Беларуска-казахстанскае ўзаемадзеянне абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці.
Прэзідэнт правёў сустрэчу са Старшынёй Мажыліса Парламента Казахстана Ерланам Кашанавым. Казахстанская парламенцкая дэлегацыя знаходзіцца ў Беларусі 4 — 5 лютага. У першы дзень свайго знаходжання ў нашай краіне замежныя парламентарыі наведалі ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», а таксама дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Пасля перагавораў на найвышэйшым узроўні — шырокая праграма па лініі міжпарламенцкага супрацоўніцтва.
«Мы — прыхільнікі шматпалярнасці»
На пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што назіраў за візітам казахстанскіх парламентарыяў у Беларусь, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі. «Дзякуй, што вы канкрэтнымі справамі займаецеся, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Натуральна, гэта вельмі важна, асабліва цяпер».
Што датычыцца падыходаў і поглядаў на міжнародны парадак дня, у беларускага і казахстанскага бакоў, па словах кіраўніка дзяржавы, яны супадаюць. «Мы аднолькава бачым развіццё нашага свету, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы — прыхільнікі шматпалярнасці. Мы хочам, каб новыя краіны, якія ўтварыліся ў тым ліку пасля распаду Саюза (Савецкага Саюза. — «Зв.»), былі суверэннымі і незалежнымі».
Прэзідэнт выказаў удзячнасць казахстанскім сябрам за дапамогу Беларусі ў перыяд уступлення нашай краіны ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што казахстанскія сябры не толькі падтрымалі нас, але і спрыялі, каб такая ж падтрымка была аказана і іншымі краінамі.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь, як і Казахстан, уваходзіць у шэраг міжнародных арганізацый: пачынаючы ад рэгіянальных (ЕАЭС, АДКБ, СНД) і заканчваючы глабальнымі арганізацыямі (такімі, як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый).
«Мы разам прысутнічаем там, дзе нам патрэбна, дзе нашы інтарэсы засяроджаны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта сведчыць аб аднолькавых падыходах да вырашэння тых ці іншых сусветных і рэгіянальных праблем».
«Разам працаваць і рухацца ў гэтым кірунку»
Аднак асновай двухбаковых узаемаадносін, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, заўсёды з’яўляецца гандаль. «І трэба сказаць, што я калісьці марыў, што мы з Казахстанам дасягнем, падыдзем блізка да мільярда долараў тавараабароту, — удакладніў ён. — Сёння мы ўжо маем, па падліках, мільярд і больш. Але ёсць куды імкнуцца».
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь — гэта высокатэхналагічная краіна, дзе па ўсіх кірунках вырабляецца тавараў на палову больш, чым можна спажыць на ўнутраным рынку. Астатняе ідзе на экспарт. І Казахстан у гэтым плане — адзін з ключавых партнёраў.
«Мы краіна машынабудаўнічая, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Вы ведаеце, у нас моцна развіта сельская гаспадарка. Гэта тое, што трэба Казахстану».
Беларускі лідар заўважыў, што яшчэ з савецкіх часоў вельмі добра ведае гэту краіну. А таму ёсць разуменне, у якіх таварах мае патрэбу Казахстан.
Гаворачы аб працяглай перспектыве супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што беларусы гатовы адкрываць на тэрыторыі Казахстана сумесныя вытворчасці.
«Разам працаваць і рухацца ў гэтым кірунку, — канкрэтызаваў ён. — Думаю, што, размаўляючы на адной мове, гэта будзе нашмат прасцей».
Беларускі лідар добра разумее, чые погляды накіраваны на Цэнтральную Азію. «Мы разумеем, што сяброў на баку знайсці сёння вельмі складана, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Нават калі Казахстан або Беларусь іх знойдуць, не трэба страчваць старых сяброў. Таму, грунтуючыся на гэтай філасофіі, мы гатовы з вамі супрацоўнічаць па любым кірунку і ў любых формах».
«Нам не трэба страчваць адно аднаго»
Прэзідэнт адкрыта заявіў: не толькі БЕЛАЗы Беларусь хоча пастаўляць на казахстанскі рынак, але і збожжаўборачную тэхніку, іншую сельгастэхніку. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што па сваіх характарыстыках беларускія камбайны не саступаюць заходнім і прапанаваў гэта праверыць на справе. У прыватнасці, на канкрэтнай сельгастэрыторыі ў Казахстане.
«Трэба шукаць новыя формы ўзаемадзеяння для таго, каб паказаць сябе, паказаць тэхніку, паказаць нашых людзей і навучыць тых, хто будзе працаваць на нашай тэхніцы, — патлумачыў ён. — Тады і адпадзе пытанне, якая тэхніка найлепшая».
Што датычыцца стварэння новых сумесных вытворчасцяў, Аляксандр Лукашэнка перакананы, што трэба ў гэтым кірунку рухацца. «Нам не трэба страчваць адно аднаго, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ведаеце, у нашых краінах (у вас, у нас) ёсць розныя людзі, якія думаюць: «Вось цяпер мы незалежныя ад усіх, мы тут будзем развівацца і гэтак далей». Казахстан — не тая краіна, якая можа развівацца сама па сабе. Хаця яна можа забяспечыць сябе ў многім. Ні адна краіна, нават Амерыка, сёння не можа развівацца незалежна ад іншых. Таму давайце ў гэтым свеце шалёным не страцім адно аднаго».
«Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае вельмі добры вынік»
Падчас размовы асобна закраналася і тэма міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што парламентарыі абедзвюх краін адказваюць у тым ліку за развіццё сувязяў паміж рэгіёнамі. Прэзідэнт праінфармаваў, што Беларусь і Казахстан рыхтуюцца правесці форум па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. У якасці станоўчага вопыту ён прывёў падобныя беларуска-расійскі і казахстанска-расійскі форумы.
Для развіцця міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння Аляксандр Лукашэнка прапанаваў больш актыўна ўцягваць у гэты працэс кіраўніцтва мясцовай вертыкалі ўлады абедзвюх краін.
«Губернатары ў вас і ў нас — гэта цэнтральныя фігуры, — канстатаваў Прэзідэнт. — Як ні круці, ад іх многае залежыць. Асабліва ў вас, пры такой вялізнай тэрыторыі. Таму трэба нам гэты працэс паскорыць, развіваць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае вельмі добры вынік. Падобны вопыт узаемадзеяння, як нагадаў беларускі лідар, быў у свой час і з Украінай.
«Народ памятае, калі мы сабраліся ва Украіне (губернатары нашы, іх) і намецілі шляхі супрацоўніцтва, — канкрэтызаваў ён. — Не ўсё атрымалася, бо пачалася гэта вакханалія ва Украіне. Але мы нямала зрабілі за гэты час».
Агучыўшы комплекс пытанняў далейшага ўзаемадзеяння, Прэзідэнт адзначыў, што рады візіту казахстанскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь.
«Мы для вас адкрытыя, вы для нас не чужыя, — канстатаваў беларускі лідар. — Увогуле няма ніякіх праблем і закрытасці. І па гэтай лініі нам прасоўваць трэба ў тым ліку і найперш эканоміку, бо гэта база, гэта аснова. Ну, і людзі, кадры».
«Узровень арганізацыі, добраўпарадкаванне — гэта ўсё характэрна найперш для Беларусі»
Старшыня Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэчы, а таксама гасціннасць, аказаную беларускімі калегамі.
«Я не першы раз прыязджаю ў Мінск, я тут часта бываю, — заўважыў Ерлан Кашанаў. — І па лініі Парламенцкай Асамблеі АДКБ, і прыватныя візіты ў мяне былі. І кожны раз калі прыязджаю, першае, што ў вочы кідаецца, — гэта парадак. І на вуліцах, і як развіваецца Мінск — кожны раз мяняецца. Самае галоўнае — гэта чысціня. І ўзровень арганізацыі, добраўпарадкаванне — гэта ўсё характэрна найперш для Беларусі. У першую чаргу, гэта ваша заслуга».
Кіраўнік дэлегацыі перадаў прывітанне і добрыя пажаданні Аляксандру Лукашэнку ад яго казахстанскага калегі Касым-Жамарт Такаева.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА