«Што б ні адбывалася з намі ў розныя эпохі — беларусы былі, ёсць і будуць»
«Што б ні адбывалася з намі ў розныя эпохі — беларусы былі, ёсць і будуць»
Дзень народнага адзінства — адно з галоўных святаў для кожнага беларуса, пра значнасць якога не раз заяўляў Прэзідэнт. Гэтае маладое свята, але яно ўжо па праву стаіць у адным шэрагу з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці, мае вялікае значэнне для падрастаючага пакалення. Менавіта моладзь сёння становіцца галоўнай дзеючай асобай і патэнцыялам адзінства. Прымаючы ад старэйшага пакалення эстафету адказнасці, яна піша новы раздзел гісторыі нашага народа.
У гэтае важнае для нашага народа свята ў сталічным Палацы спорту было асабліва шматлюдна. Тут адбыўся маладзёжны форум «Моладзь. Беларусь. Будучыня», удзел у якім узяў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, як заўсёды, сумленна і адкрыта данёс галоўныя сэнсы гэтага дня падрастаючаму пакаленню.
«Без нас вырашылі наш лёс»
Маладзёжны форум «Моладзь. Беларусь. Будучыня» — маштабная падзея, закліканая аб’яднаць рабочую і студэнцкую моладзь, лідараў і творцаў, валанцёраў і спецыялістаў, — маладых патрыётаў, чые энергія, талент і адданасць роднай зямлі — жывое пацвярджэнне таму, што Беларусь мае не толькі вялікае мінулае, але і моцную сучаснасць і паспяховую будучыню.
Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шчыра рады бачыць удзельнікаў форуму — такіх маладых, яркіх, поўных энергіі. «Сёння вы — галоўныя дзеючыя асобы нашага мерапрыемства і свята ў цэлым. І менавіта з вамі я хацеў бы сёння пагаварыць (і не толькі я) аб сённяшняй даце — найважнейшай у нашай гісторыі», — звярнуў увагу беларускі лідар.
Пра ўрокі гісторыі кіраўнік дзяржавы гаварыў не як на лекцыі, а шчыра і вобразнаю. «Вы, напэўна часта чуеце пра тое, што Беларусь знаходзіцца на важным напрамку ў Еўразіі: і геаграфічным, і геапалітычным, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прынята лічыць, што гэта найвялікшая выгада для беларускага народа. Напэўна, так. Калі мець галаву на плячах і разумна гэтым распарадзіцца, напэўна, гэта будзе вялікая выгада. Але чаму вучыць нас гісторыя? Яна вучыць галоўнай філасофскай выснове: аднабаковага разумення працэсу быць ніколі не павінна. Ёсць нешта станоўчае, абавязкова з другога боку — адмоўнае. З гісторыі бачна, што з-за гэтага выгаднага становішча мы вельмі шмат страцілі беларусаў і жыхароў гэтага кавалачка зямлі», — канстатаваў Прэзідэнт.
У гэтым кантэксце кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менавіта праз нашы землі праходзілі ўсе буйныя войны, пачынаючы ад вайны з Напалеонам у 1812 годзе і заканчваючы Вялікай Айчыннай вайной 1941-1945 гадоў. «Тэатр ваенных дзеянняў у асноўным быў тут, у Беларусі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вось цяпер і мяркуйце: наша геапалітычнае і геаграфічнае становішча — яно выгаднае ці не?»
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў 1921 годзе, калі падпісваўся Рыжскі дагавор і прымалася рашэнне аб падзеле нашай тэрыторыі, меркаванне Беларусі не ўлічвалася. У выніку каля 3,5-4 мільёнаў жыхароў нашай краіны былі адрэзаныя і аддадзеныя Польшчы.
«Без нас гэта вырашылі. Я лічу, гэта найгрубейшая памылка савецкага ўрада, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Факт застаецца фактам: без нас вырашылі ў 1921-м наш лёс і частка Беларусі, амаль палова (самае развітае, прасунутае, калі браць землі, лясы і іншае, што з’яўляецца галоўным нашым багаццем) апынулася там (у складзе Польшчы. — „Зв.“)».
