«Гэтае свята Індыя сустракае ў статусе найбольш дынамічнай буйной эканомікі свету. Ваша краіна ўпэўнена крочыць наперад, захоўвае сваю культурную самабытнасць і ўмацоўвае міжнародныя пазіцыі. Поспехі ў сферах тэхналогій, адукацыі і экспарту служаць прыкладам для іншых дзяржаў», — гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнту Індыі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дыялог паміж Мінскам і Нью-Дэлі дае свой вынік, і канстатаваў пазітыўную тэндэнцыю да росту двухбаковага абароту тавараў і паслуг.
«Карыстаюся ўрачыстым выпадкам, каб пацвердзіць вам запрашэнне наведаць Мінск у зручны час для знаёмства з патэнцыялам Беларусі ў розных сферах і вызначэння перспектыўных напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва», — падкрэсліў беларускі лідар.
У віншаванні Прэм’ер-міністру Індыі Прэзідэнт Беларусі адзначыў актыўную работу па фарміраванні эканамічнай і палітычнай базы для выхаду дзвюх краін на ўзровень стратэгічнага партнёрства: створаны спрыяльныя ўмовы для нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязей, дасягнуты прагрэс у рэалізацыі сумесных праектаў-лакаматываў двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў прамысловай, фармацэўтычнай і абароннай сферах.
«Перакананы, што мы будзем і далей прыкладаць усе магчымыя намаганні для пашырэння сувязей праз паспяховую рэалізацыю сумесных праектаў, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Спадзяюся на сустрэчу з вамі ў наступным годзе на платформе БРІКС ў індыйскай сталіцы»