Top.Mail.Ru

Літаратурная імпрэза «Паэтычныя вобразы жанчыны» да Міжнароднага дня роднай мовы і Года беларускай жанчыны прайшла ў гісторыка-культурным

Мерапрыемства стала добрай традыцыяй для Міністэрства замежных спраў, а свята — нагода для таго, каб разам ушанаваць роднае слова, падзяліцца любоўю да беларускай культуры і паэзіі. Усяго вечар аб’яднаў больш за 100 гасцей з 30 краін.


«Сёння мы сустрэліся з вамі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы — свята, якое на працягу многіх гадоў займае важнае месца ў міжнародным календары па ініцыятыве ЮНЕСКА», — адзначыў міністр замежных спраў Максім РЫЖАНКОЎ, падкрэсліўшы, што гэты дзень нагадвае пра непаўторнасць і каштоўнасць кожнай мовы, яе ролю ў захаванні культурнай спадчыны і фарміраванні чалавека, грамадзяніна: «Родная мова дапамагае нам глыбей адчуць сувязь гісторыі, традыцыі і каштоўнасцяў свайго народа».

Беларуская мова, падкрэсліў ён, гучыць мякка, мілагучна, але ў гэтай мяккасці ёсць і ўнутраная сіла, і годнасць. І нядзіўна: яна нараджалася разам з народам, прайшла з ім праз выпрабаванні гісторыі і сёння гучыць у незалежнай Беларусі. «Ваш удзел, паважаныя сябры, — гэта сведчанне безумоўнай павагі да беларускай культуры і яскравы прыклад таго, як слова і таямнічая сіла паэзіі дапамагаюць будаваць трывалую сувязь, давер і ўзаемаразуменне нашых народаў», — звярнуўся міністр да ўдзельнікаў імпрэзы.

Максім Рыжанкоў таксама адзначыў, што на беларускіх землях на працягу стагоддзяў склалася ўнікальная сітуацыя, пры якой дзве мовы — беларуская і руская — існуюць у атмасферы ўзаемнай павагі і арганічна дапаўняюць адна адну. Абедзве мовы свабодна гучаць у самых розных сферах: у сямейных зносінах, школах і вышэйшых навучальных установах, на тэлебачанні і радыё, у дзяржаўных органах: «Яны не канкурыруюць, а гарманічна дапаўняюць адна адну, адлюстроўваючы багацце гістарычнага шляху нашай краіны і ўмацоўваючы грамадскую згоду».


Сёлета сустрэча прайшла ў гісторыка-культурным комплексе «Лошыцкі», які быў адкрыты ў канцы мінулага года. У гэтым месцы кожны ахвотны можа дакрануцца да багатай культурнай спадчыны Беларусі, адчуць дух гісторыі і прыгажосць спрадвечных народных традыцый. І менавіта тут кіраўнікі дыпламатычных місій з Індыі, Кітая, Кыргызстана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Узбекістана, Вялікабрытаніі, Ізраіля і Сірыі прадэкламавалі творы класікаў беларускай літаратуры. Шмат радкоў было прысвечана беларускай жанчыне, адлюстроўваючы прыгажосць і характар нашых суайчынніц.

Напрыклад, верш Міхася Пазнякова «Матуля» прачытаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Ашок Кумар, а міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў напрыканцы вечара прадэкламаваў радкі з твора Алеся Звонака «Беларускія жанчыны». Словы павагі да нашых суайчынніц выказала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сербіі ў Беларусі Іліна Вукайлавіч: «У вас першая жанчына-касманаўт. Вашы жанчыны — выдатныя ўрачы, дыпламаты, журналісты. У самых складаных і адказных прафесіях яны праяўляюць сябе цудоўна, — адзначыла пасол і падкрэсліла: — Мы адчуваем сябе тут як дома, таму што добра разумеем вашу мову. Гэта дорыць адчуванне ўтульнасці і спакою».


Дарэчы, упершыню кіраўнікі дыпмісій чыталі вершы менавіта на беларускай мове. Раней замежныя госці знаёмілі публіку з паэзіяй сваіх краін. Аднак, прасякаючыся беларускім словам, адчуваючы яго сутнасць, можна лепш зразумець і саміх беларусаў, таму традыцыю вырашылі крыху змяніць. У любым выпадку, свята як заўсёды стала яшчэ адной прыступкай на шляху да ўмацавання дружалюбных адносін і развіцця даверу паміж дзяржавамі.

Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю