі добрымі зімовымі святамі. «Хачу пажадаць вам здароўя, дабрабыту, шчасця і вялікай-вялікай радасці. Няхай гэты ўрачысты прыём стане вечарам і прыемных сюрпрызаў, доўгачаканых падарункаў і толькі добрых навін», — пажадаў беларускі лідар.

Заслужаная пашана
Медалі, Падзякі Прэзідэнта і нагрудныя знакі да ганаровых званняў кіраўнік дзяржавы ўручыў супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі, дзяржаўным і спартыўным дзеячам. Так, медаль Францыска Скарыны Аляксандр Лукашэнка ўручыў першаму намесніку старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Сяргею Гусачэнку, а таксама дырэктару Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Рэспубліцы Беларусь Вользе Шпілеўскай.
Упершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь». Першым яго быў удастоены дырэктар — галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук. А ганаровае званне «Заслужаны супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» было прысвоена старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі, генерал-лейтэнанту Івану Тэртэлю. Ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» было прысвоена спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па скачках на батуце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастычных відах спорту Івану Літвіновічу.
За значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, высокі прафесіяналізм, аб’ектыўнае і ўсебаковае асвятленне падзей грамадска-палітычнага, эканамічнага і сацыяльна-культурнага жыцця краіны Падзяка Прэзідэнта ўручана пецярым работнікам СМІ. Сярод іх — генеральны прадзюсар генеральнага прадзюсарскага цэнтра Беларускага радыё Антон Васюкевіч, уласны карэспандэнт аддзела карэспандэнцкай сеткі дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Максім Вечаркоў, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Першы інфармацыйны» Наталля Гарахавік, начальнік сектара па апрацоўцы фотаінфармацыі аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь рэдакцыі па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Ягоршына, аглядальнік палітычнага аддзела палітычных аглядальнікаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» Яўген Пуставой.
Падзякі Прэзідэнта таксама былі ўдастоены спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па вольнай барацьбе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» Ірына Курачкіна і старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская федэрацыя барацьбы» Алім Селімаў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА