Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў кіраўнікоў, работнікаў і ветэранаў ААТ «Завод «Легмаш» з 80-годдзем з дня ўтварэння прадпрыемства. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Характэрна, што гісторыя завода пачыналася ў пераможным 1945 годзе і стала летапісам паступальнага развіцця і абнаўлення, адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Аршанскае прадпрыемства прайшло шлях ад вельмі патрэбных у цяжкія пасляваенныя гады ацяпляльных катлоў і бытавых швейных машын да высокатэхналагічнага нафтагазавага і энергетычнага абсталявання, — гаворыцца ў віншаванні. — Пры гэтым візітнай карткай „Легмаша“ заўсёды заставаліся прафесіяналізм работнікаў і найвышэйшая якасць вырабленай прадукцыі».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што зараз завод зрабіў яшчэ адзін важны крок — завершаны чарговы этап маштабнай рэканструкцыі і паспяхова асвоены выпуск абароннай прадукцыі. «У чарговы раз даказалі, што калектыву па плячы самыя складаныя задачы, звязаныя з імпартазамяшчэннем і інавацыямі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Перакананы, што наперадзе ў завода, які ўносіць значны ўклад у эканоміку краіны і Аршанскага рэгіёну, яшчэ будуць і іншыя патрэбныя краіне тэхналагічныя прарывы і вялікія дасягненні».
Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім работнікам і ветэранам ААТ «Завод «Легмаш» моцнага здароўя, шчасця, міру, дабра і новых вытворчых поспехаў.