Літва рыхтуецца да мініравання мастоў на граніцы з Беларуссю і Расіяй, яны абсталёўваюцца адмысловымі канструкцыямі. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на літоўскія СМІ.
«Масты абсталёўваюцца інжынернымі канструкцыямі для мацавання выбуховых матэрыялаў», — адзначаецца ў паведамленні.
Ва Узброеных сілах Літвы пацвердзілі, што работы, якія праводзяцца, з’яўляюцца часткай стварэння «Балтыйскай лініі абароны» ўздоўж граніцы з Беларуссю і РФ. План прадугледжвае аснашчэнне мастоў у прыгранічных раёнах канструкцыямі, якія ў выпадку неабходнасці дазволяць «лягчэй і хутчэй» разбурыць масты.
Вайскоўцы таксама дадалі, што побач з граніцай ужо створана некалькі дзясяткаў пунктаў для захоўвання процітанкавых і іншых загарод. Праводзяцца работы па паглыбленні ірыгацыйных каналаў.