Пакуль цёпла не па сезоне.
Тэмпература паветра будзе па-ранейшаму вышэйшай за норму, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У апошні дзень кастрычніка надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць цыклон, цэнтр якога будзе перамяшчацца з акваторыі Балтыйскага мора праз паўночныя раёны нашай краіны на Смаленскую вобласць Расіі. Хмарна, часам пройдуць дажджы. Вецер паўднёва-заходні, удзень з пераходам на заходні, паўночна-заходні ўмераны, у многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра на працягу сутак ад 5 да 11 °С, а днём па паўднёвым захадзе краіны да 13° С.
У суботу днём большая частка краіны апынецца пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску, толькі ў паўночна-ўсходніх раёнах надвор’е будуць вызначаць няўстойлівыя паветраныя масы. Воблачна з праясненнямі. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём у асобных раёнах па паўночным усходзе краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі па захадзе слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў умераны, уначы парывісты. Тэмпература паветра ўначы 3–8 °С, па захадзе краіны ад нуля да 2 °С. Днём будзе ад 6 да 13 °С.
У другі дзень лістапада захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску, толькі днём па паўночным захадзе ўмовы надвор’я будзе вызначаць малаактыўны франтальны раздзел, які ссоўваецца з Заходняй Еўропы. Пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па паўночным захадзе краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Вецер паўднёвы, паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да 7 ° C, а днём — 7–14 °C, па паўднёвым захадзе месцамі да 17 °C.
Сяргей КУРКАЧ