Развіццё пасёлкаў гарадскога тыпу і дрэваапрацоўку абмяркоўвалі з Прэзідэнтам на прыкладзе Копысі
Стартаваў «рэгіянальны» тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Як раней анансаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой у эфіры канала «Беларусь 1», на гэтым тыдні беларускі лідар будзе працаваць у рэгіёнах. Пачалася камандзіроўка ў нядзелю ў Талачыне, дзе кіраўнік дзяржавы разам з праваслаўнымі вернікамі адзначыў Вялікдзень. Працягнулася таксама на Віцебшчыне, ужо ў Копысі, што ў Аршанскім раёне.
«Чаго тут не жыць? Месца шыкоўнае»
Аляксандр Лукашэнка наведаў дрэваапрацоўчы ўчастак № 2 Аршанскага лясгаса. Але размова тут была больш шырокая, і не толькі пра лясную гаспадарку. Само месца гэтаму спрыяла. Копысь калісьці быў абраны як узор для пасёлкаў гарадскога тыпу, стаўшы прататыпам «вёскі будучыні» з аднайменнай праграмы. І найперш беларускі лідар звярнуў увагу на гэту тэму. «Сёння ў нас кантрольнае мерапрыемства, — заявіў ён. — Па цэнтральнай вуліцы я праехаў — здаецца, нічога. Але вы ўжо ўмееце наводзіць парадак да прыезду Прэзідэнта».
Ва ўзорным пасёлку гарадскога тыпу павінны быць рабочыя месцы. У Копысі дзейнічае дрэваапрацоўчае прадпрыемства Аршанскага лясгаса. Зараз тут працуе 50 чалавек. Вытворчасць важная не толькі з пункту гледжання забеспячэння рабочымі месцамі жыхароў Копысі, але і для галіны. На гэта таксама звярнуў увагу беларускі лідар.
«Мы павінны ствараць добры прадукт. На поўдзень ад Кіева лесу няма, попыт велізарны, інвестыцыі будуць. Таму вырабляем і прадаём прадукцыю», — адзначыў ён. А гэта, звярнуў увагу Прэзідэнт, робяць людзі, аб якіх трэба клапаціцца. «Для людзей трэба ствараць умовы. Для працы ўмовы нармальныя, я спадзяюся. Але патрэбен дом. Участкі ў нас ёсць, людзі прыехалі. Як толькі мы абмяжуем будаўніцтва жылля ў Мінску і абласных цэнтрах — людзі сюды прыедуць жыць. А чаго тут не жыць? Гэта сапраўды месца шыкоўнае. Усе нашы пасёлкі гарадскога тыпу ў краіне ідэальныя, іх выбіралі для жыцця людзей і будавалі як належыць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У пасёлку гарадскога тыпу павінна быць інфраструктура, павінны быць умовы, заўважыў Прэзідэнт. Напрыклад, у Копысі па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі пабудавалі пякарню. Жыхары пасёлка забяспечаны свежым якасным хлебам, ды і ад пакупнікоў з іншых населеных пунктаў адбою няма. Аляксандр Лукашэнка даручыў распаўсюдзіць гэты досвед і ў іншых месцах. Ён звярнуў увагу, што ўсё ўзаемазвязана. «Закранулі праблему — і адразу ўпіраемся ў перспектывы, якія вельмі важныя для нашай краіны. Мы павінны гэта ўсё развіваць тут», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт паўтарыў тэзіс, які напярэдадні казаў старшыні Талачынскага раёна на Вялікдзень — наперадзе вельмі сур’ёзны кантроль сітуацыі ў Віцебскім рэгіёне. «Час ставіць на месца — усё плачамся: ах, Віцебская вобласць, яна можа не можа. Мы зараз паглядзім, што яны павінны зрабіць», — заўважыў ён. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу Камітэту дзяржкантролю: дэталёва праверыць сітуацыю ў Віцебскай вобласці — ад фінансаў да кадраў. Пастаўлена таксама задача звярнуць увагу не толькі на пасёлкі гарадскога тыпу, але і на раённыя цэнтры.
«Паглядзім, як пасёлкі гарадскога тыпу пасля прынятага рашэння прыводзяць у парадак», — агучыў мэту мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка. Зразумела, праехаць па ўсіх Прэзідэнт не зможа, таму задача для памочнікаў і ўпаўнаважаных пракантраляваць развіццё падобных паселішчаў.
Тут нашы грошы і наша перспектыва
Аб сітуацыі ў лясной галіне кіраўніку дзяржавы далажыў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. Ён расказаў, што галіна развіваецца дынамічна, экспартныя паказчыкі выконваюцца. У цэлым, па словах міністра, фінансавыя паказчыкі палепшыліся.
«Вось гэта кажа аб тым, дзе нашы грошы і наша перспектыва. Нават не ў нафтаперапрацоўцы, нам гэтага дабра хапае. Сыравіна, свая сыравіна — гэта трэба развіваць», — канстатаваў Прэзідэнт.