«Формула, пакуль я ва ўладзе, адна: чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім»
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб прымусовым падзеле Беларусі ў 1921 годзе і ўз’яднанні краіны, якое адбылося праз час. У савецка-польскай вайне восенню 1920 года ў Варшаве Чырвоная Армія пацярпела паражэнне. «Мы прайгралі гэтую вайну. Палякі апынуліся наверсе пры дапамозе, натуральна, усіх заходніх дзяржаў. Гэта таксама ўрок», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што палітыкам тады хапіла розуму, каб дамовіцца і заключыць у 1921 годзе Рыжскі дагавор. Праўда, для Беларусі гэта ўсё роўна мела сумныя наступствы. «Нам заўсёды казалі, што трэба было выратаваць краіну, таму ахвяравалі Заходняй Беларуссю і заходняй часткай Украіны. Проста аддалі палякам», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

У 1939 годзе без усялякіх войнаў Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну, працягнуў Прэзідэнт. Такім чынам, паводле яго слоў, было вернута тое, што ў свой час, пры Леніне, было аддадзена Захаду.
«Мы вярнулі сваё. Я гэта падкрэсліваю і кажу таму, што апошнім часам у Польшчы разгарнулася кампанія: „Сталін сволач, такі-сякі, там улада была ненармальная, яны дамовіліся з фашысцкай Германіяй, з Гітлерам і падзялілі Польшчу“. Мы нічога не дзялілі. Савецкія войскі вярнулі тое, што належала беларусам і той велізарнай краіне, у якой мы жылі. Мы гэта вярнулі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вось якая сітуацыя тады складвалася, калі аб’ектыўна, і так, як мы сёння гэта разумеем».
Мы польскія землі не захоплівалі, звярнуў увагу Прэзідэнт. «А калі немцы і фашысты іх тады акупавалі (у перыяд Другой сусветнай вайны. — „Зв.“), дык вы ім прад’явіце прэтэнзіі сёння. Палякі ўсім цяпер прад’яўляюць прэтэнзіі, у тым ліку і Германіі. Патрабуюць яшчэ адной хвалі рэпарацый. Ну дай бог», —заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама заўважыў, што ў 1939 годзе, у перыяд аб’яднання, Беларусь была адноўлена не ў тых граніцах, якія існавалі раней. «Так склаліся абставіны», — сказаў Прэзідэнт. —Мы не прэтэндуем і не патрабуем Беласток, а яшчэ далей — Віленшчыну. Мы прызналі ў граніцах цяперашняй Беларусі, што гэта — наша зямля. Формула, пакуль я ва ўладзе, адна: чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім«.
«Адзінства беларускага народа роўнае незалежнасці нашай дзяржавы»
«Чаму я прыняў рашэнне, каб гэтае свята было ў Беларусі. Таму што гэтае свята — гэта як выснова сказанага мною: адзінства беларускага народа роўнае незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта элемент і паказчык нашай незалежнасці», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён заўважыў, што геапалітычнае становішча Беларусі — на зломе, скрыжаванні інтарэсаў з Захаду і Усходу — мае як перавагі, так і сур’ёзныя недахопы. Скарыстацца перавагамі можа толькі па-сапраўднаму незалежны народ, здольны самастойна прымаць правільныя рашэнні.
«Я як Прэзідэнт часта над гэтым думаю: а што маглі б мы зрабіць у гэтай сітуацыі... Пытанне адкрытае, дыскусійнае. Але яшчэ раз падкрэсліваю з чаго пачаў. Быць на зломе там, дзе мы знаходзімся, — і добра, і дрэнна. Добра, калі ты па-сапраўднаму незалежны народ, і калі ты здольны прымаць рашэнне. Застаецца за малым — прыняць правільнае рашэнне, маючы галаву на плячах, як у народзе кажуць», — упэўнены беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы надае вялікае значэнне гэтаму святу і чакае таго ж ад моладзі, за якой будучыня краіны. «Вы будзеце гаварыць пра гэтае свята сваім дзецям, унукам, будзеце святкаваць, ушаноўваць, калі хочаце быць незалежнымі. Калі хочаце, каб да вашага слова ў будучым прыслухоўваліся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Рыхтуйцеся ўзяць для сябе гэты цяжкі груз і адказваць за будучыню нашай краіны»
«Мы сёння адзначаем Дзень народнага адзінства. Дзень уз’яднання беларускага народа ў адной дзяржаве, дзень вяртання мільёнаў беларусаў у сваю сям’ю, у сваю Айчыну. Сапраўды лёсавызначальная падзея», — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы назваў 17 верасня асаблівым святам. «У першую чаргу для вас — маладых, актыўных, уцягнутых у грамадскае жыццё краіны. І гэта падстава пагаварыць пра будучыню, якая будуецца на ўроках і вопыце, на падмурку мінулага. Пагаварыць пра вашу будучыню, — сказаў ён. — Выпадковых людзей тут няма. Хутчэй за ўсё (тут. — «Зв.») людзі з пэўнымі амбіцыямі (гэта добра — без амбіцый нічога не бывае), пэўнымі мэтамі, якія ўжо сябе паказалі ў гэтым жыцці».
Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт падкрэсліў: «Заўтра вам абараняць адзінства нашай краіны. На вашы плечы ляжа найцяжэйшы груз (цяжэй быць не можа, паверце мне) адказваць за гэта адзінства. Адказваць за беларускі народ. Адказваць за тую зямлю, дзе мы сёння жывём спакойна. Як працуем, кажуць, так і жывём. Я з гэтым гатовы пагадзіцца».
Як падкрэсліў беларускі лідар, у нас краіна магчымасцяў. «Ціхая, спакойная, без вайны, дзякуй богу. Вам трэба гэта ўсё захаваць у будучыні. Не зрабіць горш, калі ўжо хочаце адкрыта. Таму я хачу сказаць вам галоўнае: рыхтуйцеся да таго, каб узяць для сябе гэты цяжкі груз і адказваць за будучыню нашай краіны. У вас будуць дзеці, унукі, і вы будзеце, як і я, гаварыць, што ўсё вакол нас належыць не толькі і не столькі нам, колькі ім», — выразіў упэўненасць Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да гасцей і ўдзельнікаў форуму, у ліку якіх не толькі моладзь, але і людзі сярэдняга пакалення. «Я ўсё раблю ў апошнія гады для таго, каб была пераемнасць і мы стаялі на падмурку мінулага. І гэта сярэдняе пакаленне паміж вамі і мной ужо ля руля нашай дзяржавы, — звярнуў увагу ён. — Яшчэ раз падкрэсліваю, чаму я прыйшоў сюды. Сказаць вам: рыхтуйцеся. На вашы плечы ляжа найвышэйшая адказнасць. І таму прашу вас: ніколі не спяшайцеся. У жыцці трэба рабіць усё хутка, але не спяшаючыся. Ніколі не судзіце, гледзячы з боку. Думайце: «А што б зрабіў я».
«Мы павінны казаць праўду, не для ўсіх зручную»
Вяртаючыся да падзей 1921 года, якія прывялі да падзелу Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што ўсходняя палова краіны пачала будаваць зусім новае жыццё. Роўнымі ў правах сталі ўсе савецкія грамадзяне — упершыню ў гісторыі. «А заходнія беларусы? Засталіся чужымі на сваёй зямлі, батракамі вядомай дзяржавы, адарванымі ад Радзімы. Але, што важна, яны захавалі яе ў сваім сэрцы. Вядома, гэта нашы героі — героі, якія годна адказалі на выклік панскага парадку», — канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на працягу 18 гадоў — з 1921 па 1939 год — на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілася вельмі жорсткая практыка этнацыду. «Дастатковы тэрмін, каб прымусіць людзей забыць мову, традыцыі, гісторыю. Галоўнай задачай з боку тых, каму мы былі перададзеныя, было зламаць людзей духоўна, сцерці як асоб, ператварыць у маўклівых рабоў, якія і думаць не змаглі б аб адзінстве і раўнапраўі. За гэты час там, у так званай польскай турме народаў, вырасла новае пакаленне. Але ніхто не забыўся, ніхто не адрокся і не адарваўся ад каранёў», — падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што і па гэты дзень у Беларусі памятаюць пра падзеі тых гадоў. «Памятаем, што анэксіраваныя Польшчай тэрыторыі былі вернутыя ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. І як бы хто ні спрабаваў вам, маладым, праз навамодныя сацсеткі расказваць свае версіі падзей, мы павінны казаць праўду, не для ўсіх зручную, пра тое, што ў тыя гады ў нашых заходніх абласцях пад выглядам санацыі і пацыфікацыі праводзіліся карныя аперацыі. Што ваенна-палявыя суды выносілі прысуды актывістам і простым жыхарам, якія асмеліліся лічыць сябе беларусамі. Турмы былі перапоўненыя тымі, хто хацеў гаварыць, вучыцца, маліцца на сваёй мове. Нашы людзі жылі ў пастаянным страху перад чарговым налётам польскай дэфензівы (палітычная паліцыя на акупаваных тэрыторыях. — «Зв.»), — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Сутнасць іх навукі простая — зноў прымусіць беларусаў жыць пад бізуном і працаваць на пана»
Жыхары нашых заходніх рэгіёнаў, працягнуў Прэзідэнт, таму і сустракалі Чырвоную Армію як вызваліцеляў з кветкамі. «Падкрэслю: для беларусаў гэты паход не быў ваенным. Ён прайшоў як мірная сустрэча дзвюх частак аднаго народа. Дадзены факт прызналі і некаторыя заходнія дзяржавы, у прыватнасці Францыя і Брытанія. А сёння там, на Захадзе, пішуць пра нашу гісторыю, пра беларускую ідэнтычнасць, пра «прыроджанае пачуццё павагі да памешчыкаў». Сутнасць іх навукі простая — зноў прымусіць беларусаў жыць пад бізуном і працаваць на пана, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Любыя мае перагаворы, сустрэчы, дыскусіі з заходнімі партнёрамі кажуць пра гэта».
Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што, напрыклад, прадстаўнікі ЗША, з якімі ён вядзе дыялог, напрамую не гавораць аб жаданні, каб Беларусь сышла ад Расіі. «Адарваць нас па жывым ад Расіі — гэта паспрабавалі ў 2020 годзе зрабіць. І калі б атрымалася, у нас было б тое, што цяпер адбываецца ва Украіне — (яшчэ нядаўна. — Зв.) багатай, магутнай, моцнай краіне. Паспрабавалі нас з вамі на зуб. Не атрымалася. Хацелася б (гэтага Захаду. — «Зв.»). Але трэба аддаць належнае амерыканскай дэлегацыі: яны ніколі мне пра гэта не сказалі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы разумее, што для Захаду гэта выгадна — па жывым разарваць адзінства. «Таму я іх папярэдзіў у самым пачатку: Расійская Федэрацыя, Кітайская Народная Рэспубліка — дзве краіны выносім за дужкі, не абмяркоўваецца (падчас беларуска-амерыканскага дыялогу. — «Зв.»). Калі вы (Захад. — «Зв.») увялі супраць нас санкцыі, яны адкрылі для нас дзверы. І шмат у чым дзякуючы гэтаму мы сёння жывём і працуем. Было сказана сумленна і прама. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, амерыканцы ніколі, марачы пра гэта, услых не казалі».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пры гэтым не Беларусь з’яўляецца галоўнай мэтай, а багатыя рэсурсамі землі далей на Усходзе: «Яны (праціўнікі на Захадзе. — «Зв.») гатовыя яе ў чарговы раз растаптаць, парваць, кожнага трэцяга забіць, але прарвацца туды — на Усход да тых рэсурсаў, якіх у іх не хапае. Ну каму сёння гэта не зразумела?»
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пэўным сэнсе нават удзячны цяперашняй адміністрацыі ЗША і Дональду Трампу за адкрытую заяву аб сваёй пазіцыі і сапраўдных мэтах. Напрыклад, што датычыцца сітуацыі з Венесуэлай. «Захапілі фактычна Венесуэлу. Венесуэльцы, цяперашняя краіна, з усімі прэтэнзіямі амерыканцаў пагадзіліся. А «галоўная прэтэнзія» — карысныя выкапні. Там нафты нямерана. Практычна па запасах Венесуэла займае першае-другое месца ў свеце. Трамп прама кажа: там вялікія грошы», — адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу і на іншыя геапалітычныя сутыкненні з удзелам ЗША: «Ідзе фактычна эканамічная вайна паміж Кітаем і ЗША. Але Трамп разумее, што Кітай — гэта не Венесуэла. Разгарнуліся баталіі паміж ЗША і Канадай. Фактычна гандлёвая вайна. Амерыканцы мараць, каб гэта быў чарговы штат у складзе ЗША. А навошта? Таму што Канада багатая рэсурсамі. І пра гэта прама сказана. Потым Грэнландыя, Арктыка і гэтак далей, якія, нібыта, яшчэ з’яўляюцца паўсвабоднымі. Амерыканцы кінулі туды свой погляд».
Згадаў Аляксандр Лукашэнка і пра атакі на Іран. «Ну навошта было ваяваць з спадкаемцамі персаў? Яны ніколі ні перад кім на каленях не стаялі. Што, у Амерыцы на ведаюць гэтую гісторыю? Ведаць. Кажуць, што калісьці там іранцы разграмілі пасольства ЗША і вось ім адказ. Яны вырашылі пачаць вайну. Але прычына не ў гэтым. Прычына — багацце Ірана», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
«Да ўлады мяне прывёў народ насуперак усяму, што адбывалася»
«Сёння ідзе бітва, перадзел свету адбываецца на нашых вачах. І нам трэба ў гэтай абстаноўцы выстаяць, абапіраючыся на нашых саюзнікаў. Але нас хочуць загнаць пад бізун. Не згушчаю фарбы. Мне гэта не трэба. Я вас проста папярэджваю як будучых кіраўнікоў краіны, якім трэба забяспечыць суверэнітэт і незалежнасць», — заявіў беларускі лідар.
«Прыкладна так (нас хочуць загнаць пад бізун. — «Зв.»), як цяпер працуюць нашы, як яны сябе называюць, урад і офісы ў выгнанні. За мінулае стагоддзе, асабліва апошнія 30 гадоў, іх у нас нямала назапасілася — гэтых офісаў з ліку збеглых у выгнанні, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Князёў, магнатаў і іншых кіраўнікоў на розных кантынентах, якія дагэтуль не разумеюць, што на нашай зямлі ёсць толькі адзін гаспадар — народ Беларусі. Абяцаю вам, што так і будзе».
«Да ўлады мяне прывёў народ насуперак усяму, што адбывалася. І ніколі не верце таму, што Лукашэнка, цытата: «утрымлівае ўладу пасінелымі рукамі». Ды Гасподзь з тымі, хто гэта кажа. Я ўжо наеўся гэтай уладай, што далей няма куды. Пытанне стаіць толькі ў тым: вы здольныя сёння ўзяць краіну і ўтрымаць яе? Калі здольныя, заўтра прыступайце! Калі шчыра, станоўча адказаць на гэтае пытанне я пакуль не магу. Не крыўдуйце», — звярнуўся да прысутных Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з боку Захаду гучалі і працягваюць гучаць у яго адрас абвінавачванні ў дыктатарстве. Ён упэўнены, што гэта звязана з шэрагам яго рашэнняў, прынятых яшчэ ў першыя гады прэзідэнцтва. «Адно з іх — адмова ад «ліквідацыі лішкаў узбраенняў» па дамове з Захадам. Аляксандр Лукашэнка тады фактычна спыніў знішчэнне войска, калі бронетэхніку рэзалі на часткі і вывозілі як металалом за мяжу. Акрамя таго, Прэзідэнт прызнаўся, што не падтрымліваў вывад з тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Але ў выніку давялося гэта зрабіць у тым ліку пад ціскам Барыса Ельцына, які ў тыя гады быў прэзідэнтам Расіі.
«Я тады стаў дыктатарам, таму што выступіў супраць усяго «цывілізаванага свету». Праўда, і цяпер на мяне «ярлыкі» вешаюць у сувязі з будаўніцтвам атамнай станцыі, іншымі пытаннямі. Бо мы армію рыхтуем да вайны, каб не было вайны. Мы займаем пэўную пазіцыю па Украіне...» — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Ніякіх Пілсудскіх у Беларусі не будзе. Час пра гэта забыцца»
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ціск Захаду на Беларусь звязаны з тым, што беларусы ідуць па шляху захавання сваёй спадчыны — і ў духоўным, і ў культурным, і ў эканамічным вымярэннях. У гэтай сувязі Прэзідэнт звярнуўся да заходніх «беларусазнаўцаў».