У мінулым годзе арганізацыі Мінлясгаса паставілі беларускім дзяржаўным і прыватным дрэваапрацоўчым прадпрыемствам 10 млн куб. м драўніны. Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў звярнуў увагу, што прадпрыемствам, якія перапрацоўваюць драўніну ў буйных аб’ёмах, неабходна разумець перспектыву. «Тут трэба або з канцэрнам вырашыць пытанні кожнага, або гадавыя таргі на біржы праводзіць, як раней, — адзначыў ён. — Ім трэба разумець дыяметры, гадавы аб’ём кругляка, які ім прапануюць».
«Дык а ў чым справа? Калі мы недаперапрацавалі сыравіну, а хтосьці мае ў ёй патрэбу і хоча бачыць перспектыву, у чым тады праблема? — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
— Пытанне ж заўсёды ў нас было ў цэнах: біржа — не біржа і гэтак далей. Цяпер мы можам, зыходзячы з існуючай сітуацыі, вызначыцца па цэнаўтварэнні. І аддаць ім па гэтай цане прадукт». Кіраўнік дзяржавы даручыў вырашыць сёлета праблему, каб да 1 студзеня такія перапрацоўшчыкі маглі бачыць перспектыву.
Асобную ўвагу звярнулі на домакамплекты Міністэрства лясной гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на іх ёсць попыт, але дамоў вырабляецца мала. «Трэба задавальняць попыт», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і паставіў задачу разумна падысці да цэн, каб людзі не адмаўляліся.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што будаваць жыллё варта там, дзе ў гэтым ёсць рэальная патрэба, дзе ёсць прадпрыемствы. «Трэба спыніць гэту бяздумную будоўлю і спыніць сцягваць людзей у буйныя гарады», — акцэнтаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Кулік падкрэсліў, што зараз міністэрства лясной гаспадаркі ўзводзіць жыллё толькі ў аграгарадках, і папрасіў дазволіць у сістэме лясгаса прадаваць сваім работнікам арэнднае жыллё ва ўласнасць па сканчэнні 10 гадоў арэнды і пры ўмове працы на прадпрыемстве. Прэзідэнт на гэта пагадзіўся. «Добра, толькі за тыя грошы, за якія пабудавалі. Не пытанне, — сказаў ён.
— Ты працуеш тут, табе арэнднае жыллё пабудавалі. Кіраўнік, які за гэты дом плаціць, запрашае цябе і кажа: „Вось цана“. „Добра“. Плаціш грошы, працуеш, падпісваеш дамову, не — да пабачэння. Што тут дрэннага? Няхай чалавек купляе дом, а мы за гэтыя грошы яшчэ адзін пабудуем».
Таксама такі падыход у тым ліку дазволіць замацаваць кадры на прадпрыемствах лясной гаспадаркі.
«Лакалізацыю трэба ўмацоўваць»
Для выканання заданняў па лесанарыхтоўцы патрабуецца адпаведная тэхніка. У краіне лесанарыхтоўчыя машыны (харвестэры, фарвардэры) вырабляюць «АМКАДОР» і «МТЗ» (ААТ «Мазырскі машынабудаўнічы завод»), МАЗ. Узоры гэтай тэхнікі паказалі Прэзідэнту. Аляксандр
Лукашэнка дэталёва цікавіўся ўзроўнем лакалізацыі ў гэтай тэхніцы, якая дасягае ад 90 да 100 %. Значную колькасць тэхнікі вырабляе «Амкадор». Аляксандр Кулік падкрэсліў, што прадукцыя гэтага прадпрыемства вельмі патрэбная лясной гаспадарцы, фарвардэры вытворчасці «Амкадора» добра зарэкамендавалі сябе. Цяпер прадпрыемства знаходзіцца ў цяжкім стане з-за дзеянняў уласніка, але дзяржава гатова падставіць плячо, як гэта было ўжо не раз. Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца з сітуацыяй на вытворчасці.
Каля 40 % драўніны нарыхтоўваецца вальшчыкамі лесу з дапамогай бензапіл і ручнога інструмента. Яго таксама прадставілі ўвазе кіраўніка дзяржавы. Сякеру, вырабленую на Мінскім трактарным заводзе, Прэзідэнт ацаніў асабіста: «Добрая сякера, ёмкая».
Аднак Аляксандр Лукашэнка асабіста цікавіўся, чаго не хапае для таго, каб гэта прадукцыя была поўнасцю беларускай вытворчасці. «Трэба паглыбляцца ў гэтым плане. Лакалізацыю ўмацоўваць», — заўважыў Прэзідэнт.
Карыстаючыся выпадкам, беларускі лідар пацікавіўся ў прадстаўнікоў прадпрыемстваў у цэлым сітуацыяй на вытворчасці, некаторымі асобнымі пытаннямі. Не абышлося і без канкрэтных даручэнняў.
Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі і прадукцыю дрэваапрацоўкі. Напрыклад, попытам карыстаюцца паддоны. Як расказаў міністр лясной гаспадаркі, на іх вытворчасць ідзе драўніна трэцяга-чацвёртага гатунку, якой застаецца вельмі шмат пры вытворчасці дошак. Паддоны робяць і з сухастою, якасць якога не дазваляе вырабляць з яго нешта іншае. «Не дай бог ты пускаеш на паддоны дзелавую драўніну, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Гэта ж злачынства».
Праца на дрэваапрацоўчым участку Аршанскага лясгаса не спынілася нават падчас візіту кіраўніка дзяржавы. Ён асабіста азнаёміўся з работай прадпрыемства і прадукцыяй, якую тут вырабляюць. У асартыменце — вагонка з розных парод для лазняў, дошкі для падлогі, вуглы дома, брусы і іншае. Пра асаблівасці працы беларускі лідар цікавіўся непасрэдна ў рабочых. Гаварылі і пра жыццёвыя пытанні. Напрыклад, у аднаго маладога рабочага Аляксандр Лукашэнка спытаў, чаму ён жыве ў Оршы, а не ў Копысі. Малады чалавек адказаў, што, калі была б магчымасць займець тут жыллё, ён бы пераехаў, тое ж самае зрабілі б і яго калегі, якія пакуль прыязджаюць у Копысь толькі на працу. Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўнікам узяць гэта на кантроль — размова пра магчымасць выкупу арэнднага жылля працягнулася.
Таксама, па словах Прэзідэнта, на падобных прадпрыемствах трэба адрадзіць практыку «настаўніцтва»: каб дасведчаныя спецыялісты навучалі маладых калег. У цэлым вытворчасць на прадпрыемстве кіраўнік дзяржавы ацаніў высока. Адна з задач — працаваць над замацаваннем кадраў, каб людзі жылі і працавалі тут, у Копысі.
На памяць аб гэтай сустрэчы Прэзідэнту падарылі ікону Аляксандра Неўскага, вырабленую з дуба — самага моцнага і даўгавечнага дрэва.
Гэта павінна быць у малых гарадах
Маршрут прэзідэнцкай паездкі папоўніўся і нечаканымі пунктамі. Першым стала ААТ «Мілккоп старт», дзе вырабляюць сыры. Гэта вытворчасць была адноўлена па даручэнні Прэзідэнта, а заняўся гэтым прыватны інвестар. Аляксандр Лукашэнка дэталёва азнаёміўся з усімі этапамі вытворчасці і ўбачанае ацаніў крытычна. Адна з найбольшых праблем — адсутнасць ачышчальных збудаванняў. З-за гэтага прадпрыемства перапрацоўвае ўдвая менш сыравіны, чым дазваляюць магутнасці. Цяпер тут перапрацоўваюць каля 60 тон малака за змену, але, працуючы на поўную магутнасць на існуючым абсталяванні, маглі б перапрацоўваць 100 тон. «Трэба разабрацца. Калі ён, інвестар, добра працуе і гатовы тут развіваць — напрамілы бог, няхай будуе ачышчальныя — і наперад. Калі не, значыць, іншы чалавек, іншы інвестар павінен рабіць гэта. Па-гаспадарску разбярыцеся», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Ён прайшоў па ўсіх цэхах і памяшканнях прадпрыемства, некаторыя з іх яшчэ знаходзяцца на стадыі добраўпарадкавання, некаторыя выкарыстоўваюцца не па прамым прызначэнні, частка абсталявання не задзейнічана ўвогуле. Убачаным Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены. Ён раскрытыкаваў кіраўнікоў мясцовай улады, якія не ўдзяляюць гэтай вытворчасці належнай увагі.
Прэзідэнт паставіў задачу правесці дэталёвую праверку вытворчасці на гэтым прадпрыемстве. «Тут павінны быць санстанцыя і іншыя спецыялісты, якія паглядзяць тэхналогію, што тут правільна, няправільна, захоўванне... Спецыялісты павінны разабрацца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Незапланаваным быў і прыезд Прэзідэнта на пякарню, якую ўжо згадвалі. Перад адказнымі асобамі пастаўлена задача развіваць яе, у тым ліку і праз павелічэнне вытворчых плошчаў. Па-першае, попыт на прадукцыю вялікі. А па-другое, пашырэнне вытворчасці створыць новыя рабочыя месцы для мясцовых жыхароў. «Каб праз год тут выпякалася столькі хлеба, колькі трэба», — заявіў Прэзідэнт, патлумачыўшы, што гэты досвед можна будзе прымяняць і ў іншых невялікіх населеных пунктах. У прыклад ён прывёў пякарню ў Свіслачы.
У 2021 годзе, наведваючы з рабочым візітам гэты горад, Прэзідэнт быў здзіўлены смакам і асартыментам прадукцыі. Ён высока ацаніў працу калектыву і падкрэсліў, што невялікае прадпрыемства патрабуе мадэрнізацыі. Цяпер прадукцыю, якая выпускаецца ў сучаснай пякарні, любяць ва ўсёй краіне, а фестываль «Бацькава булка» ўжо стаў мясцовым брэндам.
г. п. Копысь.