«Асабліва да тых, хто дагэтуль марыць адрадзіць імперскае мінулае Рэчы Паспалітай і робіць выгляд, што ў Беларусі ў гэты святочны дзень нічога не адбываецца, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Некаторыя ў Польшчы ў цемры ходзяць у спальні і бачаць дух Пілсудскага (гаворка пра прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага, які раней заяўляў, што мае зносіны з духам маршала Юзафа Пілсудскага. — «Зв.»). Кіраўнік Польшчы, калі хтосьці гэта прапусціў. Ніякіх Пілсудскіх у Беларусі не будзе. Час пра гэта забыцца».
«Я разумею, што гэтымі людзьмі (гаворка пра заходніх «беларусазнаўцаў». — «Зв.») рухаюць фантомныя болі, ген нянавісці, а намі — энергія стваральнай працы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Наша зямля не раз адраджалася з попелу. Нас не зламалі ні крывавыя паходы на ўсходніх славян, ні Першая сусветная і Вялікая Айчынная войны».
Прэзідэнт запэўніў, што беларусам чужога не трэба — ні зямлі, ні багаццяў, ні ідэй. «У нас ёсць прыгожая краіна, працавіты народ, багатыя традыцыі — і культурныя, і палітычныя. Сваю філасофію жыцця мы нікому не навязваем, але і імпартная філасофія тут не прыжывецца», — звярнуў увагу ён.
«Мы хочам бачыць сваё заўтра мірным і шчаслівым»
Заснаваныя на лёсавызначальных сюжэтах гісторыі традыцыі патрэбныя народу, каб быць сабой і не страціць сваю індывідуальнасць, адзначыў Прэзідэнт.
«У гэты сімвалічна важны для нас дзень я хачу, каб у першую чаргу вы, наша моладзь, не толькі ўспомнілі хроніку падзей 17 верасня 1939 года, і не толькі іх. Бо для чаго мы ствараем традыцыі, абапіраючыся на лёсавызначальныя сюжэты сваёй гісторыі? Каб быць сабой. Не страціць сваю індывідуальнасць. Каб не збіцца са шляху, які праклалі нашы папярэднікі, у тым ліку тыя, што трымалі ў руках і вось гэты чырвоны сцяг (усталяваны на сцэне. — «Зв.»). Сцяг, захаваны падпольшчыкамі Гродна і Беластока», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Гэта чырвоны сцяг канца 1930-х — пачатку 1940-х гадоў мінулага стагоддзя, як мяркуецца, удзельнічаў у вызваленчым паходзе Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі і пры правядзенні мясцовых народных сходаў на тэрыторыі Беластоцкага краю і цяперашняй Гродзенскай вобласці ў верасні 1939 года. Сцяг знойдзены і выратаваны ў гады Вялікай Айчыннай вайны падпольшчыкамі гарадоў Беластока і Гродна.
«Ён стаў сімвалам уз’яднання беларусаў, ён перажыў Вялікую Айчынную вайну. І, каб вы разумелі, яго захавалі не ў музеі. А ў звычайнай сям’і, перадаючы з пакалення ў пакаленне. І ў гэтым уся праўда пра нашу гісторыю. Гісторыі народа, які ведае пра каштоўнасць адзінства», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што моладзі гэтае свята патрэбна, каб не забываць тых, хто ствараў летапіс Беларусі, захаваў культуру, традыцыі і веру, хто аб’ядноўваўся, устаючы ў цяжкія часы на іх абарону. «Што б ні адбывалася з намі ў розныя эпохі — беларусы былі, ёсць і будуць. Гэта наша гісторыя. Гісторыя народнага адзінства, — заявіў беларускі лідар. — Успамінаючы мінулае, мы будуем планы на будучыню. Нашы планы добрыя. Мы хочам бачыць сваё заўтра мірным і шчаслівым. І для Беларусі, і для ўсіх частак свету».
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх са святам, пажадаў шчасця, заклікаў берагчы родную зямлю і спрадвечныя каштоўнасці.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА